— Ведаю, — адказаў стары i паклаў руку сыну на плячо, — можаш мне гэтага не казаць.
Я ахвотна б ахвяраваў табе колькi слязiнак скрухi, але не магу выцiснуць iх з сябе: я ўсё яшчэ гляджу на вежу Святога Севярына як на здабычу, што выслiзнула ў мяне з рук; шкада, што абацтва было справай тваёй маладосцi, тваiм вялiкiм лёсам, першай вялiкай гульнёй; i ты добра пабудаваў яго: салiдныя муры, выдатныя статычныя характарыстыкi; мне давялося запатрабаваць два грузавiкi выбуховага рэчыва; я абышоў будынкi, крэйдаю напiсаў свае формулы ды знакi з лiчбамi на сценах, калонах, апорах скляпенняў, напiсаў iх таксама на вялiкiм роспiсе — карцiне "Таемнай вячэры", памiж нагой святога Яна i ступнёю святога Пятра; я ж дасканала ведаў абацтва; ты гэтак часта апавядаў мне пра яго, калi я быў яшчэ хлопчыкам, падлеткам, юнаком — я iшоў i пiсаў свае знакi з лiчбамi на сцяне, а побач са мною бег абат, адзiны чалавек, якi застаўся там, на месцы; ён апеляваў да майго розуму, да маiх рэлiгiйных пачуццяў; на шчасце, то быў новы абат, якi мяне не ведаў. Ён апеляваў да майго сумлення; дарэмна; ён не бачыў, як я прыязджаў туды па суботах, еў стронгу, натуральны мёд, намазваў масла на вясковы хлеб; не бачыў мяне, архiтэктаравага сына; i калi ён глядзеў на мяне, як на вар'ята, я шапнуў яму: "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; мне тады было дваццаць дзевяць год — якраз столькi, колькi табе, калi ты будаваў абацтва, — i я чакаў ужо новай здабычы, шараватая танклявая постаць якой вiднелася на даляглядзе, — сабор Святога Севярына; але я трапiў у палон, i вось тут, на станцыi Дэнклiнген, за тым сталом, дзе цяпер нiкога няма, мяне дапытваў малады афiцэр.
— Пра што ты думаеш? — спытаўся бацька.
— Пра абацтва Святога Антонiя: я гэтак даўно не быў там.
— Ты рады, што ўбачыш яго?
— Я рады сустрэчы з Ёзэфам, бо так даўно яго не бачыў.
— Я трохi ганаруся iм, — сказаў стары, — ён мае гэтулькi размаху ды свежых думак i калi-небудзь стане добрым архiтэктарам; бывае трохi занадта суровы з рабочымi, трохi нецярплiвы, але цяжка чакаць цярплiвасцi ад дваццацiдвухгадовага хлопца — зрэшты, цяпер на яго цiсне тэрмiн; манахам вельмi хочацца адслужыць iмшу да дня Божага нараджэння ўжо ў новым касцёле; вядома, нас усiх запросяць на фэст урачыстага адкрыцця.
— Цi ў iх яшчэ той самы абат?
— Якi?
— Айцец Грэгар.
— Hе, ён памёр у сорак сёмым годзе; не здолеў перажыць разбурэння абацтва.
— А ты здолеў перажыць гэта?
— Калi я даведаўся, што абацтва ўзарванае, дык спачатку вельмi засмуцiўся, але калi я пасля паехаў туды i ўбачыў руiны, а таксама абураных манахаў, што хацелi стварыць камiсiю, каб знайсцi вiнаватага, — я параiў iм не рабiць гэтага; я не прагнуў помсты за знiшчаныя пабудовы i баяўся, што яны знойдуць вiнаватага, а ён будзе прасiць у мяне прабачэння; слова «sorry» ўсё яшчэ стаяла ў мяне ўвушшу, гэта было жахлiва; i, зрэшты, кожны будынак можна адбудаваць нанова. Я здолеў, Роберт, — здолеў перажыць гэта. Ты не паверыш мне, але я нiколi не адчуваў вялiкай цягi да будынкаў, якiя я спраектаваў i будаўнiцтвам якiх кiраваў; яны падабалiся мне на паперы, я працаваў над iмi, можна сказаць, з захапленнем, але ж я нiколi не быў мастаком, разумееш, i ведаў, што я не мастак; у мяне былi яшчэ даўнiя планы, калi мне даручылi адбудоўваць абацтва; для твайго хлопчыка гэта выдатная магчымасць папрактыкавацца, навучыцца каардынаваць працу i крыху ўтаймаваць сваю нецярплiвасць… цi не пара нам выходзiць на пасадку?
