Тады ён спытаўся - няўжо мне не цiкава змянiць жыццё? I я адказаў, што адно жыццё на другое не зменiш, дый, урэшце, усе яны аднолькавыя, а мне i з маiм тут зусiм няблага. Выгляд у патрона быў незадаволены, ён сказаў, што я заўжды ўхiляюся ад адказу i што ў мяне няма нiякага iмкнення да кар'еры, а гэта вельмi дрэнна, калi займаешся справай. Тады я вярнуўся ў кабiнет i зноў сеў за працу. Вядома, я не хацеў злаваць патрона, але мяняць жыццё ў мяне нiякай прычыны не было. Калi падумаць, я быў зусiм не няшчасны. Праўда, у студэнцкiя гады ў мяне былi розныя такiя iмкненнi. Але калi давялося кiнуць вучобу, я вельмi хутка зразумеў, што, па сутнасцi, ва ўсiм гэтым няма нiякага значэння.
Увечары прыйшла Мары i спытала, цi хачу я з ёй ажанiцца. Я сказаў, што мне гэта ўсё роўна i што, калi яна так хоча, мы можам пажанiцца. Тады яна пацiкавiлася, цi кахаю я яе. Я адказаў, як ужо гаварыў аднойчы, што гэта не мае нiякага значэння, але, вядома, я яе не кахаю.
- Навошта тады ты збiраешся са мной ажанiцца? - спытала яна.
Я растлумачыў, што гэта не iграе нiякай ролi i, калi яна так хоча, мы можам пажанiцца. Дарэчы, яна сама мяне пра гэта просiць, а я толькi згаджаюся. Тады яна заўважыла, што шлюб - сур'ёзная справа. Я адказаў: "Не". Яна сцiхла i нейкую хвiлiну моўчкi глядзела на мяне. Потым загаварыла зноў. Ёй проста было цiкава, цi згадзiўся б я ажанiцца, каб мне тое самае прапанавала другая жанчына, з якой бы ў мяне былi такiя ж адносiны, як i з ёй. Я сказаў: "Натуральна". Тады яна заявiла, што i сама не ўцямiць - кахае яна мяне цi не, але гэтага я ўжо наогул ведаць не мог. Яна зноў змоўкла i потым прамовiла цiхiм голасам, што я нейкi дзiўны i за гэта яна мяне, безумоўна, вельмi кахае - але, мабыць, некалi менавiта праз гэта я ёй i абрыдну. Я маўчаў, бо дадаць не было чаго, а яна, усмiхаючыся, абняла мяне i заявiла, што хоча выйсцi за мяне замуж. Я адказаў, што мы зробiм гэта, як толькi яна захоча. I расказаў ёй пра прапанову патрона. Мары сказала, што ёй бы вельмi хацелася ўбачыць Парыж, i я паведамiў, што ўжо некалi жыў там. Яна спыталася, як ён выглядае. Я адказаў:
- Там брудна. Галубы паўсюль, двары змрочныя. I людзi нейкiя бледныя.
Потым мы пайшлi гуляць у цэнтр i прайшлi праз увесь горад. Было шмат прыгожых жанчын, i я папытаўся ў Мары, цi бачыць яна гэта. Яна сказала, што бачыць i разумее мяне. Потым мы пэўны час iшлi моўчкi. Але мне хацелася, каб Мары засталася са мной яшчэ, i я сказаў, што мы можам паабедаць у Селеста. Увогуле, яна не адмаўлялася, але, на жаль, мела нейкiя справы. Мы былi ўжо каля майго дома, i я развiтаўся. Яна паглядзела на мяне:
- Няўжо табе не цiкава, якiя ў мяне справы?
Мне, вядома, было цiкава, але запытацца я чамусьцi не падумаў, i менавiта таму яна зiрнула на мяне нiбы з папрокам. Вiдаць, я крыху збянтэжыўся, бо яна раптам засмяялася, прыгарнулася да мяне ўсiм целам i падсунула вусны.
Я пайшоў абедаць да Селеста. I пачынаў ужо есцi, калi ў шынок увайшла нейкая дзiвотная маленькая жанчына. Падбегла да майго столiка i папыталася, цi можна сесцi. Сесцi, натуральна, было можна. Нейкая дзiўная, сапраўды: рухi парывiстыя, аблiчча маленькае i круглае, нiбы яблык, вочы блiшчаць. Скiнула камiзэльку, села i пачала лiхаманкава праглядаць меню. Потым паклiкала Селеста i скорагаворкай, але вельмi выразна, заказала адразу ўсё, што выбрала. Пакуль неслi закуску, яна адчынiла сумку, выняла аркушык паперы i аловак, усё загадзя палiчыла, потым дастала кашалёк, адлiчыла дакладную суму, дадала гасцiнца i паклала грошы на стол. Якраз прынеслi закуску. Яна праглынула яе ў адзiн мiг i, чакаючы наступнай стравы, зноў дастала сiнi аловак, часопiс з праграмай радыёперадач на тыдзень i вельмi акуратна адну за адной пачала пазначаць крыжыкамi амаль усе перадачы. Часопiс быў вялiкi, старонак на дванаццаць, i яна руплiва працавала ўвесь абед. Я даўно паеў, а яна ўсё ставiла крыжыкi з ранейшым дбаннем. Потым устала, дакладным рухам, як аўтамат, накiнула камiзэльку i пайшла.
