Буранны паыстанак (на белорусском языке) - Айтматов Чингиз Торекулович 43 стр.


Едыгей i Абуталiп паспелi на развiтанне моцна абняцца, скалануўшыся ў нейкi момант сэрцам, усёй iстотаю сваёй, прыцiскаючыся адзiн да аднаго мокрымi няголенымi шчакамi.

- Расказвай iм пра мора! - шапнуў Абуталiп.

То былi ягоныя апошнiя словы. Едыгей зразумеў. Бацька прасiў расказваць сынам пра Аральскае мора.

- Ну хопiць тут, давай, ану давай! - расцягнулi iх.

Падпiраючы ззаду плячмi, тыя двое ўпiхнулi Абуталiпа ў вагон. I тут толькi дайшла да свядомасцi малых страшная сутнасць расстання. Яны заплакалi ўголас, закрычалi:

- Папiка! Папiка!

I тады рвануўся Едыгей з Эрмекам на руках да вагона.

- Ты куды? Ты куды? Бог з табой! - гарачлiва адпiхвала яго жанчына з лiхтаром, засланяючы цяжкiмi плячамi праход да дзвярэй.

Але нiхто не разумеў у тую хвiлiну, што Едыгей гатовы быў, каб на тое, сам паехаць замест Абуталiпа, каб па дарозе прыдушыць таго вiрластага ўласнымi рукамi, гэтак яму стала невыносна балюча, калi заплакалi, закрычалi малыя.

- Не стойце тут! Iдзiце адсюль, iдзiце! - крычала жанчына з лiхтаром. I ад яе тхала тытунём i цыбуляй.

Зарыпа ўспомнiла пра вузельчык.

- Перадайце, перадайце, гэта яда! - кiнула яна вузельчык у вагон.

I дзверы паштовага вагона зачынiлiся. Усё змоўкла. Паравоз даў сiгнал i крануўся з месца. Ён пайшоў, рыпуча раскручваючы колы, паволi набiраючы ход на марозе.

Баранлiнцы мiжволi памкнулi за цягнiком, iдучы побач з наглуха закрытымi дзвярамi. Першая ачомалася Укубала. Яна схапiла Зарыпу, прыцiснула да грудзей i не адпускала.

- Давул! Стой, стой тут, трымай маму за руку, - загадала яна, уся там, дзе ўсё мацней, усё часцей грукаталi колы...

I Едыгей доўга не мог супакоiць, суняць малога Эрмека, якога душылi слёзы.

Ужо дома, калi сядзеў зажураны ля печы, ён успомнiў пра Абiлава. Цiха падняўся, пачаў апранацца. Укубала адразу здагадалася.

- Ты куды? - схапiла мужа за руку. - Не чапай яго, пальцам не кранi. У яго жонка цяжарная.

- Супакойся, я яго не крану, але ён павiнен ведаць, што яму лепш перабiрацца ў iншае месца, - ён вырваў руку i выйшаў з дому.

У Абiлавых яшчэ гарэла святло.

Жорстка ступаючы па снезе, Едыгей падышоў да дзвярэй i моцна пастукаў. Дзверы адчынiў Абiлаў.

- А, Едыке, заходзь, заходзь, - спалохана сказаў ён, адступiў назад.

Едыгей пайшоў моўчкi за iм, спынiўся на парозе, прачыняючы за сабой дзверы.

- Ты навошта асiрацiў гэтых няшчасных? - сказаў ён, сiлячыся быць як мага стрыманей.

Абiлаў упаў на каленi i папоўз, хапаючыся за крысо Едыгеевага кажуха.

- Дальбог, не я, Едыгей! Вось каб жонцы маёй не радзiць дзiця! Гэта той самы рэвiзор. Успомнi. Гэта ён усё дапытваўся, што, маўляў, пiша ён i навошта пiша. Гэта ён, гэта рэвiзор. Як я мог! У мяне сёння ля цягнiка ўсё нутро перавярнулася! Гэта ўсё рэвiзор, рэвiзор...

- Ну добра, - перапынiў яго Едыгей. - Устань, пагаворым як людзi. Вось пры жонцы тваёй. Нават калi ты i не вiнаваты. Табе ўсё адно дзе жыць. А нам тут заставацца да самай, можа, смерцi. Дык ты падумай. Мусiць, варта табе з часам перабрацца на iншую работу. Гэта мая парада. Вось i ўсё. I больш да гэтай размовы не вернемся. Толькi гэта i хацеў сказаць...

З тым Едыгей выйшаў, закрыўшы за сабою дзверы.

IX

На цiхiм акiяне, у раёне Алявутаў быў поўдзень. Усё гэтак жа штармiла напаўсiлы, па ўсёй адкрытай пространi кацiлiся, ускiпаючы, хвалi адна за адной - велiчнае вiдовiшча воднай стыхii. Авiяносец "Канвенцыя" ледзь пагойдваўся на хвалях. Ён быў там, дзе i раней, на строга аднолькавай адлегласцi памiж Сан-Францыска i Ўладзiвастокам. Усе службы судна мiжнароднай навуковай праграмы ў напружаннi, у поўнай гатоўнасцi да дзеянняў.

На той час на борце авiяносца завяршалася экстраннае пасяджэнне асобаўпаўнаважаных камiсiй па расследаванню надзвычайнага становiшча, якое ўзнiкла ў вынiку адкрыцця пазаземнай цывiлiзацыi ў сiстэме свяцiла Дзяржацель.

