Буранны паыстанак (на белорусском языке) - Айтматов Чингиз Торекулович 16 стр.


Гадоў было яму не так багата, дазналiся, трыццаць шосты пайшоў тады, перад самым канцом вайны. Паходзiў ён з прыаральскiх казахаў. Ягоны аул Бешагач аддзялялi ад Жангельдзi трыццаць кiламетраў па ўзбярэжжы. I хоць даўно ўжо Казангап паехаў адтуль, ён нi разу не наведаў свой Бешагач. Былi на тое прычыны. Бацьку ягонага, выяўляецца, выслалi, раскулачыўшы, i неўзабаве ён памёр недзе па дарозе, вяртаючыся са ссылкi, калi высветлiлася, што нiякi ён не кулак, што трапiў ён пад перагiб i што памылкова, дарэмна так жорстка абышлiся з такiмi сераднякамi-гаспадарамi, як ён. Далi адбой, але позна было ўжо. Сям'я - браты, сёстры - раскiдалiся тым часам хто куды, толькi б ад сваiх мясцiн далей. I з той пары пра iх не чуваць нiчога. Казангапа, тады маладога хлопца, асаблiва порсткiя актывiсты ўсё падбухторвалi выступiць на сходзе з асуджэннем бацькi, каб ён сказаў на людзях, што горача падтрымлiвае лiнiю, што бацька ягоны быў правiльна асуджаны як варожы элемент, што ён адракаецца ад такога бацькi, што такiм, як ягоны бацька, класавым ворагам няма месца на зямлi i паўсюль iх павiнна чакаць немiнучая пагiбель.

Давялося Казангапу падацца ў няблiзкi свет, каб уратавацца той ганьбы. Цэлых шэсць год працаваў ён у Бетпак-Дале - у Галодным стэпе пад Самаркандам. Зямлю тую, адвеку не чапаную, пачыналi тады асвойваць пад бавоўну. Людзi былi патрэбныя да зарэзу. Жылi ў бараках, капалi канавы. Грабаром быў, трактарыстам быў, брыгадзiрам быў, грамату ганаровую атрымаў Казангап за ўдарную працу. Там i ажанiўся. У Галодны стэп ехалi тады людзi на заробкi з усiх бакоў. З-пад Хiвы прыехала каракалпачка Букей разам з сям'ёй брата на бетпак-далiнскiя работы. А выйшла так, што суджана было iм сустрэцца. Ажанiлiся ў Бетпак-Дале i рашылi вярнуцца на радзiму Казангапа, на Аральскае мора, да сваiх людзей, на сваю зямлю. Але толькi не прадумалi ўсё да канца. Ехалi доўга, з перасадкамi, а калi яшчэ адну перасадку пачалi рабiць, на Кумбеле, сустрэў Казангап выпадкова сваiх аральскiх землякоў i зразумеў з размоў, што не варта яму вяртацца ў Бешагач. Справамi i цяперашнiмi там займалiся ўсё тыя ж перагiбшчыкi. А калi так, не стаў Казангап вяртацца ў свае мясцiны. Не таму, што нечага баяўся, цяпер у яго была грамата самога Ўзбекiстана. Не хацелася бачыць людзей, што гатовыя былi зганьбiць яго. Як пасля ўсяго спакойна вiтацца, рабiць выгляд, што нiчога не адбылося!

Казангап не любiў пра гэта ўспамiнаць i не разумеў, што, акрамя яго, пра тое даўно ўжо забылiся. За доўгiя-доўгiя гады, што мiнулi пасля прыезду ў саразекi, толькi разы са два даў ён адчуць, што для яго няма забытага. Аднойчы сын зрабiў яму прыкра, другiм разам сам Едыгей няўклюдна пажартаваў.

Падчас аднаго з прыездаў Сабiтжана сядзелi яны ўсе за чаем, гаворкi вялi, навiны гарадскiя абгаворвалi. Расказваў, мiж iншым, Сабiтжан, пасмейваючыся, што тыя казахi ды кiргiзы, якiя ў гады калектывiзацыi аселi ў Сiньцзяне, цяпер зноў вяртаюцца. Там iх Кiтай так прыцiснуў у камунах - есцi забаранiлi людзям дома, толькi з агульнага катла тры разы на дзень - вялiкiя i малыя ў чарзе з мiсамi. Кiтайцы iм такое паказалi, што бягуць яны адтуль, як пяты апёкшы, пакiдаўшы ўсю маёмасць. У ножкi кланяюцца, укленчваюць - толькi пусцiце назад.

- Што тут добрага? - пазмрачнеў Казангап, i вусны ягоныя затрымцелi ад гневу. З iм такое здаралася не часта, калi не сказаць, - бадай, нiколi, бо з сынам гэтак не гаварыў ён, наўпроцi, заўсёды ледзь не хукаў на яго, вучыў, нi ў чым не адмаўляў, верачы, што той выйдзе ў не абы-якiя людзi. - Навошта ты смяешся з гэтага? - дадаў ён глуха, усё больш чырванеючы. - Гэта ж бяда людская.

- А як жа мне гаварыць? Во дзiва! - запярэчыў Сабiтжан. - Як ёсць, так i гавару.

Бацька нiчога не адказаў, адставiў ад сябе пiялу з чаем. Ягонае маўчанне рабiлася невыносным.

