Зброя - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 11 стр.


Даколе, Пан Бог!!!

Дзеляць як хочуць, шматуюць, гандлююць, аддаюць слабога ў першыя — лепшыя рукі, кідаюць яго, як мяч, не пытаючы, хто ён.

Куды вядзеш, дарога? На таржышча? У руднік?

Дакуль!!!

Кандрат крануў Алеся за плячо і, калі той павярнуўся, спалохаўся ягонага аблічча.

— Братка, ты што?

— Чаго табе?

Кандрат моўчкі паказаў рукою, і тады Алесь зразумеў, што «Милосердная» яму не толькі ўяўлялася.

Па дарозе павольна паўзла шэра-жоўтая пляма. Шэрая ад пылу і халатаў. Жоўтая ад абліччаў, рук, ад бубновых тузоў тых, што ехалі на вазах, седзячы спіною да коней.

Алесь абвёў вачыма сваіх. Крайні справа, ля падпілаванай бярозы, непарушна стаяў Халімон Кірдун. Трымаў у руках сякеру, прымерваўся да кліна, загнанага ў распіл. Бліжэй, на правую руку ад Алеся, ляжаў са штуцарам у руках Мсціслаў. Павараціў да Алеся твар, засвяціліся сонечныя вочы, падміргнуў. Алесь усміхнуўся, бо гэта магла быць апошняя ўсмешка і таму, хто застаўся, было б балюча.

Загорскі глянуў налева. Драпежна глядзіць на прыцэл штуцара Кандрат. На вуснах злая ўсмешка: зараз дарвецца. А яшчэ далей тры «купленыя». Сноп бледны і спакойны. Міхайла шнырае вачыма па калоне. Шчалканаў спакойненька гуляе пістлетам (у яго іх тры).

Паўзе, паўзе калона слёз. Рыпяць колы. Дзе тут можа быць Андрэй? Хіба пазнаеш? Ды не, можна пазнаць: яны ж спяваюць. Такі голас можна пазнаць і сярод тысячы. Але голасу не чуваць.

Алесь зрабіў знак рукою. Усе паслухмяна апусцілі на нос і рот павязкі.

Дзе ж можа быць Андрэй? Вось калона амаль зраўнялася са Шчалканавым… Не, голасу не чуваць. А «песня літасці» гучыць і гучыць.

І раптам ён убачыў…

…Андрэй ішоў у сярэдзіне другога рада. Ногі, у нажных кайданах, валюхаюць. Ненатуральна рухаюцца клубы. Рукі склаў на грудзях…

Бог ты мой, які бледны твар!

А вочы, як невідушчыя, глядзяць у неба. І шчыльна самкнёны рот. Не спявае.

…Быў поплаў Дняпра, даўно, у дзяцінстве, і голас над поплывам, і разбойнік Война, які тады сказаў:

— Спявай, хлопчык, спявай, пакуль даюць.

Ах, які быў голас! І на каляды, і тады, калі палілі бадняк, і на поплаве, і на вяселлях, і тады, калі гукалі вясну.

Нешта душыла Алеся. Ён махнуў рукою Кірдуну.

У наступны момант вялізная бяроза пачала хіліцца, з рыпеннем ірвучы свае жылы, крэкчучы. Нібы кароткі, на некалькі імгненняў, ураган нарадзіўся ў галлі дрэва — і вось яно ўжо ляжала на шляху, перагарадзіўшы яго, заслаўшы рады катаржных пылам.

Амаль несвядома Алесь бачыў збянтэжаныя, атарапелыя твары. Вочы надзеі… Вочы жаху… Вочы, што не разумелі.

Залп!!!

Ён ірвануў нечакана, страшна, як смерць. З самотнай бярозы па той бок дарогі пасыпалася на калону дробнае галлё.

Ніхто не паспеў яшчэ нічога зразумець пасля падзення дрэва, а горкі дым пораху змяшаўся ўжо з пылам, што яно ўзняло. Усе атарапелі. Праз дым і пыл Алесь цьмяна бачыў твары канвойных, якія не разумелі, што да чаго.

А дробныя пруткі-хлюдзінкі ўсё яшчэ падалі на галовы людзей.

І тады Алесь сказаў голасна і цвёрда, нічога не каментуючы, без ценю сумнення ў тым, што яго могуць не паслухаць. Як сказаў бы Вежа.

