Мы спынiлiся перад самай апошняй ласкай. I не таму, што я супрацiўлялася: так захацеў ён. Правiльней будзе сказаць, што ён мне супрацiўляецца... А як бы мне хацелася спазнаць тое патаемнае, невядомае, бо, - як ён гаворыць, - адно толькi наблiжэнне гэтага дае больш, чым усе тыя ласкi i ўцехi, што мы мелi. Калi паслухаць Жана, то нам трэба заўсёды заставацца па гэты бок мяжы. Ён ганарыцца тым, што стрымлiвае сябе, i кажа, што калi мы хоць раз не спынiм, не ўтаймуем сябе, то, як i ўсе астатнiя, пакоцiмся ўнiз..."
Пачынала свiтаць. Тэрэза адчынiла акно, парвала пiсьмы на дробныя шматкi i кiнула iх унiз, у гэтае каменнае прадонне, дзе цяпер панавалi цiшыня i спакой. Кавалачкi паперы, нiбы матылькi, ляталi ў паветры, падалi на суседнiя балконы, карнiзы... Маладая жанчына глыбока ўздыхнула i адчула водар нейкай травы. Адкуль жа гэты пах тут - сярод асфальтавай i каменнай пустынi?.. Нечакана Тэрэза ўявiла сваё пакалечанае цела там, унiзе, на вулiцы, а вакол - натоўп палiцэйскiх, прахожых... Не, Тэрэза, твая фантазiя занадта багатая, каб ты пайшла на такое... I сапраўды, яна яшчэ не хацела памiраць... Не нянавiсць, не прага помсты прывязвалi яе да жыцця, а пiльная справа: трэба, каб гэтая малая iдыётка з Сэн-Клера, што паверыла ў магчымасць шчасця, зразумела, як i калiсьцi сама Тэрэза, што шчасця няма, яно не iснуе... Калi ў iх няма нiчога агульнага, то няхай iх яднае хоць гэта: сум, нуда, туга, нiякай высокай мэты, задачы, абавязку, толькi нудныя буднi, адзiнота i безнадзейнасць!.. Золак асвяцiў стрэхi. Яна лягла ў пасцель. Бернар спаў, але ўсё роўна падсунуўся да яе...
Прачнулася яна яснай, спакойнай. Навошта ёй далёка шукаць? Сям'я чакае ад яе дапамогi. I яна будзе дзейнiчаць так, як гэтага патрабуе сям'я, i не схiлiць з гэтай дарогi... Бернар усё паўтарае i паўтарае, што будзе бяда, калi Анна не выйдзе замуж за маладога Дэгiлема... Што ж, у гэтым я яго падтрымаю... Дэгiлемы iм, вядома, не раўня: дзед iх пастухом быў. Але затое ў iх самыя лепшыя хвоi ва ўсёй ваколiцы. А Анна не такая ўжо i багатая. Ад бацькi калi яна што i атрымае, то толькi вiнаграднiкi каля Лангона, якiя да таго ж раз у два-тры гады затапляе вада. Не, нi ў якiм разе нельга дапусцiць, каб Анна не пайшла на гэты шлюб з Дэгiлемам!
Тэрэзу знудзiла ад паху шакаладу. Гэта пацвердзiла яе падазрэннi: яна цяжарная, нiякiх сумненняў. "Лепш, калi адразу, - кажа Бернар, - тады не трэба больш пра гэта думаць". I ён з павагай паглядзеў на жанчыну, якая носiць у сабе будучага адзiнага гаспадара хваёвых гаёў Аржалузы.
V
Сэн-Клер, хутка будзе Сэн-Клер!.. Адзiн за адным паўстаюць перад Тэрэзай адрэзкi яе няпростай жыццёвай дарогi... Цi ўдасца ўгаварыць Бернара вярнуцца i зноў прайсцi пехатой па гэтай крывой калдобiстай сцяжыне?.. Цi шмат будзе ад гэтага карысцi?.. "Нават, калi мы з iм дойдзем да таго апошняга ранку ў парыжскiм атэлi, мне застанецца яшчэ так многа адкрыць яму..." Зноў i зноў спрабуе яна адгадаць сваю ўласную загадку, зноў i зноў дапытвае яна гэтую маладую жанчыну, чыю разважлiвасць калiсьцi так хвалiлi...
Першыя тыднi ў змрочным халодным доме Бернаравых бацькоў... Вокны, што выходзiлi на плошчу, заўсёды былi зачынены аканiцамi. Злева зелянеў садок, дзе квiтнелi геранi, петунii, гелiятропы. Там было яе месца штодзённых прагулак. Хадзiць далей было забаронена. Тады Тэрэзе яшчэ давяралi. Тады яе лiчылi супольнiцай. Тады яна была пасрэднiцай памiж Аннай i яе бацькамi... Яна казала свякрусе: "Ды саступiце вы ёй трохi! Не спяшайцеся з рашэннем! Няхай бы яна куды з'ездзiла ў падарожжа! Я яе ўгавару, i ўбачыце: яна згодзiцца. Я буду дзейнiчаць..." Але як? Бацькi здагадвалiся, што Анна хоча пазнаёмiцца з маладым Азеведа. "Вы нiчога не зробiце адкрытым нацiскам", - часта паўтарала Тэрэза свякрусе. А тая ўсё цешылася, што людзi, дзякуй Богу, яшчэ нiчога не ведаюць пра гэтую гiсторыю.
