Падзенне (на белорусском языке) - Камю Альбер 4 стр.


I я нiколi не шкадаваў, калi мне трэба было расстацца з нейкаю рэччу або пэўнаю сумай грошай. Наадварот - я знаходзiў у гэтым трывалыя ўцехi, не сама меншай з якiх была лёгкая меланхолiя, што нараджалася ўва мне, калi я прадбачыў бясплённасць сваiх дароў i верагодную няўдзячнасць, якую яны напаткаюць. Я настолькi любiў даваць, што ненавiдзеў, калi гэта трэба было рабiць з нейкага абавязку. Педантычнасць, дакладнасць у справах, што маюць дачыненне да грошай, мяне заўжды прыгняталi, i я падпарадкоўваўся iм з вялiкаю прыкрасцю. Я хацеў адчуваць сябе адзiным гаспадаром сваёй дабрадзейнасцi.

Усё гэта, вядома, толькi дробныя штрыхi да маёй бiяграфii, але яны дапамогуць вам зразумець, якую трывалую асалоду я знаходзiў у сваiм жыццi i асаблiва ў сваёй прафесii. Быць, напрыклад, перастрэтым у калiдоры Палаца правасуддзя жонкай якогась падсуднага, якога ты абараняў толькi ў iмя справядлiвасцi або праз шкадаванне, што значыць-бясплатна; пачуць, як гэтая кабета лапоча, што нiчым, далiбог, нiчым нельга выказаць, якую паслугу зрабiў ты iх сям'i; адказаць, што iначай i быць не магло, любы iншы зрабiў бы таксама, прапанаваць нават грашовую дапамогу на першыя цяжкiя днi, а потым рэзка спынiць яе сардэчныя падзякi, каб захаваць iх чыстае гучанне, пацалаваць нябозе ў руку i сцiпла знiкнуць - гэта, паверце, шаноўны пане, i ёсць дасягнуць той вышынi, на якую вульгарная прагнасць да славы не здольная, гэта значыць - узбiцца на тыя вяршынi, дзе дабрачыннасць жывiцца ўжо толькi самою сабой.

Але спынiмся на гэтых вяршынях. Вы цяпер разумееце, што я хацеў сказаць, калi гаварыў, што цэлiў вышэй. Я меў на ўвазе менавiта гэтыя вяршынi адзiныя, на якiх я мог жыць. Сапраўды, мне пачувалася добра толькi тады, калi я быў на вышынi. Нават у сама нязначных жыццёвых сiтуацыях я адчуваў патрэбу быць вышэй. На аўтобусе я любiў ездзiць больш, як на метро, на брычцы - больш, як на таксi, жыць на верхнiм паверсе мне падабалася больш, як на нiжнiм. Я быў вялiкi аматар спартовых самалётаў, любiў, каб усё неба было адкрыта над маёй галавой, i на параходах заўсёды гуляў на верхнiм памосце. Я ўнiкаў цяснiн у гарах, лез на перавалы, на ўзгор'i, а калi i пагаджаўся на раўнiну, дык яна мусiла быць, прынамсi, высакагорная. Каб мне па волi лёсу давялося выбiраць памiж прафесiямi токара i страхара, будзьце спакойны, я выбраў бы стрэхi i не адчуваў бы галавакружэння. Скляпы, сутарэннi, безданi, пячоры абуджалi ўва мне жах. Я нават адчуваў нейкую асаблiвую нянавiсць да спелеолагаў, якiя мелi нахабства друкаваць свае артыкулы на першых палосах газет. Iх поспехi выклiкалi ў мяне агiду. Iмкненне залезцi пад зямлю на глыбiню ў восемсот метраў з рызыкай, што табе зацiсне галаву ў нейкай каменнай лёсе (цi "сiфоне", як кажуць гэтыя ўтрапёныя вар'яты), здавалася мне подзвiгам, вартым людзей з ненармальнай, хваравiтаю псiхiкай. У гэтым было нешта заганнае.

Зусiм iншае - натуральная тэраса на скале вышынёю ў пяцьсот - шэсцьсот метраў, над морам, што плёскаецца ўнiзе, залачонае сонцам. Тут мне заўжды дыхалася лёгка, асаблiва калi я быў адзiн, над усiм чалавечым мурашнiкам. Я добра тады разумеў, чаму ўсе вялiкiя казанi, прароцтвы i цуды рабiлiся на вяршынях. Па-мойму, чалавек не здольны мыслiць у склепе цi ў вязнiцы (хiба што яна будзе на вежы, адкуль вiдзён увесь абшар); там не мысляць - там пакрываюцца цвiллю. I я выдатна разумеў таго чалавека, якi, пастрыгшыся ў манахi, убачыў, што акно ў яго келлi выходзiць не на шырокi краявiд, а на глухую сцяну, i адразу скiнуў з сябе клабук. Што ж да мяне, дык тут ужо можаце быць упэўнены - я не цвiў. Штогадзiны, штодня, сам-насам i на людзях я караскаўся да вяршынi, я запальваў там зыркi агонь i прыслухоўваўся да радасных прывiтальных крыкаў, што неслiся знiзу. Вось так я цешыўся жыццём i сваёй дасканаласцю.

Мая прафесiя, на шчасце, спрыяла майму iмкненню да вяршынь.