— Канвой! Пакласці зброю!

Далейшае адбылося, можа, за нейкую хвіліну, і ніхто, нават сам Алесь, такога не чакаў.

Не чакалі, відаць, і яны, нязвыклыя думаць самі, за многія гады прывучаныя падпарадкоўвацца толькі загаду, толькі чужой, мацнейшай волі. Нават не ёй, а чужому, безапеляцыйнаму голасу.

Парахавы дым яшчэ плыў над калонай. Павольна-павольна. 

Была цішыня.

І раптам першы з канвойных, як на аглядзе войск, зрабіў крок наперад.

…Дзынкнула аб брук руля першай стрэльбы.

Упала побач з калонай даволі вялікая бярозавая галіна.

…Другая стрэльба лягла на зямлю… Трэцяя… Чацвёртая… Пятая…

На тварах уладароў была неўразумелая, падцягнутая тупасць. Цалкам аднолькавая ва ўсіх, у той час як нават стрэльбы клаліся на брук па-рознаму: адны — мякка, другія — бразгочучы.

— Кру-гом! — загадаў Алесь.

Ляснулі абцасы.

— Шагам арш!

Першы крок, здаецца, раздрабіў камяні. Потым размерана — як шчоткай па бычыным пузыры — зашоргалі крокі.

Над катаржнымі вісела гнятучая цішыня. Яны збянтэжана глядзелі на канвойных, якія ішлі, як заведзеныя лялькі.

І толькі Алесь бачыў, што ў гэтых ляльках было нешта чалавечае: прыціснутыя да бакоў локці. Патыліцы былі напружаныя, зады малайцаватыя, галовы па-заліхвацку закінутыя. І толькі локці, няспрытна прыціснутыя да бакоў, былі чалавечыя. І па іх можна было зразумець што тут не толькі падпарадкаванне, але і боязь атрымаць кулю ў спіну.

Боязь гэтая ўсё ўзрастала. І ў напятай цішыні, што аж звінела ў вушах і сэрцы, Загорскі разумеў, што ўся гэтая «божая благадаць» трымаецца на апошняй нітачцы.

Вось-вось… Вось-вось… Вось-вось…

І, аднак, цішыня трымалася. Гэта былі абставіны, цалкам не прадугледжаныя інструкцыямі. Маглі быць уцёкі — і тады трэба было страляць у спіну. Мог быць бунт — і тады трэба было страляць па калоне. Кайданнік мог ударыць канвойнага — і тады яго ставілі пад першы лепшы мур або ў першым гарадку вадзілі праз тысячу шпіцрутэнаў.

Але не магло, і ніколі не было, і не магло быць нападу на этап. Ніхто нічога не разумеў нават цяпер. Напад! У мірны час! І не ў нетрах, а тут, ледзь не на ўскраіне Масквы.

Салдаты зрабілі крок якраз да яе. Аненгофскім гаем, у гарачай смузе выпарэнняў, далёка-далёка, як абманка на дне закуранага таза ў золаташукальніка, гарэлі шматлікія бліскаўкі яе купалоў.

Гэтага не магло быць.

І ўсё ж цішыня звінела на адной нітачцы.

Вось-вось… Вось-вось… Вось-вось…

— Стой! Кладзіся!

Крок наперад… Рукамі ў зямлю… Правыя ногі паўзуць назад… Ляглі…

У дзесяцёх кроках ад катаржнай калоны ляжала на зямлі няроўная літара «П». Алесь разумеў, што паклаў іх занадта блізка, але нельга, немагчыма было цягнуць далей напятую цішыню.

Нельга, немагчыма для нерваў… Кожную хвіліну яна магла сарвацца, і тады…

— Катаржныя, стаяць на месцы!

Загорскі баяўся тлуму. Але тыя і так стаялі, як саламяныя слупы, разумеючы яшчэ менш, чым варта.

Алесь хітнуў галавою ў бок Кірдуна. Кірдун пачаў спускацца па адхоне да стрэльбаў. Вочы канвойных — сінія, цёмныя, бляклыя, тытунёвыя — ад самай зямлі — сачылі за ім. Насцярожаныя, як у зацкаваных звяроў.

Яны глядзелі, як спускаецца да стрэльбаў зусім не ваенная, зусім нястрашная постаць аднаго з тых, што асмеліліся напасці на этап, постаць першага, убачанага імі.

