Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 2 стр.


Здаецца, супраць таго, што гэта папы, сведчыла і іншае. Тут не было ніводнага чалавека, пры боку і ў руках якога не было б зброі.

Елянцовыя — палескія, цісавыя — заходнія і страшныя беларускія лукі з двух змацаваных рагоў шэрага ляснога быка, калчаны-тулы, пішчалі; гіганцкія, у чалавечы рост, двухручныя мячы з хвалепадобным або прамым лязом, без піхваў, бо з іх немагчыма выцягнуць самому лязо такой даўжыні; мячы сярэдняй даўжыні і кароткія корды. Азіяцкія, прамыя, як меч, шаблі і шаблі булатныя, змеепадобныя; персідскія, вузкія, як аер, і вострыя, як джала; турэцкія ялмані* са сталлю, якая ідзе блакітнымі зорачкамі; ятаганы, падобныя на сярпы і прызначаныя, як і сярпы, для ўдару ўвагнутым бокам; прыдняпроўскія беларускія дзіды паўтарачнай даўжыні і таму прызначаныя для кідання нагой, з пад'ёму ступака, і беларускія ж іклы, кароткія мячы з лязом шырокім і тоўстым, як каровін язык, і даўжынёю ў дваццаць пяць дзюймаў, з месяцападобным канцом рукаяці, для ўпору ў жывот або грудзі, калі кідаешся на ворага, і двума ўпорамі для рук, іклы, прызначаныя для смяротнай рукапашнай у цеснаце. І на ўсім гэтым — рабізна залатых карбовак, эмалі, золата, рубінаў, ажурных накладак. А над усім гэтым, пад шышакамі, арабскімі зярцаламі, кальчужнымі сеткамі і булатнымі шаломамі — вочы, якія і хвіліны не задумаюцца над тым, ужыць гэтую сталь або не ўжыць.

* Шаблі, пашыраныя і часам уцяжараныя на канцы.

Здзівіўся б такому толькі чужаземец. На працягу некалькіх стагоддзяў, а асабліва ў той час, дажджом сыпаліся дэкрэты, у якіх забаранялася духоўным асобам насіць зброю ў мірны час, выхваляцца ёю, злоўжываць ёю. І, аднак, ніхто не звяртаў увагі на дэкрэты і на пагрозы, што былі ў іх. У крайнім выпадку можна было спытаць нават і самога папу, дзе ён бачыў мір. І таму ўзброены былі ўсе, акрамя некаторых жанчын.

Так, жанчын. Трэцяе, што магло б прымусіць усумніцца ў тым, што едуць людзі, надзеленыя духоўным санам, было тое, што з імі на асобных конях, а то і проста за спінамі сядзелі кабеты. Размаляваныя, беленыя, з падплоенымі валасамі пад залатымі з алмазамі сеткамі, з аголенымі амаль да саскоў грудзьмі, на якіх прыслужніцы майстэрскі вывелі танюткімі пэндзлікамі сетку блакітных жылак. Зубастыя, відавочна драпежныя, відавочна неакрэсленых паводзін — усё адно знатная гэта была дама ці жанчына з бессаромнай вуліцы.

Некаторыя кабеты былі таксама ўзброены. У астатніх сядзелі на пальчатках сокалы.

З гікам, выгукамі, рогатам імчаў конны паязд. Беглі на сворках гладкія ваўкарэзы і хортыя.

Коннікі ўварваліся ў вёску, як арда. Замільгалі па баках шэрыя хаты, халупы, складзеныя з тарфяных цаглін, і проста зямлянкі.

Чалавек, што сядзеў ля дарогі на купе гною, працягнуў парэпаную, як зямля, руку. Той, што ехаў наперадзе, дастаў з-пад пурпурнай мантыі, з вацка*, прывешанага пад пахай, медную манету і кінуў.

* Вацок — каліта.

— Дарэмна вы гэта, — сказаў яму біскуп.

— Для вас у мяне ёсць прозвішча, пан Камар.

— Дарэмна вы гэта, пан Лотр.

— Чаму?

— Хіба хопіць на ўсё гэта быдла? Працаваць не хочуць, руку цягнуць. І потым… каб гэта ўбачылі іншыя — яны б кінуліся несамавіта. Маглі б і раздзерці. І, ва ўсякім разе, давялося б ужыць зброю… Лепей прыбавіць хады і цяпер.

