Казкi (на белорусском языке) - Киплинг Редьярд Джозеф 4 стр.


- Не падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! - сказала Чарапаха Няспешная. - Нават Плямiсты Ягуар i той не забудзе такой простай лекцыi. Ах, Злючка-Калючка, як шкада, што ты не ўмееш плаваць!

- Хопiць клапацiцца аба мне, - адгукнуўся Злючка-Калючка. - Табе таксама сяго-таго не хапае. Падумай: як было б цудоўна, каб ты ўмела згортвацца ў клубок! Ах, i ў якую бяду мы папалi! Прыслухайся, што кажа Ягуар!

А Плямiсты Ягуар сядзеў над мутнай ракой Амазонкай, высмоктваў з лапы калючкi i цiха мармытаў:

- Хто згорнецца клубком,

Той завецца Вожыкам.

Хто ў вадзе паплыве,

Той Чарапахай завецца.

- Гэтага ён нiколi не забудзе, нават пасля дожджыку ў чацвер! - сказаў Вожык. - Падтрымай мяне за падбародак, Няспешная, - я хачу навучыцца плаваць. Гэта можа спатрэбiцца потым.

- З прыемнасцю! - сказала Чарапаха.

I яна падтрымала Калючку за падбародак, пакуль той боўтаўся ў мутнай рацэ Амазонцы.

- З цябе выйдзе вельмi добры плывец! - сказала яна Вожыку. - А цяпер, зрабi ласку, распусцi ў мяне на спiне тыя шнуркi, якiмi сцягнуты мой панцыр, я паспрабую згарнуцца ў клубок.

Злючка-Калючка распусцiў на спiне ў Чарапахi шнуркi, i Чарапаха пачала так згiнацца i курчыцца, што ёй нарэшце ўдалося крышачку сагнуцца, - не зусiм, а крышачку.

- Вельмi добра! - сказаў Вожык. - Але хопiць, болей не трэба. У цябе нават твар пасiнеў. А цяпер, калi ласка, падтрымай мяне ў вадзе яшчэ разок! Я паспрабую плаваць бокам. Ты казала, што гэта вельмi лёгка.

I Вожык зноў паплыў, - гэта было яго другое практыкаванне. Чарапаха плыла побач з iм.

- Вельмi добра! - сказала яна. - Яшчэ крыху, i ты будзеш плаваць не горш за Кiта. А цяпер, зрабi ласку, распусцi шнуркi на маiм панцыры яшчэ на дзве дзiрачкi, я паспрабую нахiлiцца ўперад. Ты кажаш, што гэта вельмi лёгка. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар!

- Вельмi добра! - ускрыкнуў Вожык, увесь мокры пасля купання ў мутнай рацэ Амазонцы. - Ты згортваешся так добра - зусiм як мае браты i сёстры. Дзве дзiрачкi, ты кажаш? Добра, толькi не трэба так моцна сапцi, а то пачуе Плямiсты Ягуар. Смялей! Калi ты скончыш, я паспрабую нырнуць i даўжэй пратрымацца пад вадою. Ты кажаш, гэта вельмi лёгка. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар! Але як стулiлiся шчыткi ў цябе на панцыры! Раней яны былi побач, а цяпер адзiн на другiм.

- Гэта таму, што я згортвалася, - сказала Чарапаха. - Але i ты змянiўся. Раней ты быў падобны на каштанавы арэх, а цяпер зрабiўся нiбы яловая шышка. Усе калючкi склеiлiся i зрабiлiся лускою.

- Няўжо? - ускрыкнуў Вожык. - Гэта таму, што я вымак у вадзе. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар!

Так да самай ранiцы яны памагалi адно аднаму, а калi сонца паднялося высока над зямлёй, яны селi адпачыць i абсушыцца. I, пазiраючы адно на аднаго, заўважылi, што зрабiлiся зусiм на сябе не падобныя.

Потым яны паснедалi, i Чарапаха сказала:

- Мiлы Вожык, я ўжо не такая, якая была ўчора. Але я думаю, што цяпер мне ўдасца пазабаўляць Ягуара як след.

- Я хацеў сказаць якраз тое ж самае. Слова ў слова! - ускрыкнуў Вожык. Па-мойму, луска лепш за ўсякiя калючкi, да таго ж я цяпер умею плаваць. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар! Пойдзем i знойдзем яго.

