Хобіт, або вандроўка туды і назад - Толкин Джон Рональд Руэл


Дж. Р. Р. ТОЛКІН

Частка 1

НЕЧАКАНАЯ ВЕЧАРЫНКА

Была ў зямлі дзірка, але ж не проста дзірка, а нара, І жыў у ёй хобіт. I была гэта не сырая, цёмная ды брудная нара, дзе са сцен тырчаць чарвякі ды патыхае цвіллю, і не сухая зямлянка, дзе сыплецца пясок, няма на што сесці ды няма чаго з'есці, а нара хобіта, а значыць — нара ўтульная і вельмі добра ўладка-ваная. Дзверы ў нару былі круглыя, як ілюмінатар, пафарбаваныя ў зялёны колер, з бліскучай меднай ручкай у самай сярэдзіне. Адчыняліся дзверы ў доўгую, падобную да тунеля залю, вельмі зручную залю, нядымную ды прасторную, з шаляванымі сценамі, з паркетам і дыванамі на падлозе, з паліраванымі крэсламі і безліччу цвічкоў для капелюшоў ды паліто — хобіт любіў гасцей. Заля-тунель вілася і вілася, ідучы ў глыб пагорка — Стромы, як яго называлі людзі на шмат вёрстаў навокал. I было ў гэтым тунелі мноства маленькіх круглых дзверак, спачатку з аднаго боку, потым з другога. Хобіту не падабалася падымацца ды спускацца па лесвіцах, і таму ўсё было амаль на адным узроўні: спальні, прыбіральні, каморы, кладоўкі для ежы (вялікая колькасць!), шафы (хобіт меў цэлыя пакоі для адзення), кухні і гасцёўні, усё пад бокам, блізка. Найлепшыя пакоі былі леваруч ад уваходу. Толькі яны мелі невялікія круглыя вокны, што паглядалі на сад, і за ім на схіле пагорка — луг да ракі.

Быў хобіт вельмі заможны і меў прозвішча Торбінс. Жылі Торбінсы ў наваколлі Стромы з часоў пракавечных, карысталіся вялікай павагай (не толькі за тое, што болыласць з іх былі за-можныя, а яшчэ за тое, што мелі адметна спакойны характар). Ніколі Торбінсы не траплялі ні ў якія прыгоды ды авантуры, не рабілі нечаканага ды дзіўнага, наагул, можна было загадзя ведаць, што адкажа той ці іншы Торбінс на любое пытанне, і таму не турбавацца з запытаннямі. Наша гісторыя пра тое, як Торбінс трапіў-такі ў авантуру, дзе рабіў ды казаў рэчы цалкам нечаканыя. Напэўна, пашану суседзяў ён трохі страціў, але ж прыдбаў… вы пабачыце, што ж ён набыў у рэшце рэшт.

Маці нашага хобіта… пачакайце — ці ведаеце вы, што ж такое хобіты? Здаецца мне, трэба прамовіць колькі словаў пра хобітаў, тым больш што цяпер іх сустрэнеш не часта, ды і пазбягаюць яны Даўгалыгіх (так яны нас клічуць). Хобіты ёсць і былі малым народцам, нам па пояс, менш нават за барадатых гномаў. У саміх хобітаў бародаў няма. Няма ў іх амаль нічога чароўнага, ну. магчыма, за выключэннем майстэрства хутка і надзейна хавацца, калі даўгалыгія тапатуны (накшталт нас з вамі) рухаюцца, быццам статак сланоў, і шуму робяць на ўсё наваколле. Хобіты звычайна таўставатыя, апратку любяць яркіх колераў (пераважна жоўтага і зялёнага), абуткам не карыстаюцца, бо падэшвы ў іх шорсткія, а ногі зараслі густым кучаравым валоссем — як на галовах. Яны маюць спрытныя пальцы, дабрадушныя твары і добра, як той казаў, ад пуза рагочуць, асабліва пасля абеду, які ў іх звычайна па два разы на дзень (калі атрымліваецца). Цяпер, здаецца мне, вы ведаеце дастаткова, і можна ісці далей. Дык вось, маці нашага хобіта — Більба Торбінса, вядома, была знакамітая Беладона Хват — адна з трох выдатных дачок Старога Хвата, старэйшыны хобітаў, якія жылі за Вадой-ля-Стромы (такую назву мела маленькая рачулка, што цякла каля Стромы). Часцяком казалі (вядома, у іншых сем'ях), што аднойчы адзін з Хватаў узяў сабе жонку з чароўнага народу. Зразумела, гэта лухта, але ж і сапраўды было нешта не зусім хобіцкае ў Хватах, і час ад часу хто-небудзь з гэтай сямейкі скіроўваўся вандраваць ды шукаць прыгодаў. Шукальнік прыгодаў звычайна знікаў, сям'я старалася справу прыцішыць ды замоўчаць. Але ж факг заставаўся фактам — Хваты былі паважаныя менш за Торбінсаў, хоць і значна багацейшыя.