Кавалькада пагнала ўнамёт. З-за купы гною з'явілася галава чатырохгадовай дзяўчынкі.

— Што ён табе даў?

— Два боханы хлеба, доцю. Чыстага хлеба.

— А хлеб смачны?

— Смачны.

Дзяўчынка зачаравана глядзела ўслед паляванню:

— Прыго-ожыя.

— Вядома, прыгожыя. Гэта ж не мы, мужыкі. Заступніку перад Панам Богам трэба быць прыгожым. Іначай яго Пан Бог і ў палац да сябе не пусціць.

Паязд зноў вырваўся ў палі, пакінуўшы за сабою хаты, падобныя на гнойныя сумёты, і гатычны спічасты касцёлік, падобны на гняздо горнага крышталю. Коні пайшлі павольнай ступою.

— Тое, што і дваццаць год назад, калі я пакінуў гэтую зямлю, — ціха сказаў Лотр. — Толькі тады тут было куды багацей. Багатая ж зямля.

Камар, нахмурыўшы цяжкія бровы, глядзеў на Лотраў твар: выпрабоўвае, ці што. Але гэты твар, усмешлівы, белы і румяны, высакародны, здавалася б, на самы неабазнаны позірк, быў проста зычлівы і гожы.

— Справа веры патрабуе ахвяр, — унікліва сказаў біскуп.

— Вядома.

— І асабліва, калі ўлічыць, як цяжка хворы гэты край схізмаю.

— Кіньце. Унь тая схізма, мітрапаліт Балвановіч, скача за намі. Неблагі чалавек.

— У гэтага неблагога чалавека адабралі за апошні час дзве царквы. Вось так. І не таму, што ён кепскі, а таму, што гэта — чужы ўплыў на землі, якія яшчэ не сталі нашымі.

— Вы разбіраецеся, пан Камар… Дарэчы, дзякуй вам за вашу былую пасомую. — Ён адкінуў галаву назад, быццам паказваючы патыліцай на жанчыну, што сядзела за ягонай спіною. Усміхнуўся: — Такім чынам, вы для мяне, па сутнасці, тое, што для міран цесць.

— Ну, калі можна ўявіць сабе цесця, які… — грубы, рэзкі твар Камара скрывіўся лёгкаю ўсмешкай.

Жанчына глядзела на яго з чаканнем і дакорам.

— А гожая? — спытаў Камар.

— Гожая. І ў Італіі, і паўсюль я не бачыў такіх.

Кабета была сапраўды гожая. Непамерныя чорныя вочы, доўгія, як стрэлы, веі, вішнёвы малы раток, снежнай белі і пяшчотнасці скура аблічча і дзіцячых рук. Гнуткая, як змяя, з высокімі невялікімі грудзьмі, яна сядзела ў сваёй нязручнай паставе грацыёзна, гнутка, мякка трымаючыся ручкай за Лотраў плячук.

— То вось і старайся, — сказаў ёй Камар. — Служы новаму свайму пану, як належыць служыць такому высокаму госцю.

— Калі можна лічыць госцем чалавека, які прыехаў на год і долей, — сказаў Лотр.

— Мы гасціннасць не на дні мераем.

— Ведаю. Сам адсюль.

— Ну вось. І таму, дзеўка, служы без нараканняў і глупстваў. Чуеш, Марына?

Чырвань з'явілася на абліччы кабеты. А потым надзея, з якой яна глядзела на біскупа, згасла. Згасла і цеплыня, а вочы глядзелі цяпер з сухім бляскам.

— Ды толькі сумная нешта, — мякка сказаў Лотр.

— Пасумуе і кіне. Яна прыхілістая, пане. Адданая. І да любасці схільная.

Гаварылі яны так, нібы яе зусім не было з імі.

— А калі будзе кіслым тварам настрой вам псаваць — пакарайце, — сказаў Камар.

— Не праміну скарыстацца парадаю, — усміхнуўся кардынал. — Вось толькі вернемся дамоў.

Жанчына нават не ўздыхнула. Толькі апусціла галаву і павярнула яе прэч ад біскупа. З таго боку не ехаў ніхто, а каб ехаў, то заўважыў бы ў жаночых вачах адчай абражанага гонару і адрынутай прывязанасці, бяссільны гнеў і сухую нянавісць.

