Яго таварыш быў маладзейшы і меў больш «гарадскі» выгляд. Высокі, тонкі, голены. На ім таксама былі высокія боты, а замест світкі – парусінавая накідка. Стрэльбы ў яго не было.
Кідалася ў вочы, што абодва наогул былі вельмі запэцканыя ў балота.
– Вось якое дрэва звалілі, – заўважыў малодшы.
– Гэткім чынам яны маглі разбурыць нашу хатку, – сказаў чорны. – Вось нарабілі б бяды.
– А яны тут былі? – запытаўся першы.
– А ліха іх ведае! Пакуль што, як бачыш, слядоў не відаць.
– Дык усё ж, нарэшце, як вырашым гэтую справу? – звярнуўся малады да свайго спадарожніка.
– І сам не ведаю, – задумаўся старэйшы. – Можа, дай Бог, яны самі загінулі.
– А калі не?
– Тады, мусіць, трэба ім дапамагчы, – крыва ўсміхнуўся чорны.
«Гэта ж, відаць, пра нас ідзе гутарка! – падумаў кожны з хлопцаў. – Але завошта? Што мы ім зрабілі?»
Яны зірнулі адзін на аднаго, але не паварушыліся. Справа была такая незразумелая і недарэчная, што хлопцы не хацелі верыць сваім вачам і вушам і чакалі, што зараз усё высветліцца.
– Кепска атрымліваецца, – казаў тым часам малодшы. – Калі яны выйдуць адсюль, дык усюды раструбяць аб гэтым кутку. Палезуць розныя вучоныя, возьмуць пад ахову гэтых баброў. Пачнуць пісаць у газетах. Да гэтага часу толькі ляснік адзін раз, узімку, наведваўся сюды, а тады кожны палезе. І нам прыйдзецца развітацца з гэтым надзейным прытулкам.
– Я ж і кажу, – буркнуў чорны.
– Але ж, з другога боку, яны нам зусім непатрэбныя.
– Чаго там шкадаваць савецкае насенне! – бліснуў вачыма чорны. – Нічога, акрамя карысці, не будзе, калі загінуць два бальшавіцкія гадаванцы.
– І то праўда, – уздыхнуў малады. – Наша справа важней за гэтых двух малакасосаў. А колькі нашага брата гіне ад іх! Хай не соваюць свой нос куды не трэба. Дзе яны цяпер?
– Там, каля возера.
– Значыцца, зробім такім чынам: яны, вядома, надзвычай будуць рады, калі ўбачаць нас; мы возьмемся іх вывесці, а там…
– Гэта зручна яшчэ і з другога боку: калі што якое, дык будуць думаць, што яны самі загінулі ў балоце, – дадаў чорны. – Можа, паглядзім цяпер, ці ўсё ў парадку?
– Потым паспеем, спачатку скончым гэтую справу, – адказаў малады.
Яны абмінулі грэблю і накіраваліся ў той бок, дзе была стаянка хлопцаў.
Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі.
– Слухай! – дрыжачым шэптам сказаў Віктар. – Скубані мяне за бок: можа, я сплю.
– Абодва разам не могуць бачыць адзін сон, – сказаў Мірон. – Гэта дзікая праўда. Што будзем рабіць? Ці ўцякаць, ці сядзець тут?
Віктар падумаў і сказаў:
– Гэта, мусіць, усё роўна: ці тут хавацца, ці дзе-небудзь. Абы толькі не трапіць ім на вочы.
– Шукаць яны нас не будуць, – заўважыў Мірон.
– Чаму так? – здзівіўся Віктар. – Якраз і будуць шукаць.
– Ты чуў, што яны казалі? – разважліва сказаў Мірон. – Мы ж іх сустрэнем з радасцю. Так яно і павінна было б быць. А калі мы іх не сустрэнем?
– Тады яны будуць нас шукаць.
– Так, ды не гэтак. Будуць крычаць, клікаць нас, нават страляць, каб мы самі прыйшлі да іх. Не могуць жа яны падумаць, што мы наўмысля хаваемся ад іх. Яны ж нашы «збаўцы».
– Але, – усміхнуўся Віктар.
– Калі мы не адгукнемся, то яны падумаюць, што мы загінулі. А шукаць, як уцекачоў, яны не павінны, не маюць падставы.
Гэтае разважанне крыху супакоіла абодвух. Іх задачай было толькі, як кажуць, сядзець і не рыпацца і такім чынам дачакацца, пакуль ворагі пойдуць з вострава.
Праз некаторы час сапраўды пачуўся стрэл.
– Клічуць нас! – засмяяліся хлопцы.
Пачуўся новы стрэл ужо ў другім месцы. Праз некаторы час данесліся крыкі. Крыкі то набліжаліся, то аддаляліся: відаць, бандыты хадзілі па ўсім лесе.
Нарэшце галасы пачалі набліжацца да хлопцаў, пачуўся хруст, і абодва чалавекі зноў выйшлі да грэблі.
– Мусіць, яны ў гэтым баку, – казаў адзін з іх.