I не тое, каб Беладона Хват трапляла ў якія-кольвек прыгоды пасля таго, як зрабілася жонкай Банга Торбінса. Банга Торбінс (бацька Більба) пабудаваў для яе (і часткова за яе грошы) самую раскошную нару, якую толькі можна было знайсці ля Стромы, ў ваколіцах Стромы і за Вадой-ля-Стромы, і жылі яны ў гэтай нары да скону дзён сваіх. Аднак жа магчыма, што Більба, які выглядам ды паводзінамі быў дакладнай копіяй свайго саліднага паважанага бацькі, атрымаў каліва дзівосаў з Хватавага боку, якое толькі чакала часу, каб вырасці ды праявіць сябе. Час не прыходзіў, пакуль Більба не стаў дарослым ды не дажыў амаль што да пяцідзесяці гадоў, якія прайшлі ў цудоўнай нары (я апісаў яе для вас), і нікуды рухацца не збіраўся.

Аднак жа нейкім цудам аднойчы дзівоснай раніцай шмат часу таму, калі свет быў менш шумны і больш зялёны, калі хобіты былі ў шматлікасці ды росквіце, а Більба Торбінс стаяў на ганку ды смактаў неверагодных памераў драўляную люльку, якая даставала амаль да пальцаў на нагах (поўсць на іх была ахайна прычасаная), — прыйшоў Гэндальф. Гэндальф! Калі б вы толькі ведалі чвэрць таго, што чуў пра яго я, а я чуў толькі малую частку таго, што пра яго варта было б чуць, вы б адразу падрыхтаваліся да любых надзвычайных падзеяў. Прыгоды ды цуды здараліся ў любым месцы, дзе ён знаходзіўся, самым неверагодным чынам. Не быў ён каля Стромы даўным-даўно, напэўна, ажно з часоў смерці Старога Хвата, і хобіты ўжо паспелі забыцца, як ён выглядае. Жыў ён далёка адсюль, недзе за Вадой-ля-Стромы, займаўся нейкімі сваімі таямнічымі справамі з дзён, калі ўсе дарослыя цяпер хобіты яшчэ ў калысках ляжалі.

Але ж бесклапотны Більба бачыў гэтай раніцай толькі старога чалавека з посахам. Чалавек меў высокі, з вострым верхам блакітны капялюш, доўгі шэры плашч, срэбнага колеру шалік, паверх якога вісела доўгая, ніжэй за пояс, сівая барада, а таксама вялізныя чорныя боты.

— Добры дзень, — сказаў Більба, таму што дзень і насамрэч быў добры. Ззяла сонца, маладая сакавітая трава зіхацела, нібы смарагд. Аднак Гэндальф запытальна зірнуў на хобіта з-пад доўгіх густых броваў, якія былі ледзь не даўжэй за крысо капелюша.

— Што гэта значыць? — спытаў ён. — Ты жадаеш мне добрага дня? Ці, магчыма, паведамляеш, што дзень добры, хачу я таго ці не, альбо ты адчуваеш сябе добра гэтым днём, альбо зычыш дню быць добрым?

— Усё разам, — сказаў Більба, — дзень сапраўды вельмі добры, асабліва для люлькі тытуньку па-за дзвярыма хаты. Калі маеце люльку, сядайце, пачастую вас тытунём. Куды спяшацца, увесь дзень наперадзе.

I Більба сеў на ўслончык пры дзвярах, закінуў нагу за нагу ды выпусціў цудоўнае шэрае кольца дыму, якое роўненька ўзнялося ды паплыло за Строму.

— Нядрэнна, — сказаў Гэндальф, — але ж я не маю часу пускаць дым гэтай раніцай. Я шукаю асобу для прыгоды, што збіраюся хутка пачаць, а героя адшукаць нялёгка.