— Дарэчы, — сказаў Лотр, — паклічце мне гэтага… дамініканца… Як жа яго?

— Фларыян Басяцкі. Мніх-каплан касцёла псоў Пана Бога.

— Вось-вось…

— Загадваеце вярнуцца з ім?

— Нашто? Не можам жа мы кінуць адных, без прыемнай бяседы айца Балвановіча і гэтага… з ім… пана Цыкмуна Жабу. Ён войт горада?

— Войт.

— І, здаецца, не вызначаецца талентам субяседніка?

— Ён і розумам не вызначаецца.

— Ну вось. Пакуль будзем гаварыць — падкіньце ім свайго… Дарэчы, дзяўчына надзейная?

— Можаце гаварыць аб усім. Сам запэўніўся. Урэшце, ведае, што бывае за парушэнне нашай таямніцы. А пра важлівае можна і на лаціне.

— З Богам, пан Камар.

Біскуп паскакаў да астатніх коннікаў, што далёка адсталі ад іх. Лотр павярнуў галаву да кабеты.

— Як цябе?…

— Марына Крывіц.

У жаночых вачах ужо не было роспачы і гневу. Было асуджанае, амаль спакойнае прымірэнне. Лотр і павярнуўся толькі таму, што яна, быццам зразумеўшы, што нічога не зможа зрабіць, мацней абняла ягонае плячо.

— Ты не бойся, дзяўчынка. Табе будзе добра са мной.

— Мне з усімі было добра.

— І з ім?

— І з ім. З апошнім.

— Ну-ну… Не з першым і не з апошнім.

— Мне абрыдла гэта, ваша правялебнасць.

— Ты будзеш клікаць мяне правялебнасцю і ўдома? — перавёў размову на іншае нунцый. — Кінь… Што, табе абрыдла багацце, вядомасць, сіла? Лепей было б са смярдзючым кажамякам за мужа? Ты досыць легкаважнае дзяўчо, ты хочаш жыць, як то належыць. Так?

— Так, — усміхнулася яна.

Ён закінуў руку назад і пагладзіў яе клуб.

— А цяпер усміхайся. Вось скача каплан.

Дамініканец асадзіў ля іх ашчэранага каня. Худы, падборысты, з пранізлівым розумам у шэрых вачах, ён быў нават прыемны і гэтымі вачыма, і змяістай, ледзь улоўнай усмешкай. Хітрая старая ліса. З пачцівасцю паглядзеў на жанчыну, зразумеўшы, што ўсё вырашана, ухіліўся Лотру.

— Вам не нязручна з ёю, правялебнасць?

— Сваё я прывык адчуваць целам, а не бачыць яго на другім кані. Мне прыемна, і гэтага досыць.

— Ваша праўда, — сказаў дамініканец.

У маўчанні ехалі яны дарогай. Манах толькі аднойчы кінуў на кардынала дапытлівы позірк, а потым ехаў моўчкі, вонкава безуважны, разумеючы, што субяседнік скажа, калі захоча сказаць.

— Слава Ісусу, — раптам вельмі ціха сказаў Лотр.

— Я не разумею вас, — з зычлівай спакойнай усмешкай сказаў каплан.

— Марыце хутчэй скінуць расу?

— І тут сэнс сказанага вамі цёмны для вушэй маіх.

— Вы вучыліся ў Саламанцы? — перайшоў на лаціну кардынал.

— Доктар ганорыс кауза*, — таксама па-лацінску адказаў каплан.

* Ганаровы доктар.

— Прывітанне ад сябра.

— Якога?

— Ігнацыя Лайолы.

— Каго?

— Хопіць, вось знак.

І ён працягнуў манаху далонь, а на ёй медальён са змяёю, што абвіла падножжа крыжа. Змяя ляжала ў пагрозлівай паставе, баронячы крыж.

— Унутры таксама ўсё, што трэба.

— Я не разумею толькі аднаго, — сказаў манах.

— Адкуль я ведаю?

— Але. Адкуль вы ведаеце, калі ідэя братэрства Езуса толькі зарадзілася ў галаве…

— Калі ідэя гэтая — дзве тысячы чалавек, здатных на ўсё.

— Вы і гэта ведаеце?

— Ведаю.

