Цудоўнага хлопца, вернага сябра сваім сябрам, шырокага, незалежнага, душу ўсякай кампаніі, аматара пагуляць, сумленнейшага палеантолага і дабрэннага чалавека. Такога пакрыўдзіць — гэта павесіцца пасля трэба.
І я стаў аддаляцца, хаця, дальбог, дорага мне гэта каштавала.
Яркая бландзінка, вочы густа-сінія і халодныя, дзівосна выгнуты сакавіты рот, страйнюткая шыя, зграбныя ручкі, цела, якое аж гаворыць — ад высокіх грудзей да ног, якія ўжо самі сабою як мара кожнага мужчыны.
Чорт бы пабраў гэтыя розныя прозвішчы! Чорт бы пабраў гэтую немагчымасць ведаць, замужам жанчына ці не! Чорт бы ўзяў у гэтым сэнсе ўсіх нелетувісаў! Як добра было б. Знаёмішся. «Красаўскайтэ» — ну, значыцца, давай, галубок, калі яна не супраць. «Красаўскене» — ну і давай, любы, ад брамы ды прама. Тут участак застоўблены, і раз атрымаў аблізня, то йдзі ды аблізвайся, не з тваім яловым рылам мёд піць.
Суцешыла мяне ва ўсёй гэтай гісторыі толькі тое, што яна, убачыўшы маё аддаленне, скінула — мабыць, па дурасці — маску зычлівай, адданай, пакорлівай кабеты. І я ўрэшце разгледзеў непамернае жаданне жыць, толькі адбіраючы даброты і нічым не плацячы жыццю і людзям, нястрымную прагу ўцехаў, што б там ні было вакол, як бы кепска ні было вакольным.
Урэшце, ці яна адна такая з жаночага племя? Гэта яшчэ не прычына, і за гэта не перастаюць кахаць. Часам, наадварот, яшчэ больш кахаюць. І мучаюцца. Як мучыўся я.
Толькі пасля сябар, Алесь Гудас, той, што падаваў мужыкам у акно шклянку, убачыўшы, што я крыху ацверазеў, сказаў мне, што не хацеў гаварыць мне, пакуль я аслеплены, а што цяпер скажа:
— Не з табою, брат, першым яна гэтага беднага Красоўскага падманвае. Такі хлопец, такі залаты хлопец — і на табе.
— Што ж не сказаў тады?
— А ты б не паверыў.
— І праўда.
— Не паверыў бы. «Закахалася жанчына». «Што ж што замужам?» «Бывае». «Гэта не свінства, а няшчасце».
— О-ох, ідзі ты, Алесь, да д'ябла!
— І ўвогуле, з-за яе Косціку непрыемнасць. Дый што ўжо ўзяць з чалавека, у якога лепшыя сяброўкі манікюршчыцы ды прадаўшчыцы.
— Ты што-небудзь маеш супраць прадаўшчыц?
— Нічога. Нават люблю. Толькі выбіраю дзеля размовы тэмы не толькі пра махеравыя кофты.
— Ведаю я, якія ты тэмы выбіраеш.
Пасмяяліся. І вось так, пакрысе, вельмі балюча, і пачалося маё вылячэнне. Але часам яна ўсё ж заходзіла, толькі я з усіх сілаў стараўся не заводзіць справу дужа далёка. Як зараз.
— Я тады разводзіцца думала, — раптам сказала яна. — А пасля падумала, што ўсё адно ты мне таго падману не даруеш. А раз так, то ў чым Косцік вінаваты? Любіць мяне, даруе многае. Застануся ды паспрабую выкупіць. Што ўжо! Награшыла, то выкупляй. Хопіць з усім гэтым. Буду так дажываць, дый чаго яшчэ трэба. Зорак з неба ён, ясна, не хапае, але добры, сумленны, просты. Няхай так. Час змірыцца, Зоечка.
Сказала неяк так ціха і сумна, што душу маю перавярнула.
— Не трэба. Што ўжо там. Я горш за цябе вінаваты.
— У чым твая віна? Не, я свайго нікому не аддам… Ні добрага, ні ганебнага.
Усё ж, нягледзячы на ўсе непрыемныя рысы, былі ў ёй і ўнутранае сумленне, і розум, і боль не зусім шчаслівага чалавека. Шкада мне было яе. Мабыць, таму, што яшчэ крыху кахаў.
— І ты не мучайся. Хай будзе ўсё як ёсць. Дрэнна хіба нам было ўсе гэтыя месяцы? — спытала яна.
— Добра было, — усё прымаючы, сказаў я.
— Ну вось, дадзена, значыцца, было шчасце. Будзе што ўспомніць. Хіба мала? Іншыя таго й на нюх не зведаюць. Ну… ну… чаго ты?…
Пагладзіла мяне па галаве. Гэты дотык маленькай рукі прымушаў мяне ў свой час аж шалець ад імкнення да яе. Зараз ён аддаўся толькі болем.
— Вось бачыш, значыцца і сапраўды канец. Ладна. Ты толькі не будзеш супраць, калі я часам усё ж буду заходзіць?
— Чаго б гэта я быў супраць?
— Не бойся. Проста так. Адагрэцца.
— О-ох, што ж гэта ўсё ж такі мы нарабілі!
