Цi гатовы мы да гэтай сустрэчы? I якiя могуць быць вынiкi як знешняга, так i ўнутранага характару? Цi не падумаюць людзi, што яны многае страцiлi ў сваiм iнтэлектуальным развiццi з-за вечных звад на Зямлi?
Цяпер у навуковых кругах Леснагрудзii вядзецца агульнапланетная дыскусiя цi нарошчваць намаганнi ў спробах разгадаць таямнiцу ўнутранага высыхання i шукаць спосабы прыпынення гэтай патэнцыяльнай катастрофы цi трэба загадзя знайсцi ў Сусвеце новую планету, якая адпавядала б iх жыццёвым патрэбам, i пачаць з часам масавае перасяленне на новае месцажыхарства з мэтай перанясення i адраджэння леснагрудскай цывiлiзацыi. Пакуль яшчэ не ясна, куды, да якой новай планеты накiраваны iх пагляды. Ва ўсякiм разе, на цяперашняй iх планеце iм можна яшчэ жыць i жыць мiльёны i мiльёны гадоў, але здаецца нават дзiўным, што яны ўжо цяпер думаюць пра такую аддаленую будучыню i ахоплены такiм iмпэтам дзейнасцi, нiбы гэтая праблема непасрэдна датычыцца цяперашняга народанасельнiцтва. Няўжо нi ў адной галаве не мiльгнула подленькая думка: "А пасля нас хоць трава не расцi"?! Нам стала сорамна, што мы самi падумалi нешта падобнае, калi даведалiся, што значная частка агульнапланетнага валавага прадукту iдзе на праграму прадухiлення ўнутранага высыхання нетраў. Яны спрабуюць устанавiць бар'ер на працягу многiх тысяч кiламетраў - па ўсёй гранiцы незаўважна паўзучай пустынi - шляхам бурэння звышглыбокiх скважын, куды заганяюць такiя нейтралiзуючыя, доўгачасовага дзеяння рэчывы, якiя, як мяркуюць яны, будуць аказваць патрэбнае ўздзеянне на ўнутрыядзерныя рэакцыi планеты.
Вядома, у iх ёсць i павiнны быць праблемы грамадскага быцця, тое, чым адвечна мучыцца розум, - праблемы маральныя i iнтэлектуальныя. Вiдавочна, не так проста працякае сумеснае жыццё больш дзесяцi мiльярдаў жыхароў, якога б дабрабыту яны нi дасягнулi. Але самае дзiўнае пры гэтым - яны не ведаюць дзяржавы як такой, не ведаюць зброi, не ведаюць, што такое вайна. Нам цяжка сказаць - магчыма, у гiстарычным мiнулым былi ў iх i войны, i дзяржавы, i грошы, i ўсе адпаведныя таму катэгорыi грамадскiх адносiн, але на даным этапе яны нават не ўяўляюць аб такiх iнстытутах насiлля, як дзяржава, i такiх формах барацьбы, як - вайна. Калi давядзецца растлумачваць сэнс, сутнасць нашых бясконцых на зямлi войн, цi не здасца гэта iм бязглуздым цi, больш таго, бяссэнсавым i варварскiм вырашэннем пытанняў?
Усё iх жыццё арганiзавана на зусiм iншых пачатках, не зусiм зразумелых i не зусiм даступных нам па прычыне нашага зямнога стэрэатыпу мыслення.
Яны дасягнулi такога ўзроўню калектыўнай планетарнай свядомасцi, якая катэгарычна выключае вайну ў якасцi спосаба барацьбы, што застаецца толькi думаць, што, зусiм магчыма, гэта форма цывiлiзацыi ёсць найбольш перадавая ў межах усёй мыслiмай прасторы ў сусветным асяроддзi. Магчыма, яны дасягнулi той ступенi навуковага развiцця, калi гуманiзацыя часу i бязмежжа становiцца галоўным сэнсам жыццядзейнасцi разумных iстот i тым самым працягам эвалюцыi свету ў яе новай, вышэйшай, бясконцай фазе.
Мы не збiраемся супастаўляць тое, што нельга супаставiць. З цягам часу i на нашай зямлi людзi прыйдуць да такога вялiкага прагрэсу, i нам ёсць чым ганарыцца ўжо i цяпер, i ўсё-такi нас не пакiдае прыгнятаць думка: а што, калi чалавецтва на Зямлi празябае ў трагiчнай памылковасцi, упэўнiўшы сябе, што нiбы гiсторыя - гэта ёсць гiсторыя войн? А што, калi гэты шлях развiцця быў з самага пачатку памылковым, тупiковым? У такiм выпадку куды мы iдзем i да чаго гэта нас прывядзе? I калi гэта так, то цi паспее чалавецтва знайсцi ў сабе мужнасць прызнацца ў гэтым i пазбегнуць татальнага катаклiзму? Аказаўшыся воляю лёсу першымi сведкамi пазазямнога грамадскага жыцця, нас агарнулi складаныя пачуццi - страх за будучыню зямлян i...