— Вядома — у нашых краях! Мы — народ спакойны, просты, аніякія авантуры ды прыгоды нам не патрэбныя. На другі абед з-за іх можна спазніцца, калі не горш! Не ведаю, што людзі знаходзяць у авантурах? — прамовіў наш Більба, сунуў пальцы за шлейкі ды выпусціў яшчэ адно, нават большае кольца дыму.

Потым ён дастаў сваю ранішнюю пошту і пачаў чытаць, быццам побач і не было Гэндальфа. Хобіт ужо вырашыў, што Гэндальф — не тая асоба, з якой ён хацеў бы мець справу, і чакаў, каб той хутчэй сышоў. Аднак стары не крануўся з месца. Ён стаяў, абапёршыся на посах, і моўчкі паглядаў на Більба, пакуль той не адчуў сябе крыху няёмка і нават пакрыўджана.

— Добры дзень! — сказаў ён у рэшце рэшт. — Нам тут не патрэбныя аніякія прыгоды, вялікі дзякуй! Папытайцеся за Стромай ці, магчыма, за Вадой-ля-Стромы.

Гэтым наш хобіт хацеў давесці, што гутарка скончылася.

— Колькі ж гатункаў у твайго «добрага дня»! — сказаў Гэндальф. — Зараз, напрыклад, гэта значыць, што мне лепей сысці, і тым лепей, чым хутчэй.

— Не, не, не, шаноўны пане, што вы! Але ж я не ведаю вашага прозвішча…

— Так, так, шаноўны пане! Але ж я ведаю тваё, спадар Більба Торбінс! Як і ты маё, хоць і не памятаеш, што яно належыць мне! Я — Гэндальф, і Гэндальф — гэта я! Уявіць сабе, што дажыву да часу, калі сын Беладоны Хват будзе адчапляцца ад мяне «добрым днём», быццам я гузікі прадаю!

— Гэндальф! Гэндальф! Бацюхны! Той самы вандроўны чараўнік, які даў Старому Хвату пару цудоўных дыямантавых спражак, якія самі сабою зашчапляліся і не расшпільваліся, пакуль ім не загадаеш! Той самы, які заўсёды распавядаў такія цудоўныя гісторыі пра цмокаў, гоблінаў ды веліканаў, пра ўратаваных прынцэс ды нечаканае шчасце сыноў бедных удоваў! Той самы, хто ствараў такія незвычайныя феерверкі! Я памятаю іх! Яны ўзнімаліся, як вялізныя лілеі, львіны зеў ды гіяцынты! Магчыма, вы ўжо адзначылі, што Більба быў не такой празаічнай натурай, якой лічыў сябе, і што яму вельмі падабаліся кветкі.

Няўжо той самы Гэндальф, з-за якога такая колькасць добрых хлапцоў і дзяўчат сышлі невядома куды, шукаючы дурных прыгодаў! Абы-якіх — ад лазання па дрэвах да вандровак у пазаэльфаўскія краіны! Свет мой родны, і было жыццё ў той час … я меў на ўвазе, здольныя ж вы былі паставіць усё ў нашых мясцінах з ног на галаву. Прашу прабачэння, я і падумаць не мог, што вы яшчэ… пры справах.

— Дзе ж мне яшчэ быць? — сказаў чараўнік. — Аднак жа, прыемна чуць, што пра цябе нешта памятаюць. У рэшце рэшт, мае феерверкі табе спадабаліся, і ты не зусім безнадзейны. Таму дзеля твайго дзеда Старога Хвата ды небаракі Беладоны, я дам табе, чаго просіш.

— Прашу прабачэння, але ж я нічога ў вас не прасіў!

— Прасіў! Цяпер ужо двойчы. Маё прабачэнне. Я табе яго даю. Больш за тое — я нават далучу цябе да сваёй прыгоды. Цікава для мяне, карысна для цябе — дый прыбыткова, калі дажывеш да канца.

— Прабачце! Не жадаю я прыгодаў, дзякуй вялікі! Не сёння! Добры дзень вам! Але ж заходзьце на гарбату, калі ласка, у любы час, нават заўтра. Чаму не заўтра? Заходзьце, калі ласка! Да пабачэння!