– Усё ж такі дзіўна, што яны не адгукаюцца, – прамовіў другі. – Не можа быць, каб нашыя стрэлы і крыкі не былі чутны.
– Пагукаем яшчэ тут. Калі няма, значыцца, няма.
– Ці не маглі яны як-небудзь выйсці?
– Апрача таго месца, прайсці нідзе нельга, нават у самае сухое лета, – чуўся голас чорнага. – Куды б яны ні сунуліся, усюды загінуць.
– А можа, якім-небудзь чынам даведаліся пра наш шлях?
Чорны дзядзька гучна засмяяўся:
– А ты сам упэўнены, што пройдзеш цяпер адзін?
– Не вельмі. У такім разе, можа, нам і не трэба будзе турбавацца?
– Дай Бог.
І яны на вачах у хлопцаў зноў пачалі страляць і гукаць:
– О-о-го-го! Сюды-ы!…
Хоць і не да смеху было нашым хлопцам, але яны не маглі не ўсміхнуцца.
– Вось дабрадзеі знайшліся, каб яны хутчэй самі ўтапіліся! – сказаў Мірон, калі людзі адышлі.
– Гэтага мала, – злосна прамовіў Віктар. – Хоць тры гады буду сачыць, але аддам іх пад расстрэл. Пойдзем дахаты, хай яны там блукаюць.
– Ох! – прастагнаў Мірон. – Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома.
І яны пайшлі да стаянкі. Ззаду чуліся крыкі і стрэлы іхніх «дабрадзеяў». Хоць хлопцы і не баяліся, што ворагі зараз будуць іх шукаць, але ўвесь час адчувалі небяспеку.
– Горш за ўсё, што агню нельга раскладаць, – казаў Мірон. – Калі яны вернуцца ды ўбачаць, што вогнішча нехта падправіў, дык адразу здагадаюцца, што мы тут. А агонь тым часам можа згаснуць.
– Падсунем тоўстыя кавалкі пад попел, можа, не звернуць увагі, – параіў Віктар.
– А што, калі заўважаць? – непакоіўся Мірон. – Ад гэтага можа залежаць наша жыццё.
Падумалі-падумалі і парашылі лепш рызыкнуць агнём, чымся жыццём.
– Можа, небяспечна кратаць і нашу спажыву? – сказаў Віктар. – Таксама могуць заўважыць.
– І гэта праўда, – згадзіўся Мірон. – Вось дурное становішча: глядзець на сваю ўласную ежу, галадаць і не мець права крануць яе.
Усё гэта было б нават смешна, каб не было гэтак небяспечна.
Не сядзелася ім на месцы. Увесь час пазіралі ў той бок, дзе былі «дабрадзеі». Нарэшце Віктар не вытрымаў:
– Не! Не магу! Ідзём схаваемся побач.
Адышліся ў балота, у зараснік, і там заселі. Адтуль была відаць і іх стаянка, і дарога, па якой маглі прыйсці ворагі. Нарэшце паказаліся і яны. Падышлі да будана і селі каля вогнішча.
– Каб канчаткова ўпэўніцца, трэба пачакаць вечара, – сказаў малады, – калі яны яшчэ жывыя, то павінны прыйсці сюды начаваць.
– Але ў такім разе мы сёння не зможам вярнуцца назад, – заўважыў чорны.
– Ну, дык пераначуем тут. Вось і будан ёсць. Нават барсучыная скура ў ім. А вунь і палова зайца, і рыба вісіць. Заяц, відаць, яшчэ свежы. Значыцца, учора яны тут жылі. Калі загінулі, дык толькі сёння.
Бандыты падклалі ў агонь дроў. Чорны выняў з торбы хлеба, сала, солі.
Калі ўбачылі гэта хлопцы, дык у іх аж сліна пацякла.
– А можа, пакаштуем іхняга зайца? – сказаў малады.
– Не варта важдацца.
– Ну, дык я маленькі кавалачак сабе спяку. – Падышоў, узяў зайца і сказаў: – Як ён скрэмзаны. Відаць, у іх нажа не было.
– А вось неяк трымаліся, чортавы дзеці! – буркнуў чорны. – І якім чынам здолелі зайца злавіць?
– Мусіць, іх там навучаюць цяпер розным такім штукам, – казаў малады, адразаючы нажом тонкую лусту мяса. Потым палажыў яе ў попел.
Хвіліну памаўчалі, глядзелі, як скварыцца мяса. Надыходзіў вечар. Навокал было так спакойна і мірна, што цяжка было падумаць пра тую людскую жорсткасць, якая панавала тут у гэты час. Відаць, гэты настрой мімаволі ахапіў і малодшага.
– А можа, плюнуць на ўсю гэтую справу і пайсці дадому, пакуль не позна? – прамовіў ён.
Чорны сурова зірнуў на яго:
– Праз два тыдні нам спатрэбіцца гэта месца. Калі мы страцім яго, нам самім прыйдзецца рызыкаваць жыццём.