Здарэнне (на белорусском языке) - Станислав Лем 4 стр.


Прачнуўся ён рана, i невядома чаму першае, аб чым падумаў, было тое, што сцiх вецер. Пасля ўспомнiў Анэля i свае развагi перад сном; яго крыху занепакоiла, як падобнае наогул магло прыйсцi яму ў галаву. Яшчэ колькi хвiлiн ён паляжаў, пакуль не прыйшоў да супакойвальнай высновы, што тыя перадсонныя, невыразныя вобразы наведалi яго не наяве, але - насуперак сну, якi снiцца сам, - вымагалi нязначнай, амаль без удзелу свядомасцi яго дапамогi. Такiя псiхалагiчныя развагi былi яму невядомыя, таму ён дзiвiўся, навошта забiвае iмi галаву, крыху прыўстаў на локцi i прыслухаўся: панавала абсалютная цiшыня. Адсунуў штору на маленькiм акенцы ля галавы. Праз мутнае шкло ўбачыў ранiшнi змрок i толькi тады зразумеў, што давядзецца iсцi ў горы. Саскочыў з ложка, каб зазiрнуць у агульны пакой. Робата не было. Тыя два ўжо ўставалi. За снеданнем Круль мiж iншым, нiбы гэта было вырашана яшчэ ўчора, заўважыў, што яны мусяць выйсцi неадкладна, бо надвячоркам прыбудзе "Ампер", а зборка барака i пакаванне рэчаў зоймуць сама малое паўтары гадзiны, калi не болей. I сказаў аб гэтым знарок такiм тонам, каб не было зразумела, цi то трэба iсцi галоўным чынам з-за недахопу дадзеных, цi то з-за Анэля.

Пiркс еў за трох, але моўчкi. Калi астатнiя яшчэ дапiвалi каву, ён устаў, пакорпаўся ў сваiм мяшку i дастаў маток белай нейлонавай вяроўкi, малаток i крукi. Падумаў i дадаў да рукзака яшчэ альпiнiсцкiя чаравiкi - на ўсякi выпадак.

Выйшлi на двор, калi толькi пачынала шарэць. На бясколерным небе зорак ужо не было вiдаць. Цяжкая фiялетавая шэрань на зямлi, на тварах, у самiм паветры была нерухомая i марозная, горы на поўначы здавалiся чорнай масай, застылай у цемры, а паўднёвы хрыбет, той, што быў блiжэй, стаяў нiбы высветленая зверху невыразная маска з яркай паласой аранжавага святла над вяршынямi. Гэты водблiск, далёкi i нерэальны, рабiў бачнымi ў паветры клубы пары, што вырывалася з вуснаў трох чалавек. Хоць атмасфера была больш разрэджанай, чым на Зямлi, дыхалася лёгка. Прыпынiлiся на краi раўнiны. Астраўкi травы, што цямнелi ў змешаным паўзмроку знiкаючай ночы i напаўзаючага з-за гор дня, засталiся ззаду. Перад iмi раскiнулася леднiковая марэна, кучы камення, здавалася, прасвечвалi праз ваду, якая рухалася. Яшчэ колькi сот метраў уверх - i з'явiўся вецер; ён налятаў кароткiмi парывамi. Людзi крочылi, лёгка пераскоквалi праз невялiкiя камянi, падымалiся на вялiкiя; часам скальная плiта суха стукалася аб iншую, часам кавалачак каменя выстрэльваў з-пад чаравiка i кацiўся па схiле пад акампанемент каменнага розгаласу, нiбыта ўнiзе нехта прачынаўся. Часам рыпеў наплечны рэмень, скрыгаталi падкоўкi на чаравiках; гэтыя скупыя гукi надавалi паходу бачнасць згоды i дакладнасцi, нiбы рухалася з'яднаная адзiным iмкненнем альпiнiсцкая група. Пiркс iшоў другi за Масенай. Было ўсё яшчэ надта цёмна, каб як след разгледзець рэльеф далёкiх схiлаў; Пiркс напружана ўглядваўся ўдалечыню, раз i другi не надта ўдала ступiў нагой, аднак усё ж углядваўся, нiбы хацеў уцячы не толькi ад тых, хто быў побач, але i ад самога сябе, ад сваiх разваг. Ён зусiм не думаў пра Анэля, а толькi механiчна шнарыў поглядам па тых завалах спрадвечных скал, якiя застылi ў поўнай абыякавасцi, дзе толькi ўяўленне чалавека магло ўбачыць пагрозу i выклiк.

Планета мела добра прыкметныя поры года. Экспедыцыя прыбыла ў канцы лета, а зараз горная восень, уся ў чырванi i жаўцiзне, ужо згасала ў далiнах, але, нiбы не зважаючы на лiсце, што iмчала ў пенiстых горных патоках, сонца было ўсё яшчэ цёплае i ў бязвоблачныя днi на гэтым пласкагор'i нават прыпякала. Толькi туманы штораз гусцелi i напамiналi аб наблiжэннi снегу i маразоў. Але тады на планеце не павiнна было заставацца ўжо нiкога; i гэта збялелая каменная пустыня, якую ўявiў сабе Пiркс, раптам здалася яму асаблiва жаданай.

