Бiльярд а палове дзесятай - Генрих Бёлль 9 стр.


— Hе, Леанора. Вялiкае «А» на папках, скрутках з планамi i каштарысах не абазначае «атрымана». Гэта значыць «Антонi»: абацтва Святога Антонiя.

Цiха ступаючы па падлозе, яна рабiла сваiмi далiкатнымi рукамi парадак, якi стары Фэмель заўсёды любiў, але нiколi не ўмеў падтрымлiваць. Занадта шмат было ўсяго: зашмат даручэнняў, зашмат грошай.

Калi я вар'ят, дык я iм быў ужо тады, калi там, на вакзальнай плошчы, правяраў, цi ёсць у кiшэнях дробныя грошы, маленькi нататнiк, зялёны футаральчык з алоўкамi, цi добра завязаны мой аксамiтны гальштук; калi я абмацваў брылi свайго чорнага мастакоўскага капелюша, абмацваў адно i другое крысо пiнжака ў маiм гарнiтуры — адзiнай, якую я меў, прыстойнай вопратцы, што засталася мне ў спадчыну ад дзядзькi Марзiля, настаўнiка, якi памёр яшчэ малады ад сухотаў; ужо аброс мохам надмагiльны камень у Мэзе, дзе ён, дваццацiгадовы, стаяў з дырыжорскаю палачкай перад касцельным хорам, дзе ўбiваў у галовы сялянскiм дзецям патройнае правiла, дзе вечарамi ў сутоннi рабiў праходкi па сцежках уздоўж багнiстага балота, марачы пра дзявочыя губы, пра хлеб, вiно i пра славу, якую яму павiнны былi здабыць удалыя вершы; мары на сцежках каля балота доўжылiся два гады, аж пакуль паток крывi не залiў iх i не панёс да цёмных берагоў; засталiся па iм вершы ў сшытку на чвэрць аркуша, чорны гарнiтур, у спадчыну хроснаму, дзве залатыя манеты i на зялёнай фiранцы ў школьным класе крывавая пляма, якую не здолела вывесцi жонка ягонага настаўнiка; песня, якую праспявалi дзiцячыя вусны над магiлаю галоднага настаўнiка: "Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?"

Я зноў азiрнуўся ў бок вакзала; яшчэ раз убачыў плакат, што вiсеў над бiлетнаю касай, каб яго маглi лепш разгледзець навабранцы: "Тым, хто служыць у войску, раiм набыць правераную ва ўжытку на працягу доўгага часу натуральную споднюю бялiзну сiстэмы доктара Густава Егера, бялiзну з натуральнай тканiны «Палас», запатэнтаваную ва ўсiх цывiлiзаваных краiнах, i арыгiнальную рэфармаваную споднюю бялiзну сiстэмы доктара Лямана". Надышоў час пачынаць свой танец.

Я перайшоў цераз трамвайныя рэйкi, прамiнуў гатэль "Прынц Генрых" i Модэстгасэ i на хвiлю завагаўся, перш чым пераступiць парог кавярнi Кронэра: шкляныя дзверы, знутры занавешаныя зялёным шоўкам, паказалi мне маё аблiчча: я быў драбнаваты, малаваты ростам, выглядаў як нешта сярэдняе памiж равiнам i акторам-цыганам — чорнавалосы i апрануты ў чорнае, з неакрэсленым адценнем вясковасцi на твары; я зноў засмяяўся i адчынiў дзверы; афiцыянты якраз пачыналi расстаўляць на сталах вазоны з белымi гваздзiкамi; яны папраўлялi карткi з меню ў зялёных вокладках; кельнеры ў зялёных хвартухах, чорных жылетах, белых кашулях з белымi гальштукамi; дзве маладыя дзяўчыны, адна бландзiнка з ружовым тварам, другая — цёмнавалосая i бледная, раскладалi ў буфеце печыва, бiсквiты, падпраўлялi крэмавыя фiгуркi, адчышчалi да бляску срэбраныя лапаткi для пiрожных. Гасцей не было, а чысцiня панавала, як у лякарнi перад вiзiтам галоўурача; балет кельнераў, сярод якога я рухаўся лёгкiмi крокамi, нiбы салiст; статысты i дэкарацыi чакалi мяне; гэта была дрэсiроўка, прытым дасканалая, i мне падабалася тое, як тры кельнеры iшлi да столiка, робячы строга акрэсленыя рухi: сальнiчка, вазон, лёгкiм жэстам папраўленая картка, якая вiдавочна павiнна была ляжаць пад пэўным вуглом адносна сальнiцы; папяльнiчка, снежна-белая парцаляна з залатой аблямоўкаю; добра; гэта мне падабалася; я быў прыемна ўражаны; гэта быў сапраўдны горад, нi ў адным закутку, дзе мне дагэтуль даводзiлася тырчаць, нiчога такога не было.