— У нас яшчэ чатыры хвiлiны, бацька. Але на перон ужо можна выходзiць.
Роберт падняўся з месца, кiўнуў гаспадару карчмы, палез у кiшэнь па кашалёк, але карчмар выйшаў з-за прылаўка, прамiнуўшы Роберта, падышоў да старога Фэмеля i сказаў:
— Hе, не, пане радца; я нiчога ад Вас не вазьму, бо вы былi маiмi гасцямi — на добрую памяць па маёй мацi.
Знадворку было яшчэ цёпла; над Додрынгенам ужо вiднелiся белыя шматкi паравознага дыму.
— Цi ёсць у цябе бiлеты? — спытаўся бацька.
— Ёсць, — адказаў Роберт, выглядаючы насустрач цягнiку, што спускаўся з пагорка з-за Додрынгена, нiбы вынырнуўшы проста з ярка-блакiтных нябёсаў; цягнiк быў чорны, стары i выклiкаў пачуццё ўзрушанасцi; начальнiк станцыi выйшаў са службовага пакоя з суботна-нядзельнай усмешкаю на твары.
— Сюды, тата, сюды! — крыкнула Рут; мiльганулi яе зялёная шапачка, яе зграбныя рукi, ружовы пух яе швэдара; яна працягнула рукi да дзядулi, дапамагла яму падняцца па прыступках вагона, абняла яго, потым асцярожна правяла да адчыненых дзвярэй купэ, пацягнула яго ўгору i пацалавала ў шчаку.
— Я страшэнна рада, — сказала яна, — сапраўды, страшэнна рада, што ўбачу абацтва i буду сёння на вечарыне разам з вамi.
Начальнiк станцыi дзьмухнуў у свiсток i паказаў рукою цягнiку, што можна адпраўляцца.
7
Калi яны падышлi да акенца, Нэтлiнгер выцягнуў цыгару з рота i кiўком галавы падбадзёрыў Шрэлу; акенца адчынiлася знутры, наглядчык з аркушам паперы ў руцэ высунуў галаву i спытаў:
— Вы — арыштант Шрэла?
— Я, — адказаў Шрэла.
Наглядчык голасна называў прадметы, выцягваючы iх адзiн за адным з кардоннай скрынкi, i клаў перад Шрэлам.
— Кiшэнны гадзiннiк, нiкеляваны, без ланцужка.
— Кашалёк, чорны, скураны; унутры пяць брытанскiх шылiнгаў, трыццаць бельгiйскiх франкаў, дзесяць нямецкiх марак i восемдзесят пфенiгаў.
— Гальштук зялёнага колеру.
— Самапiска, без маркi, шэрага колеру.
— Дзве насоўкi — белыя.
— Плашч-макiнтош, непрамакальны.
— Капялюш чорнага колеру.
— Брытва бяспечная маркi «Жылет».
— Шэсць цыгарэт маркi «Бельга».
— Кашуля, сподняя бялiзна, мыла i зубная шчотка былi пры Вас, так? Калi ласка, распiшыцеся вось тут, засведчыце, што ўсе Вашыя асабiстыя рэчы Вам вернуты.
Шрэла апрануў плашч, пазапiхваў у кiшэнi атрыманыя толькi што рэчы, падпiсаў спiс, на якiм стаяла дата: "6 верасня 1958 г., 15 гадзiн 30 хвiлiн".
— Усё ў парадку, — сказаў наглядчык i зачынiў акенца.
Нэтлiнгер iзноў засунуў цыгару ў рот, дакрануўся да Шрэлавага пляча.
— Хадзем, — сказаў ён, — вось сюдой, альбо ты зноў хочаш за краты? Можа, усё-такi завяжы гальштук.
Шрэла сунуў у рот цыгарэту, паправiў акуляры, падняў каўнерык кашулi i надзеў гальштук; ён здрыгануўся, калi Нэтлiнгер раптам паднёс яму да носа запальнiчку.
— Гэтак вось, — сказаў Нэтлiнгер, — гэтак вось бывае з усiмi вязнямi: хай ён будзе высокi цi маларослы, вiнаваты цi невiнаваты, бедны цi багаты, палiтычны цi крымiнальнiк — усе найперш хочуць выкурыць цыгарэту.
Шрэла зрабiў глыбокую зацяжку; завязаўшы гальштук, а пасля — апусцiўшы каўнерык, ён паглядаў праз верх акуляраў на Нэтлiнгера.
— Ты ў гэтых пытаннях дужа дасведчаны, праўда?
