Чужаница (на белорусском языке) - Камю Альбер 4 стр.


На вочы ёй спадалi валасы, яна смяялася. Я ўскараскаўся на бакен i лёг побач. Было вельмi хораша. Нiбы жартам, я адкiнуў галаву назад i палажыў яе Мары на жывот. Яна нiчога не сказала, i я застаўся ляжаць. Перад вачыма ў мяне было ўсё неба, яно было блакiтнае i залачонае сонцам. Патылiцай я адчуваў, як жывот у Мары мякка пульсуе. Мы яшчэ доўга ляжалi на бакене, у салодкай дрымоце. Калi сонца пачало занадта пячы, Мары скочыла ў ваду, i я за ёй. Я дагнаў яе, абняў рукою за талiю, i мы паплылi разам. Яна ўвесь час смяялася. На пляжы, пакуль мы сохлi, яна сказала:

- Я загарэла болей за вас.

Я запытаўся, цi хоча яна ўвечары схадзiць у кiно. Яна зноў засмяялася i сказала, што было б няблага паглядзець якi-небудзь фiльм з Фернандэлем. Мы апранулiся. Яна вельмi здзiвiлася, калi ўбачыла на мне чорны гальштук, i спытала, цi ж то я не ў жалобе? Я сказаў, што ў мяне памерла мама. Яна пацiкавiлася - калi, i я адказаў:

- Учора пахавалi.

Яна крыху адхiснулася, але нiчога не сказала. Мне захацелася сказаць ёй, што я не вiнаваты, але я змаўчаў, бо ўспомнiў, што ўжо казаў гэта аднойчы патрону. Увогуле, гэта не мела нiякага сэнсу. Чалавек заўсёды ў нечым трошкi вiнаваты.

Увечары Мары пра ўсё забыла. Фiльм быў часам забаўны, часам зусiм нейкi бязглузды. Мары падсунула сваю нагу да маёй. Я лашчыў яе грудзi i пад канец сеанса пацалаваў, але атрымалася неяк няўдала. Пасля кiно яна пайшла да мяне.

Калi я прачнуўся, Мары ўжо не было. Яна казала, што павiнна iсцi да цёткi. Я падумаў, што сёння нядзеля, i мне зрабiлася сумна: нядзелю я не люблю. Тады я перавярнуўся на ложку i, уторкнуўшыся ў падушку носам, адчуў пах марской солi, пакiнуты валасамi Мары. Я зноў заснуў i праспаў да дзесяцi гадзiн. Потым да паўдня валяўся ў ложку i палiў цыгарэты. Iсцi снедаць да Селеста, як гэта я рабiў звычайна, не хацелася. Яны там, вядома, пачнуць прыставаць да мяне з роспытамi, а я гэтага не люблю. Падсмажыў сабе яечню i з'еў проста з патэльнi, без хлеба, бо хлеб скончыўся, а iсцi ў лаўку не хацелася.

Пасля снедання - проста бадзяўся па кватэры. Было трошкi нудна. Калi мы жылi з мамай, у нас было ўтульна. А пасля мне адному кватэра зрабiлася занадта вялiкая, i я мусiў перацягнуць абедзенны стол у спальню. Так цяпер i жыву ў адным гэтым пакоi. У мяне тут стаiць некалькi праседжаных плеценых крэслаў, шафа з пажоўклым люстрам, туалетны столiк i ложак з мядзянымi булавешкамi. Рэшта ўся занядбаная.

Каб нечым заняцца, узяў старую газету, пачытаў, пагартаў. Дзеля забавы выразаў рэкламу слабiцельнай солi "Крушэн". Наклеiў яе ў старым сшытку - я ў iм збiраю розныя пацешныя рэчы з газет. Потым вымыў рукi i выйшаў на балкон.

Вокны ў маёй спальнi выходзяць на галоўную вулiцу нашага прадмесця. Дзень быў пагодны. Але брук здаваўся чамусьцi сырым. Мiнакоў было мала, i ўсе яны некуды спяшалiся. Спачатку iшлi сем'i - на шпацыр. Наперадзе - два хлопчыкi ў марацкiх гарнiтурчыках з кароткiмi штонiкамi крыху нiжэй каленяў (iм, вiдаць, было вельмi нязручна ў занадта накрухмаленай вопратцы) i дзяўчо з вялiзным ружовым бантам i ў чорных лакiраваных пантофлiках. Ззаду - дзябёлая, неабсяжная мацi ў каштанавай ядвабнай сукенцы i маленькi недалужны мужычок iх бацька, якога я, дарэчы, ведаў у твар. На iм быў пляскаты саламяны капялюш, на шыi - гальштук матыльком, у руцэ - кiёк. Калi я ўбачыў яго побач з жонкай, я адразу зразумеў, чаму ён, як кажуць у нашым квартале, такi далiкатны i выхаваны.

Крыху пазней пайшла наша тутэйшая моладзь - валасы спырснутыя лакам, чырвоны гальштук, шчыгульны, па талii пiнжак, у кiшэньцы - вышываная насоўка i модныя тупаносыя чаравiкi на нагах. Я падумаў, што яны, пэўна, сабралiся ў кiно, куды-небудзь у цэнтр. Таму i выбралiся гэтак рана i цяпер бягуць з рогатам на трамвай.

Пасля iх вулiца патроху апусцела. Сеансы i вiдовiшчы, значыць, ужо пачалiся.