Здавалася, убачыць зрокам, што цемра радзее, было немагчыма, аднак з кожнай хвiлiнай позiрк адкрываў усё новыя абрысы наваколля. Неба ўжо зусiм збялела - яшчэ не дзень, але ўжо i не ноч, нiякiх зорак, дзень пачынаўся так чыста i спакойна, нiбы ўвесь ён быў схаваны ў шар з ахалоджанага шкла. Крыху вышэй яны трапiлi ў паласу малочнага туману, якi чапляўся гнуткiмi шчупальцамi за грунт, а калi мiнулi яго, Пiркс заўважыў яшчэ не асветленую сонцам, але прыкметную ўжо ў ранiшнiм святле мэту iхняга шляху. Гэта быў скалiсты слуп, якi прымыкаў да галоўнага горнага ланцуга, а над гэтым слупам, некалькi сот метраў вышэй, чарнела двухгаловая вяршыня, сама высокая з усiх. На падобнай на булаву вяршынi гэтага слупа Анэлю патрэбна было зрабiць апошнiя замеры. Дарога ў абодва канцы была лёгкая - нiякiх неспадзевак, шчылiн, нiчога, акрамя аднастайнага шэрага асыпку, дзе-нiдзе перасечанага палосамi цвiлi зеленавата-жоўтага колеру. Пiркс усё яшчэ лёгка пераскокваў з адных гулкiх валуноў на другiя, упiраўся ў зусiм чорную на фоне неба сцяну i, можа, таму, што нi аб чым iншым не хацеў думаць, уявiў сабе, што гэта звычайнае ўзыходжанне, як i на Зямлi. I адразу ж iншымi вачыма ўбачыў скалы - сапраўды, можна было падумаць, што мэтай iх экспедыцыi было пакарэнне вяршынi, калi яны iдуць проста да хрыбта, якi цяжка выступае з масы асыпку. Асыпак уздымаўся ля сцяны на адну трэць яе вышынi i канчаўся там навалам заклiнаваных плiт, а ўжо адтуль вялiзная плоскасць iшла ўгару; яна нiбы застыла, ускiнуўшыся ў неба; нейкiх сто метраў вышэй сцяну пераразала iншая горная парода - гэта выходзiў на паверхню дыябаз - чырванаваты, святлейшы за гранiт, ён стужкай неаднолькавай шырынi наўскасяк працiнаў усё крыло абрыву.

На нейкi час вяршыня прыкавала позiрк Пiркса сваёй патэтычнай лiнiяй, але варта было iм наблiзiцца, як з ёй адбылося тое, што звычайна адбываецца з гарой: перспектыва знiкла, распалася на асобныя ўчасткi, якiя засланялi адзiн аднаго, пры гэтым падножжа страцiла сваю пакатасць, высунулася адгор'е, i позiрку адкрылiся бясконцыя тэрасы, падобныя на палiцы выступы, шчылiны, якiя заканчвалiся тупiком, хаосам старых трэшчын, а над усiм гэтым бязладдзем блiшчала сама вяршыня, пазалочаная першымi прамянямi сонца, з дзiўна мяккiм контурам; але нарэшце i яна знiкла, яе засланiлi iншыя; Пiркс ужо не мог адвесцi вачэй ад калоса - так, нават на Зямлi гэтая сцяна была б вартай увагi i намаганняў, асаблiва з-за добра бачнага дыябазавага вала. Ад яго да вяршынi, залiтай сонечным святлом, дарога здавалася кароткай i лёгкай, аднак пэўную цяжкасць уяўлялi казыркi, асаблiва сама вялiкi, якi знiзу блiшчаў ад вiльгацi або лёду, ён быў хутчэй чорны, чым чырвоны, нiбы кроў, што запяклася.

Пiркс даў волю фантазii. Магла ж гэта быць не безыменная вяршыня пад чужым сонцам, а гара, услаўленая альпiнiсцкiмi ўзыходжаннямi, якую не раз штурмавалi, на якой цярпелi паражэнне, гара, якая будзiць у альпiнiста своеасаблiвае пачуццё, падобнае на тое, якое адчуваеш, калi бачыш добра знаёмы твар, дзе кожная маршчынка i кожны шрам маюць сваю гiсторыю. Невялiкiя, ледзь прыкметныя змейкi трэшчын, цёмныя нiцi выступаў-палiчак, дробныя вышчарбiны кожная з iх магла стаць меткай, якой дасягаеш падчас чарговага штурму, месцам працяглых прыпынкаў, маўклiвага роздуму, бурнага нацiску i змрочных адступленняў, паражэнняў, атрыманых нягледзячы на тое, што ўсе тактычныя i тэхнiчныя хiтрыкi былi выкарыстаны, - гара з-за гэтага настолькi злiлася з лёсамi людзей, што кожны альпiнiст, якому яна не паддалася, вяртаўся да яе зноў i зноў з тым самым запасам надзеi i веры ў перамогу i пры новым штурме прымерваў да гладкай скалiстай паверхнi вынашаны ў думках маршрут.

Назад Дальше