— Такое нешматлікае кола, — сказаў каплан.

— Гэтае кола скора будзе самым магутным ордэнам на зямлі. Самым магутным, бо самым нябачным.

— Не трэба аб гэтым. Папа яшчэ нічога не ведае і не зацвердзіў…

— Ён скора зацвердзіць. Мы паклапаціліся аб гэтым. Здаецца, ён схільны…

— Божа, такі нечаканы поспех.

— Чаму нечаканы, — усміхнуўся Лотр. — Чаканы і заслужаны. Трыста год існуюць францысканы-мінарыты. Жабрацтва здабывае ім людскую любоў, жыццё сярод людзей — веданне іх і ўплыў на іх. Але яны адметныя хаця б вопраткай. І трыста год існуе твой, дамініканскі, ордэн. Ён грызе ворагаў Бога, як пёс. Пачынаючы ад вальдэнсаў і катараў, вы знішчаеце ерасі, вы кіруеце інквізіцыяй, але вы таксама на вачах. Натуральна было б стварыць братэрства, якое жыло б сярод усіх, як мінарыты, і ведала б людзей, як яны, але адначасова рвала б ерэтыкоў, як псы гасподні. Не грубай сякерай, вядома, — пакінем яе вашаму… гм… цяперашняму ордэну, — а больш тонкай зброяй. — Пагайдаў медальёнам: — Хаця б вось такой. І гэты ордэн павінен быць нябачным і ўсёпранікальным, як смерць, ведаць усё і ўся, нават тое, што вораг пабаяўся падумаць. Тайны, магутны, розны па вопратцы, з магнатам — магнат і з хлопам — хлоп, з вальнадумцам — вальнадумец, з праваслаўным — праваслаўны, але заўсёды — атрута самога Бога ў целе ворага. Нябачнае войска ў кожнай краіне, якое вядзе войны, рыхтуе вайну забойствам моцных і выхаваннем малых дзяцей і ўсім, што стварыў д'ябал і што мы павінны зрабіць зброяй у абарону Госпада. Нашто грэбаваць нечым? А грахі нашы — замоляць. Каб вас не было — вас варта было б выдумаць. І шчасце, што вы знайшліся, а Лайола, такі яшчэ малады, зразумеў, што ён патрэбны, і адкрыўся нам.

— Вы льяце бальсан на маю душу, як…

— Я здагадваюся, аб якім яшчэ сваім знаёмым вы хочаце сказаць. Бог даў вялікаму Томасу* доўгі век, семдзесят восем год, пэўна, дзеля таго, каб даць яму нацешыцца перад вечнымі пакутамі пекла, куды ён несумненна трапіў.

* Тарквемадзе.

— Ён?

— Ён. Таму што ён сек з пляча. Дзесяць тысяч спаленых, выгнаныя з Іспаніі марыскі і іудзеі. Рамеснікі, гандляры, упартыя земляробы і ткачы шаўкоў — дзе яны? І, галоўнае, дзе іхнія багацці? Яны ў Афрыцы, заклятыя цяпер нашы ворагі. Рана ці позна яны зробяць нейкую такую інтрыгу… А адных грошай, якія ён выдаткаваў на дровы дзеля гэтай ілюмінацыі і касцюмы дзеля гэтай камедыі, хапіла б, каб зрабіць з гэтых людзей, або хаця б з іхніх дзяцей, такіх самых, як і ён. Я не супраць вогнішчаў, але да іх не трэба звыкаць, як да штодзённага абеду, сядзення на гаршку або штодзённай шлюхі ў тваім ложку, — гэта не пра цябе, дзіця, — імі трэба захапляць. Маўры, яўрэі і ерэтыкі таксама людзі…

— Што вы кажаце?! — не ведаючы, выпрабоўвае субяседнік або гаворыць шчыра, абурыўся манах.

— …і з іх зрабіць мярзотнікаў, і апошнюю навалач, і багоў, і воінаў веры, і забойцаў, і катаў ніколькі не цяжэй, чым з усіх астатніх двухногіх. Хрыстос быў іудзей і — да пары — ерэтык, і Паўла, і… Лютар, а цяпер на іх моліцца большая ці меншая колькасць людзей. Ерэтыкі толькі датуль ерэтыкі, пакуль яны слабыя. І кожнаму такому нельга дазваляць зрабіцца моцным. Вы разумееце мяне?

