— Хапае і ў другіх, — сказаў Алесь. — Але, вядома, не тое.
…Здалёк яшчэ ўбачылі яны на сярэдзіне плошчы круглую спаруду са слупамі. Таксама чорную і высокую, ледзь не больш высокую, чым вартыя жалю навакольныя халупы.
Картэж павольна пад'ехаў да яе. Мітусілася святло паходняў. Арыштантаў па чарзе, пачынаючы з жанчыны, адвязвалі ад лавы і сілком, пры ўдзеле ката, узводзілі на эшафот. Жанчына адштурхнула катавы рукі і пайшла сама. Трэці з прыкутых учапіўся рукамі за дошку, і яго давялося аддзіраць сілком. Ён хапаўся за дошку, потым за лаву, потым за сходні з калясніцы.
Ля санак Макара апынуўся нейкі стары ў гарбатым паліто.
— За што іх? — спытаў у яго Макар.
— Кажуць, саколік, душагубы… Зладзеі. Часоваабавязаныя смольнінскага барына.
— Чакай, — ускінуўся Чыўін. — Гэта таго, што забілі?
— Нібыта.
— Цяпер ведаю, — сказаў Чыўін. — Забіты гэты яшчэ за два гады да адмену бабу тую… прымусіў. Ну і прыжыў з ёю дзіця. А сам здужыць мог мала і таму, слугі казалі, шчыкаў яе да крыві, біў смяротным боем і кусаў… Ну, воля прыйшла — тая ўзрадавалася і вырашыла пайсці. А той кажа: «Ідзі. А дзіця не аддам. Бо ўсе ведаюць: маё. Але глядзі, як бы не пашкадавала: мой шчанюк. Хачу — з кашай ем. Хачу — масла пахтаю». А сам і да дзіцяці быў не лепшы, як да яе. Проста астача старэчага блуду ў ім бунтавалася… То тады яе браты прыйшлі ды ў дом ягоны чырвонага пеўня пусцілі, так і згарэў дом… разам з гаспадаром.
Уздыхнуў:
— Што ж, перад вечнай катаргай сама менш па сотні бізуноў.
«Растлительница» ўжо стаяла прывязаная да слупа. Здзёртая са спіны і ягадзіц сарочка вісела на вяроўках. І, як прадчуванне, чырванела, бегла па пяшчотнай скуры вадкая барва ад паходняў.
Прыйшлі за апошнім. Алесь з пакутлівым чаканнем ўпяўся вачыма ў ягоную патыліцу. Кат сціснуў гэтую патыліцу пяцярнёю. Чалавек ускінуў галаву.
Не, гэта быў не Андрэй. Змучаны, белы, зусім яшчэ малады твар. Сінія вусны ці ўсміхаюцца, ці ўздрыгваюць ад холаду.
— Не трэба, — ціха сказаў юнак. — Я сам. І пайшоў непаслухмянымі нагамі па прыступках.І хаця гэта не быў Андрэй, Алесю не стала лягчэй. Гэтая патыліца, дрыготкія вусны, непаслухмяныя ногі. Чужы чалавек раптам перапоўніў Алесева сэрца несамавітай тугою па агульным чалавечым братэрстве.
— Едзем, — глуха сказаў Загорскі. — Едзем. Едзем, браткі, адсюль.
Яны прабіраліся праз натоўп. Бубнеў нешта ззаду голас пракурора. Потым стала ціха. Супраць уласнай сваёй волі. Алесь азірнуўся. Кат паходжваў ля аголеных спін, як кот каля сала, рэдкавусы, з голенай чырвонай шыяй. Гулліва смяяліся пад нізкім лобам вялікія вочы.
— Кірушкам яго клічуць, — сказаў Чыўін. — Бутырскі кат.
Кірушка мякка цягаў за сабою бізун. І раптам, наўскос, пабег, пабег да жаночай спіны, радасны, нават захоплены голас зазвінеў над натоўпам:
— Бер-регись, ожгу!
Удар адразу рассек скуру ад пляча да прамежнасці. Лінула кроў.
