Млечны Шлях (на белорусском языке) - Кузьма Черный 10 стр.


Якое шчасце! - Аж скалынуўся я ўвесь. Такога выпадку доўга чакаць прыйдзецца. Я падышоў блiжэй да немца. Я азiрнуўся. Шчасце! Нiкога няма. Я хапiў яго за горла. I пасля доўгiх месяцаў смутку ўвесь свет напоўнiўся маею радасцю, калi я адчуваў i бачыў, як немец канае, сцiснуты за горла маiмi рукамi. Я лёг i папоўз за агароджу. Праз кiламетраў два я ўстаў i пайшоў. Я хiстаўся ў бакi ад слабасцi, i ў вачах маiх зямля як бы падала ў бяздонне. Але я iшоў. Звечара было цямней, а надпоўнач стала зорнае неба i вiсеў месяц, хоць неўзабаве ён знiк. Млечны Шлях iшоў праз усё неба. Я глядзеў на зоры i ўзяў кiрунак на ўсход. Бо лагер ваеннапалонных быў далёка на захадзе. I ў гэтыя гадзiны пачатку свае вялiкай дарогi я ўсё бачыў перад сабою вобраз той дзяўчынкi. Я думаў, што яна павiнна радзiцца ў мяне на свет, каб уведаць, што свет вялiкi, вольны, шчаслiвы, радасны, i нiякай казармы ў iм не будзе чалавеку, i што жыць на свеце - гэта значыцца, мець шчасце. I яшчэ дзеля чаго павiнна нарадзiцца яна, гэта каб перадаць сваiм ужо дзецям маю нянавiсць да немцаў, тупой, iлжывай, бессардэчнай, бесчалавечнай нацыi, якая вечна прысвойвала сабе чужое i цяпер надумалася абвясцiць сябе лепшай за ўвесь свет. Таўстаморды немец трымаў бы ў казарме маю дзяўчынку. А яна родзiцца на доўгi шчаслiвы век. Я яе адчуваю. I мне здаецца, што гэта ты i ёсць, Гануся.

У палон я трапiў, калi немцы забралi былi Смаленск. Мяне завезлi далёка. Што ж! Гэта былi першыя месяцы вайны. Немцы лезлi наперад. Мы адступалi. Надзея пачала меркнуць. У лагеры мы чулi толькi тое, што ўжо няма нашай Радзiмы. Я доўга iшоў на ўсход. I не ведаў нiчога, што робiцца. Я туляўся глухiмi закуткамi. Я абыходзiў гарады i мястэчкi. Усюды нямецкая варта вымагала дакумантаў. Але i з дакумантамi такiх, як я, гналi ў Германiю. Нарэшце я ўвайшоў у мясцовасць, дзе толькi пажарышчы. Я ведаў, што недзе тут павiнна быць Маскоўска-Варшаўская шаша. Яна прывяла б мяне пад Слуцак, у тым баку жыве мая мацi. Я далёка зайшоў на ўсход стараною i цяпер па шашы крыху вярнуўся б. Я ўжо дайшоў да страты апошнiх сiл. Iх я пачаў трацiць яшчэ ў лагеры, дзе на мне вазiлi ў бочцы ваду i я, упрэжаны ў аглоблi, з пякучым болем у плячах, думаў аб той дзяўчынцы, якая не павiнна была б ведаць аб яснай шырынi свету. Мая нянавiсць да фашыстаў роўная майму замiлаванню да мае мацi, якая недзе, можа, i жыве на Случчыне. Я нiколi не памiруся з тым, што можна забыцца i дараваць хаму, якi прывалокся i наступiў ботам табе на горла. Немец i чалавек. Вось яны два, адзiн аднаму напроцi. Калi нам суджана пабiць немцаў i калi мы пашкадуем iх, збiтых, i будзем гаварыць, што i яны людзi, то хто так можа гаварыць, калi я не дарую! Хiба можа яны ўсе, уся нацыя, так, як рабiлi некалi вялiкiя злачынцы, каючыся, адзенуць на сябе адзежу з зрэбных мяхоў на цэлае стагоддзе i самi аддадуць усе сiлы, каб узрасцiць у шчасцi тое пакаленне ў чалавецтве, якое ў сваiм маленстве зазнала на сабе нямецкi бот. Тады хiба можа я згаджуся на тое, каб зноў назваць немца чалавекам.

Я аслабелы i галодны бадзяўся, пасля чатырох цi пяцi месяцаў гэтага жудаснага вандравання i спаткаў вось яго (ён паказаў на печ, дзе самы старэйшы з усiх калываўся, звесiўшы ногi). Ён быў яшчэ горшы за мяне. Калi я яшчэ сяк-так iшоў, то ён, здаецца, падаў. Можа ён яшчэ i мог бы мацнейшы быць, але ж ведаў ён, што гiне, i гэта пабольшвала яго блiзасць да гiбелi. Я колькi бачыў чалавечай гiбелi, то яшчэ гэтакага страшнага чалавечага вобраза не бачыў. Здаецца, на яго сагнутых плячах сядзела смерць i пагойдвалася ў тахту яго вялай хады. Я, калi ўбачыў яго, забыўся быў i на свае пакуты. Сэрца маё сцiснулася ад жалю. Ён пачаў гаварыць, i я пачуў, што гэта немец. Я сцiснуў зубы. Я ж нядаўна яшчэ выбраўся з аглабель! Страшная мара аб няшчаснай дзяўчынцы ўладала мной тады вельмi моцна. Душа мая гнала вон усялякае спачуванне.

