Пошуки будучыни (на белорусском языке) - Кузьма Черный 11 стр.


Кастусь i сам стараўся гнаць ад сябе думкi аб нядаўным мiнулым. Праца ўраўнаважвала яго душу. Цяпер ён рыхтаваў немудрашчую Волеччыну гаспадарку да вясны. Льга думаць, што ён, у гэты час свае маладосцi, вельмi мала закiдаў думкi далёка наперад. Вельмi можа быць, што тут i пачыналася яго шчасце: прынамсi цяжкая паняверка не гняла яго душы i не сеяла ў ёй смутку. Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабiў кожны дзень. Так гартавалася i яго дужасць. Ён браў у пунi на плечы цэлы мех збожжа i сумысля праносiў перад вокнамi хаты, каб Волечка бачыла, што ён за чалавек. Тая ж Волечка быццам бы старалася патрапляць яму ў тон: ён не любiў, калi яна бывала нудная:

- Ты зноў расскоглiлася? Баба дурная! Бацька пiсем не шле, а возьме i сам калi-небудзь з'явiцца ў хаце. Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа яна цялiцца скора будзе.

- А хiба я магу пазнаць, калi яна там будзе цялiцца?!

- Дык навучыся пазнаваць, калi хочаш быць добрай гаспадыняй!

А хiба яна хацела цi не хацела быць гаспадыняй? Яна жыла так як жылося. Так жа было i з iм. Яны абое належалi да таго пакалення, якое не ведала сапраўднага маленства. Але затое перад iмi стаяла ўжо iхняя маладосць. А каб хто iм сказаў, што другое пасля iх пакаленне (iх дзецi) ужо i маладосцi мець не будуць, што iх маладосць з'есць чужы прышэлец? Хiба была б у iх вера ў гэта? Яны ж так моцна якраз цяпер пачыналi адчуваць блiзасць усемагутнай маладосцi!

Прыйшла i прайшла вясна. Кастусь узараў усё i пасеяў. Грошы за таго Вольчынага каня ляжалi ў прыскрынку, разам з тым золатам. Прыйшло лета. Удваiх з Волькаю яны жалi дзень пры днi. Ужо аднекуль з лесу цi з саду на ржышча пад свежы сноп заляцеў жоўты лiсток. Першая яна заўважыла яго:

- Глядзi, глядзi, восень! - I ўздыхнула. Ён адагнуўся ад жнiва i сказаў:

- Калi я сюды прыехаў - восень была пазнейшая.

Каб хто бачыў, як яны паглядзелi адно аднаму ў вочы! "Добра, што прыйшла восень. А яшчэ лепш, што ўсё мае свой час". Пасля жнiва ён пачаў угаворваць яе не шкадаваць тых грошай за каня i набраць крамнiны на плацце. Доўга iшлi гэтыя ўгаворы, а нарэшце, ужо-такi ў сапраўдную восень, ён убачыў яе ў новай сукенцы. Гэта праўда, што чалавек упрыгожвае рэчы i свет. Але i яны не так сабе iснуюць навакол чалавека. Трэба было паглядзець збоку, як ён акiдаў яе вачыма! Цяпер нават ён як бы i пабойваўся яе. Яна, сваiм жаночым пачуццём, угадала гэта i старалася быць пры iм у тым старым зношаным адзеннi. А пасля стала ўгаворваць яго набраць i сабе новай крамнiны - грошы яшчэ былi. Як гэта, ён сам не здолее прыадзецца? Гэта не быў пусты гонар. Гэта ён ужо адчуў у сабе мужчыну. Якiя яны аднак жа сталi за гэты нядоўгi яшчэ час! Усю восень ён наймаўся на чужую работу з канём, а ранняй зiмой выфранцiўся сам, купiў ён блучковую хустку i чаравiкi i пачаў саромецца глянуць ёй у вочы. I зноў было нядобра. Яна адчувала, што яна першая павiнна нешта такое сказаць цi зрабiць, каб усё зноў стала на сваё месца. Але як i што? Гэта была пакута. Надыходзiла новая пара ў iхнiм жыццi. Яны не спяшалiся ёй насустрач. Яно само ўсё iшлося, а яны мелi радасць ад свае кожнадзённасцi. Зноў вясна, зноў ён араў i сеяў. Пасля вясны будзе лета... Так i новыя падзеi прыйшлi. Канчалася вайна, а з-пад Сумлiч згiнулi паны. Кастусь вазiў з панскага лесу дрэва не таму, што надумаўся на месцы старой Нявадаўскай хаты або дзе iнакш будаваць новую, а таму, што ўсе вазiлi дрэва. Ён складаў яго на вулiцы, i к лету перад вокнамi Нявадаўскай хаты навалена было бярвення да самых гэтых вокан. Так ён пакiнуў быць выгнанцам i бяздомнiкам i стаў тубыльцам тут. Ужо яму здавалася, што нiколi i не было такога часу, што ён жыў дзе-небудзь iнакш. Поле добра радзiла. Нават ужо i клянок, пасаджаны iм дзеля забаўкi на Нявадавым двары ў першы год прыезду сюды, рос i ўкараняўся. Прыйшло юнацтва i сталасць натуры. Волечка была ўжо мажная i павальнейшая ў рухах.