Жанчына тарганула галавою.
— Пашкадаваў, — сказаў Чыўін. — Звычайна ў яго амаль ніхто першага ўдару не вытрымлівае, траціць прытомнасць. Астатнія ўдары б'е паблажліва, але, часцей за ўсё, як па мёртваму. Так што і незразумела, да смерці забіў ці яшчэ не. Некалькі разоў дохтур за запясце мацае.
— Берегись, ожгу!
Цяпер ён біў па суседняй спіне. І пасля ўдару над плошчай аддаўся немы крык, нібы раўла смяротна параненая жывёла.
— Не, не пашкадаваў, — сказаў Чыўін. — Проста моцныя, надзвычай моцныя людзі.
Кірушка — ён усё меншаў, бо сані ад'язджалі, — быў нібы абзадачаны другой няўдачай.
А жывёльны крык усё мацнеў і раптам абсекся. І тады жанчына раскрыла рот.
Той, што крычаў, закусіў вусны і з цяжкасцю прыўзняў галаву, успёр яе, каб яна трымалася, падброддзем на слуп.
— Вось так, братухна, — сказала жанчына.
Пасля трэцяга ўдару бізуна галава ля трэцяга слупа ўпала, як падсечаная. Кат задаволена хмыкнуў і адціснуў з бізуна кроў.
…Алесь адвярнуўся.
Сані ехалі да Масква-ракі. Паміж імі і Балотам было ўжо не менш як чатырыста сажняў, але Загорскі ўсё яшчэ нібыта адчуваў гукі ўдараў. І яшчэ яму здавалася, нібыта ўсе яны падаюць на ягоную спіну.
— А дзіця гэтай бабы, кажуць, дурным нарадзілася, — сказаў Чыўін. — Бацька яе, цяжарную, збіў.
— Што ж што дурное, — сказаў Макар. — Дурное ды няшчаснае маці часам яшчэ мацней любіць.
Алесь не адказаў. Гледзячы ў цемру шклянымі страшнымі вачыма, ён думаў.
«Я ім пакажу, — мітусілася ў чэрапе. — Я ім за гэта пакажу. Дай толькі да іх дарвацца — я ім пакажу. Ніводнаму літасці! Папялішча пакінуць… Папялішча пакінуць».
РАЗДЗЕЛ VІ
Мінуў месяц. Андрэя ўсё яшчэ не прывозілі ў Бутыркі. Паступова прытупіўся боль той страшнай ночы. І хаця большасць зброі была закуплена, Алесь усё яшчэ гойсаў па Маскве і навакольных гарадках, скупляючы ўсё, што мог. Як апантаны, як беснаваты, уражаны адной маніяй.
«Больш… Больш… Больш».
Пасля той ночы на Балоце двух мужчын знялі са слупоў мёртвымі.
І Алесь, нібы адчуваючы дакор, не супакойваўся. Купілі і перавезлі ўначы зброю з Гасцінага двара. Купілі паперу. Купілі порах. Купілі на складах ля Крэстоўскай заставы жалеза, і медзь, і свінец. Купілі зброю нават на Сухараўцы, рынак якой у гэты час асабліва багата гандляваў не толькі габеленамі, рэдкімі кнігамі, стыльнай мэбляй і карцінамі, але і калекцыйнай панскай зброяй. Маёнткі, дваранскія гнёзды пускалі з малатка калекцыі. Пачынаўся развал.
Антыкварыі накшталт Пярлова і Фірсанава куплялі за грашы вялікія шэдэўры. Але Загорскага гэта цяпер не цікавіла. Ён купляў стрэльбы, каўказскія шаблі, нават японскія рытуальныя мячы — абы страляла і калола, абы была сталь. Ён ведаў, меч у руках мужнага — таксама зброя.
Мсціслаў злёгку нават балдзеў ад энергіі сябра. Алесь штурхаўся між людзьмі, выцягваў чарговую знаходку з-пад якой-небудзь калекцыі мінералаў, прымерваў, ці па руцэ, ці да пляча. Маеўскі лічыў, што варта было б і другім будучым вайсковым кіраўнікам паклапаціцца загадзя, а то нешта цяжкія на пад'ём. Не могуць жа яны ўдвух зрабіць усё і за ўсіх.
