Першы ў рукi трапiўся лiсток радыкальнага зместу. Ён прачытаў:
"Наша духавенства i нашы чыноўнiкi.
Цяжка пералiчыць злачынствы нашага духавенства. Нейкi святы ойча прозвiшчам Сэнцюр, выкрыты як змоўшчык супраць урада, абвiнавачаны ў такiх учынках, якiя нам нават няёмка выносiць на людзi, болей таго, западозраны ў тым, што ён - былы езуiт, якi пераўвасобiўся ў сцiплага папа, пазбаўлены сваёй парафii епiскапам па матывах, якiя, як кажуць, аспрэчванню не падлягаюць, i выклiканы ў Парыж для тлумачэння сваiх паводзiн, знайшоў сабе гарачага заступнiка ў нейкiм Марэне, дзяржаўным саветнiку, якi асмелiўся даць гэтаму зламыснiку ў сутане пiльныя рэкамендацыйныя пiсьмы да ўсiх сваiх калегаў, чыноўнiкаў-рэспублiканцаў.
Звяртаем увагу мiнiстра на нечуваную пазiцыю гэтага дзяржаўнага саветнiка..."
Пан Марэн ускочыў як уджалены, адзеўся i кiнуўся да свайго калегi Пэцiпа.
- Ах, гэта вы? - прамовiў той. - Ведаеце, вы проста з глузду з'ехалi пасылаць да мяне гэтага старога змоўшчыка!
Пан Марэн разгублена залепятаў:
- Але паслухайце... Разумееце... Мяне ашукалi!.. Такi прыстойны з выгляду чалавек... Ён нахлусiў мне... Ён подла ашукаў мяне!.. Прашу вас, загадайце сурова пакараць яго! Я зараз напiшу. Скажыце, каму мне напiсаць, каб яго аддалi пад суд? Я дайду да генеральнага пракурора, да архiепiскапа Парыжскага або да архiепiскапа...
I ён прымасцiўся да стала пана Пэцiпа i стаў пiсаць:
"Ваша Вялiкасць, маю гонар давесцi да асобы Вашай Мiласцi, што я аказаўся ахвяраю iнтрыг i ашуканства нейкага абата Сэнцюра, якi пакарыстаўся маiм даверам.
Ашуканы гэтым царкоўным служкам, я..."
Напiсаўшы пiсьмо i паклаўшы яго ў канверт, пан Марэн павярнуўся да свайго калегi i сказаў:
- Вось бачыце, дарагi дружа, хай гэта паслужыць вам урокам: нiколi i нiкому не давайце рэкамендацыйных пiсьмаў!