Рабiць мне не было чаго, я таксама выйшаў i нейкi час iшоў за ёй. Яна стала на броўку ходнiкаў i надзiва хутка i ўпэўнена пайшла дакладна па прамой, прычым нi разу не азiрнулася. Нарэшце я згубiў яе з вачэй i павярнуў назад. Дзiўная нейкая, падумаў я, але хутка забыўся на яе.
На парозе каля маёй кватэры стаяў стары Саламано. Я запрасiў яго зайсцi, i ён сказаў, што яго сабака згубiўся, бо на скуралупнi яго няма. Тамтэйшыя службоўцы сказалi, што ён, вiдаць, трапiў пад машыну. Стары запытаўся, цi можна пра гэта даведацца ў камiсарыяце, але яму адказалi, што такiя звесткi не захоўваюцца, бо рэч гэта звычайная i здараецца кожны дзень. Я сказаў старому Саламано, што ён мог бы ўзяць сабе iншага сабаку, але ён адказаў, што прывык ужо да гэтага, i, вядома, меў рацыю.
Я залез з нагамi на ложак, а Саламано сеў на крэсла каля стала, акурат насупраць мяне, i паклаў рукi на каленi. Свой стары капялюш ён зняў. Ён гаварыў, глытаючы канцы фраз, якiя вязлi ў яго пажоўклых вусах. З iм было трошкi нудна, але рабiць усё роўна не было чаго i спаць не хацелася. Каб нешта сказаць, я пачаў распытваць яго пра сабаку. Ён сказаў, што набыў яго пасля жончынай смерцi. Жанiўся ён даволi позна. А ў маладосцi марыў працаваць у тэатры: калi служыў у войску, прымаў удзел у вадэвiлях, што ставiлiся ў iх палку. Але нарэшце - пайшоў на чыгунку i не шкадуе, бо цяпер у яго ёсць невялiкая пенсiя. З жонкай ён шчаслiвы не быў, але ўрэшце вельмi прывык да яе. I калi яна памерла, адчуў сябе зусiм самотным. Тады ён i папрасiў аднаго прыяцеля па працы прынесцi яму сабаку. Той прынёс зусiм малое шчаня, яго трэба было кармiць з соскi. Але сабакi жывуць меней за чалавека, i яны састарэлi разам.
- Характар быў у яго кепскi, - сказаў Саламано. - Гыркалiся мы з iм часам. Але ўсё роўна, сабака ён быў добры.
Я сказаў, што парода ў яго была выдатная, i старому, вiдаць, гэта спадабалася.
- Вы яшчэ не бачылi яго да хваробы, - падхапiў ён. - Якая ў яго была поўсць - любата!
Калi на сабаку найшла скурная хвароба, Саламано кожныя вечар i ранiцу нацiраў яго спецыяльнаю масцю. Але на яго думку, сапраўднаю хваробай была старасць, а старасць не вылечыш.
Тут я пазяхнуў, i стары аб'явiў, што зараз пойдзе. Я сказаў, што ён можа застацца яшчэ - мне проста сумна ад таго, што здарылася з яго сабакам. Ён падзякаваў i сказаў, што мама вельмi любiла гэтага спанiэля. Калi ён гаварыў пра маму, ён называў яе "ваша бедная матуля". Ён сказаў, што я, напэўна, адчуваю сябе дужа няшчасным пасля мамiнай смерцi, але я нiчога не адказаў. Тады ён неяк замуляўся i скорагаворкай прамармытаў, што яму вядома, як дрэнна пра мяне гавораць у квартале пасля таго, як я аддаў маму ў прытулак, але ён добра мяне ведае i знае, што маму я вельмi любiў. Я, сам не ведаю чаму, адказаў, што дагэтуль нават не чуў, каб пра мяне з гэтай нагоды гаварылi дрэнна, - калi я аддаваў маму ў прытулак, мне здавалася, што гэта натуральна, бо ў мяне не было грошай, каб наняць ёй сядзелку.
- Зрэшты, - дадаў я, - ёй ужо даўно не было пра што са мной гаманiць, i яна проста сумавала.
- Ваша праўда, - сказаў Саламано. - А ў прытулку, прынамсi, можна знайсцi сабе прыяцеляў.
Потым ён папрасiў прабачэння - яму хацелася спаць. Жыццё цяпер у яго перамянiлася, i ён нават не ведае, што рабiць далей. Упершыню за ўвесь той час, што я яго ведаў, ён нiбы ўпотай працягнуў мне руку, i я адчуў яго шурпатую скуру. Ён ледзь прыкметна ўсмiхнуўся i на развiтанне сказаў:
- Спадзяюся, што сёння ноччу сабакi брахаць не будуць. Бо мне ўвесь час здаецца, што гэта мой.
VI
У нядзелю я доўга не мог прачнуцца, i Мары давялося мяне тармасiць i крычаць у самае вуха. Есцi мы не сталi - хацелася як мага раней пакупацца ў моры. Усярэдзiне ў мяне было абсалютна пуста, крыху балела галава. Цыгарэта здалася горкай. Мары пакпiла з мяне - выглядаю, маўляў, "нiбы на хаўтурах".