А вакол шумеў натоўп. Крычалі антыквары, збраяры, кніжнікі, старызнікі. Той рагатаў, нехта лаяўся, «купіўшы чыгунны капялюш».
Цэлы рад займалі гандляры рукапісамі і кнігамі па фрэналогіі, магіі, фізіягноміцы, астралогіі, хірамантыі і чарадзейству. Людзі з містычнымі вачыма, дрэнна паголеныя і падазрона апранутыя, прытаргоўвалі аракулы і соннікі. Мсціслаў толькі бурчаў:
— З гэткім суконным рылам ды ў эўрапейскі калачны рад. Містыка ім спатрэбілася. Ім больш патрэбная турма ды лазня.
А Загорскаму было не смешна, а брыдка. Купцы, ахотнарадцы, уся гэтая лычатая свіная зграя была, на жаль, сілай. Таму што ў яе былі грошы. І таму немінучая была перамога іхняй грубасці і нахабства над вытанчанасцю.
Перамога, у якой загінуць лепшыя, а поскудзь застанецца.
Ён не мог не думаць аб тым, што колькі б ні меў рацыі сапраўдны чалавек — ён не здужае ў бітве з чалавечай сквапнасцю. Пад ударамі бязменаў і купленых багнетаў падзе рыцарства, чысціня і высакароднасць. І застануцца Валуевы ды Ціт Цітычы.
Але ён адагнаў гэтую думку.
Яшчэ больш нагнаў на яго суму Чыўін. Як ехалі з Сухараўкі, раптам уздыхнуў і сказаў:
— А паддзячага нашага, з бубнаўскай дзіркі, забілі.
— Як? — ахнуў Алесь.
— А вось так. Забілі ў «Воўчай даліне». І труп у раку кінулі. Пачаў, відаць, зноў пагражаць камусьці. Такія заўсёды так канчаюць… Гэ-эх, горад-горад. Зладзюга на зладзюзе. Нядаўна на Пакроўскім рынку два зладзеі свіную тушу ўкралі. Апранулі ў тулуп, шапку на галаву, заднія кумпякі — у валёнкі — і цягнуць «пад рукі», нібыта п'янага сябра дамоў вядуць. Сто разоў паўз іх абакрадзены прабег — так і не здагадаўся.
— Весялейшага чагосьці няма, Дзяніс Авакумыч?
— Ёсць. Учора благавешчанне было. А на благавешчанне, самі ведаеце, птушак адпускаюць: гілёў, сініц, аўсянак. А купляюць іх ля Яблычных радоў*. І вось ўчора, раным-рана, вяртаюцца з «Яра» купчыкі. П'яныя ўсе як гразь. Тут адзін успомніў: благавешчанне, птушак выпускаць трэба. Спыніліся — туды-сюды — няма яшчэ ніводнага гандляра, ніводнай клеткі. Што рабіць? А тут насустрач хлапчынка-балгарын з малпай. Халодна, дрыжаць абое. Раптам адзін з мамаеў — як заплача: «Што яна пакутаваць будзе? Давайце выпусцім на волю божае стварэнне. Падзякуе нам…» Купілі, адвязалі, засвісцелі ў тры пальцы. Малпа на дрэва, а купцы паехалі: «Хай сабе жыве на дрэвах».
* Славутага рынку на Трубнай плошчы тады яшчэ не было.
А тут ужо народ збіраецца. Убачылі. Рагатаць пачалі. Невядома, дзе тут і хто тут малпа. Хлопчык бегае, кліча, плача, а тая не даецца. Натоўп — сабраўся — ледзь яго паліцыя разагнала.
— Вечна вы, Дзяніс Авакумыч, невыгоднае распавядаеце, — сказаў Мсціслаў.
