Вартаўнік (Кольцы Одры) - Гапеев Валерий 2 стр.


Як жа мне хацелася дакрануцца вуснамі! — хоць на самае кароткае імгненне да гэтых вуснаў.

Зараз я разумеў Ілью. І я здагадваўся — не, я быў упэўнены, што ён гэтак жа застывае перад яе ўсмешкай па вечарах.

Я рабіў новы прыёмнік, Ілья знікаў у Інстытуце Цела — па яго прапановах яны будавалі новую ўстаноўку ўзнаўлення матэрыі.

— Разумееш, — расказваў мне Ілья, — кожная клетка стала перадае інфармацыю аб сабе звычайнымі электрычнымі імпульсамі. Абмен ідзе таксама гэтымі імпульсамі. У 20 стагоддзі людзі ўлоўлівалі імпульсы ў бачнай частцы спектру, у гукавым. Але гэта мізер у параўнанні з тым, што перадае цела чалавека, асабліва яго мозг… Твой прыёмнік павінен сабраць абсалютна ўсе імпульсы. Я скончыў праграму, якая расфарміруе гэты струмень на мільярды раўчукоў. Потым… потым кожны асобны раўчук будзе адказваць за ўзнаўленне матэрыі — у ім ляжыць уся інфармацыя аб гэтым мікраўчастку. Мы злучым ужо матэрыяльныя раўчукі ў адзінае цэлае…

— Ты звар'яцеў, — сур’ёзна сказаў я. — Ты хочаш стаць богам?

— Бога няма… Ёсць законы фізікі… І мы іх пазнаем…

— А ты падумаў аб тым, што калі ўсё атрымаецца, калі мы матэрыялізуем Одры — як ёй будзе тут? І… і раптам яна назаўтра пабяжыць у нашы дурныя салоны рабіць сабе вусны пухлей, зубы бялей, вочы шырэй, скуру гладзей, грудзі…

— Не трэба… Не трэба так аб Одры… Ты зробіш прыёмнік?

— Зраблю, — амаль злосна адказаў я.

Менавіта гэтага я і баяўся — што Ілья загаворыць аб матэрыялізацыі.

Але я зрабіў прыёмнік.

І мы ізноў адправіліся на той бераг ракі.

Сеанс прайшоў нармалёва.

Месяц, пакуль ішла расшыфроўка тэрабайтаў атрыманай інфармацыі, я практычна не выходзіў з дому. Добра, быў адпачынак.

Ілья зайшоў увечар, моўчкі прысеў на канапку.

— Заўтра пачынаем працэс. Прыйдзеш?

— Прыйду, — паабяцаў я, хоць мне не хацелася нікуды ісці. Проста сядзець і глядзець на галаграму.

Назаўтра я быў у Інстытуце Цела. Ён быў так ціхі, што мае крокі аддавалі рэхам. Усё замерлі — пачынаўся працэс. Ён павінен быў ісці больш за пяць гадзін. Колькі кавы было выпіта за гэты час, я не ведаю. Ва ўсякім разе, я не бачыў ні адной групы або групкі, дзе бы хтосьці не трымаў у руках кубак.

У "акварыуме" — у пакоі са шклянымі сценамі — завяршылася дзейства. Сотні вачэй былі прыкаваныя да невысокага ложа, ад якога адзін за другім ад'язджалі робаты.

— Працэс завершаны, — канстатаваў металічны голас робата. — Адно несупадзенне з першаснымі дадзенымі: дэфіцыт масы — 6 грамаў.

Разгубленасць ад гэтай навіны была кароткай, яе некалі было абдумваць, таму што голая жанчына на ложы варухнулася і — села. Агледзела сябе, пакой з люстранымі сценамі, ўстала і павольна стала падыходзіць — прама да мяне і Ільі.

Скрозь шкло на нас быў скіраваны роўны, халодны позірк пустых вачэй на абсалютна раўнадушным, мёртвым твары.

Хтосьці сказаў:

— 6 грамаў — дэфіцыт масы. Сотню гадоў назад казалі, што гэтулькі важыць душа чалавека.

Ілья абярнуўся на гэты голас — і знайдзі ён поглядам таго, хто казаў, той напэўна мог бы загарэцца.

— Проста ёсць памылка! Проста мы нешта не ўлічылі! Трэба шукаць! Трэба шукаць! — амаль ашалела крычаў ён.

Праз гадзіну жанчына ў "акварыуме" зноў распалася на тэрабайты, якія былі зацёртыя Ільёй.

5. Кліч Одры

Ілья прыйшоў тым жа вечарам, хоць я амаль фізічна не мог выносіць прысутнасці хоць некага.

— Я ведаю, у чым справа, — ціха загаварыў Ілья. — 6 грамаў — гэта маса хвалевага існавання…

Мне здалося, што ён трызніць. Мой погляд быў настолькі красамоўны, што Ілья асцярожна ўсміхнуўся.