— А ты што — не? — спытаў Нэтлiнгер у адказ. — Хадзем; ад развiтання з начальнiкам, на жаль, я цябе вызвалiць не магу.
Шрэла насунуў капялюш, выцягнуў з рота цыгарэту i пайшоў за Нэтлiнгерам, якi адчынiў дзверы на двор; начальнiк турмы стаяў каля акенца, перад якiм стаяла доўгая чарга: людзi стаялi па дазволы на нядзельныя спатканнi; гэта быў высокi мужчына, не занадта модна, але салiдна апрануты; калi ён наблiжаўся да Нэтлiнгера i Шрэлы, яго рухi былi падкрэслена цывiльнымi.
— Спадзяюся, — сказаў ён Нэтлiнгеру, — што ўсё было даведзена да ладу так, што ты застаўся задаволены — хутка i як мае быць.
— Дзякуй, — адказаў Нэтлiнгер, — усё сапраўды было зроблена хутка.
— Гэта добра, — сказаў начальнiк турмы i звярнуўся да Шрэлы. — Прашу мне прабачыць за тое, што я Вам на развiтанне скажу колькi слоў, хоць Вы ўсяго адзiн дзень былi ў мяне пад… — ён засмяяўся, — …апекаю i памылкова трапiлi не ў следчую турму, а ў карную. Бачыце, — сказаў ён i паказаў рукою на ўнутраную браму турмы, — за вунь тою брамаю Вас чакае другая брама, а за ёю Вас чакае штосьцi грандыёзнае, тое, што мы лiчым за сваё найвышэйшае дабро, — воля. Справядлiвым цi несправядлiвым было падазрэнне, але Вы спазналi… — ён засмяяўся яшчэ раз, — …вы спазналi сярод маiх гасцiнных муроў супрацьлегласць вольнасцi. Карыстайцеся Вашай вольнасцю. Мы ўсе — адно што вязнi, вязнi нашага цела, аж да хвiлi, калi душа вызвалiцца ад путаў i ўзнясецца да свайго стваральнiка; але быць вязнем сярод маiх гасцiнных муроў — гэта не проста сiмвал. Я выпускаю вас на волю, пане Шрэла…
Шрэла збянтэжана працягнуў руку, але тут жа рвануў яе назад, да сябе, бо па начальнiкавым твары ён заўважыў: поцiск яго далонi не належыць да прынятых тут фармальнасцей; Шрэла збянтэжана маўчаў, пераклаў цыгарэцiну з правай рукi ў левую i крадком зiрнуў на Нэтлiнгера.
Муры вакол гэтага двара, неба па-над iмi былi апошнiмi рэчамi на гэтай зямлi, якiя давялося бачыць Фэрдзi; магчыма, голас начальнiка быў апошнiм чалавечым голасам, якi ён пачуў на гэтым дзядзiнцы — досыць вузкiм, каб дым з Нэтлiнгеравай цыгары мог запоўнiць яго ўвесь; прынюхваючыся, начальнiк падумаў: "Божа мой, ты заўсёды добра разбiраўся ў цыгарах: тут табе трэба аддаць належнае".
Нэтлiнгер не выцягваў цыгары з рота.
— Ты мог абысцiся гэтым разам без развiтальнае прамовы. Значыць, дзякуй i — да пабачэння.
Ён схапiў Шрэлу за плечы i падпiхнуў яго ў напрамку да ўнутранай брамы, якая перад iмi адчынiлася; Нэтлiнгер павольна павёў Шрэлу да знешняй брамы; Шрэла спынiўся, аддаў вартаўнiку свае паперы; той уважлiва паглядзеў на iх, кiўнуў i адчынiў браму.
— Ну, вось яна тут, воля, — сказаў Нэтлiнгер, смеючыся, — на тым баку вулiцы стаiць мая машына; скажы, куды цябе адвезцi.
Шрэла перайшоў з iм цераз вулiцу i завагаўся, калi шафёр адчынiў яму дзверцы.
— Ну, — сказаў Нэтлiнгер, — сядай.
Шрэла зняў свой капялюш, залез у машыну; сеўшы, адкiнуўся на спiнку сядзення i паглядзеў на Нэтлiнгера, якi таксама залез у кабiну i падсунуўся блiжэй да яго.
— Куды ты хочаш ехаць?
— На вакзал, — адказаў Шрэла.
— У цябе там рэчы?
— Hе.
— Дык што, ты ўжо зноў хочаш пакiнуць наш гасцiнны горад? — спытаў Нэтлiнгер. Нахiлiўшыся да шафёра, ён сказаў яму: — На галоўны вакзал.
