Я навуковы работнiк Беларускай акадэмii навук. Завуся я Мiкалай Сямага. А маладосць мае мацi скончылася яшчэ на пачатку iмперыялiстычнай вайны, а мусiць i раней. Мне тады было шаснаццаць цi семнаццаць год. I радзiўся я ў гэтай самай хаце.
Ён шаптаў паволi i цiха, слова за словам. Гэта было апавяданне чалавека, якi хацеў бы ператварыць сваё апавяданне ў споведзь перад кiм шчырым, магутным, вялiкiм i разумным. I ў гэтага ў сэрцы вялiкае месца займала мацi. Вельмi можа быць, што сталасць год i вялiкая скруха павярнулi на момант яго душу позiркам у юнацтва i маленства, i там паўстаў яе вобраз, яго радасць i яго смутак. Маладосць яе скончылася перад той яшчэ вайной. Юнацтва яе прыпала на часы перад першай рэвалюцыяй. Яна была родам з мястэчка Смальян, дачка беззямельнага рамеснiка. Тым часам беззямельны шукальнiк спосабу жыць, нейкi Кастусь Сямага з мястэчка Абчугi, цяслярыў месяцаў са два ў Смальянах - нехта з смальянскiх балаголаў ставiў сабе хату. На трэцiм месяцы свайго цяслярства ў Смальянах Кастусь Сямага ўзяў замуж вясёлую смальянку, дачку беззямельнага рамеснiка. На другiм жа месяцы пасля вяселля ён з маладой жонкай падаўся ў свет: маладажонская ўцеха ўцехаю, а клопат аб блiзкай будучынi - таксама меў тут месца. Гэтая маладая пара занадта ўжо сталым парадкам, i адразу, задумалася аб тым, што пойдуць дзецi i як жа будзе iм жыць тады? Адзiн год Кастусь Сямага быў леснiком недзе каля Талачына. На другi год ён астаўся за панскага парабка недзе каля Дуброўны, i нешта там не ўбыў доўга i адразу апынуўся каля Крычава. Здарылася так, што ў адным вялiкiм сяле, зусiм ужо не блiзка ад Крычава, але недзе ў тым баку, памёр сярэдняй заможнасцi чалавек i пакiнуў гараваць на гэтым свеце жонку з дачкою. Зямля была, i хата была, але што ж! Бабскiя i сiрочыя рукi! Дачка была яшчэ недарослая. Хата тая стаяла акрай сяла i на адлегласцi ад яго. Кастусь Сямага ўгаварыўся з удавою, што ён будзе рабiць ёй зямлю i весцi гаспадарку, а сам брацьме за гэта палавiну ўраджаю i зойме кут у хаце. Такiм парадкам ён стаў i палавiчнiкам, i кутнiкам. Гэта i была тая самая хата, у якой цяпер i сабралiся ўсе гэтыя людзi, хворыя, аслабелыя, уражаныя бядою i пошукамi, можа нават не так радасцi, як ратунку. Каля гэтай хаты быў вельмi блiзка малады лес, без падлеска. А стары i вялiкi лес быў далей, але таксама блiзка. Акрай маладога лесу i з'явiлася цяпер магiла маладой нябожчыцы. Вось як усё адбывалася i дайшло да гэтых цяжкiх дзён. Кастусь Сямага год дзесяць быў палавiчнiкам у тае ўдавы. А тады ўдава памерла, а дачка вырасла i пайшла замуж у тым жа сяле. Палавiчнiка ўжо не трэба было. Малады яе муж сам узяўся за зямлю. Але хата магла б запуставаць. Кастусь Сямага i адкупiў хату ў маладой кабецiны, былой свае гаспадынi. Узяў хату на выплату, штогод выплачваў наступную рату, i так выплата расцягнулася на многа год. Ён зноў узяўся за цяслярства, за сталярства, за грабарства. Яшчэ на першым годзе яго жыцця тут радзiўся ў яго сын Мiкалай, а праз два гады дачка Вера. Больш дзяцей не было. Можа гэта i стала прычынай таго, што ён свайго Мiкалая, адзiнага сына, анiяк не прыцiскаў да работы, а стараўся даць яму асвету. На другiм годзе iмперыялiстычнай вайны ён павёз сына ў Рагачоўскую настаўнiцкую семiнарыю, але нешта там не ўдалося яму астацца вучыцца. У тыя ж самыя днi ён апытаў i выслухаў, што за Менскам у Нясвiжы ёсць настаўнiцкая семiнарыя. Адразу ж ён i паехаў туды з сынам. У Менску яны перабралiся з аднаго вакзала на другi i выехалi далей на захад. З мяшкамi за плячыма, яны iшлi пехатой трыцаццаць вёрст ад станцыi Гарадзеi да Нясвiжа, i праз колькi дзён Кастусь Сямага ўзрадаваўся душой: сын яго Мiкалай астаўся вучыцца. З таго часу i на доўгiя годы Мiкалая Сямагу агарнула думка, што ён праз усё жыццё будзе настаўнiкам i дзе-небудзь у глухiм месцы, каб не адрывацца ад прыроды.