— Што ёсць, тое і распавядаю. Кандрат толькі галавою круціў, пасмейваючыся. Загорскі ўжо не здзіўляўся. Звыкнуў да ўсяго. Бачыў бруднае і смуроднае Зараддзе, у якім нельга было дыхаць і ў якім, аднак, жылі людзі, жылі ўсё жыццё. Самая перакатная галеча, беднасць, адчай, самае дно. Ні паветра, ні хлеба, ні вады: адзін басейн у Зарадскім завулку ды яшчэ студня ў Знаменскім манастыры, вада якога была такая салоная, што прыдатная была нават для засолкі агуркоў.
Мясцовасць гэтую напалову засялілі яўрэі. Трыццаць пяць гадоў таму назад ім дазволілі часова пражываць у Маскве з той умовай, каб яны спыняліся там ад аднаго да трох месяцаў, у залежнасці ад таго, якой гільдыі гандляр, і з тым, каб ён меў права спыняцца толькі ў Зараддзі, на Глебаўскім падвор'і.
Так стварылася маскоўскае гета, зменлівае, плыннае, з рэзнікамі і шмукачамі-гандлярамі абрэзкамі футры, з кушнярамі, што ўстаўлялі ў мяздру беларускага бабра сівыя валаскі янота і так рабілі «бабра камчацкага»; з жанчынамі, што перад пейсахам мыюць у рацэ посуд, з гаманкім натоўпам, з чорнымі постацямі, што моляцца на беразе Масквы супраць Праломных варот, з неверагодным, адкрытым для ўсіх жабрацтвам.
А побач штурхалася другая палова: хлопчыкі з рэдкімі валасамі, рамізнікі, рамесніцкія вучні, шапавалы, галодныя павадыры мядзведзяў.
Мядзведзі не хацелі дужацца і адразу цягнулі лапы за падачкай. Ва ўсіх іх былі падпілаваныя кіпці і зубы, а ў многіх выкалаты вочы.
Сэрца падала, калі глядзіш на ўсё гэта. А народ, біты і драны, «благоденствовал с ним», з гасударам, як сто разоў на дзень афіцыйна сцвярджаў гімн.
Мядзведзь цягнуў лапу за падачкай. На гук. Дзяржава марыла аб чарнаморскіх пралівах.
РАЗДЗЕЛ VІІ
Прыйшла, урэшце, звестка. Андрэя Кагута павінны былі скора прывезці ў Маскву, каб, адразу пасля вялікадня, адправіць з этапам у Сібір. І Андрэя і яшчэ некалькіх катаржан павінны былі пасяліць у Бутырскай турме, аддаць у лапы сумна вядомаму Кірушку, набіць кайданы і адправіць праз Рагожскую заставу па Ўладзімірцы.
Трэба было дзейнічаць неадкладна.
Перш за ўсё Алесь накіраваўся на Смаленскую заставу і дамовіўся там з чатырма ямшчыцкімі тройкамі. Даў грошай і папрасіў, каб людзі чакалі на працягу тыдня пасля вялікадня і ўдзень і ўначы. Ён не збіраўся карыстацца гэтымі запрэжкамі. Ён ведаў: збеглага перш за ўсё кінуцца шукаць на тую заставу, адкуль вядзе дарога дамоў. І тут яны знойдуць падрыхтаваныя тройкі, зробяць засаду і стануць чакаць прыходу заказчыкаў, якія не прыйдуць, дадуць уцекачам магчымасць уцячы.
Другіх коней Кірдун наняў на Першай Мяшчанскай, у ямской слабадзе ля Крэстоўскай заставы: так было менш падазрэнняў.
Кандрат забяспечыў коней на другую падставу. Наняў для гэтага дзве славутыя лапцеўскія тройкі сцяпной пароды. Лапцеў, мужык Саратаўскай губерні, прыязджаў у Маскву гужавіком і ўсю зіму жыў у горадзе. Ягоныя тройкі, асноўная і завадная, ужо некалькі год пакідалі «за сцягам»* усе астатнія тройкі Масквы, нават славутую Каравулаўскую.
* То бок міналі «слуп» (фініш), калі ўсе астатнія тройкі былі за трыццаць сажняў.