Гэта была новая мая пакута: бачыць чалавека перад пагiбеллю i ў няшчасцi i не мець сiлы выйсцi з чорствасцi i халоднасцi! Я ўзненавiдзеў яго за тое, што ён прывалокся на маю родную зямлю, адабраў у мяне радасць, загнаў мяне ў аглоблi i не дазволiў мне быць i далей мяккiм i добрым, лiтасцiвым i лагодным перад чужой пакутай. Мы пачулi, як недзе непадалёку зарыкаў бык, i адчулi ў гэтым свой ратунак ад голаду. Гануся! Каб ты толькi ведала, да якога шчасця я дажыўся, калi ўбачыў газету. Да мяне вярнулася ўсё, што я страцiў. Гэта ж зусiм можа быць, што мацi мая жыве i я яшчэ ўбачу там, на Случчыне, чатыры высозныя вязы цераз вулiцу ад нашага дома, насупроць вокан. Гэтыя чатыры дрэвы былi маiм смуткам, калi я быў у тым маiм вялiкiм няшчасцi. Пад iмi i цень у спёку лагаднейшы, i на iх лiсце шумiць, як вечная музыка. Здаецца, нi на якiм iншым дрэве на свеце не пахне так кара, як на iх. Упершыню гэты пах я пачуў так, што ён астаўся iснаваць для мяне назаўсёды, гэта калi мне было год можа тры цi чатыры. Быў час пасля дажджу, i была восень. Ранняя восень. Бо ў мяне ў памяцi два жоўтыя лiсткi на адным дрэве, а ўсё каля iх зелена. Усё мокрае, i свецiць сонца. Сонца заходзiць. Захад як агнём гарыць, i мацi мяне вядзе за руку пад тымi дрэвамi. Пад тымi ж дрэвамi насустрач iдзе чалавек. Хто гэта быў i якi ён не асталося ў памяцi. "Пiсьмо", - сказаў ён, паказваючы пiсьмо.

- Ад яго? - з трывогай i надзеяй сказала мацi. "Ён" - гэта быў мой бацька, i быў ён тады на вайне. Ад яго не было пiсем ужо нешта з год. Гэта я пасля ўжо ўсе гэтыя дакладнасцi ўведаў.

- Не ад яго, а пра яго, - сказаў чалавек.

Гэты момант астаўся ў маёй памяцi навек. Мацi збялела як палатно. "Забiты?" - прыглушаным голасам запытала яна. Чалавек кiўнуў галавой i сказаў: "Памёр у шпiталi". "Сiрата мая малая навек", - скалынулася мацi i ўзяла мяне на рукi. Вялiкая трывога напоўнiла ўсю маю iстоту. Гэта было дзiцячае адчуванне вялiкага гора. I адно, што напаўняла сабою ўвесь свет, гэта пах мокрай кары на тых дрэвах пасля дажджу. З таго часу на ўсё жыццё пах мокрай кары так жа важан мне, як i ўсход сонца, як i лета пасля вясны, i вясна пасля зiмы.

Тады праходзiлi першыя месяцы пасля канца вайны з палякамi, а бацька мой яшчэ ўмiраў у шпiталi. Тымi гадамi канчалася i маладосць мае мацi. Калi не з таго часу, то з пазнейшых год, але я памятаю запозненыя водблескi маладосцi свае мацi. Яна была заўсёды жвавая i задумёная. Мне заўсёды здавалася, што яна спяшае скончыць нейкую справу, а як кончыць гэтую, дык спяшае пачаць новую. Яна часта гаварыла мне, што мой бацька быў вельмi здаровы, дужы i здольны чалавек i вельмi любiў музыку. У яго былi светлыя вусы i густыя валасы. Але сам я не памятаю яго. Прайшлi месяцы, i пайшлi год за годам. Мацi мая станавiлася павальнейшая i скупейшая на слова. Яна ўвайшла ў вялiкi клопат. Гэта быў час такi, што ўсе абнаўлялi сваё жыццё. Калi я цяпер успамiнаю той час, то мне думаецца, што тады ў поўнай меры спраўдзiлiся словы вялiкай песнi. Тады хто быў нiчым, той станавiўся ўсiм. Кожны прыбiты жыццём i абязвечаны чалавек паднiмаў галаву i глядзеў далёка наперад. Пачаў ён дбаць не толькi аб адным днi, а аб усёй сваёй шырокай будучынi. Людзi будавалiся i бралi зямлю; зменшылiся клопаты аб хлебе i вопратцы, i дбайнасць пайшла аб вялiкiм спосабе на ўсё жыццё дзецям i ўнукам на будучыню. У такi час я вырас. Мацi плакала, што бацька не дажыў да той пары. Вялiкi клопат быў яе такi, што яна, адзiнокая, не хацела астацца ад усiх. Яна задумала будаваць дом на месцы нашай старой хаты, i стала натурай упартая i энергiчная. Лесу тады было колькi хочаш, i пляц тады льга было ўзяць якi i дзе хочаш, але яна прагла таго, каб дом стаяў на тым самым месцы, дзе i хата. Справа была такая, што мой бацька быў у яе ў прымах, а ў той хаце яна i радзiлася, i вырасла. Да таго месца яна была прывязана душой змалку дзён.

Назад Дальше