Зорка яўна спрыяла Ёну, якi мог такiм чынам спалучаць у сабе без лiхога намеру вартасцi добрай памяцi з выгодамi няпамятлiвасцi.
Але найбольш яркiм агнём перлы Луiзiнай адданасцi зiхацелi ў будзённым жыццi Ёны. Гэты добры анёл пазбаўляў яго ад неабходнасцi самому купляць сабе абутак, вопратку, бялiзну - ад усяго таго, што кожнаму нармальнаму чалавеку пакарочвае днi i без таго нядоўгага жыцця. Яна самаахвярна прымала на сябе цяжар тысячы ўсялякiх хiтрасцяў, якiя ўтварае машына для марнавання часу пачынаючы з незразумелых квiткоў службы сацыяльнага страхавання i канчаючы вечна новымi пастановамi падатковай сiстэмы. "Безумоўна, - казаў Рато, - усё гэта добра. Але ж не можа яна пайсцi замест цябе да дантыста". Яна i не хадзiла, але тэлефанавала i дамаўлялася аб прыёме ў найбольш зручны час; яна займалася запраўкай Ёнавай малалiтражкi, здымала месцы ў гатэлях падчас адпачынку, дамаўлялася наконт вугалю, каб Ёну было чым палiць у сваiм хатнiм камiнку, сама купляла падарункi, якiя ён хацеў паднесцi, выбiрала i пасылала замест яго кветкi, а часам, калi яго не было дома, паспявала забегчы да яго на кватэру i заслаць ложак, каб перад сном Ёну не было пра што клапацiцца.
З такiм жа iмпэтам яна заняла ў гэтым ложку сваё месца, потым уладкавала ўсе фармальнасцi з мэрыяй, завяла туды Ёну (гэта здарылася за два гады да таго, як быў прызнаны яго талент) i наладзiла вясельнае падарожжа такiм чынам, каб можна было наведаць усе вартыя таго музеi. Мiж iншым яна загадзя паклапацiлася знайсцi - у самы разгар жыллёвага крызiсу - трохпакаёвую кватэру, у якой па прыездзе яны i асталявалiся. Потым, амаль адно за адным, яна нарадзiла двое дзяцей, хлопчыка i дзяўчынку, што было згодна з яе планам, якi прадугледжваў i трэцяе i быў неўзабаве выкананы - пасля таго, як Ёна пакiнуў выдавецтва, каб цалкам прысвяцiць сябе жывапiсу.
Зрэшты, абрадзiўшыся, Луiза ўвесь свой клопат аддавала ўжо толькi свайму, а пасля - сваiм дзецям. Яна часам яшчэ старалася дапамагаць i мужу, але часу ёй бракавала ўсё больш. I хоць яна шкадавала, што не можа дагледзець Ёну, як раней, рашучы характар не дазваляў ёй занадта зважаць на гэту прыкрую акалiчнасць. "Тым горай, - казала яна, - кожнаму свой варштат". Гэты выраз зачароўваў Ёну, бо, як i ўсе сучасныя яму мастакi, ён таксама хацеў лiчыцца за рамеснiка. Дык вось, рамеснiк аказаўся крыху занядбаны i вымушаны быў сам купляць сабе чаравiкi. Рэч гэта звычайная, але i ў ёй Ёна iмкнуўся бачыць толькi прыемны бок. Вядома, каб хадзiць па крамах, яму трэба было рабiць пэўнае намаганне, але аддзякай гэтаму была адна з тых гадзiн адзiноты, якая дазваляе па-сапраўднаму ацанiць сямейнае шчасце.
Аднак найбольш вострай з усiх праблем маладой пары была праблема жыццёвай прасторы, бо прастора, як i час, звужалiся вакол iх з аднолькавай хуткасцю. Нараджэнне дзяцей, новы занятак Ёны, цеснае памяшканне i сцiплы заробак, якi не дазваляў наняць большай кватэры, пакiдалi вельмi абмежаваную плошчу пад дзейнасць Луiзы i Ёны. Iх кватэра была на другiм паверсе колiшняга асабняка ХVIII стагоддзя, у старым квартале сталiцы. У гэтым раёне жыло шмат мастакоў, верных таму прынцыпу, што ў мастацтве пошук новага павiнен праходзiць у межах старажытных традыцый. Ёну, якi падзяляў гэтае перакананне, жыць у такiм квартале вельмi падабалася.
Да старажытнасцi ва ўсякiм выпадку яго кватэра мела сама непасрэднае дачыненне. Праўда, некаторыя занадта сучасныя перабудовы надалi ёй даволi арыгiнальны выгляд, якi заключаўся ў тым, што кватэра давала сваiм гаспадарам вялiкi аб'ём паветра, займаючы адначасова маленькую плошчу. Пакоi з надзвычай высокiмi столямi i раскошнымi рамамi вокнаў, несумненна, некалi прызначалiся, мяркуючы па iх велiчных памерах, пад урачыстыя прыёмы i святочныя балi.
