Буранны паыстанак (на белорусском языке) - Айтматов Чингиз Торекулович 27 стр.


Засталася меншая частка дарогi, а Вялiкiя саразекi адкрывалi вачам усё новыя i новыя пустынныя землi за кожным пагоркам, што рассцiлалiся ўсякi раз да лiнii гарызонту. Вялiкiм было стэпавае раздолле. Некалi ў гэтых месцах знаходзiлiся нядобрай памяцi жуаньжуаны, прышэльцы, якiя захапiлi на доўгi час амаль усю саразекскую акругу. Жылi ў гэтых месцах i iншыя качавыя народы, i памiж iмi адбывалiся пастаянныя войны за выпасы i калодзежы. То адны бралi верх, то другiя. Але i пераможцы i пераможаныя ўсё роўна заставалiся тут, адны звузiўшы, другiя расшырыўшы свае ўладаннi. Елiзараў казаў, што саразекi як жыццёвая прастора былi вартыя гэтай барацьбы. Тады тут i вясной i восенню выпадала больш дажджоў. Травы хапала вялiкiм чародам буйной i дробнай жывёлы. Тады тут праязджалi купцы i iшоў торг. Але пасля клiмат нiбыта рэзка перамянiўся - перасталi выпадаць дажджы, перасохлi калодзежы, прапаў падножны корм. I разышлiся народы i плямёны, якiя прыйшлi ў саразекi, хто куды, а жуаньжуаны зусiм згiнулi. Накiравалiся да Эдзiлi - так называлася тады Волга - i прапалi ў прыэдзiльскай прасторы. Нiхто не ведаў, адкуль яны прыйшлi, i нiхто не дазнаўся, куды яны падзелiся. Былi чуткi, што насцiгла iх пракляцце - калi пераходзiлi яны гуртам Эдзiль зiмой, лёд на рацэ раптам рассунуўся, i ўсе яны, разам з пастухамi i статкамi, пайшлi пад лёд...

Карэнныя саразекцы - казахскiя наманы i ў гэты час не пакiнулi свой край, трымалiся тых месц, дзе ўдавалася здабыць ваду ў нанава выкапаных калодзежах. Але ў пасляваенныя гады пачаўся для саразекаў iншы час. З'явiлiся аўтамашыны-вадавозы. Адзiн вадавоз, калi вадзiцель добра ведаў мясцовасць, мог падвезцi ваду на тры-чатыры адгонныя стойбiшчы. Калгасы i саўгасы блiжнiх абласцей меркавалi ўжо размясцiць у саразеках пастаянныя базы для адгоннай жывёлагадоўлi.

Неяк неўпрыкмет узнiк у ваколiцах Ана-Бейiта горад без назвы - Паштовая скрынка. Так i казалi - паехаў у Паштовую скрынку, быў у Паштовай скрынцы, купiў у Паштовай скрынцы, бачыў у Паштовай скрынцы... Паштовая скрынка разрасталася, будавалася, закрывалася ад пабочных асоб. Асфальтаваная дарога звязвала яго з аднаго боку з касмадромам, з другога - з чыгуначнай станцыяй. З таго i пачалося новае, iндустрыяльнае засяленне саразекаў. Ад усяго мiнулага толькi i засталося ў гэтым баку, што могiльнiк Ана-Бейiт, на двух пагорках-блiзнятах, што датыкаюцца адзiн да аднаго, як вярблюджыя гарбы, Эгiз-Цюбе, самае шаноўнае месца пахавання ва ўсёй саразекскай акрузе. У даўнiя часы хаваць сюды прывозiлi так здалёку, што начаваць даводзiлася ў стэпе. Але затое нашчадкi пахаваных на Ана-Бейiце маглi ганарыцца, што аказалi продкам такую пашану. Тут хавалi самых паважаных i вядомых у народзе людзей, якiя доўга жылi, многа ведалi, заслужылi добрую славу словам i справай. Елiзараў, той усё ведаў, ён называў гэтае месца саразекскiм пантэонам.

Сюды i наблiжалася ў гэты дзень дзiўная, у суправаджэннi сабакi, вярблюда - трактарная працэсiя з чыгуначнага раз'езда Баранлы-Буранны.

У могiльнiка Ана-Бейiт была свая гiсторыя. Паданне пачыналася з таго, што жуаньжуаны, якiя захапiлi саразекi ў мiнулыя вякi, вельмi жорстка абыходзiлiся з палоннымi воiнамi. Пры выпадку яны прадавалi iх у рабства ў суседнiя краiны, i гэта лiчылася за шчасце для палоннага, бо праданы раб мог рана цi позна ўцячы на радзiму. Жудасны лёс чакаў тых, каго жуаньжуаны пакiдалi ў сваiм рабстве. Яны знiшчалi памяць раба страшэнным катаваннем - надзяваннем на галаву ахвяры шыры. Звычайна так рабiлi з маладымi хлопцамi, якiх паланiлi ў баях. Спачатку iм нагола брылi галовы, саскрабаючы да кораня кожную валасiну. У гэты час, калi заканчвалi брыць галовы, вопытныя забойшчыкi-жуаньжуаны свежавалi паблiзу мацёрага вярблюда, перш за ўсё аддзяляючы ад шкуры самую цяжкую, цвёрдую яе выйную частку.