Я пайшоў да крайняга левага кута залы, кiнуў на крэсла капялюш, побач з iм — нататнiк i футаральчык з алоўкамi; потым сеў; кельнеры мiж тым вярталiся з кухнi, бясшумна падпiхваючы перад сабою чайныя столiкi, пачалi расстаўляць бутэлечкi з прыправамi, прычапляць газетатрымальнiкi; я разгарнуў свой нататнiк, перачытаў — якi ўжо раз? — газетную выразку, наклееную на франтыспiсе вокладкi: "Адкрыты конкурс на пабудову новага абацтва бенедыктынцаў, у далiне Кiса, памiж паселiшчамi Штэлiнгерс-Гротэ i Гёрлiнгер-Штуль, на адлегласцi прыкладна 2 км ад сяла Кiслiнген; у конкурсе можа ўзяць удзел кожны архiтэктар, якi адчувае, што здольны да гэтага. Умовы конкурсу можна атрымаць пасля ўнясення сумы 50 (пяцьдзесят) марак у натарыяльную канцылярыю доктара Кiльба; Модэстгасэ, 8. Апошнi тэрмiн надаслання праектаў: панядзелак, 30 верасня 1907 г., 12-я гадзiна дня".

Я пералазiў цераз гурбы сухога муравальнага раствору, памiж прызмамi навюткай цэглы, правяраў яе на якасць абпальвання, абмiнаў цэлыя горы базальтавых камлыгаў, з якiх рабiлiся дзвярныя i аконныя каробкi; на калашыны маiх штаноў паналiпалi камякi гразi, на жылеце былi плямы вапны; тут, на будоўлi, раз-пораз чулiся моцныя слоўцы; цi камянi для мазаiкi, якая мне была патрэбная для выявы божае авечкi, усё яшчэ нiяк не прывезлi? Выбух гневу, сварка; крэдыты былi спыненыя, а потым зноў пачалi паступаць; майстры стаялi ў чацвер па абедзе ў чарзе каля маёй будкi, выдавалiся грошы за пятнiцу; а ўвечары, змораны, я сядаў у Кiслiнгене ў праз меру напалены вагон другога класа пасажырскага цягнiка, валiўся ў мяккае крэсла; цягнiк валачыўся ў цемры праз сумныя абшары сялянскiх бурачных палёў, праваднiк сонным голасам выкрыкваў назвы станцый: «Дэнклiнген», "Додрынген", «Кольбiнген», "Шаклiнген"; бурты буракоў, у цемры шэрыя, нiбы горы чалавечых чарапоў, ляжалi на пагрузачных пляцоўках, гатовыя пад пагрузку; i далей цягнулiся i цягнулiся бурачныя палi; на вакзале я валiўся ў каламажку, а дома — у абдымкi жонкi, якая цалавала мяне i пяшчотна праводзiла пальцамi па маiх стомленых павеках, з гордасцю дакраналася да слядоў раствору, што ўпрыгожвалi мае рукавы; я пiў каву; паклаўшы галаву ёй на каленi, курыў доўгачаканую цыгару — шэсцьдзесят пфенiгаў штука — i апавядаў ёй пра муляраў ды iх моцныя слоўцы; з iмi трэба было толькi блiжэй пазнаёмiцца, яны не былi злыя: можа, крыху грубаватыя, крыху занадта чырвоныя; але я ўмеў абыходзiцца з iмi; час ад часу iм трэба было паставiць скрыню пiва, расказаць iм на дыялекце адну-другую показку; i толькi нiколi не ныць, бо тады яны вывернуць табе пад ногi цэлую скрыню раствору — гэтак, як яны падстроiлi, калi прыехаў упаўнаважаны па будаўнiцтве ад архiбiскупа; альбо скiнуць з высокага рыштавання бэльку — так, як яны ўчынiлi пад час вiзiту ўрадавага прадстаўнiка: агромнiстая бэлька разляцелася на кавалкi перад самымi яго нагамi. "Ты думаеш, любая, я не ведаю, што гэта я залежу ад iх, а не яны ад мяне; цяпер, калi гэтулькi ўсяго будуецца паўсюды? I, вядома, яны чырвоныя, чаму iм не быць такiмi? Самае галоўнае, што яны ўмеюць мураваць, дапамагаюць мне ўкладвацца ў мае тэрмiны; калi я з камiсiямi падымаюся на рыштаваннi, досыць аднаго разу падмiргнуць iм — i дзiвосы робяцца".