спадзяванне, паколькi ёсць у свеце прыклад вялiкай чалавечай супольнасцi, паступальны рух якой мiнае тыя формы супярэчнасцей, якiя вырашаюцца войнамi...
Леснагрудцы ведаюць аб iснаваннi Зямлi ў звышдалёкiх для iх межах свету. Яны вельмi жадаюць уступiць у кантакт з зямлянамi не толькi з натуральнай дапытлiвасцi, але, як яны думаюць, перш за ўсё дзеля перамогi самога феномена розуму, дзеля абмену вопытам цывiлiзацый, дзеля новай эры ў развiццi думкi i духу сусветных носьбiтаў iнтэлекту.
Ва ўсiм гэтым яны прадбачаць нешта большае, чым можна было б падумаць. Iх цiкавасць да зямлян прадыктавана яшчэ i тым, што ў аб'яднаннi агульных намаганняў гэтых двух галiн сусветнага розуму яны бачаць асноўны шлях забеспячэння бясконцай працягласцi жыцця ў прыродзе, маючы на ўвазе тое, што ўсякая энергiя абавязкова дэградыруе i любая планета з часам асуджана на пагiбель... Яны заклапочаны праблемай "канца свету" на мiльярды гадоў наперад i ўжо цяпер распрацоўваюць касмалагiчныя праекты арганiзацыi новай базы зносiн для ўсяго жывога ў Сусвеце.
Маючы лятальныя апараты са светлавой хуткасцю, яны маглi б ужо цяпер наведаць нашу Зямлю. Але яны не жадаюць рабiць гэта без згоды i запрашэння самiх зямлян. Яны не жадаюць урывацца нежаданымi гасцямi. Пры гэтым яны далi зразумець, што даўно шукалi магчымасць для знаёмства. З таго часу, як нашы касмiчныя станцыi ператварылiся ў доўгачасовыя аб'екты на арбiтах, iм стала ясна, што прыблiжаецца час сустрэчы i што iм трэба праявiць iнiцыятыву. Яны старанна рыхтавалiся, чакалi зручнага выпадку. Ён выпаў на нашу долю, паколькi мы аказалiся ў прамежным асяроддзi - на арбiтальнай станцыi...
Наша знаходжанне на iх планеце стала, зразумела, сенсацыяй. У сувязi з гэтым была ўключана ў эфiр сiстэма глабальнага тэлекантакту, якая прымяняецца толькi на вялiкiя святы. У паветры, якое свяцiлася вакол нас, мы як наяве бачылi побач з сабой твары i прадметы, што знаходзiлiся за тысячы кiламетраў, i адначасова мы маглi ўзаемакантактаваць - глядзець адзiн аднаму ў твар, усмiхацца, пацiскаць рукi, размаўляць, радасна, бурна ўсклiкаючы i смеючыся, нiбы гэта адбывалася ў непасрэдным кантакце. Якiя яны прыгожыя, леснагрудцы, i якiя ўсе розныя, нават колер блакiтных валасоў мяняецца ад цёмна-сiняга да ўльтрамарынавага, а старыя сiвеюць, аказваецца, таксама, як i нашы. I тыпы антрапалагiчныя таксама розныя, таму што яны з розных этнiчных груп.
Пра ўсё гэта i пра многае iншае не менш дзiўнае мы раскажам пасля вяртання на "Парытэт" цi на Зямлю. А цяпер аб самым галоўным. Леснагрудцы просяць нас перадаць праз сiстэму сувязi "Парытэта" iх жаданне наведаць нашу планету, тады, калi гэта будзе зручна зямлянам. А да гэтага яны прапаноўваюць узгаднiць праграму заснавання прамежнай межгалактычнай станцыi, якая спачатку была б месцам першых папярэднiх сустрэч, а ў далейшым стала б пастаяннай базай на шляху ўзаемных наведванняў. Мы абяцалi давесцi да ведама сваiх сапланецян гэтыя прапановы. Але нас больш хвалюе ў гэтай сувязi iншае.
Цi гатовы мы, зямляне, да такiх мiжгалактычных сустрэч, цi даволi мы сталыя для гэтага як мыслячыя iстоты? Цi зможам мы пры нашай разрозненасцi i iснуючых супярэчнасцях выступiць у адзiнстве нашым, упаўнаважваючы самiх сябе ад iмя ўсяго чалавечага роду, ад iмя ўсёй Зямлi? Мы молiм вас - каб пазбегнуць новай успышкi сапернiцтва, барацьбы за ўяўны прыярытэт - перадаць рашэнне гэтага пытання толькi ў ААН. Мы просiм пры гэтым не злоўжываць правам вета, а, магчыма, на гэты раз, як выключэнне, анулiраваць такое права. Нам горасна i цяжка думаць аб такiх рэчах, знаходзячыся ў замежнай Галактыцы, але мы зямляне i мы ведаем сваю калыску - планету Зямля.
Нарэшце пра сябе, яшчэ раз пра наш учынак. Мы ўсведамляем, якое недаўменне i якiя ўслед за гэтым экстраныя захады выклiкала наша знiкненне з арбiтальнай станцыi. Мы вельмi шкадуем, што прынеслi столькi трывогi.