Парытэт-касманаўты 1-2 i 2-1, што самавольна адбылi разам з iншапланецянамi, усё яшчэ знаходзiлiся на планеце Лясныя Грудзi, тройчы атрымаўшы папярэджанне ад Абцэнупра праз радыёсувязь арбiтальнай станцыi "Парытэт" - нi ў якiм разе не адважвацца нi на якiя дзеяннi без асобых указанняў Абцэнупра.

Гэтыя катэгарычныя патрабаваннi Абцэнупра былi не толькi ўстурбованасцю за лёс касманаўтаў, але i вынiкам выключна складанай сiтуацыi, спрэчак двух бакоў, якiя пагражалi поўным разрывам супрацоўнiцтва, больш таго - яўнай канфрантацыяй. Тое, што нядаўна зблiжала ў iнтарэсах iнтэграванай навукова-тэхнiчнай моцы галоўных дзяржаў, - праграма "Дэмiвург" сама па сабе адышла на другi план i адразу страцiла сваё былое значэнне перад наяўнасцю суперпраблемы. Сябры камiсiй добра разумелi: небывалае адкрыццё ставiць пад сумненне асновы сусветнага супольнiцтва, патрабуе перагледжання ўсiх правiл чалавечага iснавання.

I яшчэ, як заўсёды ў крызiсныя моманты гiсторыi, праявiлiся з усёй сiлай карэнныя супярэчнасцi дзвюх розных грамадска-палiтычных сiстэм на Зямлi.

Абмеркаванне перарасло ў зацятыя спрэчкi. Рознасць поглядаў, рознасць падыходаў зацягвалi вузел. Нарастала непаразуменне, якое магло б вылiцца ў сусветную вайну. Таму кожны бок iмкнуўся ўстрымацца. Але было i тое, што аб'ядноўвала - пагроза выбуху людской эмацыянальнасцi, калi вестка пра пазаземную цывiлiзацыю стане фактам для ўсiх... Нiхто не мог паручыцца за вынiк.

I розум перамог, бакi прыйшлi да кампрамiсу - вымушанаму, на строга сбалансаванай аснове. У сувязi з гэтым на арбiтальную станцыю "Парытэт" перадалi кодавую радыёграму Абцэнупра наступнага зместу:

"Касманаўтам-кантралёрам 1-2, 2-1. Вам належыць неадкладна ўключыцца ў радыёкантакт з дапамогай бартавых сiстэм "Парытэта" з парытэт-касманаўтамi 1-2, 2-1, што знаходзяцца ў пазасонечнай Галактыцы, у так званай сiстэме свяцiла Дзяржацель на планеце Лясныя Грудзi. Неабходна тэрмiнова паведамiць iм, што на аснове заключэнняў двухбаковых камiсiй, якiя вывучалi iнфармацыю пра пазаземную цывiлiзацыю, адкрытую парытэт-касманаўтамi, Абцэнупр прымае рашэнне, што не падлягае перагляду:

а) не дапускаць вяртання былых парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1 на арбiтальную станцыю "Парытэт" i тым самым на Зямлю як асоб, што непажаданыя для зямной цывiлiзацыi;

б) аб'явiць насельнiкам планеты, што завецца Ляснымi Грудзьмi, пра нашу адмову ўступаць з iмi ў любыя вiды кантактаў як несумяшчальныя з гiстарычным вопытам, надзённымi iнтарэсамi i асаблiвасцямi сённяшняга развiцця чалавечага грамадства на Зямлi;

в) папярэдзiць былых парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1, а таксама iншапланецян, што знаходзяцца з iмi ў кантакце, каб яны не рабiлi спробы наладзiць сувязь з зямлянамi, нi тым больш выходзiць у каляземныя сферы, як гэта мела месца ў выпадку наведвання iншапланецянамi арбiтальнай станцыi "Парытэт" на арбiце "Трамплiн";

г) у месцах iзаляцыi каляземнай касмiчнай прасторы ад магчымага ўварвання лятальных апаратаў мiжпланетнага паходжання Абцэнупр "аб'яўляе ўстанаўленне ў тэрмiновым парадку Надзвычайнага транскасмiчнага рэжыму пад назвай аперацыя "Абруч", запраграмаваўшы серыю баявых ракет-робатаў, што баражыруюць па зададзеных арбiтах i разлiчаны таксама на знiшчэнне ядзерна-лазерным промнем любых прадметаў, якiя наблiзяцца ў космасе да зямнога шара;

д) давесцi да ведама былых парытэт-касманаўтаў, якiя самавольна наладзiлi кантакт з iншапланетнымi iстотамi, што ў мэтах бяспекi, захавання цяперашняй стабiльнасцi геапалiтычнай структуры зямлян выключаецца любая магчымасць сувязi з iмi. А пасля будуць прыняты ўсе меры да найстражэйшага засякрэчвання падзеi, што мела месца. З гэтай мэтай арбiта станцыi "Парытэт" будзе неадкладна зменена, а каналы радыёсувязi станцыi нанова забяспечаны кодам;

е) яшчэ раз папярэдзiць iншапланецян пра небяспеку наблiжэння да зонаў "Абруча" вакол зямнога шара.

Абцэнупр. Борт авiяносца "Канвенцыя".

Назад Дальше