— Дзень добры пану. Вам снеданне?

— Калi ласка, — адказаў я i адмоўна затрос галавой, калi кельнер падсунуў мне блiжэй картку з меню; я падняў угору аловак i гучна вымавiў усе па чарзе пункты майго заказу — так, нiбы я ўсё сваё жыццё нiяк iначай не снедаў: — Кубак кавы, але, калi ласка, не менш як тры фiлiжанкi, падсмажаны хлеб, два кавалкi жытняга, масла, апельсiнавы мармелад, варанае яйка i сыр з папрыкаю.

— Сыр з папрыкаю?

— Але. Смятанкавы сыр, прыпраўлены папрыкаю.

— Вельмi добра.

Зялёная кельнерава постаць бясшумна паплыла па зялёным дыване, паўз засланыя зялёнымi абрусамi сталы — i прагучала першая рэплiка: статысты былi добра вымуштраваныя, а я быў добрым рэжысёрам.

— Сыр з папрыкаю? — спытаў кухар з-за акенца.

— Менавiта, — адказаў кельнер, — смятанкавы сыр.

— Спытай у гэтага пана, колькi папрыкi яму трэба да сыру?

Я якраз пачаў рабiць накiд вакзальнага фасада, упэўненымi штрыхамi рысаваў на цнатлiва-чыстай паперы абрысы вокнаў, калi вярнуўся афiцыянт. Ён вычакаў, пакуль я падняў галаву, i, здзiўлены, адарваў аловак ад паперы.

— Дазвольце запытацца, у якой прапорцыi змешваць сыр з папрыкаю?

— Сорак пяць грамаў сыру, напарстак папрыкi — добра перамяшаць… i, паслухайце, пане кельнер, я буду снедаць тут i заўтра, i паслязаўтра, i праз тры днi, праз тры тыднi, праз тры месяцы i тры гады — вы чуеце мяне? I заўсёды ў гэтую пару, каля дзевятай.

— Слухаю пана.

Гэта было тое, чаго я дамагаўся, — i спрацавала ўсё дакладна. Пазней мяне нярэдка нават браў страх, бо мае намеры здзяйснялiся гэтак дакладна i нiколi не адбывалася нiчога непрадбачанага; праз два днi я ўжо быў "пан, якi есць сыр з папрыкаю", праз тыдзень — "той малады мастак, што заўсёды каля дзевятай прыходзiць снедаць", а праз тры тыднi — "пан Фэмель, малады архiтэктар, якi працуе над вялiкiм праектам".