Падзялiўшы яе на кускi, тут жа, цёплую, нацягвалi на брытыя галовы палонных - шкура iмгненна прылiпала да галавы як пластыр - накшталт сучасных шапачак для плавання. Гэта i значыла надзець шыры. Той, каму iх надзявалi, або памiраў, не вытрымаўшы катавання, або страчваў на ўсё жыццё памяць, ператвараючыся ў манкурта - раба, якi не памятаў свайго мiнулага. Выйнай часткi шкуры аднаго вярблюда хапала на пяць-шэсць шыры. Пасля надзявання шыры кожнаму асуджанаму надзявалi на шыю драўляную калодку, каб ён не мог дастаць галавой да зямлi. Пасля, звязаўшы iм рукi i ногi, адводзiлi далей ад людзей, каб не даносiўся iх енк, пакiдалi там на сонцы, у полi, без яды i вады. Катавалi iх так некалькi дзён, выставiўшы толькi варту на падыходах, каб родзiчы не вызвалiлi iх, пакуль яны жывыя. Але такiя спробы былi вельмi рэдкiмi, бо ў адкрытым стэпе нельга было падысцi непрыкметна. А калi потым даходзiла чутка, што нехта ператвораны ў манкурта, то нават самыя блiзкiя людзi не хацелi ратаваць цi выкупляць яго, бо гэта значыла вярнуць сабе толькi нешта падобнае на ранейшага чалавека. I толькi адна мацi найманская, якая засталася ў паданнях пад iмем Найман-Ана, не змiрылася з такой доляй сына. Аб гэтым расказвае саразекская легенда. I назва могiлак паходзiць адсюль, Ана-Бейiт - Мацярынскi спачын.

Кiнутыя на саразекскiм сонцы, палонныя часцей не вытрымлiвалi катавання. Жывымi заставалiся адзiн-двое з пяцi-шасцi. Гiнулi яны не ад голаду i нават не ад смагi, а ад невыносных, нечалавечых пакут. Сырая вярблюджая скура, ссыхаючыся на сонцы, паступова, але ўсё мацней i мацней сцiскала брытую галаву раба, жалезным чапцом прылiпаючы да няшчаснага. Ужо на другiя суткi пачыналi адрастаць збрытыя валасы пакутнiкаў. Шорсткiя i прамыя азiяцкiя валасы iншы раз урасталi ў шкуру вярблюда, але часцей, не маючы месца, загiналiся i канцамi сваiмi ўпiвалiся ў галаву, прыносячы яшчэ большую пакуту. Ад болю муцiўся розум, надыходзiла здранцвенне.

Толькi на пятыя суткi жуаньжуаны прыходзiлi наведаць, цi выжыў хто з палонных. Калi заставаўся жывым хоць адзiн чалавек, то лiчылася, што мэта дасягнута. Яго паiлi вадой, развязвалi, здымалi калоду, i з часам вярталася да яго сiла. Гэта i быў раб-манкурт, каштоўны тым, што не меў памяцi, таму варты ён быў дзесяцi звычайных нявольнiкаў. Iснавала нават правiла - калi ў час мiжусобных сутычак забiвалi раба-манкурта, то выкуп за яго быў у тры разы большы, чым каштавала жыццё вольнага супляменнiка.

Манкурт не ведаў, хто ён, якога роду-племенi, не ведаў свайго iмя, не памятаў дзяцiнства, бацькi i мацi - адным словам, манкурт не ўсведамляў сябе чалавекам. Не маючы ўласнага "я", манкурт меў многа пераваг як паслухмяная i зусiм бяспечная iстота. У яго не ўзнiкала думка, каб збегчы цi ўзбунтавацца, а для ўсякага рабаўладальнiка самае страшнае - бунт раба. Раб жа заўсёды патэнцыяльны мяцежнiк. Манкурт быў адзiным выключэннем - ён не ведаў непаслушэнства. Яму былi невядомыя такiя страсцi. I таму не трэба было сцерагчы яго, трымаць ахову i папярэджваць яго тайныя намеры. Манкурт, нiбы сабака, прызнаваў толькi сваiх гаспадароў. З iншымi ён не размаўляў. Адзiнае, што ён жадаў, - каб не хацелася есцi. Усё, што яму даручалi, ён рабiў старанна i дакладна так, як яму казалi. Манкуртаў застаўлялi звычайна рабiць самую цяжкую, брудную работу цi такую, якая патрабуе тупога цярпення. Толькi манкурт мог вытрымаць глухое бязлюддзе саразекаў, пасучы ўсё жыццё адзiн чараду вярблюдаў. Ён адзiн замяняў многiх. Трэба было ўсяго толькi дастаўляць яму ежу - i тады ён бясконца служыў i зiмой i летам, не жалячыся на адзiноту i нягоды. Вышэй за ўсё для яго быў загад гаспадара. Для сябе ж, акрамя ежы i якой апраткi, каб не замерзнуць у стэпе, ён нiчога не патрабаваў.

Назад Дальше