Не гуляйце каля статуи Свабоды (на белорусском языке) - Орлов Владимир Григорьевич 4 стр.


Цяпер у кампанii чатырох цi пяцi котачак ён вядзе бiтву за ўраджай на сваiм летнiку.

Цярусiць дождж, пад якiм адбываецца мая разьвiтальная праходка па бульвары Брывiбас. Каля манумэнту Свабоды мокра й пустэльна. Сёньня нiхто не патрабуе тут, як колькi дзён таму, гнаць зь Вярхоўнага Савету ягонага старшыню Анатоля Гарбунова - за тое, што ягоны бацька беларус; турнуць прэм'ера Годманiса, у якога дзядуля быў жыдом; даць пад зад мiнiстру замежных спраў Юркансу - за тое, што паводле пашпарту паляк; крыкнуць "Visо gеrо!" цяперашняму старшынi НФ Латвii летувiсу Ражукасу... Сёньня пiкетчыкi нацыянал-радыкалаў маюць, як i астатнiя грамадзяне, законны выхадны.

На пэроне мне на момант мроiцца, што цягнiк "Рыга-Менск-Гомель" ходзiць ужо толькi ў адным кiрунку. Я пераконваю сябе, што ўсё гэта - проста восень. Ляжа сьнег, загарыцца рэкляма, i Рыга зноў будзе ранейшая.

Праз гадзiну наш трансэўрапейскi экспрэс спыняецца на памежнай станцыi i, мне ставяць у пашпарт пячатку, што я пасьпяхова пакiнуў сувэрэнную Латвiйскую Рэспублiку.

Цяпер можна выцягнуцца да самага Менску на вагонным палку, каб прысьнiць мора, загадкавую Люку з халоднай гронкаю рабiны, абрабаванага амэрыканскага пасла, Вячкаву майстэрню i майго аднаклясьнiка Вiцю Скрыпкiна, якi быў вечным няўдачнiкам, пакуль ня зьехаў летась у Пiцер i не зрабiўся там мiльянэрам...

I ўвесь час у сьне мяне ня будзе пакiдаць трывожнае чаканьне: вось зараз зьлятуць са сьпiчакоў рыскiя пеўнi i возьмуцца дружна дзяўбсьцi мяне ў тое самае несамавiтае месца нiжэй сьпiны, бо няма ўва мне анi кроплi латыскае крывi, а ёсьць адно беларуская, ды яшчэ й разбаўленая кропляю цыганскай...

Кастрычнiк, 1992 г.

Назад