Яна паклала адну дасканалую нагу на другую, прыгубіла віна. Твар яе ў святле праз абажур таршэра быў залаты, мяккі і вельмі сумны.
— Я раней, чым ты, забыла, што ні на што не маю права. І што табе было думаць пра маю рэпутацыю? Ты ж нічога не ведаў. І потым, можна падумаць, што гэта ты, першы, прыйшоў да мяне і застаўся. Змій-спакушальнік. Я сама гэтага хацела. І гэта мяне да цябе цягнула. Я і зрабіла, што жадала і магла.
Слова гонару, сэрца ў мяне разрывалася ад гэтых словаў. Але што я мог зрабіць?
— Ну добра, — глуха сказала яна, — хопіць аб гэтым… Ты дзе быў сягоння?
Відавочна, шукала нейтральнай тэмы.
— У Мар'яна быў, — сказаў я. Зоя крыху ведала яго: разы тры-чатыры сутыкаліся ў мяне.
— Што, усё па-ранейшаму дурэе з гэтымі драўлянымі лялькамі?
— Не трэба так, — сказаў я. — Ён вялікую справу робіць.
— Ды я хіба што? Як ягоная жонка?
— Кепска з ёю. Ну, гэта справа іхняя. Горш тое, што ён праз яе пакутуе. І, відаць, з гэтай прычыны сэрца зноў дурэць пачало. Жахі розныя, як заўсёды ў сардэчнікаў. Падазрэнні. А ад кавы і тытуню ніяк не адмовіцца…
— У больніцу яму легчы трэба. Шкада, калі з добрым чалавекам нешта здарыцца. Сволач дык жыве і жыве, а унь Сярожа Певень, бедны, такі малады, таленавіты, толькі пасаду такую атрымаў, так лёгка пры ім людзям жыць было б — і на табе — рак.
— Гэта бяда, — сказаў я. — Вялікая бяда! Але што ж, калі столькі выпала ўсяго нашаму пакаленню.
Яна раптам рашуча ўстала.
— Ну няма чаго асабліва цягнуць. — Павагалася хвіліну яшчэ — і адставіла «Немеш кадар». — Прытарны.
— Ты ж любіш напаўсалодкія.
— Нашы люблю. А можа, гэта проста ўсё прытарна ў гэтыя дні? Слухай, Антось, а што гэта мы ў першы наш вечар пілі, не памятаеш?
— Памятаю. Ты ў блакітнай сукенцы была. І бурштыны на шыі. І вусны ненафарбаваныя. А пілі мы тады «Хванчкару».
— Хіба няма яе нідзе зараз. А добра было б… па астатнім келіху… Так, як тады па першым. Таму што гэта ж астатні, Антоша… Астатні. І нічога тут не паробіш. І вось стол твой з чыстай паперай, і гэты падсвечнік, і лямпа. І ўсяго гэтага я, мабыць, ужо не пабачу, бо не ведаю, ці знайду сілы да цябе хаця на агеньчык заходзіць.
Невыносна было чуць гэта, і таму я, як большасць мужчын у такіх выпадках, збаяўся і, каб аддаліць немінучую апошнюю хвіліну, сказаў:
— Чаму не дастанеш? Учора яшчэ ў магазіне была «Хванчкара». Дзівосы нейкія. Нешта вялікае, пэўна, у лесе здохла. Хіба расхапілі? Давай збегаю.
— Збегай, — сказала яна глуха. — Скончым тым, з чаго пачалі. Толькі не баўся там дужа. Мне жудасна будзе тут… адной.
Калі я ўжо накідаў паліто, яна спытала:
— Грошы хаця ёсць у цябе? А то вазьмі.
— Грошы ёсць.
Я хутка бег у магазін і кляў сябе ўсімі магчымымі словамі.
…Калі я вярнуўся, яна стаяла ля акна і глядзела ў цемру. Павярнулася да мяне і выцерла вочы.
— Так я, дурная, і пагнала цябе, не спытаўшыся, ці багаты.
— Багаты, — сказаў я.
— Тады налі.
Мы сядзелі і перакідваліся нязначнымі сказамі, і гэта было як на ўласным пахаванні, як на пахаванні чагосьці страшэнна значнага. Ніколі ў жыцці яшчэ мне не было так цяжка і скрутна.
І толькі калі мы ўжо апраналіся ў перадпакоі, яна раптам прыпала да маіх грудзей.
— О-ох, Антоне… Нашто ж я ўсё гэта нарабіла?… Чаму праўды з самага пачатку… Чаму падманула?
— Слухай, — сказаў я, — заставайся. Я не магу болей.
Вочы ў яе былі вільготныя, нявыплаканыя.
— Не, — сказала яна, — права не маю. Нашто ўжо. Не павернеш назад. Але я, можа, часам і зайду да цябе. Пагрэцца. І толькі.
У гэтую хвіліну я зноў кахаў яе, можа, больш, чым раней. Усё нутро маё пакутліва да яе кінулася. Але я зразумеў: і праўда — усё.
Яна вырашыла.
…Мокры снег ляпіў па нашых тварах, калі мы выйшлі на бульвар і яна спаймала таксі і ўсё стаяла ля яго і глядзела мне ў вочы.