Алесь сам бачыў апошнюю яго перамогу на лёдзе Масква-ракі, між Маскварэцкім і Вялікім Каменным мастамі.
Крыкнуў: «Родные, не выдайте» — і ўсе астатнія засталіся далёка за спіною: глытаць снежны пыл.
Лапцева адаслалі «на бойкі шлях» да Тройцы — Сергія. Але ніхто не збіраўся ехаць на Растоў, Пераяслаў ды Яраслаўль. Перасеўшы на «лапцеўскія» тройкі, уцекачы павінны былі павараціць налева і выбівацца на чыгунку, каб, праехаўшы некалькі супынкаў, прабіцца ў Беларусь з поўначы, а не з захаду. Сядаць на чыгунку ў Маскве было небяспечна.
Пасля гэтага заняліся Бутыркамі. Чалавек, якога яны збіраліся ўкрасці, павінен быў мець сілы для ўцёкаў. Кірдун, Алесь і Чыўін паехалі на Бутырскую заставу, ціхую, за зарослым мінулагодняй травою Камер-Калежскім валам. Перш за ўсё намецілі зручную дарогу, якой будуць скакаць ад другой падставы праз сады Бутырскага хутара ў напрамку да Цвярскога гасцінца. Алесь ехаў і ўспамінаў, як у адным з будыначкаў хутара была ледзь не першая нарада аб паўстанні. У якім менавіта, ён забыў. Памятаў толькі, што каля става.
Што было рабіць з катам? Андрэя не павінны былі везці на Балота. Яго чакала «кабыла» непасрэдна ў двары турмы. Але славутае «берегись, ожгу!» чакала і яго. І тут Чыўін прабалбатаўся, што Кірушку лёгка падкупіць. Тады ён, зрабіўшы першы ўдар, другія рабіў хутчэй па кабыле, чым па спіне.
Раскольнік нічога не ведаў. Ён думаў, што Алесь і ягоныя спадарожнікі проста «цікавяцца» горадам. Але Кірдун усё запамінаў. Наступнага дня ён рызыкнуў, і яму ўдалося-такі даць кату ў лапу чацвяртны з абяцаннем даць двойчы столькі, калі катаржнік Андрэй Кагут будзе жывы і здаровы на другі ж дзень пасля пакарання, а не будзе ляжаць між жыццём і смерцю два тыдні, як усе астатнія.
— І «ожгу» не крычы, — сказаў Кірдун. — За гэта атрымаеш яшчэ чацвяртную, сто будзе.
— Як бы рука не сарвалася.
— Сарвецца — не атрымаеш.
— Ты яму хто?
— Табе не ўсё адно?
— Усё адно, — згадзілася быдла. — Добра. Пастараюся.
Непрыкметна агледзелі астрог. Не, уцячы адсюль было нельга. Прынамсі, за такі кароткі тэрмін, які мелі яны. Дый мясцовасць нязручная. Па гэты бок заставы, за кардэргардыямі, у якіх жылі саладаты і «мацальшчыкі»*, цягнуліся да самага астрога гароды, цяпер яшчэ пустыя і сям-там нават паплямаваныя апошнім снегам.
* Мацальшчыкі торкалі прутамі ў вазы з сенам, каб праверыць, ці не вязуць у Маскву «неадкупнога» віна.
Затое ўсе ўзрадаваліся, знайшоўшы «нелегальны» праезд цераз вал, бліжэй да Мар'інай рошчы. Калі б перастрэлі на дарозе — тут лёгка можна было б праслізнуць у Маскву, каб адседзецца.
Трэба было цяпер падумаць аб прыстанку ля Рагожскай заставы, дзе можна было б пражыць апошнія дні перад этапам. Спыталі ў Чыўіна, сказалі, што хочуць выехаць на нейкі тыдзень без слуг, а іх пасяліць у кагосьці на Рагожскай, бо адным ім займаць месца ў тракціры і гасцініцы нязручна. Стары атрымоўваў ад Алеся шмат і таму, не пытаючыся асабліва, пачаў думаць.
