Дзикае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 13 стр.


Рыгор прыпомніў, што, калі ён вёз дзяўчо дахаты, нехта страляў ля прорвы. Мы пагналі коней хутчэй, бо мінула гадзін пяць, ноч ужо цямнела перад світаннем. Хутка мы пачулі — недзе гігатаў конь. Мы выехалі на вялікую галявіну, якая зарасла верасам. Тут Рыгор адзначыў, што коні дзікага палявання развярнуліся ў лаву і пайшлі намётам. А конь гаспадара некалькі разоў спатыкнуўся, відаць, стомлены. — Голас Бермана раптам адзічэў і перасекся: — І ў канцы галявіны, якраз там, дзе пачыналася прорва, мы пабачылі яшчэ жывога каня, які ляжаў са зламанай нагою і крычаў так жахліва, як чалавек. Рыгор сказаў, што пан павінен быць недзе тут. Мы знайшлі яго сляды, якія ішлі ад дрыгвы. Я рушыў па іх, але яны дайшлі да каня, амаль да каня, і зніклі. Тут на вільготнай глебе былі ўмяціны, быццам чалавек упаў. І далей нічога. Галоўнае тое, што слядоў побач не было. Паляванне збочыла сажнях у дзесяці ад таго месца. Альбо Раман узнёсся на неба, альбо коні караля Стаха дамчалі да яго ў паветры і захапілі з сабою. Мы пачакалі з паўгадзіны, і, калі пачаўся сапраўдны змрок, Рыгор хлопнуў сябе па галаве і загадаў мнё надраць бяросты. Я, шляхціц, падпарадкаваўся гэтаму хлопу: ён быў тады ўладны, як магнат. Калі мы запалілі бяросту — ён схіліўся над слядамі. «Ну, што скажаш, пане?» — сказаў ён з выглядам перавагі. «Я не ведаю, нашто яму спатрэбілася ісці ад дрыгвы, не ведаю, як ён туды трапіў», — адказаў я ніякава. Тады гэты хам разрагатаўся… «Ён і не думаў ісці ад дрыгвы. Ён, васпане, ішоў у дрыгву. І ногі ў яго зусім не былі выкручаны задам наперад, як ты, магчыма, думаеш. Ён адступаў, адступаў да дрыгвы ад чагосьці жахлівага. Бачыш, вось тут ён пляснуўся аб зямлю. Конь зламаў нагу, і ён пераляцеў цераз галаву. Ён, калі хочаш ведаць, падкруціў нагу: бачыш, крок правай нагі большы і глыбокі, значыць, ён падкруціў левую нагу. Ён адступаў да дрыгвы задам. Хадзем туды, там мы пабачым, напэўна, і канец». І сапраўды, мы пабачылі і канец. Там, дзе быў рэзкі абрыў у дрыгву, Рыгор пасвяціў бяростаю і сказаў: «Бачыш, тут ён асклізнуўся». Я трымаў яго за пас, а ён палез з гэтага абрыўчыка і паклікаў мяне: «Глядзі». І тут я пабачыў галаву Рамана, якая тырчала з рудой маслянай паверхні прорвы, і скручаную руку, якой той паспеў ухапіцца за карнявішча ад нейкага спарахнелага дрэва. Мы выцягнулі яго з вялікімі цяжкасцямі, выцягнулі мёртвага: у гэтых прорвах часта б'юць падводныя крыніцы, і ён проста замёрз. Ды яшчэ, да таго ж, і сэрца не вытрымала, як казаў пасля лекар. Божа, на твары ягоным быў такі жах, які нельга перажыць і застацца жывым! Пасля дзяўчына ледзь не звар'яцела, калі пабачыла. На руцэ нейкі ўкус, каўнер падраны. А тады мы прытарочылі труп да сядла і паехалі. І вось не паспелі мы ад'ехаць і трыццаці крокаў, як пабачылі: праз прасеку плылі смутныя конныя цені. Дзіўна было тое, што зусім не грукацелі капыты. А потым заспяваў рог недзе зусім у другім баку і так прыглушана, быццам праз вату. Мы ехалі з трупам прыгнечаныя, коні нерваваліся, яны чуюць мёртвае цела. І ноч была, ох, якая ноч! І недзе спяваў рог дзікага палявання. А зараз зноў… Надыходзіць час помсты.

Ён змоўк, уткнуўшы твар у далоні, пальцы на якіх, белыя, артыстычныя, былі даўжэй за пальцы звычайнага чалавека ў два разы. Я маўчаў, і раптам мяне прарвала:

— Як вам усё ж не сорамна. Мужчыны, дарослыя, вялікія мужчыны! І не можаце абараніць. Ды няхай бы гэта быў нават сам д'ябал — біцеся, чорт вас падзяры! І чаму гэта паляванне з'яўляецца тут толькі часам? Чаму пры мне яшчэ не было?

— Нават калі яны з'яўляюцца часта, яны не прыходзяць у ночы на святыя дні, а таксама ў сераду і пятніцу.

