За волю (на белорусском языке) - К Акула 10 стр.


Ягонае крэдо, сьвятое сьвятых: перамога прыйдзе! Маскоўская "iмпэрыя зла" - гаргара няволi, якую стварылi нiкчэмнiкi й паразiты, развалiцца так, як да гэтага часу на працягу тысячагодзьдзяў развальвалiся ўсе iншыя, магутныя iмпэрыi.

У Радфордзе пасялiлася ўжо немалая, як тут называлi, калёнiя Шпаковых суродзiчаў. Яны пасьля вайны прыехалi. Птушкi з ворагам "раськiданых гнёздаў". Адны зь iх - "дыпiсы" (паводле клясыфiкацыi заходнiх хаўрусьнiкаў - "перамешчаныя асобы"), значыцца тыя, каторых Немцы ў часе вайны змабiлiзавалi й вывезьлi ў фашыстоўскую Гiтлераву Нямеччыну на розныя нявольнiцкiя працы. Менш было такiх, каторыя пры адступленьнi Немцаў пайшлi на захад, каб выкарыстаць нагоду й уратавацца ад абодвух тыранаў, якiх добра вызначыла мудрая сялянская характарыстыка: "абое рабое", або "два роўныя гады, iх на адным суку трэба павесiць". Гэтыя апошнiя плянавалi на вялiкую адлегласьць: трапiць у вольны сьвет. На ўсiх такiх дыпiсаў палявалi пасьля вайны па цэлай прасторы Заходняй Эўропы бальшавiцкiя рэпатрыяцыйныя камiсii пад кiраўнiцтвам спэцаў, што ўжо вымардавалi мiльёны нявiнных у Гулагу. Гэтым бальшавiцкiм спэцам памагалi Брытанцы i Амэрыканцы, апошнiя, вiдаць, натхнёныя прэзыдэнтам Рузвэлтам, што ўжо добра занемагаў i сваiм зьдзiцянелым розумам упадабаў быў "дзядзю" Джова Сталiна ды памог яму палову Эўропы аддаць.

Iншая група - быўшыя вайскоўцы з польскiх адзьдзелаў Брытанскае армii, каторыя прайшлi Гулаг, або абхiтрылi "абое рабое" ды яшчэ ў мундзiрах хаўрусьнiцкае армii памагалi дабiваць гiтлераўскую Нямеччыну. Шматлiкiя зь iх прыехалi сюды ўжо ў 1946-м годзе, атрымалi ад канадыйскага ўраду двухгадовага тэрмiну кантракты працы на фэрмах. Яны пачалi свае першыя крокi ў вольным сьвеце ад гнаявых вiлаў з заплатай 45 даляраў на месяц, харчамi й памешканьнем. Уявеце сабе, прыкладна, як мог быўшы танкiст рэагаваць на такое пытаньне канадыйскага фармэра: "А ты коньмi кiраваць умееш?"

Гэтыя новыя Шпакавы суродзiчы пачулi, што ў Канадзе ёсьць нейкая колькасьць старой беларускай эмiграцыi. Пачалi шукаць тых "калюмбасаў". I якое-ж вялiзнае было iхнае рашчараваньне, калi ў розных "рабочых клубах Горкага" цi iншых мясцох сустракалi iх i фашысьцiлi iм бальшавiцкiя гарлапаны. Так. Жаўнераў з армii, якая змагалася з гiтлераўскiмi фашыстамi, гэта той самай калiшняй Сталiнавай блiзкай i важнай "саюзьнiцай Вялiкай Германiяй", гэтыя адурманеныя суродзiчы называлi фашыстамi! За кароткi час Шпакавы суродзiчы спанатрылi, што нiякага нацыянальнага жыцьця раней прыехаўшыя сюды "землякi з Гарадзеншчыны, Вiленшчыны цi Вiцебшчыны або Берасьцейшчыны" тут ня мелi й не стварылi. Ладная колькасьць, - каталiкiсталiся "палякамi". А ў цямноце й нацыянальнай нясьведамасьцi бальшынi з агулу даўно загнязьдзiўся рак чырвона-маскоўскае пошасьцi. Дзецi iхныя ў бальшынi ня ведалi мовы сваiх бацькоў. Канфузу нацыянальнасьцi i духовай ляяльнасьцi гэтых "калюмбусаў" ды iхных нашчадкаў спадарожнiчаў яшчэ факт, што вялiзны й непераможны "саюзьнiк" захаднiх дэмакратычных дзяржаваў у вайне - гэтта агульнаведамая i храбрая "Раша"-Расея - падчас вайны здабыла ў вачох iхных аўрэол нейкай звышсiлы й поўнай вышэйшай справядлiвасьцi. Адтуль, ад такога зьбянтэжанага ўяўленьня як руку падаць у рэчышча вялiкага й магутнага славянскага сьвету i прадказанага шматлiкiмi "прарокамi" мiсiянiзму вялiкай "Рашы"-Расеi. Дзякуючы камунiстычным агiтатарам, нацыянальная нясьведамасьць i малапiсьменнасьць нашых суродзiчаў, якiх новапрыбылыя называлi спачатку "калюмбусамi", iшла на помач камунiстычнай партыi Канады i махляром з маскоўскага цэнтру.