— Hе, — сказаў Шрэла, — я не хачу пакiдаць гэтага гасцiннага горада. Ты не знайшоў Роберта?
— Hе, — адказаў Нэтлiнгер, — ён рэдка паказваецца на людзях. Цэлы дзень я спрабаваў убачыцца з iм, ды ён усё выслiзваў неяк; а калi я ўжо амаль накрыў яго ў гатэлi "Прынц Генрых", ён здолеў уцячы праз бакавыя дзверы. Праз яго мне давялося мець вялiкую прыкрасць.
— I раней таксама ты яго не сустракаў?
— Hе, — адказаў Нэтлiнгер, — нiводнага разу; ён жыве зусiм адасоблена.
Машына спынiлася перад святлафорам. Шрэла зняў акуляры, выцер iх насоўкаю i падсунуўся блiжэй да акна.
— Вiдаць, — сказаў Нэтлiнгер, — у цябе дзiўнаватае адчуванне: па гэткiм доўгiм часе i пры такiх акалiчнасцях зноў апынуцца ў Германii; ты яе ўжо не пазнаеш.
— Ды не, пазнаю ўжо, — адказаў Шрэла, — накшталт таго, як звычайна пазнаеш жанчыну, якую зусiм малады кахаў, а цяпер праз дваццаць гадоў напаткаў: яна зрабiлася тоўстая; затлусценне залозаў; вiдавочна, што яна выйшла за чалавека не толькi багатага, але i працавiтага; вiла за горадам, машына, пярсцёнкi на кожным пальцы; пры гэткiх акалiчнасцях з даўняе любовi застаецца адно што строiць кепiкi.
— Натуральна, гэткiя абразкi ўсё-такi досыць скажоныя, — сказаў Нэтлiнгер.
— Гэта напраўду абразкi, — сказаў Шрэла, — i калi б iх было ў цябе тры тысячы, ты б, мажлiва, спазнаў крыху праўды.
— Сумняваюся таксама наконт верагоднасцi тваiх меркаванняў пра нашу краiну: ты прабыў толькi дваццаць чатыры гадзiны ў краiне, у тым лiку дваццаць тры — у турме.
— Табе цяжка ўявiць, як шмат можна даведацца пра краiну, седзячы ў турме; у вашых астрогах найбольш сядзяць за ашуканства; на жаль, самаашуканства не разглядаюць тут як крымiнальнае злачынства; магчыма, ты не ведаеш, што я з апошнiх дваццацi двух год чатыры правёў у турме?
Машына павольна ехала ў вялiкiм патоку, якi ўтварыўся перад святлафорам на скрыжаваннi.
— Hе, — сказаў Нэтлiнгер, — я гэтага не ведаў. Дзе ты сядзеў, у Галандыi?
— У Галандыi, — адказаў Шрэла, — i ў Англii таксама.
— За што гэта?
— За дзеяннi ў стане афекту, у вынiку любоўнай тугi, але не з iдэалiстычных памкненняў, а праз тое, што я змагаўся супраць цалкам рэальных з'яў.
— Цi нельга растлумачыць гэта больш падрабязна?
— Hе, — адказаў Шрэла, — ты б усё адно нiчога не зразумеў i ўспрыняў бы гэта як камплiмент. Я пагражаў аднаму галандскаму палiтыку, якi абвясцiў, што трэба павынiшчыць усiх немцаў; гэта быў дужа папулярны палiтык; потым, калi немцы акупавалi Галандыю, яны вызвалiлi мяне, мяркуючы, што я нейкiм чынам пакутаваў за нямецкую справу; але пасля яны знайшлi маё iмя ў спiсе шуканых асоб, i мне давялося ўцякаць ад iх любовi ў Англiю; там я пагражаў пэўнаму ангельскаму палiтыку, якi сказаў, што трэба павынiшчыць ўсiх немцаў, уратаваўшы адно створаныя iмi шэдэўры мастацтва; гэта быў надта папулярны палiтык; але неўзабаве я атрымаў ад iх амнiстыю, бо яны меркавалi, што трэба шанаваць мае пачуццi — пачуццi, якiх у мяне зусiм не было, калi я пагражаў гэтаму палiтыку; гэтак вось людзей спачатку памылкова кiдаюць у астрог, а пасля гэтаксама памылкова адпускаюць на волю.