— Гм, дзіўныя здані… А ў нядзелю? — У мяне ўсё больш варушылася на дне душы жаданне даць па гэтай фарфоравай, вялай, бязвольнай храпе, бо такія не здатныя ні на добры ўчынак, ні на крымінал — не людзі, а макрыца-трава на градзе. — А ў піліпаўку, на пятроўкі яны з'яўляюцца, калі яны такія ўжо святыя прывіды?

— На нядзелю Бог даў ім дазвол, бо, як памятаеце, Стах быў забіты таксама ў нядзелю, — цалкам сур'ёзна адказаў ён.

— Дык што ж ён тады такое, ваш Бог? — грымнуў я. — Ён што, стакнуўся з д'яблам? Ён што, мярзотнік, за кроў аднаго бярэ душу ў нявінных дзяўчат, у якіх крыві таго Рамана, можа, адна кропля!

Ён маўчаў.

— Пяцьсот дваццаць чатыры тысячы дзвесце восемдзесят восьмая частка крыві Рамана ў яе жылах, — падумаўшы, імгненна падлічыў я. — На што ён тады здатны, гэты ваш Бог?

— Не кашчуннічайце, — спуджана войкнуў ён. — За каго вы заступаецеся?

— Занадта многа чартаўшчыны нават для такога дома, — не супакойваўся я. — Малы Чалавек, Блакітная Жанчына, а тут яшчэ гэта дзікае паляванне караля Стаха. Аблога і знутры і звонку, каб ён згарэў, гэты дом!…

— Мгм, шчыра кажу вам, шаноўны пане, што я не веру ў Чалавека і Жанчыну.

— Іх бачылі ўсе. І вы таксама.

— Я не бачыў, я чуў. А прырода гукаў невядома нам. Ды і да таго я знерваваны чалавек.

— Бачыла гаспадыня.

Вочы Бермана сціпла апусціліся. Ён павагаўся і сказаў:

— Я не здатны ёй ва ўсім верыць. Яна… ну, словам, мне здаецца, яе бедная галоўка не вытрымала гэтых жахаў. Яна… м-м… своеасаблівы ў псіхічных адносінах чалавек, каб не сказаць больш.

Я таксама думаў пра гэта, таму змаўчаў.

— Але я таксама чуў гэта.

— Дзікунства. Гэта проста акустычны падман. Галюцынацыя, шаноўны пане.

Мы пасядзелі моўчкі, я адчуваў, што сам пачынаю вар'яцець ад мілых прыгод, якія тут адбываліся.

У тую ноч мне прыснілася: бязгучна скача дзікае паляванне караля Стаха. Бязгучна ржуць коні, бязгучна апускаюцца капыты, хістаюцца выразныя павады. Халодны верас пад іх нагамі; імчаць шэрыя, нахіленыя наперад цені, і балотныя агні гараць на лбах коней. А над імі, у небе, гарыць самотная, вострая, як іголка, зорка.

Калі я прачынаўся — я чуў у калідоры крокі Малога Чалавека і часам яго ціхі жаласны стогн. А пасля зноў чорная бездань цяжкага сну, і зноў скача па верасе і дрыгве імклівае, як страла, паляванне.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ

Жыхары Волатавай прорвы, відаць, не вельмі любілі ездзіць на вялікія балы. Я мяркую так таму, што не часта бывае ў такім закутку паўналецце адзінай наследніцы маярату, і ўсё ж праз два дні ў Балотныя Яліны з'ехалася ніяк не больш чатырох дзесяткаў чалавек. Запрасілі і мяне, хоць я згадзіўся з вялікай неахвотай: я не любіў правінцыяльнай шляхты і, да таго ж, амаль нічога не зрабіў за гэтыя дні. Не зрабіў амаль ніякіх новых запісаў, а галоўнае, ані на крок не рушыў наперад, каб разгадаць таямніцу гэтага чортава логава. На старым плане ХVІІ стагоддзя ніякіх слухавак не было, а крокі і стогны гучалі кожную ноч на зайздрасць рэгулярна.

Я ламаў галаву над усёй гэтай чартаўшчынай, але нічога не мог прыдумаць.

Дык вось, упершыню, можа, за апошнія дзесяць год палац сустракаў гасцей. Запалілі плошкі над уваходам, знялі чахлы з люстраў, вартаўнік на гэты раз ператварыўся ў швейцара, узялі з навакольных хутароў яшчэ тры служанкі. Палац нагадваў нарумяненую бабулю, якая ў апошні раз вырашыла пайсці на баль, успамянуць маладосць і пасля легчы ў магілу.

Не ведаю, ці трэба апісваць гэты шляхецкі з'езд? Добрае і цалкам правільнае апісанне чагосьці падобнага вы знойдзеце ў Хвелькі з Рукшэніц, незаконна забытага нашага паэта. Божа, якія гэта былі вазкі! Старыя, з пакарабачанай скурай, зусім без рысор, з коламі ў сажань вышынёю, але абавязкова з лёкаем на запятках (у «лёкаяў» былі чорныя ад зямлі рукі). Якія гэта былі коні! Расінант здаўся б побач з імі Буцэфалам. Хударлявыя, з ніжняй губой, адвіслай, як чапяля, са з'едзенымі зубамі.

Назад Дальше