Мне здалося, што на ўзроўнi яго грудзей мiльганула нешта залацiстае, нейкi блiскучы дыск, з лабараторыi чуўся глухi шум. Штора адляцела ўбок, высокi цень мiльгануў на шкляным экране, штора вярнулася на ранейшае месца, i больш нiчога не было вiдаць. Што там адбываецца?! Затупалi ногi, зазвiнела разбiтае шкло, шалёная беганiна спынiлася, i я пачуў гучны дзiцячы смех...
Мае ногi трымцелi; я круцiў галавой ва ўсе бакi. Усё сцiхла. Я ўсеўся на нiзкi пластыкавы падаконнiк. Сядзеў хвiлiн пятнаццаць. Не ведаю, цi я чакаў каго, цi проста ад хвалявання не хацелася нават уставаць. Галава мая аж трашчала. Дзесьцi ўгары нешта працяжна заскрыгатала, i адначасова стала святлей.
З майго месца была вiдаць толькi частка калiдора, якi iшоў вакол лабараторыi. Лабараторыя знаходзiлася на сама верхнiм ярусе Станцыi, проста пад абшыўкай, таму сцены калiдора былi ўвагнутыя i нахiльныя, iлюмiнатары, размешчаныя праз некалькi метраў адзiн ад аднаго, нагадвалi амбразуры; вонкавыя засланкi на iх у гэты час падымалiся. Блакiтны дзень заканчваўся. Праз тоўстае шкло выбухнула слiпучае ззянне. Кожная нiкеляваная рэйка, кожная клямка запалымнелi, як малыя сонцы. Дзверы ў лабараторыю - гэта вялiзная плiта з непалiраванага шкла - успыхнула блакiтным полымем. Я зiрнуў на свае рукi, складзеныя на каленях, - у прывiдным святле яны здавалiся шэрымi. У правай трымаў газавы пiсталет, я нават не ведаў, калi i як выцягнуў яго з кабуры. Я паклаў яго на месца. Было зразумела, што мне не дапаможа нават атамны выкiдальнiк прамянёў, ды i навошта ён? Развалiць дзверы? Уварвацца ў лабараторыю?
Я ўстаў. Сонечны дыск падаў у Акiян i нагадваў вадародны выбух. Гарызантальны пук прамянёў, амаль матэрыяльных, дакрануўся да маёй шчакi (я ўжо сыходзiў па прыступках) i абпалiў як расплаўленым металам.
На палове сходаў я перадумаў i вярнуўся назад. Абышоў вакол лабараторыi. Як я ўжо казаў, калiдор агiнаў яе; крокаў праз сто я апынуўся па той бок, насупраць такiх жа шкляных дзвярэй. Адчынiць iх я нават не спрабаваў, добра ведаючы, што яны замкнутыя.
Я шукаў акенца альбо хоць якую-небудзь шчылiну ў пластмасавай сцяне; я не лiчыў некарэктным падглядваць за Сарторыусам. Мне надакучылi здагадкi, я хацеў ведаць праўду, хоць нават не ўяўляў, цi здолею яе зразумець.
Я ўспомнiў, што святло ў лабараторыю трапляе праз iлюмiнатары ў столi, гэта значыць у верхняй абшыўцы, i калi я выберуся вонкi, то, мажлiва, здолею зазiрнуць унiз. Для гэтага трэба было спусцiцца, каб захапiць скафандр i кiслародны апарат. Спынiўшыся ля трапа, я разважаў, цi варта аўчынка выдзелкi. Зусiм верагодна, што ў верхнiх iлюмiнатарах шкло матавае. Але што яшчэ прыдумаць? Я спусцiўся на сярэднi ярус. Трэба было прайсцi мiма радыёстанцыi. Яе дзверы былi шырока адчынены. Снаўт сядзеў у крэсле ў той жа позе, у якой я яго пакiнуў. Спаў. Ад маiх крокаў ён здрыгануўся i расплюшчыў вочы.
- Алё, Кельвiн! - азваўся ён хрыпла.
Я прамаўчаў.
- Ну што, ты даведаўся што-небудзь? - спытаўся Снаўт.
- Бадай што так, - адказаў я. - Ён не адзiн.
Снаўт скрывiўся:
- Вось бачыш. Гэта ўжо нешта значыць. Дык у яго нехта ў гасцях?
- Не разумею, чаму вы не хочаце растлумачыць, што гэта такое, - зазначыў я знарочыста абыякава. - Бо калi я застаюся тут, то рана цi позна пра ўсё даведаюся. Навошта такая таямнiчасць?
- Зразумееш, калi да цябе самога з'явяцца госцi, - сказаў Снаўт.
Мне падалося, што ён некага чакае i не вельмi хоча размаўляць.
- Куды ты iдзеш? - спытаўся ён, калi я павярнуўся.
Я не адказаў.