Кірдун спускаўся, адваліўшы цывільны зад, размахваючы рукамі. І грозна трапятала пад яго дабрэчымі вачыма чорная павязка, а ў руцэ быў калун, якім ён зваліў дрэва. І гэта была памылка.

Цішыня абарвалася.

Крайні ў адной з ножак літары «П» не вытрымаў. Здаравенны крываногі унтэр.

Крутануўся на месцы і — ніхто не паспеў апамятацца, як крайняя з кінутых канвойнымі стрэльбаў была ўжо ў ягоных руках. Сашчэрыліся зубы, нібы унтэр урэшце зразумеў:

— Салдаты, гэта ж разбой!

Кірдун ішоў проста на рулю, што ўздымалася насустрач яму.

Стрэл. 

Чакалі, што Кірдун пахіснецца або кінецца ў хмызы, а замест гэтага ўбачылі, як унтэр схапіўся за перадплечча.

Загорскі павёў вачыма налева і ўбачыў, як дыміцца штуцэр у руках Кандрата.

— Адстраляўся, камрад, — сказаў Кагут.

Халімон падышоў да унтэра і ўзяў стрэльбу з паралізаванай рукі.

— Так, дзядзька, не трэба, — разважліва сказаў ён.

І тут, нібы ў адказ на стрэл, запознена загаласілі бабы на вазах, зараўлі катаржане, заплакалі дзеці. Паміж варты, што ляжала на зямлі, аддаўся крык:

— Гэта разбой! Што вы ляжыце? У ружжо!!!

Алесь загадаў даць другі залп. Зноў паверх галоў. І, калі свіст куль нібы адсек голас, рэзка крыкнуў:

— Ці-ха!

На дапамогу Кірдуну спускаліся ўжо Сноп і Міхайла. Шчалканаў гуляў пісталетамі, па чарзе прыцэльваючыся ў салдат.

Цішыня. Толькі недзе плача дзіця. Жаласна і ціха, як кацяня.

Алесь устаў.

— Усе, хто працягне руку за зброяй, будуць забітыя на месцы, — сказаў ён. — Тыя з этапа, што стануць парушаць парадак і перашкаджаць справе — таксама. Усім сядзець і чакаць сваёй чаргі.

Людзі сабралі зброю і, пакінуўшы яе пад даглядам Кірдуна, сталі над вартай. Унтэр пагойдваўся, трымаючыся за руку, выскаляў зубы.

— Баба, — загадаў Алесь адной з катаржанак, — перацягні яму рану.

Тая боязна — бачком паўз Алеся — падалася да параненага. Надта ўжо грозна глядзелі вочы над павязкамі.

Алесь адчуў раптам страшэнны позыў да таго, каб памачыцца. Яму стала нясцерпна сорамна. Намаганнем ён стрымаў сябе і тут убачыў, што ў гэты самы непадыходзячы момант Мсціслаў і Шчалканаў робяць тое самае. Робяць, не саромячыся нават таго, што, магчыма, нейкая баба з вазоў бачыць іхнія спіны сярод дрэў.

І тут ён зразумеў, што нічога саромнага тут няма.

Сямёра супраць паловы ўзвода. Неабстрэляныя хлопцы супраць ваякаў.

Нічога саромнага тут не было.

І тады прыйшла радасць. Такая вызваленая, што Алесь затрымцеў.

— Катаржане, — глуха сказаў ён. — Той, хто хоча ўцякаць, хто можа ўцякаць, хто абдумваў уцёкі — можа зараз скарыстацца з гэтай магчымасці. Хто не думаў над гэтым, але каму пагражаюць руднік або смерць — таксама. Я патрабую толькі аднаго: парадку. Мы здымем з вас кайданы, але той, хто будзе пнуцца наперад усіх, — здыме іх апошні.

У галаве калоны сядзеў ужо Аляксандар Шчалканаў захутаны, як бедуін, пабрынкваў вязкай адмычак.

Салдат паднялі і пад рулямі павялі ў гай. Зноў паклалі на траву.За імі, але трохі ў другі бок, папоўз этап. Апошнія вызвалілі дарогу вазы: перавалілі канаву і з рыпеннем пацягнуліся ў гушчар.