— Так, так, дзiцятка, усё гэта датычыць абацтва Святога Антонiя; гэта цягнецца шмат гадоў, Леанора, — дзесяцiгоддзi, аж да сённяшняга дня; рамонты, пашырэнне забудовы, а пасля тысяча дзевяцьсот сорак пятага адбудова паводле старых планаў; абацтва Святога Антонiя адно зойме цэлую палiцу. Ваша праўда, тут бы не пашкодзiў вентылятар; сёння горача; не, дзякуй, не хачу сядаць.

У рамах з пераменнымi малюнкамi вiдаць блакiтнае паўднёвае неба дня 6 верасня 1958 года, профiль лiнii дахаў; цяпер зноў без пярэрваў; вялiкiя кубкi з чаем на рознакаляровых сталах на тэрасах; жанчыны ў шэзлонгах, што лена выцягнулiся на сонцы; вакзал, што вiруе адпачынкоўцамi — можа, праз гэта стары Фэмель дарэмна чакаў сваю ўнучку Рут? Мажлiва, яна з'ехала, адклаўшы ўбок "Падступнасць i каханне"? Ён асцярожна прамакнуў насоўкаю пот на лбе, нiколi яго надта не дапякалi нi спёка, нi сцюжа; паблiзу ад правага рога зменнай рамы Гоэнцолерны ўсё яшчэ iмчалi на бронзавых клячах у напрамку захаду, неадменна, ужо сорак восем гадоў — i той, найвышэйшы ваявода, таксама; i нахiл ягонай галавы па-ранейшаму сведчыў пра яго фатальную пыху; тады, пры столiку кавярнi Кронэра, калi кельнер нёс мне сыр з папрыкаю, я, усмiхаючыся, рысаваў цокаль, на якiм яшчэ не было помнiка; я заўсёды быў такi ўпэўнены ў будучынi, што сучаснасць здавалася мне закончанай мiнуўшчынай — было гэта першае маё снеданне ў Кронэравай кавярнi цi ўжо трохтысячнае? Дзень пры днi ў кавярнi Кронэра а дзевятай пры снеданнi; толькi адно магло перашкодзiць у гэтым — вышэйшая ўлада: калi мой найвышэйшы ваявода паклiкаў мяне пад свае баявыя харугвы — гэты прыдурак, што ўсё яшчэ iмчыць на захад на бронзавай клячы. Сыр з папрыкаю? Цi еў я гэтую своеасаблiвую чырвона-белую масу, якая была нават досыць смачная, першы раз у жыццi, бо прыдумаў яе толькi за гадзiну перад тым, у хуткiм цягнiку, што ляцеў з поўначы да гэтага горада, — каб надаць свайму цяпер штодзённаму сняданку непаўторны кшталт; цi я ўжо трыццаты раз намазваў гэтую масу на чорны хлеб, пад час, калi кельнер забiраў са стала кiлiшак для яйка i адсоўваў сподачак з мармеладам?