— Здаецца, зразумеў. Гэта думкі Ігнацыя. Толькі… гм… завостраныя да небяспечнасці.

— А я і не кажу, што прыдумаў бы такое сам. Я ведаю, на што здатная мая галава, і ў гэтым мая сіла. То што?

— Паколькі былая «ерась» Хрыста, а цяпер яго «вера» ёсць наша вера — нам непатрэбна існаванне іншых ерасяў, якія таксама могуць зрабіцца верамі і тым саслабіць нашу веру і нас. Усё адносна, і сённяшнія цары — заўтра дзярмо, а сённяшняе дзярмо — заўтра цар.

— Т-так, — усміхнуўся Лотр.

— І таму ваюй за сваё, а асабліва супраць самай страшнай ерасі, чалавечага самамнення і жадання думаць, ваюй супраць самай страшнай ерасі, якую ў Італіі завуць гуманізмам, таму што гэта рошчына вечнага неспакою, таму што гэта адзіная ерась, якая не стане верай і догмай, але калі стане — нам усім, і давеку, прыйдзе канец.

— Ого, — сказаў Лотр.

Ён глядзеў на гэтага сённяшняга дамініканца, а заўтрашняга езуіта з жахам і амаль з захапленнем. І адначасова з болем адчуваў, што сам ён — толькі пераносчык чужых думак, што ён ніколі не здолее да канца развіваць іх і рабіць з іх такія далёкія, канчатковыя высновы, што ён — твар царквы, але ніяк не сэрца, не розум, не зброя яе.

— І таму, калі мы не хочам памерці — з пляча не сячы. Бо ў гідры адрастаюць галовы. А адсекшы, атруткай прымаж, ваюй брудам за чыстую Божую справу, плёткамі ды агаворамі — за праўду, нашу праўду. А лепей забяры дзяцей, іх прымусь з самага пачатку думаць па-свойму, забі ерась гуманізму яшчэ ў калысцы, няхай сабе і самай вялікай хлуснёй. Тады і мячы не спатрэбяцца. Бо нашто ж сваіх біць? Гэта толькі вар'ят сярод тысяч дурняў рабіць можа.

— Правільна, — уздыхнуў Лотр. — І таму рыхтуйся. Можаш касцёл дамініканаў ужо цяпер у думках зваць езуіцкім, а калегіюм пры ім — езуіцкім калегіюмам. Па часе скінеш гэтую расу, каб не насіць ніякай. Вы будзеце моцныя, мацнейшыя за ўсіх. Магістр ваш будзе не магістр, а «шэры папа», не розумам шэры, а непрыкметнасцю і ўсёпранікальнасцю, таму што шэрае — паўсюль. Рыхтуй дзяцей… Колькі ў цябе зараз тваіх людзей?

— Больш тысячы.

— Будзе дзесяць тысяч. Войска Езуса. Пашырай яго, пашырай уладанні свае на ўсю зямлю, палюй за ерасямі і за гэтымі італьянскімі трызненнямі. З людзьмі можна зрабіць што хочаш. І трэба прышчапіць усім ім свой мозг, і рабіць гэта хутчэй, бо вось яны выдалі сваю Біблію і цяпер пачнуць чытаць самі; бо вось трыццацёх год не мінула, як Калумб адкрыў Індыю, а свет ужо не схаваеш у крыштальную скрыню Казьмы Індыкаплова, і трэба, каб уся зямля, колькі яе ні ёсць, была ў новай, нябачнай скрыні, скрыні нашага духу і нашай веры.

— Зробім.

— Веру. Паўсюль. Вытравіць назаўжды. Каб забылі назаўжды. Каб па ўсёй светавай імперыі забылі, што яны «цары натуры», «мысліцелі», «тыя, што самі думаюць і самі шукаюць», а помнілі і ведалі толькі адно — што яны рабы Бога, адэпты нашага вучэння, што яны не сумняваюцца ні ў чым і думаюць, як усе. І ні на гран больш за нас.

Езуіт схіліў галаву. Задаволеныя адзін адным, яны з палёгкаю ўздыхнулі.

І тут здарылася дзіўнае і небывалае. Хто паверыць — той малайчына, а хто не паверыць — таму няма чаго і чытаць далей, і няхай кіне.

Назад Дальше