Алесь паглядзеў, ці добра сочаць за салдатамі (іх, на ўсякі выпадак, перавязалі і паклалі квадратам), і пайшоў да вязняў. Там ужо ваўсю ішла праца. Шчалканаў перабіраў адмычкі, з бліскавічнай хуткасцю шукаючы патрэбную, камбінуючы іх, час ад часу весела пазвоньваючы імі.

Загорскі абвёў вачыма вязняў і ўбачыў, што Адрэя між іх не было. І гэта было добра. Значыцца, яго ўжо ўмыкнулі хлопцы. Яны дамовіліся, што гэта будзе зроблена непрыкметна, каб ніхто не ведаў, дзеля каго быў зроблены напад на этап.

А новавяскоўцы не скажуць. Звязаныя па руках і нагах, павінныя ў падвойным разбоі, а значыць, і ў падвойным пакаранні.

— Людзі, — сказаў Алесь. — Цяпер ужо не катаржане, а людзі. Падумайце добра. Я раіў бы пайсці ўсім. Хто пападзецца, а хто і не. Адсюль нямераныя дарогі. На Ўладзімір, і Ніжні, і Кержанец, і налева, на Растоў Вялікі, Пераяслаў, Волагду, Архангельск. А калі за Волгай павернеце — то Вялікі Ўсцюг і Перм… Думайце хутчэй. Канваіраў патрымаем да вечара… Хто не будзе ўцякаць?

Знайшлося чалавек восем.

— Ну вось. Астатнія — ідзіце.

Падалі кайданы. І гэта была найлепшая для слыху музыка.

РАЗДЗЕЛ ІХ

Сонца сядала. Калоднікі даўно разышліся ў розныя бакі. Тыя, што не захацелі ўцячы, сядзелі каля салдат.

Прарыпелі вазы. На месцы вызвалення засталася купа кінутых халатаў ды яшчэ паўсюль, як змеі, блішчалі ў траве кінутыя кайданы. Нібыта распаўзлося кубло.

Шчалканаў паматваў кісцямі рук:

— Гэх, работачка крывая, прыгож-жая! І разбягуцца ж яны цяперака, літасцівенька, як тарганы.

Алесь падумаў аб тым, колькі мужыкоў сёння не далічыцца на вяроўках кашуль і портак, — і ўсміхнуўся.

— Хадзем, Шчалканаў.

— Гэ-эх, бар-рын, святы ваўчок. Вызваліў ты нас ад Хлюста. Ці вызваліш ад Хваста?

— А хто за вамі пацягнецца? Імя ты майго не ведаеш. А каб і ведаў — каму сказаў бы? За табою, брат, падвойны хвост.

— Ведаю, — Шчалканаў прыплясваў. — Эх, чынчаль-мінчаль, хлюст мазепа. Табе хіба катарга, а мне яшчэ за разбоі па белай спінушцы ды тысяча палачак… А што, калі я на гэта не ўважу?

— Не ўважай, — спакойна сказаў Алесь.

— То ж бо… Ды чорт яго ведае, адкуль цябе Багатыроў выкапаў?… А гэта, брат, крэмень!… Калі нехта з нас брынкне языком — горш чым ад Хлюста не жыць нам. Кругавая парука… Дый потым: Сноп з Міхайлам мяне таксама ў такім разе за бессаромнасць прырэжуць… Гэта мужыкі строгія…

— Зладзейскае тваё сумленне, — сказаў Алесь. — Няўжо толькі гэта цябе і стрымлівае?

Шчалканаў нечакана сур'ёзна паглядзеў на яго.

— Не, — падумаўшы, сказаў ён. — Яшчэ тое, што я ў гэтым тваім учынку выгады не бачу. Ну адбіў, ну адпусціў усіх. А далей што? Якое-такое золата здабыў? Га?

Касыя праменні сонца стрэламі білі ім у твар. Маладзенькі пырнік шастаў пад нагамі. Прабіваліся з яго скручаныя, як дэка старой віёлы, парасткі папараці.

— Адкрыйся, — нечакана папрасіў Шчалканаў, і ў вачах ягоных Алесь раптам убачыў састарэлую ваўчыную тугу.

— Чаму не.

Ён ведаў, што чымсьці вінен і перад гэтай душой, якая паяснічала, але і тужыла, як усе.