Увага! Я выцягнуў з кiшэнi пiнжака адзiны надзейны прыбор, якi дазваляў мне беспамылкова разбiрацца ў гэткiх нечаканых i дакладных мроях: кiшэнны каляндарык, абавязкам якога было ў iлжэкраiне фантазii нагадваць мне пра месца, дзёнь i час; а тады была пятнiца, 6 верасня 1907 года, i тое снеданне было маiм першым тут; да таго дня я нiколi не снедаў з сапраўднай каваю пiў толькi каву са збожжа; нiколi не еў яйка — а толькi аўсяную кашу, просты хлеб з маслам i кавалачак свежага гурка; але мiф, якi я хацеў стварыць, нарадзiўся ўжо ў хвiлi, калi кельнер перапытаў: "Сыр з папрыкаю?"; гэты мiф быў адразу зразуметы i пачаў шырыцца там, дзе я хацеў: сярод шырокай публiкi. Мне ўжо больш нiчога не трэба было рабiць, толькi чакаць, сядзець там да дзесятай, да паловы на адзiнаццатую, пакуль кавярня павольна запаўнялася людзьмi; выпiць бутэльку мiнеральнай вады, да яе — кiлiшак каньяку; сядзець з нататнiкам на каленях, з цыгараю ў роце, з алоўкам у руцэ; рысаваць, рысаваць — а тым часам банкiры ў кампанii паважных клiентаў праходзiлi паўз мяне ў канферэнц-залу, кельнеры неслi за iмi ўслед на зялёных падносах бутэлькi з вiном; заходзiлi слугi царквы з замежнымi калегамi, якiх яны вадзiлi па саборы Святога Севярына, услаўляючы на ламанай лацiне, на ламанай ангельскай альбо iтальянскай пякноты горада; чыноўнiкi з урадавай канцылярыi пацвярджалi свой высокi ранг тым, што могуць дазволiць сабе выпiць тут днём, каля паловы адзiнаццатай, фiлiжанку чорнай кавы i кiлiшак вiшнёўкi; жанчыны, што вярталiся з гароднiннага базару з плеценымi скуранымi торбамi, поўнымi капусты, морквы, гарошку i слiў, iмкнулiся давесцi ўсiм яшчэ раз, што яны выхаваныя на добрых гаспадыняў, бо здолелi вытаргаваць у стомленых сялянак свае пакупкi за танна: яны праглыналi тут пiрожныя, выпiвалi каву, выдаткоўваючы на гэта ў сто разоў болей, чым вытаргавалi; размахваючы лыжачкамi, нiбы шаблямi, яны абуралiся ротмiстрам, якi — "на службе, але ж, на службе!" — зрабiў паветраны пацалунак пэўнай какотцы, што стаяла на балконе — той, з якой — "гэта бачылi, бачылi!" — ён развiтаўся толькi а палове шостай ранiцы, выйшаўшы з гатэля праз падвазныя дзверы. Ротмiстр ды праз падвазныя дзверы! Ганьба!

Я разглядаў iх, сваiх статыстаў, i прыслухоўваўся да iхнiх слоў; я рысаваў шэрагi крэслаў, шэрагi столiкаў i кельнерскi балет; без дваццацi адзiнаццаць я запатрабаваў рахунак; сума была меншая, чым я думаў; я вырашыў паказаць сябе "шчодрым, але ў меру" — пра гэта я недзе вычытаў i падумаў сабе, што гэта добрая формула. Я адчуваў стому, калi выходзiў з кавярнi, i мяне праводзiлi паклонамi кельнер i служкi; я ўзнагародзiў кельнеравы вусны, ад якiх пачаў iснаваць мой мiф, дадатковымi пяццюдзесяццю пфенiгамi "на чай"; а тыя ўсе вывучалi мяне з ног да галавы, калi я пакiдаў кавярню; яны не падазравалi, што я салiст: стройнаю хадою, эластычнымi крокамi я iшоў памiж тых шэрагаў столiкаў i крэслаў, паказваў iм сваю асобу такою, якою яны хацелi мяне бачыць: мастаком у вялiкiм чорным капелюшы, чалавекам малога росту, зграбным, якому на выгляд не дасi больш за дваццаць пяць, з неакрэсленым адбiткам вясковасцi на твары, але ўпэўненым у сабе. Яшчэ дзесяць пфенiгаў хлопцу, якi адчынiў перада мною дзверы.