Нэтлiнгер засмяяўся:
— Калi ты ўжо збiраеш карцiны, я магу дазволiць дадаць да тваёй калекцыi яшчэ адну. Як табе, напрыклад, падабаецца гэткая карцiна: непрымiральная палiтычная варожасць памiж двума школьнымi таварышамi; праследаваннi, допыты, уцёкi, смяртэльная нянавiсць — але праз дваццаць два гады той самы праследавальнiк, гэты жахлiвы тып, вызваляе з турмы ўцекача, якi акурат вяртаецца дадому? Цi гэта не карцiна, вартая таго, каб папоўнiць тваю калекцыю?
— Гэта не карцiна, — адказаў Шрэла, — а толькi гiсторыя, у якой ёсць адна хiба: яна, апроч усяго, яшчэ i праўдзiвая; але калi я перакладу гэтую гiсторыю на вобразна-абстрактную мову i адпаведна яе табе растлумачу — дык яна не будзе надта пахвальнаю для цябе.
— Гэта напраўду дзiўна, — сказаў няголасна Нэтлiнгер i выцягнуў цыгару з рота, — калi я тут прашу зразумець мяне; але павер мне, калi я ўбачыў тваё прозвiшча ў спiсе шуканых асоб, прачытаў рапарт i даведаўся, што яны сапраўды затрымалi цябе на мяжы, — я без усялякiх ваганняў пачаў рабiць усе захады, каб цябе вызвалiць.
— Мне было б вельмi шкада, — сказаў Шрэла, — калi б ты падумаў, што я сумняваюся ў шчырасцi тваiх матываў i пачуццяў. Нават тваё раскаянне не будзiць ува мне сумненняў, але ў кожнай карцiне — а ты ж прасiў мяне ўзяць тую гiсторыю як карцiну ў маю калекцыю, — у кожнай карцiне ёсць пэўная абстракцыя, а менавiта — роля, якую ты выконваў тады i надалей выконваеш сёння; ролi, даруй мне, усё тыя ж самыя; бо тады, каб абясшкодзiць мяне, трэба было пасадзiць мяне за краты, а сёння, каб зрабiць мяне бясшкодным, трэба выпусцiць мяне з турмы; баюся, што Роберту, якi мае куды болей абстрактнае мысленне, чым я, якраз з тае прычыны не карцiць сустракацца з табою. Я спадзяюся, ты мяне разумееш: i тады таксама я анi не сумняваўся ў шчырасцi тваiх матываў i пачуццяў, ты мяне не можаш зразумець i нават не спрабуй рабiць гэтага, бо ты выконваў свае ролi несвядома, — iначай ты быў бы цынiк альбо злачынец; але ж ты не зрабiўся нi тым, нi другiм.
— Цяпер я напраўду не ведаю, камплiмент гэта цi нешта зусiм адваротнае.
— I аднаго, i другога патроху.
— Магчыма, табе невядома, што я зрабiў для тваёй сястры?
— Ты абараняў Эдыт?
— Ага. Вакера хацеў арыштаваць яе i кожны раз заносiў яе iмя ў спiсы, а я штораз выкрэслiваў.
— Вашыя дабрадзействы, — цiха прамовiў Шрэла, — яшчэ цi не страшнейшыя за вашыя злачынствы.
— А вы яшчэ больш бязлiтасныя за самога Госпада Бога, якi даруе грахi тым, хто пакаяўся.
— Мы — гэта не Госпад Бог i не прыпiсваем сабе нi ягонай усяведнасцi, нi ягонай лiтасцiвасцi.
Нэтлiнгер адхiнуўся, страсянуўшы галавою; Шрэла выцягнуў з кiшэнi цыгарэту, засунуў яе ў рот i зноў спалохаўся, калi Нэтлiнгер нечакана пыхнуў запальнiчкай у яго пад носам; чысты, светла-блакiтны дым мала што не апалiў яму павекi. "А твая цяперашняя ветлiвасць, — думаў ён, — горшая за тваю тагачасную няветлiвасць. Твая апантанасць засталася такою, як i была: гэтаксама як ты тады шпурляў мне мячык у твар, цяпер ты назойлiва даеш мне прыпалiць".
— Калi я змагу знайсцi Роберта? — спытаў ён.
— Вiдаць, не раней як у панядзелак; я так i не здолеў высветлiць, куды ён з'ехаў на выхадныя; няма таксама нi яго бацькi, нi дачкi; можа, заспееш яго дома сёння ўвечары альбо заўтра а палове дзесятай у гатэлi "Прынц Генрых"; ён ад паловы дзесятай да адзiнаццатай гуляе там у бiльярд. Спадзяюся, у турме з табой не абыходзiлiся груба?