Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 10 стр.


Пакуль што ўсё сыходзілася. І змятасць. І рады, пісаныя «наўскос». І плямы клею, бо ім для зручнасці, каб не раскручвалася падчас пісання, замацоўвалі стужку. І нават тое, што некалькі літар было на адным баку, а ўсё астатняе на другім. Відаць, прадмет быў складанай формы і шыфравальшчык перакруціў палосу, каб яна зручней абвілася вакол нейкага выступу. Паспрабуйце, сапраўды, навіць вакол чагосьці непаслухмяны пергамент! Гэта вам не пакорлівая папера.

Усё сыходзілася, усё было» акрамя… акрамя таго, што я не меў і ніколі не мог мець — прадмета, на які тая стужка навівалася тры з паловай сотні год назад.

Адзін разумны нашчадак меў частку чагосьці важлівага, тое, што «скрылі карэнні». Але ён не ведаў, у руках якога другога разумнага нашчадка знаходзілася «медзь», тое, на што трэба матляць, не ведаў яе формы. А значыць, усе мае намаганні пайшлі «на псы».

…Чаму «на псы»? Думай, хлопец, думай! Справа, вядома, будзе дужа цяжкая, калі той «прадмет», скажам, меў форму двух конусаў, складзеных асновамі. Дужа цяжкай, але і тут магчыма. Ды толькі наўрад ці карысталіся яны прадметам такой складанай формы… Часцей за ўсё палоса пергаменту ці паперы матлялася на жазло пэўнай даўжыні… А што такое жазло?… Гэта той самы кій… А што такое кій? Кій — гэта, калі вызначаць прыбліжана, той самы цыліндр, хай сабе складанай канфігурацыі, дзе таўсцейшы, а дзе і танейшы. Калі гэта так, то чаму не вырашыць задачу, якая здавалася нязмерна цяжкай мазгам звычайнага сярэдневяковага чалавека («наш, просты сярэдневяковы чалавек») і якую зараз можа вырашыць нават вучань дзевятага класа, калі ў яго, вядома, на плячах галава, а не кавун.

Я пішу ўздоўж прадмета. Палоса можа навівацца на гэты прадмет пад любым вуглом. Вугал між карацейшай адлегласцю па нармалі (шырыня палосы), аднесеныя да даўжыні радка ёсць косінус вугла намоткі.

…Змераў даўжыню радка пад вуглом. Яна — 58 міліметраў. А шырыня самой палосы — 49 міліметраў.

49/58 = 0,82

Ну вось, гэта пайшло ўжо крыху цікавей. Дзе гэта мая лагарыфмічная лінейка? Я ж не карыстаўся ёю з часоў раскопу ў Гарадзішчы і звязанай з гэтым гісторыі. Чорт пабірай, гэта мог дадумацца толькі бацька: падсунуў яе пад насценны прайгравальнік, каб не драпаў фарбы.

Ну, 0,82 бяром у квадрат. Атрымоўваецца, што матлялі пад вуглом у 20°. На жаль, прадмет, здаецца, і сапраўды быў складанай канфігурацыі. Мяркуючы па змятасцях, крыху таўсцейшы на абодвух канцах і ўсярэдзіне. Але гэта нічога. Дзе вугал іншы — адпаведна і разлічым. Дый, нягледзячы на патаўшчэнні, шаг (вугал намоткі) будзе адзін, павінен быць адзін. Проста ў такіх месцах пергамент будзе заламвацца, заходзіць пад наступны віток або напаўзаць на яго, і, значыцца, вугал амаль не зменіцца, а проста застануцца на стужцы белыя, незапоўненыя літарамі месцы. Што мы й бачым у нашым выпадку.

Цяпер іншае. Цяпер больш складанае. Як вылічыць дыяметр рэчы, на якую трэба матаць усё гэта? Трэба знайсці хаця б адзін радок, які супадае. Скажам, напісана:

/ ма / ма /

І тады разгарнуць стужку і змераць адлегласці паміж складамі, замерыць яе.

А гэта штука роўная ?D.