Хутка яны знайшлi Ягуара. Ён усё яшчэ быў заняты сваёй параненай лапай. Калi яны з'явiлiся перад iм, ён так здзiвiўся, што падаўся назад i тры разы перакулiўся цераз свой хвост.

- Добрай ранiцы! - сказаў Злючка-Калючка Вожык. - Як здароўечка вашай дарагой матулi?

- Дзякуй вам, яна вельмi добра сябе адчувае, - адказаў Ягуар, - але прабачце, калi ласка, я дрэнна памятаю вашы iмёны.

- Ах, якi вы няветлiвы! - сказаў Вожык. - Яшчэ толькi ўчора вы прабавалi выдрапаць мяне з панцыра...

- Але ўчора ў цябе не было панцыра. Учора ты быў увесь у iголках. Каму ж гэта i ведаць, як не мне? Паглядзi вось на маю лапу!

- Толькi ўчора, - сказала Чарапаха, - вы загадалi мне кiнуцца ў ваду i ўтапiцца ў мутнай рацэ Амазонцы, а сёння i ведаць не хочаце мяне. Вось якi вы недалiкатны i забыўчывы!

- Няўжо вы забылiся, што сказала вам ваша мацi? - спытаў Злючка-Калючка Вожык. - Яна ж ясна сказала вам:

- Хто згорнецца клубком,

Чарапахай завецца.

Хто ў вадзе паплыве,

Той завецца Вожыкам.

Тут яны абодва згарнулiся ў клубок i як пайшлi качацца вакол Ягуара качалiся, качалiся, качалiся... У таго нават вочы закруцiлiся, нiбы колы ў павозцы.

Ён пабег i паклiкаў сваю мацi.

- Мама, - сказаў ён, - там, у лесе, нейкiя дзiўныя звяры! Пра аднаго ты сказала, што ён не ўмее плаваць, а ён плавае. Пра другога ты сказала, што ён не ўмее згортвацца, а ён згортваецца. I, здаецца, яны падзялiлiся адзеннем. Раней адзiн быў гладзенькi, а другi калючы, а цяпер абодва яны пакрыты луской. Апрача таго, яны круцяцца, круцяцца, круцяцца, ажно ў мяне галава закружылася.

- Ах, сыночак, сыночак! - сказала мацi Ягуарыха, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. - Вожык - гэта Вожык, i чым жа яму быць, як не Вожыкам? Чарапаха - гэта Чарапаха, i астанецца заўсёды Чарапахай!

- Але гэта зусiм не Вожык! I зусiм не Чарапаха! Гэта трошкi Вожык i трошкi Чарапаха, а як яно завецца - я не ведаю.

- Глупства! - сказала мацi Ягуарыха. - У кожнага павiнна быць сваё iмя. Я гэтага звера буду зваць Браняносец, пакуль для яго не знойдзецца сапраўднае iмя. I на тваiм месцы я яго не чапала б.

Ягуар зрабiў так, як яму было загадана; асаблiва старанна выканаў ён навучанне мацi - не чапаць гэтага звера. Але дзiўней за ўсё тое, мiлы хлопчык, што на мутнай рацэ Амазонцы ад таго самага дня да гэтага часу Злючку-Калючку Вожыка i Чарапаху Няспешную ўсе так i называюць Браняносцам. Вядома, у iншых мясцiнах ёсць, як i раней, i Вожыкi i Чарапахi (ёсць яны i ў мяне ў садзе), але лепшыя, разумнейшыя з iх - старажытныя Вожыкi i Чарапахi, пакрытыя лускою, як яловыя шышкi, тыя самыя, што ў Далёкiя Днi жылi на мутных берагах Амазонкi, - тыя заўсёды завуцца Браняносцамi, бо яны такiя разумныя.

Чаго ж табе яшчэ, мiлы хлопчык? Усё зрабiлася вельмi добра, цi ж няпраўда?

На далёкай Амазонцы

Я нiколi не бываў,

Толькi карабель магутны

Там заўсёды гасцяваў,

Толькi карабель праз моры

Амазонкi дасягаў.

Ад Лiверпульскай гаванi

Заўжды па чацвяргах

Адыходзяць судны ў плаванне

Ў далёкi морскi шлях.

Плывуць яны ў Бразiлiю,

Бразiлiю,

Бразiлiю.

I я хачу ў Бразiлiю

Ў далёкi морскi шлях.

Вы не знойдзеце нiколi

У паўночных у лясах

Даўгахвостых ягуараў,

Браняносных чарапах.