Акрамя катоў i крамнiкаў, вiдаць больш нiкога не было. Неба над фiкусамi, што раслi абапал вулiцы, было чыстае, хоць i не яркае. Гандляр з тытунёвай лаўкi насупраць вынес крэсла, паставiў яго каля дзвярэй i сеў, абапершыся рукамi на бiлца. Нядаўна поўныя бiтком трамваi ехалi цяпер амаль пустыя. У маленькай кавярнi "У П'еро", побач з тытунёвай лаўкай, гарсон падмятаў у бязлюднай зале падлогу, пасыпаючы яе вiльготным пiлавiннем. Сапраўды - нядзеля.

Я перакруцiў крэсла i паставiў яго так, як гандляр з тытунёвай лаўкi. Па-мойму, так сапраўды сядзець было зручней. Потым выпалiў дзве цыгарэты, вярнуўся ў пакой, узяў кавалачак шакаладу i, не спяшаючыся, пачаў яго есцi каля акна. Хутка неба пахмурнела, здалося, што зараз пачнецца навальнiца, як яно часта бывае ўлетку. Але патроху праяснела зноў, i толькi вулiца, нiбы ад пагрозы хмар, яшчэ заставалася цёмная. Я доўга стаяў каля акна i глядзеў на неба.

А пятай гадзiне зноў загрукаталi трамваi. На прыступках, адбойных брусах гронкамi вiселi футбольныя заўзятары. Яны вярталiся з прыгараднага стадыёна. Потым прыехалi i самi гульцы, я iх пазнаў па спартовых торбах. Яны спявалi, раўлi на ўсё горла, крычалi, што iх клуб не прайграе нiколi. Некаторыя махалi мне рукамi. Адзiн нават крыкнуў: "Далi мы iм дыхту!" Я закiваў галавой, нiбы кажучы: "Добра". Потым адзiн за адным паплылi аўтамабiлi.

Дзень усё не канчаўся. Неба над дахамi трошкi пачырванела, i за вячэрнiм прыцемкам вулiцы ажывiлiся. Людзi няспешна вяртался з пагулянак. Сярод iншых я заўважыў i таго далiкатнага пана. Дзецi плакалi, бацькi цягнулi iх за рукi. Амаль адначасова з усiх кiнатэатраў квартала на вулiцу вылiўся натоўп гледачоў. Юнакi нешта ўзбуджана паказвалi рукамi, i я падумаў, што ў кiно, вiдаць, круцiлi прыгоднiцкi фiльм. Трошкi пазней вярнулiся i тыя, хто ездзiў у горад. Гэтыя iшлi больш самавiта. Часам нехта смяяўся, але зрэдку, большасць iшлi задумлiвыя i нiбы стомленыя. Дадому нiхто не разыходзiўся, усе так i хадзiлi па ходнiках па той бок вулiцы. Дзяўчаты, з распушчанымi валасамi, гулялi парамi, трымаючы адна адну за ручку. Хлопцы нiбы незнарок заступалi iм дарогу, кiдалi нейкiя жарты, i тыя смяялiся, адварочваючы галаву. Некаторых дзяўчат я ведаў, i яны на мiгах прывiталiся са мною.

Раптам запалiлiся вулiчныя лiхтары, i першыя зоркi, якiя пачыналi ўжо мiгцець у начным небе, пабляклi. Я доўга глядзеў на ходнiкi, мiнакоў, зыркае святло лiхтароў i адчуў, што вочы ў мяне стамiлiся. Пад лiхтарамi блiшчаў вiльготны брук, праз роўныя прамежкi часу праязджалi трамваi. Яны кiдалi водблiскi святла на чыесьцi валасы, усмешку цi срэбную бранзалетку. Пасля трамваi пачалi радзець, над дрэвамi i лiхтарамi навiсла чорная ноч, i квартал непрыкметна апусцеў. Вунь ужо першая кошка павольна прабегла па зноўку бязлюднай вулiцы. Я ўспомнiў, што трэба паесцi. Доўга седзячы ў адной позе, абапершыся на бiла крэсла, я трошкi навярэдзiў сабе шыю. Я спусцiўся ў лаўку купiць хлеба i локшыны, потым згатаваў вячэру i з'еў яе стоячы. Мне захацелася папалiць каля акна, але паветра ўжо пахаладнела, i я трошкi празяб. Я зачынiў вокны i, вяртаючыся ў пакой, убачыў у люстры край стала, на якiм стаяла спiртовая лямпа. Побач ляжалi кавалкi хлеба. Вось i праляцела яшчэ адна нядзеля, падумаў я, мама цяпер у магiле, а я заўтра зноў пайду на працу. Урэшце, нiчога не змянiлася.

III

У канторы сёння давялося добра папрацаваць. Патрон быў да мяне вельмi прыязны, запытаўся, цi не надта я стомлены, i пацiкавiўся, колькi маме было год. Каб не памылiцца, я адказаў: "За шэсцьдзесят". Яму адразу чамусьцi палегчала, ён, вiдаць, палiчыў, што справа на гэтым скончана i гаварыць больш няма пра што.

Стол у мяне быў завалены цэлай кучай паперы, рознымi дакументамi, i ўсё гэта трэба было неяк разабраць. Перад снеданнем, як заўжды, пайшоў памыць рукi.

Назад Дальше