3 гэтымі словамі хобіт павярнуўся, скочыў у свае круглыя зялёныя дзверы ды зачыніў так хутка, як толькі адважыўся, адно каб не пакрыўдзіць госця. Усё ж чараўнікі — гэта чараўнікі…

«I чаму я выдумаў запрасіць яго на гарбату», — казаў сабе Більба, ідучы ў кладоўку. Ён толькі паснедаў, але ж пасля такіх размоваў падсілкавацца кексам-другім ды глынуць чаго-небудзь не зашкодзіла б.

А Гэндальф тым часам спакойна стаяў сабе за дзвярыма ды пасмейваўся ў бараду. Праз нейкі час ён зрабіў крок бліжэй да Більбавых цудоўных зялёных дзвярэй ды канчаром посаха надрапаў нейкі незразумелы знак. Потым рушыў прэч якраз, калі Більба скончыў сняданак і палічыў, што ад прыгодаў ён адмовіўся вельмі ўдала.

Назаўтра Більба амаль што забыўся на Гэндальфа. Памяць ён меў не вельмі добрую і мусіў рабіць нататкі ў сваёй Кніжцы Сустрэчаў ды Наведванняў, напрыклад: «Гэндальф. Гарбата ў сераду». Але ж учора ён перахваляваўся ды забыўся зрабіць адзнаку.

Якраз блізу пятай гадзіны ад дзвярэй раптам пачуўся пранізлівы звон — і тут хобіт узгадаў! Ён хуценька паставіў чайнік на пліту, выхапіў з шафы яшчэ кубачак ды сподак і пабег да дзвярэй.

«Прашу прабачэння, што прымусіў вас чакаць», — збіраўся сказаць Більба, але ж убачыў, што перад ім зусім не Гэндальф. А быў перад ім гном з блакітнай барадой, засунутай пад залаты пояс, і з вельмі зыркімі вачыма пад цёмна-зялёным капелюшом. Як толькі дзверы адчыніліся, ён рушыў у нару, быццам чакалі менавіта яго.

Ён павесіў свой плашч з капелюшом на бліжэйшы цвічок і сказаў: «Двалін, ваш пакорлівы служка», — і нізка пакланіўся.

— Більба Торбінс, да вашых паслуг, — сказаў хобіт, занадта здзіўлены, каб задаваць пытанні. Калі маўчанне ўжо паспела зрабіцца няёмкім, ён нарэшце дадаў: «Я як раз збіраўся піць гарбату, запрашаю вас, пачастуйцеся разам са мной». Прагучала гэта не вельмі шчыра, але ж паспрабуйце самі ўявіць у сваёй хаце незнаёмага гнома, які з'явіўся без запрашэння, а ў дадатак павешаў рэчы на цвічок, не турбуючыся і словам тлумачэння.

Прабылі яны за сталом нядоўга, па сутнасці, толькі дабраліся да трэцяга кекса, калі ў дзверы зазванілі яшчэ гучней.

— Прашу прабачэння, — сказаў хобіт і рушыў да дзвярэй, — «дык вось вы нарэшце!» — хацеў ён сказаць Гэндальфу. Аднак жа гэта зноў быў не Гэндальф. Замест яго на ганку стаяў вельмі стары на выгляд гном з белай барадой і чырвоным капелюшом, і ён, як толькі дзверы адчыніліся, таксама зайшоў у нару, быццам запрошаны.

— Бачу, яны ўжо пачалі збірацца, — сказаў ён, зірнуўшы на зялёны капялюш Дваліна. I павесіў свой чырвоны побач. «Балін, да вашых паслугаў», — дадаў ён, прыціснуўшы руку да грудзей.

— Дзякуй, — ледзь вымавіў Більба. Вядома, сказаць «дзякуй» было не зусім правільна, аднак жа словы «яны ўжо пачалі збірацца» адбіліся на хобіце дрэнна. Гасцей ён любіў, але ж любіў яшчэ і ведаць, хто яны такія, і лічыў за лепшае запрашаць іх сам. Заварушылася ў ім непрыемнае падазрэнне, што кексаў можа не хапіць, і тады ён — Більба ведаў свае абавязкі гаспадара, якімі б цяжкімі яны ні былі, — ён павінен будзе абысціся без кекса.

— Заходзьце, далучайцеся да нас, пачастуйцеся гарбатай, — нарэшце здолеў вымавіць ён, глыбока ўздыхнуўшы.

— Трошкі піва падыдзе мне лепш, калі вам не ўсё роўна, добры мой спадар, — сказаў белабароды Балін, — аднак жа я таксама згодзен і на кекс — са сланечнікам, калі ёсць.