Але гарадская цесната i прыбытковасць нерухомай маёмасцi прымусiлi новых домаўладальнiкаў падзялiць гэтыя занадта шырокiя пакоi перагародкамi i такiм чынам павялiчыць колькасць стайняў, якiя яны за вельмi кругленькую цану аддавалi ў наймы статку сваiх кватэранаймальнiкаў. I тут яны не забывалiся падкрэслiць тое, што па-iхняму называлася "значная кубатура паветра". Гэтую перавагу адмаўляць было нельга. Проста яе трэба было тлумачыць тым, што домаўладальнiкi сутыкнулiся з немагчымасцю перагарадзiць пакоi яшчэ i ўвышыню. Каб такое было магчыма, яны б без ваганняў пайшлi на ўсе неабходныя ахвяры, каб даць некалькi дадатковых прытулкаў вельмi ахвочаму на шлюб i плоднаму ў той час маладому пакаленню. Кубатура паветра давала, зрэшты, не толькi перавагi. Яна мела ў сабе i тую загану, што ўзiмку нагрэць пакоi было цяжка, а гэта, на няшчасце, вымагала ад уладальнiкаў павелiчэння платы за апал. Улетку ж, праз вялiзныя памеры вокнаў, кватэра лiтаральна нясiлела ад спякотнага сонца: жалюзi не было. Уладальнiкi не парупiлiся iх усталяваць, збянтэжаныя, вiдаць, вышынёй вокнаў i коштам сталярных работ. Зрэшты, тую ж ролю маглi выконваць i тоўстыя шторы, кошт якiх нiякiм чынам не ўплываў на прыбытковасць, бо набываць i падвешваць iх мусiлi самi кватаранты. Трэба, аднак, зазначыць, што домаўладальнiкi не адмаўлялiся дапамагаць iм у гэтым i прадавалi па нечуваных цэнах шторы з уласных крам. Чалавекалюбства, якое яны выяўлялi праз такое сваё стаўленне да нерухомай маёмасцi, было iх сапраўднаю слабай стрункай. У будзённым жыццi гэтыя сучасныя князькi гандлявалi паркалём i аксамiтам.
Ёна быў зачараваны ўсiмi выгодамi кватэры i без нараканняў пагаджаўся з яе заганамi. "Хай будзе па-вашаму", - адказаў ён домаўладальнiку, калi той абвясцiў, якой будзе плата за апал. Што ж да штораў, дык тут Ёна цалкам падтрымлiваў Луiзу, на думку якой вокны даволi было завесiць толькi ў спальнi, а ў астатнiх пакоях можна пакiнуць i голыя. "Нам няма чаго хаваць", - казала гэта бязвiнная душа. Асаблiва вабiў Ёну сама вялiкi пакой, столь у якiм была такая высокая, што не магло быць i гаворкi, каб прыстасаваць да яго нейкую годную сiстэму асвятлення. Дзверы з лесвiцы вялi непасрэдна ў гэты пакой, а ўжо з яго па вузенькiм калiдорчыку можна было трапiць у астатнiя два, значна меншыя i сумежныя. У глыбiнi кватэры побач з кухняй месцiлiся прыбiральня i невялiчкая каморка, якая насiла гучнае iмя душавой. Яна i сапраўды магла б замянiць сабой душавую, каб толькi паставiць у ёй душ, усталяваць яго вертыкальна i згадзiцца прымаць дабратворны струмень без нiводнага руху.
Надзвычай высокiя столi i цесныя пакоi надавалi гэтай кватэры выгляд дзiўнага набору амаль цалкам шкляных паралелепiпедаў, якiя з усiх бакоў складалiся толькi з вокнаў i дзвярэй, так што мэблi не было куды прыткнуцца, а людзi, якiя траплялi туды, адразу гублялiся ў пранiзлiвым яркiм святле i, нiбыта ў доследным растворы, плавалi ў гэтым пастаўленым на бок акварыуме. Апроч таго, усе вокны выходзiлi на двор, цi, дакладней, упiралiся на невялiкай адлегласцi ў вокны абсалютна такога ж суседняга будынка, за якiмi амаль адразу бачыўся яшчэ адзiн двор. "Гэта наш люстраны кабiнет", - узрадавана казаў Ёна. Паводле парады Рато спальню было вырашана размясцiць у адным з маленькiх пакояў, а другi павiнен быў прызначацца дзецям, якiя неўзабаве ўжо мелiся нарадзiцца. Вялiкая зала ўдзень служыла Ёну майстэрняй, а ўвечары i калi сям'я ела - ператваралася ў агульны пакой. Зрэшты, есцi можна было i ў кухнi, адно каб нехта - Луiза цi Ёна - згадзiўся рабiць гэта стоячы. Каб дапамагчы сябрам, Рато панавыдумляў мноства розных мудрагелiстых прыстасаванняў.