Зала касмадрома мела такi самы выгляд, як i перад маiм адыходам. На ўзвышэннi стаяла мая, падобная на трэснуты кокан, абсмаленая капсула. Я падышоў да вешалак са скафандрамi, але раптам мне расхацелася выпраўляцца ў падарожжа. Я павярнуўся на месцы i спусцiўся па вiнтавым трапе ў памяшканне склада. Вузкi калiдор быў забiты балонамi i штабялямi скрынак.
Металiчныя сцены адлiвалi сiняватым святлом. Праз некалькi дзесяткаў крокаў пад скляпеннямi з'явiлiся белыя ад шэранi трубы халадзiльнай устаноўкi. Я пайшоў паўз iх. Праз муфту, схаваную ў тоўстай пластыкавай манжэце, трубы ўваходзiлi ў шчыльна зачыненае памяшканне. Калi я адчынiў цяжкiя, на таўшчыню дзвюх далоняў, дзверы, абабiтыя па краях гумай, мяне да касцей працяў пякучы мароз. Я сцепануўся. Са спляцення пакрытых шэранем змеевiкоў звiсалi ледзяшы. I тут стаялi пакрытыя снегам скрынi i кантэйнеры, палiцы ля сцен былi застаўлены бляшанкамi i жаўтлявымi глыбамi нейкага тлушчу ў празрыстым пластыку. Углыбiнi паўкруглая столь знiжалася. Там вiсела шчыльная, iскрыстая ад лёдавых iголак штора. Я адхiлiў яе. На стале з алюмiнiевых крат ляжала нешта вялiкае, даўгаватае, накрытае шэрай тканiнай. Падняўшы яе, я ўбачыў застылы твар Гiбарыяна. Чорныя валасы з сiвой пасмай на лбе былi гладка зачасаныя. Кадык тырчаў, i здавалася, што шыя ў яго зламаная. Глыбокiя вочы скiраваны на столь, у куточку застыла мутная кропля лёду. Мне было так холадна, што я з цяжкасцю стрымлiваў дрыжыкi. Не выпускаючы з рукi тканiну, другой рукой я дакрануўся да шчакi Гiбарыяна. Адчуванне было такое, нiбыта я дакрануўся да прамёрзлай драўнiны. Калючая чорная шчэць. У складках губ застыў выраз бязмежнага, пагардлiвага цярпення. Апускаючы край тканiны, я заўважыў, што з другога боку трупа з-пад складак вiдаць некалькi чорных даўгаватых пацерак або фасолiн, дробных i буйных. Я здранцвеў.
Гэта былi пальцы голых ног, бачныя з боку падэшвы, выпуклыя падушачкi вялiкiх пальцаў крыху растапыраны. Пад змятай тканiнай распласталася мурынка.
Яна ляжала тварам унiз i, здавалася, спала. Паступова, дзюйм за дзюймам, я сцягваў грубую тканiну. Галава, уся ў сiнявата-чорных дробных завiтках, ляжала на выгiбе такой жа чорнай масiўнай рукi. На блiскучай скуры спiны выступалi пазванкi. Масiўнае цела было абсалютна нерухомае. Я яшчэ раз зiрнуў на яе падэшвы, мяне ўразiла дзiўная дэталь: яны не былi дэфармаваны, не сцерлiся i нават не загрубелi ад хадзьбы басанож - скура была такая самая, як на спiне i руках.
Каб пераканацца ў гэтым, я дакрануўся да мурынкi. Мне было цяжэй дакрануцца да яе, чым да трупа. I тут адбылося штосьцi неверагоднае: цела, якое ляжала на дваццацiградусным марозе, зашавялiлася. Мурынка падцягнула нагу, як робiць гэта сабака, якi спiць, калi яго ўзяць за лапу.
Тут яна замерзне, падумаў я. Зрэшты, яе цела было мяккае i не надта халоднае. Я адступiўся, апусцiў штору i выйшаў у калiдор. Мне здалося, што ў iм страшна горача. Трап вывеў мяне ў залу касмадрома. Усеўшыся на згорнуты ў рулон парашут, я абхапiў галаву рукамi. Я быў як пабiты. Не ведаў, што са мной адбываецца. Я быў прыгнечаны, думкi лавiнай кацiлiся ў прорву - страта прытомнасцi была б зараз неверагоднай ласкай.
Навошта iсцi да Снаўта або Сарторыуса? Я не ўяўляў, што хто-небудзь здолее скласцi ў адно цэлае ўсё, што я да гэтага перажыў, убачыў i адчуў. Адзiным ратункам было шаленства, уцёкi. Вiдаць, я з'ехаў з глузду, адразу ж пасля пасадкi. Акiян падзейнiчаў на мой мозг; у мяне з'яўляецца адна галюцынацыя за другой, а калi так, то не трэба трацiць высiлкi на марныя спробы адгадаць неiснуючыя загадкi, трэба шукаць дапамогi доктара, выклiкаць па радыё "Праметэй" або нейкi iншы карабель, падаць сiгнал SOS.
Раптам адчуванне маё змянiлася: думка аб тым, што я звар'яцеў, супакоiла мяне.