— Не бойся, я не звар'яцеў. Мінулае існуе ў форме хваль. Але яно не проста існуе — яно жыве. 6 грамаў, якія губляе чалавек пры смерці — гэтае вызваленне яго хвалевай сутнасці. Да гэтага фізічнае цела жыве разам з хвалевым. Смерць фізічнага азначае волю для хвалевага. Чалавек працягвае жыць — адразу ва ўсёй сусвеце. Адразу са ўсімі, пранікаючы і датыкаючыся.

– І што? — злосна спытаў я.

Злосна — таму што мне не хацелася нічога больш, што ў мяне ўжо было — ведання, што Одры была, і маёй галаграмы. І я не хацеў нічога больш атрымліваць.

— Я думаю, што можна не проста стартаваць — тармазіць кольцамі Одры. Я паспрабую рэгуляваць хуткасць…

— Карацей.

— Карацей… наш прыёмнік перамяшчаўся ў тунелі менавіта ў хвалевай форме — ніякая іншая форма ў такіх умовах немагчымая. Вось…

– Ідзі да чорта, — папрасіў я шчыра.

— Я… потым цябе папрашу…

Ілья папрасіў мяне праз паўгода — увесь гэты час ён, як пустэльнік, праседзеў у сваёй лабараторыі.

— Я знайшоў магчымасць кіравання хуткасцю ўсярэдзіне тунеля.

— Ды навошта ж, навошта? — амаль закрычаў я. — Ты хочаш яшчэ адзін жудасны эксперымент? Ты хочаш дабіць мяне, выцягваючы і ажыўляючы мярцвячыну?

— Прабач… Прабач, я не думаў… Не падумаў, што табе таксама Одры… не абыякавая. Не, я не буду яе …выцягваць. Разумееш, хвалевае жыццё — яно ёсць. Мы проста не змаглі штучна злучыць разам фізічную і хвалевую… Нешта мы не ўлічылі. Нейкія сігналы ляжаць па — за дыяпазонам прыёмніка. Мы іх наогул не можам пакуль улавіць — нам не ясная іх прырода. Але… я ведаю, як фізічнае жыццё ператварыць у хвалевае.

— А ты вар'ят, — працягнуў я.

— Ну і хай, — бяскрыўдна пагадзіўся Ілья. — У тунелі Одры цела набывае хвалевую форму і хуткасць, большую за хуткасць святла. Яно… даганяе тое самае мінулае. А зараз… зараз трэба не спыняць цела, а замарудзіць яго хуткасць да светлавой. І цела стане жыць у тым свеце… у мінулым.

– І …ты сам хочаш у тунель?

— Так…

— А мне ты даверыш сачыць за ўсім гэтым і праз колькі часу выдраць цябе назад?

— Так… уключыць і сачыць…

Вы б спрачаліся з Ільёй? Я таксама не стаў.

На падрыхтоўку мы патрацілі не так і шмат часу — тэхнічных змен у кіраванні кольцамі было мала.

Ілья быў бледны, калі станавіўся ў круг.

— Прывітанне ёй там перадай, — сказаў я.

— Так, так… Я усё ёй раскажу.

Я адышоў да ноўтбука, запусціў праграму, напісаную Ільёй.

Такім чынам, ён павінен быў апынуцца ў той самы дзень на тым самім берагу. У гэтай кропцы я павінен выставіць хуткасць роўную хуткасці святла. Ілья сказаў, што яму хопіць пяці хвілін. Пасля гэтага мне трэба змяніць накірунак на зваротны, задаць максімум і выключыць усё гэтую чортаву штуку ў разлічаны час.

Мінула амаль чатыры гадзіны. Разліковая кропка. Я скінуў хуткасць да светлавой.

Зараз чакаем пяць хвілін.

І тут на маніторы з'явіўся надпіс: "Праграма выканана паспяхова. Рэжым падтрымкі"

Я няўцямна чытаў тэкст, што пабег ніжэй:

"Прабач, дружа — я зманіў табе: усё было пралічана мной сотню разоў: зваротны пераход з хвалевай у фізічную форму жыцця пакуль немагчымы. Я застаюся тут. Не спрабуй мяне выцягнуць: ты вернеш труп, калі вернеш. Але без разліковых праграмных дадзеных (а іх няма, праграма іх не лічыла), ты, вяртаючы мяне назад, прамахнешся абавязкова ў адлегласці. І мой труп апынецца альбо ў тоўшчы зямлі, альбо ў космасе. Я застаюся тут. Не забівай мяне. Ты сам разумееш, што я буду жыць, пакуль працуюць кольцы Одры. Прашу цябе: нагледзь за імі. Хоць колькі часу… Усё, што я магу зрабіць для цябе — зраблю: я абавязкова скажу Одры, што ты яе таксама кахаеш".

Эпілог

У мяне цяпер адзін занятак: завесці генератар, адключыць яго пасля 8 гадзін працы і даць ноўтбуку разрадзіць свае акумулятары. Потым я ізноў заводжу генератар. І так — з дня ў дзень. Ужо некалькі месяцаў. У мяне адна мэта, адзін сэнс, і ўсё маё жыццё ў гэтым ноўтбуку, які не можа быць спынены…

Нельга забіваць сябра, нават калі ён, а не ты, з той, каго ты кахаеш.

Назад