Гэта выпрацоўвалася натура простая i непасрэдная. Праз год памёр яго бацька, а яшчэ праз год адбылася Вялiкая рэвалюцыя. У васемнаццатым годзе ў Нясвiжскай семiнарыi склаўся "Гурток патрыётаў беларускай культуры", старшынёй якога быў семiнарыст... з Мiкалаеўшчыны. Мiкалай Сямага паехаў у тым годзе на лета дадому пераконаным у тым, што "годзе ў полi, ў лясах ты, старонка мая, сiратой начавала забытаю". Ён год не быў дома i знайшоў там вялiкiя змены. Вера! Як яна вырасла! А мацi вельмi пастарэла. За тое лета ён душой зблiзiўся з Верай i заўважыў на матчыным твары пячаць нейкага натхнёнага ўздыму. Бывала, сонца яшчэ толькi ўзыдзе, а яна ўжо iдзе з сярпом або з граблямi роснай сцежкай i як бы штосьцi гаворыць сама сабе.
- Аб чым ты думаеш? - запытаў ён раз яе.
- Я думаю - якi лёс будзе ў жыццi табе i Веры, - адказала яна, i ён уведаў праз гэтыя яе словы сiлу матчынай душы i вялiкасць яе сэрца. Зiму польскай акупацыi дзевятнаццатага года ён пражыў дома. Той год Нясвiжская семiнарыя была закрыта акупацыйнаю ўладаю за тое, што семiнарысты памагалi гарадскому рэўкому i гарнiзону ранняй вясной васемнаццатага года задушыць шляхечае паўстанне ў Нясвiжы.
Тую зiму Мiкалай Сямага наглядаў са смуткам у душы, як мацi асунулася постаццю сваей. Вясёласць яе i рухавасць знiклi, i валасы сталi зусiм сiвыя. У жнiвенi дваццатага года ён паехаў у Нясвiж канчаць семiнарыю. Сэрца яго было на ўздыме: хутка здзейснiцца яго мара: праз год ён будзе паўнапраўны настаўнiк. У тую ж восень яго думкi заняла новая асоба, i раней яму вядомая. Яна была несвiжанка з Новага Места, Надзея Богуш. Абое яны былi яшчэ занадта маладыя, каб як мае быць разабрацца - цi гэта прыйшло iхняе шчасце цi няшчасце. Ён хадзiў сам не свой. I абое яны як ап'янелi адно ад другога. Да таго ж, узвышанасць думак у аднаго аб другiм. Гэта былi месяцы вялiкай iх радасцi, якая бывае раз на жыццi, i знявага да яе роўна калецтву навек, бо маладосць жа больш не вернецца. I гэтую вялiкую радасць iх маладосцi нечакана задушыла вялiкае няшчасце, якому не было нiякай меры. Адразу, як громам, яно зламала iх жыццё. I не толькi iх. Але пра што iншае ў гэтай хронiцы няма гаворкi. Ужо яны як мае быць абмеркавалi, дзе i як яны пачнуць сваё новае i сталае жыццё. А тым часам прайшла навiна, што за трынаццаць кiламетраў ад Нясвiжа на ўсход прайшла дзяржаўная гранiца. Душачыся смуткам аб няскончанай навуцы, ён сабраўся ў дарогу з чужой дзяржавы i роднай зямлi. Што ж да яе, то яна ўгаварыла i ўпрасiла яго згадзiцца на тое, што яна зусiм на кароткi час астанецца яшчэ ў бацькоў i можа праз месяц якi рушыць у дарогу. Калi льга будзе, то ён сам явiцца па яе, а калi не можна будзе гэтага, то яна глухiм месцам пяройдзе тую гранiцу, дзе-небудзь каля Лазавiч, цi Кудзiнавiч, або Раткаўскiм лесам абыдзе Кукавiцкую карчму i праз Вялiкую Раёўку на Цiмкавiчы i прыедзе да яго мацi, дзе ён будзе чакаць яе. Так яна, з просьбай у вачах, тлумачыла яму, прыцiснуўшы яго руку да свае галавы. Хiба так не можа быць? Хiба праз месяц якi так павялiчыцца строгасць на свежай гранiцы? I хiба праз месяц вялiкiя змены адбудуцца ў двух дзяржавах, што нельга будзе ўсё так зрабiць? Ён скалынуўся ад прыкрасцi i жаху i астаўся пры ёй. Гэта быў месяц яго смутку i яе слёз. Яна не магла адразу пакiнуць Нясвiж: ужо чацвёрты месяц бацька яе, стары Богуш, ляжаў вельмi хворы, i яна бачыла, што ён дажывае апошнi свой час. Дзень пры днi яна праседжвала каля яго, i вялiкая ёй была ўцеха, што ён, Мiкалай Сямага, не пакiнуў яе на гэты месяц. Але за гэтым месяцам пачаўся другi, i так прайшла зiма. Яны пахавалi старога Богуша на другi дзень Вялiкадня дваццатага года. Праз тыдзень яна адзела на сябе ўсе свае лепшыя сукенкi, i абое яны, выбраўшы цёмную ноч, выйшлi з Нясвiжа, абышлi стараной Качановiчы i скрозь цалiной дабрылi да Габруноў, дзе iх i запынiў вусаты палiцыянт.