Раней людзi свабодна пераходзiлi з далiны ў далiну, а цяпер на iх шляху была сцяна i закрытая брама, i людзi Тэнджыла не маглi свабодна праходзiць праз яе.
Ведэр пастукаў па браме мячом, адчынiлася маленькае акенца, i з яго высунулася галава вялiкага дзецюка.
- Пароль, - закрычаў ён.
Ведэр i Кадэр прашапталi яму пароль на вуха - напэўна, каб я не пачуў яго, але ў такой засцярозе не было неабходнасцi, бо я ўжо ведаў пароль : "Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызвалiцелю".
Чалавек за акенцам паглядзеў на мяне, запытаўся:
- А гэта хто? Хто такi?
- Гэта маленькi дурань, якога мы сустрэлi ў гарах, - адказаў Кадэр. - Але, вiдаць, не такi ўжо дурны, бо як ён здолеў мiнулай ноччу выйсцi праз вашу браму? Што вы скажаце на гэта, старшы вартаўнiк? Вы спытайце сваiх людзей, як яны ахоўвалi браму ўвечары.
Вартаўнiк раззлаваўся. Лаячыся i праклiнаючы мяне, ён адчынiў браму. Яму вельмi не хацелася пускаць мяне. Толькi Ведэра i Кадэра. Маё месца, лiчыў ён, у пячоры Катлы.
Але Ведэр i Кадэр настоялi на сваiм. Яны казалi, што мяне неабходна прапусцiць хоць бы таму, што я павiнен даказаць iм, што не манiў! Гэта iх абавязак перад Тэнджылам - высветлiць усё.
Так у суправаджэннi Ведэра i Кадэра я праехаў праз браму.
Я думаў, што калi мы зноў сустрэнемся з Джанатанам, я раскажу яму, як Ведэр i Кадэр дапамаглi мне трапiць у Далiну Дзiкай Ружы, i ён будзе доўга смяяцца.
А мне было не да смеху, бо я ведаў, як дрэнна ўсё складваецца для мяне. Я павiнен знайсцi белы дамок з дзядулем, iнакш траплю ў пячору Катлы.
- Едзь уперад i паказвай нам дарогу, - загадаў Ведэр. - Мы павiнны сур'ёзна пагаварыць з тваiм дзядулем.
Белых дамоў было шмат, як i ў Вiшнёвай Далiне, але я не бачыў таго, на якi мог бы паказаць, таму што не ведаў, хто там жыве. Я не мог адважыцца сказаць: "Дзядуля жыве тут", бо Ведэр i Кадэр могуць увайсцi i ўбачыць, што там няма нiякага дзядулi, ва ўсякiм разе таго, якi хацеў бы стаць мне дзедам.
Я быў у засмучэннi i ад страху ажно ўзмакрэў. Лёгка было выдумаць дзядулю, але я разумеў, што гэта была не самая лепшая выдумка.
Там i сям працавалi людзi каля сваiх двароў, але я не знаходзiў таго, хто паслужыў бы мне за дзядулю, i я адчуваў сябе ўсё больш i больш няшчасным. Было страх бачыць, як iшлi справы ў Далiне Дзiкай Ружы, якiмi збляднелымi, галоднымi i няшчаснымi выглядалi там людзi, ва ўсякiм разе тыя, што траплялiся на вочы - яны былi так непадобны на жыхароў Вiшнёвай Далiны. Бо ў нас не было Тэнджыла, якi загнаў бы нас у рабства i забiраў у нас усю працу.
Ведэр i Кадэр пачалi ўжо нервавацца, а я ехаў, разумеючы, што гэта мой апошнi шлях.
- Ну, цi далёка яшчэ? - бурчаў Ведэр.
- Не, недалёка, - адказваў я машынальна, не ўсведамляючы, што кажу i што раблю. Я ўжо гатоў быў да таго, што мяне кiнуць у пячору Катлы.
Але раптам здарыўся цуд. Хочаце - верце, хочаце - не. Каля белага дамка сядзеў дзядуля i кармiў галубоў. Магчыма, я нiколi не асмелiўся б спынiцца тут, калi б сярод яго шэрых галубоў не было аднаго беласнежнага.
Я ледзь не заплакаў. Такiя галубы былi толькi ў Сафii, такi галубок прылятаў да мяне на падаконнiк - яшчэ ў iншым свеце.
Потым я зрабiў нечуваную рэч: саскочыў з Ф'ялара i, тут жа апынуўшыся каля дзядулi, кiнуўся яму на шыю i прашаптаў у адчаi:
- Дапамажыце мне, выратуйце мяне, скажыце, што вы мой дзядуля.
Я быў напалоханы i чакаў, што ён, убачыўшы Ведэра i Кадэра ў чорных шаломах, адштурхне мяне. Чаму ён павiнен iлгаць i трапляць з-за мяне ў пячору Катлы?
Але ён не адштурхнуў мяне, а моцна прытулiў, i я адчуваў яго добрыя рукi, якiя як бы абаранялi мяне ад зла.
- Унучак, - сказаў ён гучна, каб Ведэр i Кадэр пачулi. - Дзе ты быў увесь гэты час? I што ты нарабiў, дзiцятка, раз цябе суправаджаюць салдаты?
Мой бедны дзядуля, як яму папала ад Ведэра i Кадэра! Яны ўсё крычалi i крычалi на яго, маўляў, калi ён не можа сачыць за сваiмi ўнукамi i дазваляе iм бадзяцца ў гарах Наджыялы, то ён наогул iх не ўбачыць, i ён павiнен помнiць пра гэта.