А ў Бразiлii сонечнай

Багата так звяроў.

У нас такiх на поўначы

Нiдзе я не знайшоў.

Цi ўбачу я Бразiлiю,

Бразiлiю,

Бразiлiю?

Цi ўбачу я Бразiлiю

Да старасцi iзноў?

ЯК БЫЛО НАПIСАНА ПЕРШАЕ ПIСЬМО

Даўным-даўно, яшчэ ў каменным веку, жыў ды быў адзiн чалавек. Быў ён чалавек першабытны, жыў у пячоры i насiў вельмi мала апратак. Нi чытаць, нi пiсаць ён не ўмеў - ды i не хацелася яму нi чытаць, нi пiсаць, - i, пакуль ён быў сыты, ён быў шчаслiвы. Звалi яго Цегумай Бопсулай, а гэта азначае: Чалавек-ногi-якога-нiколi-не-спяшаюцца, але мы, любенькi хлопчык, будзем называць яго проста Цегумай, каб было карацей. У яго была жонка, i звалi яе Цешумай Тэвiндра, а гэта азначае: Жанчына-якая-задае-занадта-многа-пытанняў, але мы, любенькi хлопчык, будзем называць яе проста Цешумай, каб было карацей. I была ў яго маленькая дачка, якую звалi Тафамай Металумай, а гэта азначае: Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў-за-тое-што-яна-такая-гарэзн

iца, але буду называць яе проста Тафi. Цегумай Бопсулай вельмi любiў яе, i мама вельмi любiла яе, i яны давалi ёй плескачоў куды больш рэдка, чым трэба, i ўсе трое былi задаволеныя i шчаслiвыя.

Як толькi Тафi навучылася хадзiць, яна пачала бегаць усюды за сваiм бацькам Цегумаем, i, бывала, яны абое датуль не прыходзяць у пячору, пакуль iм не захочацца есцi. I тады Цешумай Тэвiндра казала:

- Дзе гэта вы прападалi i гэтак страшэнна выпэцкалiся? Сапраўды, мой Цегумай, ты анi не лепшы за маю Тафi.

А цяпер, любенькi хлопчык, слухай мяне, i слухай уважлiва!

Неяк раз Цегумай пайшоў па балоце, на якiм вадзiлiся бабры, i выйшаў да ракi Вагай, каб сваёй вострай дзiдай набiць на абед карпаў. Тафi пайшла разам з iм. Дзiда ў яго была драўляная, з наканечнiкам з зубоў акулы. I толькi ён узяўся паляваць, як дзiда зламалася папалам: занадта моцна ён тыцнуў ёю ў дно ракi, калi цаляў у рыбiну. Што рабiць? Iсцi дадому - далёка (снеданне яны, вядома, узялi з сабою ў торбачцы), а запасной дзiды ў Цегумая не было. Запасную дзiду ён забыўся ўзяць.

- Рыбы ажно кiшыць, - сказаў ён, - а каб адрамантаваць дзiду, мне спатрэбiцца цэлы дзень.

- У цябе ж ёсць другая дзiда! - сказала Тафi. - Такая вялiкая i чорная. Хочаш, я збегаю ў пячору i папрашу яе ў мамы?

- Дзе табе бегчы ў такую далеч! - сказаў Цегумай. - Гэта не пад сiлу тваiм пухленькiм ножкам. Ды i дарога небяспечная: чаго добрага, утопiшся ў Бабровым балоце. Паспрабуем як-небудзь справiцца з нашай бядою на месцы.

Ён сеў на зямлю, узяў скураную, спецыяльна для рамонту, торбачку, дзе ў яго былi складзены аленевыя жылы, доўгiя палоскi скуры, кавалачак смалы, камячок мяккага пчалiнага воску, i ўзяўся рамантаваць сваю дзiду. Тафi таксама села непадалёку ад яго, звесiла ногi ў ваду, падперла ручкай падбародак i думала-думала на ўсю моц. Потым яна сказала бацьку:

- Мне здаецца, гэта па-зверску крыўдна, што мы з табою не ўмеем пiсаць. Напiсалi б запiску дадому, каб нам прыслалi другую дзiду!

- Тафi, - сказаў Цегумай, - колькi разоў напамiнаў я табе, каб ты не гаварыла грубых слоў! "Па-зверску" - гэта брыдкае слова. Але было б i праўда някепска, калi ўжо ты нагадала пра гэта, каб мы маглi напiсаць тваёй маме запiску.