Усяго паўтары хвiлiны дарогi адтуль да гэтага дома — Модэстгасэ, 7. Практыканты, грузавiкi, манашкi: рух на вулiцы; цi ў браме дома нумар сем напраўду пахла друкарскай фарбаю? Машыны, нiбы карабельныя механiзмы, рухалi сваiмi жалезнымi часткамi туды-сюды, сюды-туды; будаўнiчыя паперы друкавалiся на белай паперы; парцье зняў перада мною шапку: "Пан архiтэктар? Рэчы ўжо наверсе". Грошы "на чай", увапхнутыя ў чырвоную лапу. "Заўсёды гатовы служыць вам, пане лейтэнант". Грымаса. "Ага, тут ужо было двое паноў, якiя хочуць далучыць Вас да тутэйшага клуба афiцэраў-рэзервiстаў".

Я зноў убачыў будучыню выразней за сённяшнi дзень, якi знiкаў недзе ў змроку ў тую самую хвiлю, калi ён здзяйсняўся; у мяне перад вачыма паявiўся неахайны парцье, якога абступалi рэпарцёры; буйныя загалоўкi ў газетах: "Малады архiтэктар перамог у конкурсе карыфеяў гэтай прафесii!" Парцье з ахвотай тлумачыць рэпарцёрам: "Ён? Паверце, панове, для яго не iснуе нiчога, апроч працы. Ранiцой а восьмай ходзiць да цiхай iмшы ў Святы Севярын, снедае ў Кронэравай кавярнi, недзе да паловы адзiнаццатай; ад паловы адзiнаццатай да пяцi выходзiць з рабочага кабiнета; нiкога не прымае; жыве там наверсе ў сябе — можаце смяяцца, панове — на адным гарохавым супе, якi ён сам сабе гатуе; старая мацi дасылае яму гарох i сала, нават цыбулю. Ад пятай да шостай праходка па горадзе; з паловы сёмай да паловы восьмай партыя ў бiльярд у гатэлi "Прынц Генрых", у клубе афiцэраў-рэзервiстаў. Дзяўчаты? Пра гэта нiчога не ведаю. Штопятнiцы ўвечары бярэ ўдзел у рэпетыцыях хору "Нямецкай Суполкi Аматараў Спеваў". Кронэравы кельнеры таксама кладуць у кiшэнь "на чай" — за iнфармацыю.

— Сыр з папрыкай? Вельмi цiкава. Нават за снеданнем рысуе як апантаны?

Пазней у думках я часцяком вяртаўся да дня майго прыезду, чуў пошчак капытоў па бруку, бачыў гатэльных служак, як яны перасоўваюць валiзы, бачыў жанчыну ў вэлюме i ружовым капелюшы, чытаў плакат: "Тым, хто iдзе ў войска, раю…", слухаў свой смех; з каго я смяяўся, з чаго складаўся гэты смех? Я бачыў iх шторанiцы, калi пасля iмшы выходзiў па карэспандэнцыю i газеты; бачыў уланаў, што ехалi на пляц да практыкаванняў у паўночную частку горада; шторанiцы прыгадваў нянавiсць свайго бацькi да коней i афiцэраў, калi аддаляўся пошчак падковаў: эскадрон уланаў рыхтаваўся да рэпетыцый кавалерыйскiх атак альбо да разведвальных вылазак — iмчаў, уздымаючы вялiкае воблака пылу; гукi трубы выцiскалi слёзы з вачэй ветэранаў, якiя спынялiся на вулiцы; але я думаў пра бацьку; сэрцы кавалерыстаў, i сэрца парцье таксама, тахкалi часцей; дзяўчаты з хустачкамi ператваралiся ў жывыя вобразы, ахалоджвалi ў ранiшнiм паветры грудзi, гатовыя несцi суцяшэнне; а ў тую хвiлю парцье ўручаў мне пасылку ад мацi: гарох, сала, цыбулю i блаславенне; маё сэрца не бiлася часцей, калi ў мяне перад вачыма праязджаў кавалерыйскi эскадрон.

Назад Дальше