Шпакавы суродзiчы, намагаючыся насамперш апанаваць няведамую мову новай краiны, здабыць патрэбныя прафэсii, уладзiцца на працы, павiнны былi ад асноваў будаваць грамадзкiя арганiзацыi, Божыя сьвятынi, фiнансавыя й навуковыя iнстытуцыi - ствараць цэлы камплект патрэбных установаў сваёй нацыянальнай беларускай сям'i ў Канадзе. Беларусь наагул тут была мала знаная. Нават самая назва яе. Ня толькi адурманеныя некалi чужынцамi суродзiчы, але найбольш чужыя, уключна зь дзяржаўнымi й грамадзкiмi ўстановамi Канады, блыталi гэную "Уайт Рашу" цi "Беларашу" з "Рашай". Апроч таго Канадыйцы, што добра ўмелi жлукцiць пiва й сачыць гакэй, зьвязвалi тую чырвоную Рашу з гэнай белай. Вось у такiх абставiнах Беларусы, - гэтыя зь белай Русi нейкiя "дыпiсы", - пачыналi ў новай краiне будаваць свае нацыянальныя ўстановы, прэсу, сьвятынi i ўсё iншае.

Шпак уважна прыглядаўся сваiм суродзiчам. Бальшыня зь iх - сыны беларускiх нiваў з Захадняй Беларусi. Пераважна маладыя, несямейныя. Мала дзяўчат. Людзi, што ўмелi касой i плугам плёны на роднай зямлi множыць. Гэтта некаторыя працавалi на фэрмах, але бальшыня пасялялася ў гарадох, знаходзiла працы на розных прадпрыемствах. Першая мэта iх - купля свайго дому. На жаль, людзi з асьветай складалi сьцiплы працэнт iхнага лiку. Праўда, некаторыя тут ужо беглi ў школы, пасьля здабывалi вышэйшую адукацыю ў розных галiнах. Сумленны, працавiты народ. Ззаду - кашмар вайны, вялiзная жыцьцёвая практыка. У сэрцах - гарачая любоў да забранай чужнiком роднай зямлi, пакутнiкаў у страшэнным прыгоне. Адгэтуль i нахiл да палiтычнай акцыi. Працiўнiкам зьяўляўся адвечны вораг паняволенай бацькаўшчыны, той Купалаў "чужак-дзiкун" i гэныя "раскаваныя рабы", што "бацькаўшчыну рэжуць на кускi". Тыран цяпер прыкрываўся гуманiзмам, вёў кампанiю за мiр на ўсiм сьвеце, хаця вунь кагадзе ў Карэi распалiў быў вялiкую захопнiцкую вайну. Атрымаў належны адпор, цяпер лiжа раны.

Шпакавы суродзiчы ўзмоцнiлi агульны антымаскоўскi фронт, што ўключаў сiлы эмiгрантаў з бальшынi паняволеных Масквою народаў. Актыўнасьць праяўлялася ў масавых дэманстрацыях супраць чырвона-фашыстоўскай Масквы з розных нагодаў. Здарылася, для прыкладу, што калi ў Радфорд мясцовыя камунiсты i iхныя спадарожнiкi запрасiлi няслаўнага "чырвонага дзяка" Гаўлета Джансана з Кантэрбэры ў Ангельшчыне на так званы кангрэс мiру, дэманстранты з паняволеных Масквой народаў выйшлi дзясяткамi тысячаў на вулiцы гораду й спаралiжавалi ягоны цэнтар. Не дарма мясцовая газэта "Тэлеграм" назаўтра крычала вялiкiм сэнсацыйным загалоўкам на цэлую шырыню першай бачыны: "Вайна на мiрным кангрэсе". Дзякуючы вось такiм супольным акцыям, "новыя Канадыйцы" адразу зьвярнулi на сябе ўвагу мясцовых бясхрыбетных, з чэмбэрленаўскiмi нахiламi, палiтыкаў, што ў далейшым мела ўплыў на адносiны канадыйскiх урадаў да новых канадыйскiх грамадзянаў з Усходняй Эўропы дый да чырвона-фашыстоўскае мафii з маскоўскага Крэмля. Шпакавы суродзiчы бралi пастаянны i актыўны ўдзел у супрацьмаскоўскiх акцыях i дзiва няма таму, што пiсьменьнiк чэрпаў свае творчыя сiлы з маральнага гарту сваiх суродзiчаў.

Знаёмства з культурай i палiтыкай дзяржаўна двухмоўнай Канады прынясло беларускаму пiсьменьнiку вялiкае рашчараваньне. Зь ягонай сацыяльнай пазыцыi, - з самага нiзу, - немагчыма было ўстанавiць кантактаў з канадыйскiм навуковым, лiтаратурным цi палiтычным верхам. Шпак сачыў i аналiзаваў тое, што плыло цi валачылася са сродкаў масавае iнфармацыi друку, радыё i яшчэ ў пялёнках чорна-белага тэлебачаньня. Кажны дзень паказваў новыя гарызонты працоўнага й гандлёвага рынку. Рэкляма й розныя дзялкi-энтрэпрэнёры жырэлi на спорце. Каб гэта яны прынамсi палову часу, што на спорт, аддавалi на культуру. Шмат праўды было ў тым, як сказаў адзiн з суродзiчаў пра Канаду: тэхнiка вялiкая, а культуры няма...

Назад Дальше