- I наогул, на каго крыўдаваць? - здзiўлена пацiскаючы плячыма, загаварыў Сабiтжан.

- Не разумею. Яшчэ раз кажу - на каго крыўдаваць? На сам час - яго не спынiць. На ўладу - не маеш права.

- Ведаеш, Сабiтжан, мая справа, яна пад сiлу мне. У iншыя справы я не лезу. Але запомнi, сын, я думаў, што ты сваiм розумам ужо дайшоў, дык вось запомнi. Толькi на бога не можа быць крыўды - калi смерць пашле, значыцца, жыццю канец надышоў, на тое i нарадзiўся, - а за ўсё астатняе на зямлi можна спытаць! - Казангап падняўся з месца i, не гледзячы нi на каго, раззлаваны, выйшаў з дому, пайшоў некуды...

А другiм разам, шмат год пасля таго, калi абжылiся, атайбавалiся ў Баранлы-Буранным, калi нарадзiлiся i выраслi дзецi, заганяючы пад вечар жывёлу ў загон, а было тое вясной, Едыгей пажартаваў, гледзячы на ладнаваты ўжо авечы статак:

- Разбагацелi мы з табой, Казаке, хоць ты бяры ды раскулачвай нас нанова!

Казангап зiрнуў на яго порстка, аж вусны натапырылiся.

- Ты гавары, ды не загаворвайся!

- Ды ты што, жартаў не разумееш, цi як?

- З гэтым не жартуюць.

- Ды кiнь ты, Казаке. Сто год мiнулася...

- У тым i справа. Дабро адбяруць у цябе - не прападзеш, выжывеш. А як душу растопчуць, гэта не паправiць ужо...

Але ў той дзень, калi яны iшлi саразекамi з Кумбеля ў Баранлы-Буранны, да тых размоў было яшчэ далёка. I яшчэ нiхто не ведаў, як i чым скончыцца ўсё на новым месцы, цi доўга здолеюць там пратрымацца, прыжывуцца цi пойдуць далей па свеце. Проста гаворка iшла пра жытку, i Едыгей пацiкавiўся, як здарылася, што Казангап на фронт не трапiў, мо хвароба якая знайшлася?

- Не, дзякуй богу, здаровы я, - адказаў Казангап, - нiякай хваробы ў мяне не было, i ваяваў бы, думаю, не горш за iншых. Тут па-другому сталася...

Пасля таго як не адважыўся Казангап вяртацца ў Бешагач, засталiся яны на станцыi Кумбель, а то ж дзе яшчэ. Зноў у Галодны стэп - далёка надта, ды i навошта тады было вяртацца адтуль? На Арал - таксама перадумалi. А начальнiк станцыi, добры чалавек, заўважыў iх, гаротных, i распытаўшы, адкуль яны i чым думаюць займацца, пасадзiў Казангапа i Букей на таварняк да раз'езда Баранлы-Буранны. Там, сказаў, патрэбны людзi, вас там чакаюць. Запiску напiсаў начальнiку раз'езда. I не памылiўся. Як нi гнятлiва, цяжка было нават у параўнаннi з Галодным стэпам - там людзей была процьма, праца кiпела, - як нi страшна было ў бязводных саразеках, але памалу звыклiся, прыцярпелiся i зажылi. Што нi кажы, а самi сабе гаспадары. Абое лiчылiся пуцявымi рабочымi на перагонах, хоць i рабiлi ўсё, што мелася там рабiць. Вось так i пачалося iх сумеснае жыццё, Казангапа i ягонай маладой жонкi Букей, на тым бязлюдным раз'ездзе. Праўда, парывалiся разы са два, ашчадзiўшы грошай, перабрацца куды-небудзь у iншае месца, блiжэй да станцыi цi горада, але пакуль яны збiралiся, тут i вайна пачалася.

I пайшлi эшалоны праз Баранлы-Буранны на захад з салдатамi, на ўсход з эвакуацыйнымi, на захад са збожжам, на ўсход з параненымi. Нават на такiм глухiм паўстанку можна было адчуць, як увачавiдкi i пачыналася ўсё ў вялiкiм свеце...

Раз-пораз раўлi паравозы, патрабуючы адкрыцця семафораў, а насустрач iм зноў жа гудкi... Шпалы не вытрымлiвалi нагрузкi, угiналiся, раней часу адраблялi сваё рэйкi, трацячы форму ад нагрузак. Ледзь паспявалi замянiць палатно ў адным месцы, тэрмiнова патрабаваўся рамонт у другiм.

I нi канца, нi краю - i адкуль толькi бралiся людзi, эшалон за эшалонам iмчалi на фронт удзень i ўночы, тыднямi, месяцамi, а потым i гадамi. I ўсё на захад - туды, дзе свет iшоў на свет, i было тое не на жыццё, а на смерць...

Праз нейкi час дайшла чарга i да Казангапа. З Кумбеля перадалi позву з'явiцца на зборны пункт. Начальнiк раз'езда схапiўся за галаву, застагнаў забiралi лепшага пуцейшчыка, iх i так было на раз'ездзе паўтара чалавекi. Але што ён мог, хто б яго слухаць стаў... Засмяюць, калi сказаць, што тэрмiнова патрэбна яшчэ адна запасная лiнiя. Каму цяпер у галаве - вораг пад Масквой...

Назад Дальше