Шмат не можна, а трошкi - няхай паспытаюць.
Зося адразу выявiла клапатлiвасць новай мацi:
- Але дзе ж гэта малыя?
Агледзела трохi санлiвымi ад гарэлкi вачыма хату i, кiўнуўшы галавою Матыльдзе, вылезла з-за стала. Яна ўжо назвала Матыльду братаваю:
- Хадзем, братавенькая, да малых.
I ўзяла Матыльду пад руку.
У маленькай бакоўцы стаялi два ложкi i памаляваны столiк. Скрозь на сцяне вiсела адзежа, i вельмi было тут цесна.
На ложку сядзела заплаканая Анэта i трымала на каленях малога хлопчыка. Большы сядзеў на другiм ложку, як стары, успёршыся локцямi на каленi i падпёршы iмi твар. Ён наморшчыў лоб, падняў вочы i глянуў на Зосю i Матыльду. Зося пагладзiла яго па галаве.
- Няхай бы ты, сынок, туды, да таты, падышоў.
I Матыльда падышла да яго:
- Можа, ты з'еў бы чаго?
У Анэты зморшчыўся твар. Зося села поплеч з ёю. Матыльда, глянуўшы на яе, сцiснула губы.
- Нешта, мусiць, нездарова, Анэта, што сядзiш тут адна?
Зося прыхiнулася блiжэй да яе i пастаралася паказаць ласкавай усмешкай шчырае спачуванне. Анэта блiжэй прыгарнула да сябе малога. Тады ўскочыла вёрткая Аўгiння:
- Дайце ж сюды сыночка, няхай жа ён да стала падыдзе. Хадзем жа да таткi.
Яна папрабавала сцягнуць з ложка большага.
- Не хачу!
- Чаму? Чаму ж ты не хочаш?
- Не чапайце яго! - жорстка сказала Анэта.
- Чаму? - шчыра здзiвiлася Аўгiння.
- Таму...
Матыльда пастаралася ўлагодзiць усiх, каб спынiць гэтакiя непаразуменнi:
- Няхай бы ты, Анэта, гасцям гарбату падала.
- Добра.
I Анэта выйшла ў кухню. Тады Аўгiння сiлком узяла пад пахi большага i падвяла пад гасцей. Варывон Вiлач паглядзеў на хлапчука:
- Расце, васпане. Расцi, расцi, гаспадаром будзеш.
Аўгiння налiла паўчаркi гарэлкi i дала малому. Той узяў i баязлiва паглядаў на ўсiх.
- Пi, сынок, пi.
Малы нясмела глянуў на айчыма Хведара, як бы баючыся, што той скажа.
- Пi, - сказаў той, нагiнаючыся да Варывона, каб зноў загаварыць пра жаробку.
Усё застолле ўпарта пацвердзiла:
- Пi, сынку.
Малы памачыў губы i скрывiўся.
- Пi, пi.
Малы пацягнуў, белымi худымi рукамi шпарка паставiў чарку назад i моцна закашляўся.
- А-а, трэба было, васпане, разам!
Малы кашляў, цёр кулакамi па твары слёзы.
- Не, жаробкi я, васпане, не дам, - адразу схiлiўся да Хведара Варывон.
- А Зося як сама захоча?
- Мы з ёю, васпане, не дзялiлiся i не сварылiся...
Анэта прынесла гарбату i ўбачыла: малы кашляў, за iм стаяла Зося i трымала на руках меншага. Аўгiння нешта тлумачыла суседу.
- Хоць бы хто адвёў яго ад стала назад. Нашто яго тут трымаць, сказала з пагардаю Анэта.
Хведар ускочыў:
- Чаго ты ўсё бурчыш? Чаго ты дзьмешся, сястрыца, на мяне! Што ты перад людзьмi мне брыдка робiш?
- Цiха, васпане.
- Бо я калi добра, дык добра, а як захаджуся, дык...
Зося занесла ў бакоўку малога i прыйшла назад, збянтэжаная.
- Мне як добра, дык добра, а не - дык я не пагляджу.
- На што ты не паглядзiш?
- На ўсё. За шыю ды з хаты, як жабу. Перад людзьмi гавару.
- Няможна, васпане.
- Каб у мяне тут у хаце!..
Анэта не даслухала, моўчкi пайшла ў бакоўку. Матыльда глянула на Хведара.
- Не крычы, Хведарка, што табе здалося...
Яна, вiдаць, трымала яго руку. Гасцям зрабiлася не па сабе.
- Пускайце, пане Варывоне, чарку.
- Я, васпане, не адказен. Здароў будзь, Хведар.
Але нiякавасць гэтак шпарка не прайшла. Зося пайшла следам за Анэтаю, а за Зосяю Хведар.
- Не варт iсцi, васпане, - зазлаваў раптам, сам не ведаючы з якой прычыны, Варывон Вiлач.
- Ты што гэта? - сказаў Хведар Анэце яшчэ здалёк.
- Вам, можа, што трэба сказаць, братавенькае, цi што...
- Ат, - з'явiлася раптам Матыльда, - што тутака лiшне браць у шух. Калi ўжо на тое пайшло, дык тут жа льга сказаць у адкрытую.
- Але, васпане.
Ён ужо стаяў у дзвярах, вялiкi, плячысты, як гара.
- Панна Анэта, васпанна.
- Я не панна i не васпанна!
- Ого!
- Я вас прашу, iдзiце вы i не чапайце вы гэтых малых! Што яны вiнаваты перад вамi цi перад кiм!