А ў гэты час па беразе ракi iшоў незнаёмы чалавек. Ён не зразумеў нi слова з таго, што сказаў Цегумай, таму што быў з далёкага племенi Цявара. Ён стаяў на беразе, пазiраў на Тафi i ўсмiхаўся, бо ў яго ў самога дома была маленькая дачушка. Цегумай дастаў з торбачкi маток аленевых жыл i ўзяўся рамантаваць сваю дзiду.

- Хадзi сюды, - сказала Тафi Незнаёмаму. - Цi ведаеш ты, дзе жыве мая мама?

Незнаёмы адказаў: "Гм", бо ён быў, як ты ведаеш, цяварац.

- Дурань дурны! - сказала Тафi i тупнула ножкай, бо ўбачыла, што па рацэ плыве цэлая чарада вялiкiх карпаў, якраз тады, калi бацька не можа запусцiць у iх дзiдай.

- Не лезь да старэйшых, - сказаў Цегумай не азiраючыся; ён быў так заняты рамонтам дзiды, што нават не глянуў на Незнаёмага.

- Я не лезу, - адказала Тафi. - Я толькi хачу, каб ён зрабiў тое, што мне хочацца. А ён не разумее.

- Тады не дакучай мне, - сказаў Цегумай, i ўзяўшы ў рот канцы аленевых жыл, пачаў выцягваць iх з усяе сiлы.

А Незнаёмы (ён быў сама сапраўдны цяварац) сеў на траву, i Тафi пачала паказваць яму, што робiць бацька.

Незнаёмы падумаў: "Гэта вельмi дзiўная дзяўчынка. Яна тупае на мяне нагой i строiць мне грымасы. Яна, мусiць, дачка гэтага знакамiтага правадыра, якi гэтакi важны, што нават не звяртае на мяне нiякай увагi".

Таму ён усмiхнуўся яшчэ больш ветлiва.

- Дык вось, - сказала Тафi. - Я хачу, каб ты пайшоў да мае мамы (таму, што ў цябе ногi даўжэйшыя за мае i ты не звалiшся ў Бабровае балота) i папрасiў, каб табе далi другую дзiду. Чорную. Яна вiсiць у нас над ачагом.

Незнаёмы (а ён быў цяварац) падумаў: "Гэта вельмi, вельмi дзiўная дзяўчынка. Яна махае рукамi i крычыць на мяне, але я не разумею нi слова. I я вельмi баюся, што, калi я не выканаю яе загадаў, гэты велiчны правадыр, Чалавек-якi-паварочваецца-спiнай-да-сваiх-гасцей, раззлуецца". Ён устаў, адлупiў з бярэзiны вялiкi кавалак кары i падаў яго Тафi. Гэтым ён хацеў паказаць, што душа ў яго белая, як бяроста, i што ён нiкому не жадае зла. Але Тафi зразумела яго па-свойму.

- О, - сказала яна, - разумею! Ты хочаш даведацца, дзе жыве мая мама. Вядома, я не ўмею пiсаць, але я магу намаляваць карцiнку заўсёды, калi пад рукою ёсць што-небудзь вострае, каб можна было надрапаць яе. Дай мне на хвiлiнку зуб акулы з тваiх караляў.

Незнаёмы (а ён быў цяварац) нiчога не адказаў. Таму Тафi працягнула руку i тузанула да сябе каралi, што вiселi ў Незнаёмага на шыi. Каралi былi з пацерак, зярнятак i зубоў акулы.

Незнаёмы (а ён быў цяварац) падумаў: "Гэта вельмi, вельмi дзiўнае дзiця. У мяне ў каралях заварожаныя зубы акулы, i мне заўсёды казалi, што той, хто дакранецца да iх без майго дазволу, адразу ж распухне або лопне. Але гэтае дзiця не распухла i не лопнула. А той велiчны правадыр, што не звярнуў на мяне нiякай увагi, вiдаць, не баiцца, што дзяўчынцы пагражае бяда. Лепей мне трымацца з iмi яшчэ больш ветлiва".

Таму ён даў Тафi свой зуб акулы, i яна тут жа легла на жывот i заматляла нагамi ў паветры, зусiм як некаторыя дзецi робяць гэта i сёння, калi яны кладуцца ў пакоi на падлогу, каб намаляваць тую цi iншую карцiну. Яна сказала:

Назад Дальше