Адзiным чалавекам, якi ведаў сакрэт, была служанка Мано: яна перахапiла некалькi пiсем Анны. "Але няма чаго баяцца гэтага дзяўчацi. Гэта - магiла. Ды i не ў яе iнтарэсах распускаць язык.
- Трэба пастарацца, каб малая як найменш пакутавала ад усяго гэтага, умешваўся часам бацька. Ён вельмi любiў Анну i яшчэ не так даўно мог задаволiць самы недарэчны капрыз дачкi. Але цяпер i ён падтакваў жонцы: "Яечнi не спячэш, не пабiўшы яйка" або "Некалi яшчэ i "дзякуй" нам скажа, абы толькi не захварэла..." Бацькi змаўкалi i не зводзiлi вачэй са сваёй няўрымслiвай дачкi. Яна адмаўлялася есцi. Чэзла на вачах. Цэлымi днямi адзiнока блукала па залiтым сонцам садзе, таптала кветкi, не заўважаючы таго, i ўсё шукала i шукала, нiбы звер у клетцы, нейкага выйсця. Мадам дэ ля Траў цяжка ўздыхала: "Не магу ж я за яе пiць мясны сок. Яна наядаецца яблыкамi ў садзе, каб потым нават i не дакрануцца да стравы..." А бацька дадаваў: "Яна сама потым папракала б нас, калi б мы далi згоду на гэты шлюб з Азеведа... Зрэшты, каб не гэтыя няшчасныя хворыя дзецi, што пойдуць ад яго..." Жонка злавала на мужа, што ён шукае нейкiх апраўданняў iх рашэнню не аддаваць дачкi за Азеведа. "Дзякуй Богу, што Дэгiлемы яшчэ не вярнулiся. Гэта ж наша шчасце, што яны прыкмецiлi Анну i так цэняць яе!.." Калi Тэрэза выходзiла пасля абеду з гасцiнай, размова iшла сваiм ходам: "I як гэта магло здарыцца? - не маглi даўмецца бацькi. - Ну не ў манастыры ж ёй гэта ў вушы ўвялi! Тут, дома, яна бачыла толькi добрыя прыклады. Мы сачылi, якiя кнiгi яна чытае... Тэрэза кажа, што маладых дзяўчат збiваюць з толку любоўныя раманы, якiя ўсе чамусьцi лiчаць "сапраўднай лiтаратурай". Але што Тэрэза... Яна ж так любiць парадоксы... Добра, што дачушка не вельмi i цягнецца да кнiг. Здаецца, нiколi на гэты конт i заўваг мы ёй не рабiлi... Яна была б цудоўнай жонкай, увiшнай гаспадыняй. Гэта наша кроў... Каб толькi выбiць з яе глупства... А ты памятаеш, як памагла ёй пасля бранхiту паездка ў Салi? Давай паедзем, куды яна захоча, вось i ўсё. Трэба ж пашкадаваць бедную дзяўчынку". Месьё дэ ля Траў цяжка ўздыхнуў: "Мусiць, мала ёй будзе радасцi ад падарожжа з намi..." - "Нiчога! Нiчога!" паспяшаўся ён адказаць глухаватай жонцы, якая недачула i ўсё дапытвалася: "Што? Што ты сказаў?" Але цi не прыгадалася гэтаму старому чалавеку, якi ўтульна ўладкаваўся ў багатым жончыным доме, цi не прыгадалася яму падарожжа з любай жанчынай - благаславёная пара маладога кахання?..
Тэрэза адшукала ў садзе Анну, на якой леташняя сукенка вiсела як на калку. "Ну што?" - спыталася Анна... Шэрыя ад пылу прысады, сухая трава пад нагамi, пах спаленай сонцам геранi i... гэтая юная дзяўчына... У той гарачы жнiвеньскi поўдзень яна здалася Тэрэзе яшчэ больш змарнелай i чэзлай, чым гэтыя кволыя, абпаленыя бязлiтасным сонцам кветкi. У Тэрэзы балюча сцiснулася сэрца...
У навальнiцу пад моцныя стрэлы перуна яны хавалiся ў цяплiцы; град барабанiў па шкле.
- Ну чаму табе не паехаць? Ты ж усё роўна не бачышся з iм.
- Няхай сабе i не бачуся. Затое ведаю, што ён блiзка i дыхае са мной адным паветрам. А калi дзьме ўсходнi вецер, мы разам слухаем, як звоняць царкоўныя званы. Няўжо табе ўсё роўна, дзе Бернар - у Парыжы цi Аржалузе? У нядзелю, у час службы ў царкве, я нават не спрабую павярнуць галаву, каб пашукаць яго вачыма, - з нашых месцаў вiдаць толькi алтар, а тоўстая калона адгароджвае нас ад усiх. Але пасля службы, пры выхадзе...
- У тую нядзелю яго не было?
Тэрэза сама гэта ведала, бо бачыла, як Анна дарэмна шукала ў натоўпе любы твар: Жана не было.
- Можа, ён захварэў? Яго пiсьмы перахоплiваюць, i я нiчога не ведаю.
- I ўсё ж неяк дзiўна, што ён не можа што-небудзь прыдумаць, каб перадаць табе запiску.
- Тэрэза... Калi б ты захацела... Але ж не... я ведаю, што ты i сама ў такiм далiкатным становiшчы...
- Згаджайся ты на гэтае падарожжа. А калi цябе не будзе, я паспрабую...
- Але ж я не магу паехаць далёка ад яго...