Яна пазбаўляла мяне горкай крыўды на маiх блiзкiх, якiм я заўсёды рабiў паслугi, але нiчога не быў вiнен. Яна ставiла мяне вышэй за суддзяў, якiх я сам судзiў у сваю чаргу, i вышэй за падсудных, якiх я прымушаў быць мне ўдзячнымi. Заўважце, шаноўны, што сам я жыў бяскарна. Мяне не датычыў нiякi прысуд, мяне наогул не было на судовым памосце - я лунаў недзе там, пад скляпеннем, як багi ў антычным тэатры, якiх адмысловай машынай спускалi, каб надаць дзеi патрэбны кiрунак i сэнс. Урэшце, жыць на вяршынi - пакуль што адзiны сродак, каб цябе заўважыла i ўшанавала як мага большая колькасць людзей.

Некаторыя з маiх мiлых злачынцаў iшлi на забойства, кiруючыся менавiта гэтаю думкай. Чытанне газет у тым незайздросным становiшчы, у якiм яны былi, вядома, давала iм слабае суцяшэнне. Як i большасць людзей, яны не маглi болей вытрываць сваёй невядомасцi i з такой нецярплiвасцю iмкнулiся хутчэй быць заўважанымi, што часам гэта штурхала iх на сумныя крайнасцi. Каб зрабiцца вядомым, увогуле, досыць забiць кансьержку ў сваiм пад'ездзе. Але, на няшчасце, гэта хутка мiнучая слава, бо - надта ўжо многа кансьержак сапраўды заслугоўваюць i дастаюць нож у спiну. Толькi злачынства стала трымае галоўную ролю на сцэне, а злачынца - злачынца ўзнiкае на ёй на iмгненне, i адразу падмяняецца iншымi. I за такi кароткi трыумф яму даводзiцца нарэшце вельмi дорага заплацiць. А вось абарона нашых няшчасных шукальнiкаў славы прыносiла мне якраз сапраўдную вядомасць, прычым у той жа час i ў тым самым месцы, але намнога болей эканамiчнымi сродкамi. Гэта натхняла мяне рабiць усе вартыя ўхвал намаганнi, каб яны заплацiлi як мага меней; бо часткова яны плацiлi i за мяне. Шчырае абурэнне, талент i гарачыя пачуццi, якiмi я шчодра аздабляў свае прамовы, былi той кампенсацыяй, якая пазбаўляла мяне ўсякiх даўгоў перад iмi. Суддзi каралi, асуджаныя выкуплялi сваю вiну, а я, свабодны ад усiх абавязкаў, бяскарны i непадсудны, - лунаў на волi, асветлены райскiм праменнем.

Ну сапраўды, пане, цi ж гэта не рай - такi непасрэдны кантакт з жыццём? А я жыў менавiта так. Вучыцца жыць мне не даводзiлася нiколi. Тут мне ўсё было ясна ад самага нараджэння. Ёсць людзi, у якiх галоўная праблема - унiкнуць падобных да сябе цi, прынамсi, неяк ужыцца з iмi. У мяне ж ужыўлiвасць была прыроджаная якасць. Калi трэба, я мог быць маўклiвы, калi трэба - па-сяброўску гаваркi, я мог паводзiць сябе бесцырымонна або паважна, але заўсёды трымаўся так, як вымагалi таго абставiны. Таму папулярнасць мая расла i буйнела, i я ўжо збiўся з лiку сваiх перамог у сама розных кампанiях. Я быў даволi прыгожы з твару, лiчыўся за нястомнага танцора i сцiплага эрудыта, любiў адначасова i жанчын, i правасуддзе - што, памiж iншым, не так ужо лёгка спалучаць, - я займаўся сама рознымi вiдамi спорту, цiкавiўся выяўленчым мастацтвам, паэзiяй, музыкай, карацей кажучы... тут я мушу спынiцца, каб вы не западозрылi мяне ў самалюбаваннi. Але ўсё-такi, уявiце сабе мужчыну ў росквiце сiлы, поўнага здароўя i шчодра надзеленага сама рознымi талентамi, аднолькава добра спрактыкаванага i з пункту погляду фiзiчнага, i iнтэлектуальнага, якi не ведае, што такое бяссоннiца, i цалкам задаволены сабой, але выяўляе гэта адно праз сваю шчырую таварыскасць да iншых. Вы мусiце пагадзiцца, што нават пры ўсёй сцiпласцi я маю права сказаць, што жыццё ў мяне складвалася ўдала.

Сапраўды, мала хто жыў такiм натуральным жыццём, якiм жыў я. Я прымаў яго такое, як яно ёсць, цалкам, не адмаўляючыся нi ад яго дзiвацтваў, нi ад яго вялiкасцi, нi ад яго рабскiх абавязкаў. У прыватнасцi, усё плоцевае i матэрыяльнае, цi, карацей кажучы, - усё тое, што належыць да фiзiчнай сферы жыцця i так часта бянтэжыць цi вядзе да разгубленасцi многiх людзей у iх каханнi або адзiноце, прыносiла мне заўжды толькi ўцехi. Але я не быў сляпым рабом свайго цела. Яно было натуральнай, неадрыўнаю часткай майго iснавання.

Назад Дальше