— Ды вось, чаго лепей. Ля палявога двара, дзе звярыная траўля Івана Багатырова. Знойдзе ён для людзей пакойчык — не адмовіць мне.
Паехалі да Багатырова. Зямля падсыхала ўжо. Нябачныя жаўрукі звінелі ў свежым небе. Прыемна было ехаць у адкрытай брычцы, заплюшчыўшы вочы і падстаўляючы праменням твар.
— Што за чалавек гэты Багатыроў? — спытаў Алесь.
— Рукамясло ў яго дзіўнае, князь. Сырэйнае завядзенне. Шкуры здзіраюць. З быкоў заразных, з быкоў хворых ці задуменных. Там у яго хаты, пуні, салатопкі. Здымае ён шкуры і з коней і з мядзведзяў, ваўкоў, іншых розных. Але тут справа не ў гэтым. Галоўнае — «траўля».
— А гэта што?
— А гэта круг сажняў на трыццаць, ды вакол яго крэслы, адны вышэй другіх. Цкуюць там ваўкоў, мядзведзяў ці быкоў.
— Быкоў нашто?
— А так бывае, што бугай на бойні атрымае молатам у лоб, але сцегавец, бервяно на слупах, выдзярэ і ўцячэ. То вось тады цкуюць. А сабакі розныя. На ваўка — ваўкарэзы. На мядзведзя — медэлянскія. Ёсць такія, што адзін на адзін мядзведзя бяруць. Сем пудоў вагі, аршын два вяршкі росту, сем чвэрцяў даўжыні да хваста. А калі не бярэ, то ў дапамогу — мардаша. Такія сабакі ў Івана… А на быкоў добрыя псы ў таганца, у Сіліна Паўла Сямёнавіча. Вось і цкуюць. Публікі часам збіраецца тысячы тры — любяць гэта масквічы.
— Паляванне лепей, — сказаў Алесь. — Ды я цяпер амаль і не палюю.
— Каму як, — сказаў Чыўін. — Каму паляванне, каму цкаванне да брыдкасці. Аднойчы да Багатырова афіцэры марскія прыехалі. Гэта пасля Свістопаля было, і разбэшчаныя яны тады былі — да немагчымага. Як жа — гір-роі. З бітым задам. Ну, а мядзведзя цкуюць вядома як. У крузе два бервяны крыж-накрыж, закапаныя ў зямлю. На скрыжаванні кальцо, а за яго — канат даўжынёй аршын у пяць-шэсць. А на канаце — мядзведзь. А ў крузе сам Багатыроў, а ля яго хлопцы з Новай Вёскі, што яго слухаюцца, ды ўсе з падважнікамі ў руках: часам на мядзведзя, а часам і на публіку. І пачалі афіцэры шкандаліць, бо п'яныя і ўзбуджаныя: «Багатырова цкаваць! Бараду яму выдраць!» Сунімалі іх па-добраму — нічога. Станавога яны прагналі. Палкоўніка Калашнікава, паважанага чалавека, і таго не паслухалі. Тады ідзе да іх Дзмітры Вялікі з Новай Вёскі, першы на Маскву кулачнік. Маракі яму крычаць: «Прэч!» А той ім: «Гэта і нам, мужыкам, дараваць нельга, а не тое што высакародным». Тут адзін з маракоў Дмітрыя Вялікага — за бараду. Той аж збялеў. «Не, — кажа, — бары! Па-нашаму не так». Ды ў ахапак таго, ды ў круг, да мядзведзя. Публіка тады — да Дзмітрыя. Ды новавяскоўцы з падважнікамі — у абарону. Як пачалі іх біць. Тыя — уроссып, на поле, на шашу. А за імі багатыроўцы, ды падважнікамі, падважнікамі. Збілі да апошняга. На полі — як Батый прайшоў. Смяхоцце! І нічога, ніякага суда. Выпілі толькі потым бітыя з тымі, хто біў. Смяяліся шмат… Новавяскоўцы гэтыя такія разбойнікі: на кожным двары шыбеніцу стаў — не памылішся.