— Мноства! — адказаў, здзівіўшы сам сябе, Більба. Потым ён, здзіўляючыся далей, знайшоў сябе на лесвіцы па дарозе ў камору, дзе напоўніў півам куфель, ды ў кладоўцы, дзе ляжалі два цудоўныя круглыя кексы з семкамі, якія спёк апоўдні, каб падсілкавацца пасля вячэры.

Калі Більба вярнуўся, Балін і Двалін размаўлялі за сталом як старыя сябры (на самай справе, яны былі родныя браты). Більба плюхнуў піва і кексы на стол перад імі, і тут зноў моцна зазванілі ў дзверы, а потым яшчэ і яшчэ.

«На гэты раз дакладна Гэндальф», — падумаў хобіт, спя-шаючыся да дзвярэй. Але ж не. З'явіліся яшчэ два гномы, абодва з блакітнымі капелюшамі, срэбнымі паясамі ды жоўтымі бародамі, і кожны з іх нёс мех з інструментамі ды рыдлёўку. Яны таксама зайшлі ў нару, як толькі дзверы адчыніліся, — Більба ўжо амаль не здзівіўся.

— Што я магу для вас зрабіць, шаноўныя гномы? — спытаў ён.

— Кілі да вашых паслуг, — сказаў адзін з іх. — I Філі, — дадаў другі, і яны, зняўшы капелюшы, пакланіліся.

— Більба, пакорлівы служка ваш і вашай сям'і, — адказаў Більба, нарэшце ўспомніўшы пра ветлівасць.

— Я бачу, Балін і Двалін ужо тут, — сказаў Кілі. — Пойдзем жа і мы да натоўпу.

«Натоўпу! — падумаў спадар Торбінс. — Не падабаецца мне, як гэта гучыць. Лепш сесці спакойна, абмеркаваць усё хвілінку-другую, ды глынуць чаго-небудзь». Глынуць ён паспеў толькі раз, у кутку, калі чатыры гномы паселі за стол ды завялі гутарку пра шахты, золата ды непрыемнасці з гоблінамі, пачварствы цмокаў і яшчэ пра мноства рэчаў, якія ён не разумеў, дый разумець не жадаў, бо занадта патыхала ад іх прыгодамі. I тут «дзінь-дзень-бум-дзень» — дзвярны званочак загучаў зноў, быццам нейкае шкадлівае хабіцяня спрабавала адарваць яго цалкам.

— Нехта за дзвярыма, — сказаў хобіт, міргаючы.

— Чацвёра, мяркуючы па звоне, — сказаў Філі, — мы бачылі, яны ішлі следам за намі.

Небарака хобіт сеў на крэсліца ў залі, падпёршы галаву рукамі, і ціха спытаў сябе, за што ж гэта яму такое, і што робіцца, і што будзе рабіцца, і ці застануцца яны ўсе да вячэры. Потым званочак зазваніў наймацней, і хобіту давялося падбегчы да дзвярэй. За імі стаялі не чацвёра — ПЯЦЁРА! Звалі іх Доры, Норы, Оры, Ойн ды Глойн, і вельмі хутка два фіялетавыя, шэры, руды і белы капелюшы віселі на цвічках, а гномы, засунуўшы шырокія далоні за залатыя і срэбныя паясы, рашуча крочылі да астатніх. Атрымаўся амаль натоўп. Нехта патрабаваў элю, нехта портэру, адзін — кавы, і ўсе разам — кексаў, так што хобіт нейкі час быў цалкам заняты.

Вялікі гарлач з кавай якраз паставілі на агмень, ды кексы паспелі скончыцца, і гаомы ўжо прыняліся за булкі з масяам, калі пачуўся вельмі моцны грукат. Нехта не званіў, а калаціў па цудоўных зялёных хобітавых дзвярах. Тарабаніў на ўсю моц палкай!

Більба кінуўся да дзвярэй, вельмі раззлаваны, цалкам ашалелы ды збіты з тропу — такой непрыемнай серады ён і прыгадаць не мог. Хобіт штуршком адчыніў дзверы, і ўсе разам паваліліся ў нару адзін на аднаго. Ззаду стаяў Гэндальф, абапёршыся на свой посах, і рагатаў. Ён зрабіў здаравенную вышчарбіну на некалі цудоўных дзвярах, а разам і дашчэнту знішчыў таямнічы знак, які паставіў на іх учорашняй раніцай.

Дальше