На гэты раз яны яму даруюць, - сказалi яны i паехалi. Неўзабаве iх шаломы ператварылiся ўдалечынi ў маленькiя кропкi. Я пачаў плакаць, усё яшчэ знаходзячыся ў абдымках дзядулi... Можа, таму, што ноч была такая доўгая i цяжкая ў мяне i нарэшце ўсё скончылася. Дзядуля даў мне выплакацца, пацiху супакойваў мяне. Як добра было б, каб ён быў маiм сапраўдным дзядулем. Мне захацелася сказаць яму пра гэта, хоць я ўсё яшчэ працягваў плакаць.
- Можа, я i змагу стаць тваiм дзядулем. Мяне завуць Мацiяс, а цябе, дзiцятка?
- Карл Львi.. - пачаў я, але спахапiўся: неразумна было б называць гэта iмя ў Далiне Дзiкай Ружы.
- Дзядуля, дарагi, маё iмя... - сакрэт, - сказаў я. - Называй мяне Сухарык.
- А, Сухарык, - засмяяўся дзядуля Мацiяс. - Iдзi ў кухню i пачакай мяне там, а я завяду твайго каня ў стайню.
Я ўвайшоў у маленькую бедную кухню, дзе, акрамя стала, лаўкi, некалькi крэслаў i плiты, нiчога не было. Яшчэ каля сцяны стаяў буфет.
Неўзабаве прыйшоў i Мацiяс.
- Такi самы буфет i ў нас дома, у Вiш... - пачаў я i замаўчаў.
- Дома ў Вiшнёвай Далiне? - здагадаўся Мацiяс.
Я з жахам зiрнуў на яго. Зноў сказаў тое, чаго не трэба было гаварыць.
Але Мацiяс больш нiчога не сказаў, а падышоў да акна i выглянуў на двор, некаторы час пастаяў, каб пераканацца, што нiкога няма вакол, потым павярнуўся да мяне i цiха кажа:
- У маiм буфеце сёе-тое ёсць. Пачакай хвiлiнку i ты пераканаешся ў гэтым.
Ён адсунуў буфет плячом - за iм былi патаемныя дзверы. Калi ён адчынiў iх, высветлiлася, што за iмi - пакой. Хтосьцi ляжаў на падлозе i спаў.
Гэта быў Джанатан.
9
Я магу прыгадаць усяго некалькi выпадкаў, калi я быў такi шчаслiвы, што не ведаў, на якiм свеце знаходжуся. Аднойчы, яшчэ ў маленстве, на каляды Джанатан падарыў мне санкi, на якiя ён збiраў грошы вельмi доўга. I другi раз, калi я ўпершыню трапiў у Наджыялу i знайшоў Джанатана каля рэчкi. Потым увесь той дзiўны вечар у Сядзiбе Рыцараў, калi я быў такi шчаслiвы, што ледзьве стрымлiваў сябе. Але нiшто не iшло нi ў якое параўнанне з тым, як я знайшоў Джанатана на падлозе ў доме Мацiяса! Уявiце, як можа быць шчаслiвы чалавек усё ўва мне спявала!
Я не чапаў Джанатана, не будзiў яго, нават не ўскрыкнуў ад радасцi. Проста лёг побач з iм, зусiм цiха, i заснуў.
Колькi я спаў - не ведаю. Мабыць, цэлы дзень. Але калi я прачнуўся, Джанатан сядзеў на падлозе побач са мной. Ён проста сядзеў i ўсмiхаўся, а нiхто не ўсмiхаецца так, як ён. Думалася, што ён не вельмi ўзрадуецца майму з'яўленню. Магчыма, ён ужо i забыўся, што клiкаў мяне на дапамогу. Але цяпер бачыў я, што ён быў гэтак жа рады, як i я. Я таксама заўсмiхаўся. Мы так i сядзелi, гледзячы адзiн на аднаго, i нiчога не гаварылi.
- Ты клiкаў на дапамогу, - сказаў я нарэшце. Джанатан адразу перастаў усмiхацца. - Чаму ты клiкаў? - запытаўся я.
Ясна, штосьцi такое было, пра што яму цяжка гаварыць. Ён адказаў вельмi цiха, як быццам адказаць мне было яму вялiкай цяжкасцю.
- Я бачыў Катлу, - сказаў ён. - Я бачыў, што яна робiць.
Я не хацеў мучыць яго пытаннямi пра Катлу, у рэшце рэшт у мяне было шмат усяго, што трэба было яму расказаць, i ў першую чаргу - пра Джосi.
Джанатан не хацеў усяму гэтаму верыць. Яго твар збялеў, i ён ажно заплакаў.
- Не, не, не Джосi, - паўтараў ён, i слёзы цяклi з яго вачэй.
Потым Джанатан спахапiўся.
- Трэба неадкладна расказаць пра ўсё Сафii, - заклапочана прамовiў ён.
- Але як мы зможам гэта зрабiць? - здзiвiўся я.
- Тут знаходзiцца адзiн з яе галубоў, - сказаў ён. - Б'янка. Сёння вечарам яна можа вярнуцца назад.
Я так i думаў. Гэта ж галубок Сафii! I расказаў яму, што дзякуючы гэтаму галубку я апынуўся тут, а не ў пячоры ў Катлы.
- Гэта было проста дзiва, - расказваў я. - Сярод усiх дамкоў Далiны Дзiкай Ружы я пад'ехаў менавiта да таго, дзе ты. Але калi б я не ўбачыў Б'янку, то, напэўна, праехаў бы мiма.
- Б'янка, Б'янка, дзякуй за тое, што ты сядзела тут, - сказаў Джанатан.