— Я з казанскіх, — сказаў Алесь. — Матухна мая па старому сагласію. Аднойчы мяне беглы катаржнік вызваліў са страшэннай бяды… Я забыў… А тут прыйшоў матчын час, а незадоўга перад гэтым пасыпаліся на радзіну беды. І вось маці паклікала ды на смяротным адры і ўзяла абет, што буду жыць, каб нікому не было балюча… А што я паслугу забыў, а таму прыйшло няшчасце і майму дому і сябрам бліжэйшым — то ўзяла слова, што вызвалю, колькі здолею, такіх самых няшчасных… Вось я і зрабіў — «у выкананне абяцанага».

Шчалканаў глядзеў трывожна:

— Казка?

— Не, не казка.

Гэта сапраўды не была казка. Хіба што абставіны былі другія. І Шчалканаў, па тону сказанага, зразумеў, што гэта не казка, паверыў.

— Ну вось. А тут трынды-бярынды, бліны жаруць, снахачы-смаркачы. Недзе там усё ёсць, хоць бы ў Казані, дзе грыбы з глазамі, як ядуць, то плачуць слязамі. А тут Хлюст. Недзе — град Кіцеж. А тут мамаі ахотнарадскія грызікаў вуцюжаць… Гэх, чынчаль-мінчаль, жаўцякі для прыслугі — рыжыкі для сябе — пробель для цешчы.

Ён прыскокваў:

— Пасля лазенкі сам-та груздочкаў з лучком ды з масліцам абажаець. Куды как добра… Ікоркай-це на вербнае пабалавацца, хрысціянску-це душу з'еўшы.

— Што гэта ты па-чалавечы не гаворыш?

— Разрашаем сабе ў благавешчанне рыбкі пакушаць… Багадзельню-це абкраўшы, вялікі пост у благачэсціі правесці.

— Ты што?

— Абрыдла мне ўсё, — сказаў Шчалканаў. — Жывадзёрня багатыроўская бацьку майму належала — абрыдла. Усё абрыдла. Жыццё толькі пакуль сваё не абрыдла — і за гэта, за тое, што ад Хлюста вызваліў, — дзякуй. Але і яно неадменна гады праз два абрыдне.

Голас Шчалканава быў глухі.

— І тады я нешта дзікае зраблю. Зарэжу каго-небудзь, ці што. А сам пайду ў тракцір, чай піць. І прыйдзе па мяне хажалы: «Аляксандар Канстанцінавіч, цябе ведзь велена ўзяць». — «На». — «Не, ты лепей сам». — «То не перашкаджай чалавеку чай піць». І выдую пры ім тры самавары, хаця чаю гэтага бачыць не магу. А потым скажу: «Хрэн з вамі, падлы замаскварэцкія, хадзем, абрыдла ўсё».

Алесь не ведаў, што чалавек, які ішоў побач з ім, літаральна так і зробіць, так і разыграе ўсё праз пару год. Але ён бязмерна паверыў шчырасці, якая прагучала ў словах Шчалканава.

— Не дуры.

— Я тады разумнейшы ва ўсім гэтым горадзе буду… Гэх, вось сёння было жыццё!… Па абету, значыць?

— Па абету.

— Спадобіўся, значыць, і Шчалканаў… У-ух, сокалы залётныя!

Яны выйшлі на паляну, на якой ляжалі салдаты пад аховай Кірдуна.

— Гэй, кіслая воўна! — Шчалканаў мацаў вузлы на руках і нагах. — Не варушыцца, не качацца, да раніцы не крычаць. Хто закрычыць — самма-лічна прырэжу.

Браў з рук Кірдуна анучкі і спрытна заторкваў кожнаму рот.

— Вось так, ляжы, разумны… Не бойсь, Чухлама…

Унтэр, калі да яго дайшло, вылаяўся цяжкім, зацяжным матам.

— Ну-ну, — сказаў Шчалканаў. — Ай, малайчына! Вылайся яшчэ — да раніцы не давядзецца.

Сапраўды, пачакаў, пакуль той вылаецца, і толькі потым заторкнуў рот і яму.

…Пайшлі з паляны ўтрох. Кірдун імкнуўся трымацца ў баку ад Шчалканава. А той ішоў, нібы з яго вынялі ўсе косткі, абмякла шоргаў нагамі па траве.

Назад Дальше