I калi ён называў яе не "Волька", а "Волечка", яна чырванела i бянтэжылася. Тым жа летам гэтая саромлiвасць памiж iмi дайшла да найвышэйшага свайго пункта. Цi не сам лёс прывёў яго сюды, каб ён дзеля яе i клён каля бацькаўскай хаты пасадзiў, i поле ратаваў ад дзiкай травы, i падтрымаў яе ў тым яе адзiнокiм сiроцтве, i сам пачаў тут станавiцца на ногi? Нашто ж было iм дзе-небудзь iнакш шукаць тае невядомасцi замест ужо знойдзенага шчасця? Канчалася лета. I хоць далёка яшчэ было да верасня месяца, але зорная ноч была падобна на тую, калi ён тады прыехаў сюды. Абое яны стаялi моўчкi каля свае хаты i як бы слухалi цiшыню. Калi яго рука злавiла яе плячо, яна хiстанулася да яго, як бы цвёрда ведаючы, што вызначанага не пераступiш i што ёй не можна быць далёка ад яго. I абодвум iм жыццё стала вялiкiм шчасцем.

II

Зiма ў тысяча дзевяцьсот дваццатым годзе пачыналася вельмi рана. Ужо ў пачатку лiстапада станавiўся сухi холад, а пад сярэдзiну таго ж месяца нападаў змёрзлы i сцёрты ветрам на муку снег. Сухiя вятры дзьмулi да канца лiстапада. Скрозь у полi снег пазганяла ў лагчыны i прыдарожныя рыштокi. Поле асталося голае, толькi дзе-нiдзе прыснежанае, скрозь тырчэла пачарнелае ржышча i месцамi нават з крохкiм зяленiвам не з'едзенай жывёлай i высушанай марозам травы. Дзiўная пачыналася зiма ў гэтых месцах. Бярозавы гасцiнец, што iшоў цераз Сумлiчы з усходу на захад, ляжаў пад снегам, але на два крокi ў бок ад яго былi голыя палявыя прасторы з iржэўем i раллёй i жоўтыя з зеленаватым адценнем паплавы. Рэчкi цяклi пад чыстым лёдам, i праз яго свiцiлася жвiрыстае дно i багавiнне з вечным сваiм павольным рухам. Сонца свяцiла цэлымi днямi, i водблiск яго на голым полi будзiў успамiны аб былым зiхаценнi летнiх дзён. Ад Сумлiч на захад гасцiнец праходзiў праз дробны горад Нясвiж. Памiж Сумлiчамi i Нясвiжам па гасцiнцы ёсць яшчэ некалькi мястэчак, i апошняе з iх к Нясвiжу - Цiмкавiчы. На сярэдзiне ж дарогi памiж гэтым мястэчкам i Нясвiжам стаяла тады старая карчма, як i належыць ёй, з стадолай i прасторнай хатай на падлозе i з бакоўкамi. Карчма стаяла пры самым гасцiнцы на ўездзе ў сяло Кукавiчы i называлася "Кукавiцкая карчма". У першыя месяцы пасля мiру з Польшчай (зiмою 1920 i 1921 гг.), пакуль не вызначана была i не адзначана цвёрдая лiнiя гранiцы з Польшчай, гэтая карчма была тым пунктам, на якi арыентаваўся кожны, хто хацеў цвёрда дазнацца, дзе Савецкая зямля, а дзе ўладаннi Польскай дзяржавы. Калi па гасцiнцы ты ступiш ад карчмы крок на захад, дык апынiшся ў Польскай дзяржаве, а крок на ўсход будзеш на Савецкай зямлi. Тады не было яшчэ нi пагранiчнiкаў, нi пагранiчных заставаў i можа нават i цвёрда вызначанай дзяржаўнымi планамi засылкi шпiёнаў. Хто ведае з нас, простых людзей. Можа тады аб гэтым толькi пачыналi думаць у мiнiстэрскiх кабiнетах. А ўрэшце - за факты не паручуся, чаго не ведаю, таго не скажу. Такiя словы як "шпiён", "дыверсант", "кантрабандыст" тады яшчэ ў гэтай мясцовасцi не ўбiлiся ў вушы народа. Што ж наогул да эўрапейскiх народаў, то гарадскiя малатабойцы i сталявары, механiкi i слесары, шаўцы i пекары, i сельскiя земляробы ў той час або з радасцю варочалiся дадому, або яшчэ марылi аб гэтым. У нашы днi спрабавала забытаваць пропаведзь, што кожны народ любiць вайну. Горкая практыка паказала, што ваяўнiчае геройства народа нараджаецца i выпрацоўваецца не ад замiлаванасцi да рэк крывi на полi вайны, а ад неабходнасцi сцерцi з твару зямлi такую погань, якая ў нашы днi ў вобразе Гiтлера заявiла, што нармальны стан мужчыны вечна быць у вайне. Гэтая пропаведзь спазнiлася на мiльёны год. Што ж да скопiшча тых валасатых нашых продкаў, якiя яшчэ мелi пляскаты лоб i вечна ваявалi адзiн з адным, каб адзiн аднаго есцi нават без перцу i солi, то нават далучыўшы да iх усё гiтлераўскае войска, наўрад цi льга назваць усё гэтае зборышча народам.

Назад Дальше