- Ого!
- Што табе не падабаецца?
Анэта закрыла рукамi твар i пайшла. Перад ёю расступiлiся ў дзвярах, далi ёй дарогу. Малыя кiнулiся за ёю:
- Куды ты, цёця!
- Не iдзi!
- А мой сынок, - абазваўся Хведар, - куды ты, чаго ты, хадзi да мяне. Iдзi от да цёцi Зосi, да яе... Гэта ж мама.
- Да мамы iдзi, васпане...
- Цёця Анэ-э-эта, - заплакалi малыя ўдваiх i кiнулiся бегчы.
Анэта ўжо стаяла ў кухонных дзвярах.
- Яны баяцца чужых людзей, - сказала Матыльда. - Анэта, куды ты?
Дзецi сталi каля Анэты.
Хведар iрвануўся.
- Анэта, што гэта?
- А гэта што? - крыкнула Анэта. - Ты думаеш, дзецi нiчога не ведаюць? Ты думаеш, яны не ведаюць больш за цябе? Ты думаеш, яны не бачаць, што ты за бацька? Што каля iх робiцца?! А ты памятаеш, як гэты большы крычаў i людзей ззываў, калi ты бiў яго мацi? Можа, ты яго навек скалечыў гэтым самым. Можа, ён iншым цябе i не можа бачыць, як з узнятым паленам над яго нябожчыцаю маткаю. Можа, тое, што ён убачыў тады, навек сядзiць у яго сэрцы i, колькi ён будзе жыў, нiколi не вытравiцца з яго. Што ты тутака развёў гандаль перад iмi - цераз гэты гандаль i тады сям'ю раскiдаў i цяпер моцнай не зробiш! Як тады было не вяселле, а нейкi гандаль, дык i цяпер тое самае. Не навучыў цябе i астрог; хоць бы ты малых дзяцей пашкадаваў...
- Што ты мяне, гадаўка, сарамацiш перад усiмi людзьмi...
- Я табе гэта i без людзей гаварыла, кожны дзень дзяўбла табе ў галаву, што зноў пасля пачнецца калатня ў хаце, толькi што тады гатова больш сiрат застацца.
- А Божа ж мой, - заплакала Зося.
- Васпане Хведар, што гэта робiцца?
- Цi ты ж не бачыш, што ён цябе бярэ не як жонку, а як пасаг. Яму ж мала, яму ж - ён i сам не ведае, колькi яму трэба, каб утхланiць сябе.
- Анэта!
- Гэты большы - дык, можа, i не дзiва гэта, што ён цябе баiцца. Але тваё дзiцянё - чаго гэта яно ад цябе ўцякае, чаго гэта яно дрыжыць перад табою...
- Ты нагаворваеш дзецям на бацьку, ты сама адбiваеш iх ад мяне!
- Што ты робiш з свае хаты?!
Варывон адцягнуў Хведара да стала i сiлком пасадзiў на лаву. Госцi заварушылiся; Аўгiння выцiскала слёзы i цёрла далонню сухiя вочы. Твар у Матыльды больш яшчэ пажаўцеў, i сцiснутыя губы зрабiлi яго больш худзейшым.
- Дзецi, васпанна, доўга не бачылi яго i яшчэ не прывыклi.
- I не прывыкнуць нiколi. У дзiцячую душу што западзе, нiколi, колькi i жыць будзе чалавек, не вытруцiцца адтуль.
- Дык як загадаеце, васпанна Анэта, брату свайму Хведару: жанiцца яму цi не. Хэ-хэ-хэ! А нам як: пабыць яшчэ тут трохi цi зараз жа выносiцца з хаты?..
- Чаго ж ты маўчыш, сястрыца мая, можа, чакаеш, каб я цябе папрасiў?
Зноў яго сiлком абсадзiлi на лаву.
- Хэ-хэ-хэ, мы не ведаем, што нам рабiць, васпанна.
- Што рабiць? Зараз жа вон адгэтуль усе! Усе зараз жа!
- Божа мой, - залiлася слязьмi Зося, стукнуўшы локцямi аб стол.
Хведар быў белы як палатно. Губы яго сцiскалiся i дрыжалi. Дзецi трымалiся за Анэту i плакалi.
- Ты думаеш пра дзецi цi не?
- Гэта каб падзякаваць, мусiць, мне, што я iду гадаваць чужыя дзецi, закрычала Зося, выбегшы на сярэдзiну хаты.
- Можа, ты i дабра iм хочаш, але як гэта ўсё робiцца!
Варывон Вiлач ужо ўсцягваў на плечы кажух. Але адразу, адумаўшыся, уздыхнуў i сказаў да Зосi:
- Цiха, пляваць на ўсё. - I да Хведара: - Ты тут гаспадар цi хто? Каб гэта на мяне, дык я тут доўга лiшне не глядзеў бы, а адразу...
- Што адразу? - крыкнула Анэта.
- Каб больш я твайго слова не чуў! - кiнуўся да яе Хведар.
- Не, будзеш чуць!
- Дай сюды хлапца. Мой сын, я над iм бацька.
- Ты бацька яго, але не над iм.
Ён адарваў ад яе меншага хлапчука i панёс на руках. Хлапчук немым зайшоўся плачам. Анэта з большым зачынiлася ў кухнi.
Варывон Вiлач усё ж усцягнуў на плечы кажух i падаў вялiкую хустку Зосi.
Лiст
Як два разы жанiўся Хведар Тамiлоўскi, вёска Канатопшчына, Бабелянскага раёна.