Пашукаем такі радок. Ёсць такія радкі. Вось па сэнсу бадай такое: «етнас… цю моею… о маю то ма». «(Шт) о маю, то ма… етнас… шо моею». Або — капь срла. Малайчына, што пералічваў, разумнік, што даў мне гэты ключ! Ты й не думаў, што даеш мне не вядомае табе ?D. Ты не меў і зялёнага паняцця, што адсюль, D дыяметр рэчы, на якую ты матаў сваю таямніцу, роўны змеранай адлегласці між радкамі, што супадаюць. Роўнай гэтай адлегласці, падзеленай на 3,14. Галавастыя людзі твайго семнаццатага стагоддзя таксама ведалі гэта, але ведалі крыху іначай — як-то яны гэта ведалі? — ага, яны, наколькі мне памятаецца, ведалі гэта, прынамсі ў Беларусі, як 22/7. Што ж, і гэта хлеб, амаль тое самае з разыходжаннем у чацвёртым знаку. Але ты наўрад ці вадзіў знаёмства з галавастымі людзьмі. Галавастыя людзі, яны непакояць, таму вы іх не любіце, стараецеся не паважаць, і гэта галоўная ваша памылка ўва ўсе часы, шаноўныя панове-магнаты. Таямніца твая нават для галавастых тваёй эпохі ляжала на паверхні.

Вось яна, твая таямніца. Тваё «жазло» было дыяметрам у два сантыметры з двума-трыма міліметрамі. Дыяметр патаўшчэнняў па канцах даходзіў да чатырох сантыметраў, патаўшчэнне на сярэдзіне — да трох (што б то магло быць за рэч? Але гэтага я пэўна ніколі не даведаюся, дый малаважна!).

Усе гэтыя патаўшчэнні, вельмі шаноўны, практычна можна адкінуць. Вось так! Дарэмна задурваў сабе галаву.

…Я пайшоў на кухню і пачаў шукаць сярод свайго прычындалля нейкі прадмет дыяметрам у два сантыметры.

І знайшоў. Чапёлка, якой бяруць з агню патэльні, была акурат два сантыметры два міліметры дыяметрам, хоць кранцыркулем мерай.

Што ж, цяпер падрыхтуем тры-чатыры дакладныя копіі з паперы, каб пергамент застаўся непарушны, каб не падзерці яго, каб не пэцкаць клеем. Проста перавядзём праз капірку — і не алоўкам, а канцом запалкі — усе гэтыя літары. Гатова. Ну вось, а далей бяром, хлопец, цыліндр вылічанага дыяметра, чапёлку і, пад вылічаным вуглом, накручваем на яго паперу, чытаючы тэкст.

Я мучыўся з гэтым доўга. Прыклейваў і прымінаў тыя месцы, дзе былі белыя плямы, і зноў мераў вугал намоткі, і вёў-вёў далей, аж да пасінення.

Зроблена.

Я прыклеіў канец, пачакаў, пакуль клей падсохне, і пачаў чытаць уздоўж прадмета, нібы кукурузу грыз. Толькі што вачыма:

І далей:

Пры далейшым павароце цыліндра выявілася наступнае.

Тут яму не хапала месца, але, гледзячы па тым, што апошнія словы былі лаянкай «лайно (гной, памёт, адкіды), псіно», — чалавек, які запісваў гэта, аж задыхаўся ад ярасці, аж гарэў ад жадання дадаць яшчэ нешта. І таму ён загарнуў палосу і напісаў на месцах, дзе было не запісана яшчэ некалькі слоў:

Калі запісаць па-чалавечы, то тэкст гэты гучаў так.

«Якь латіне ракуть Finis ані судъ ані падсудакъ ані паконъ не взыщуть і што маю, то матнасцю моею буде і што не володевъ, а падскарбі нажывъ.

А шукаті ту кгмахъ кутні ложніца ключавая пуста. А друга от куту там глыбе контрафекту окрут ступъ плінфай бо заклавъ бі клет ніжні ложа дубаснае ложніца камена і тымъ па жываце заволаныхъ ні дачакаціса за завораю еда бог струбе клетъ врхні павкапь зта капь срла каменію не мал сыкгн скоец ман універсалы грам якмсці а кустодъ кальваріе зрецелна а невісно бо Z і N пад камараю овай.

Пачынь кмотръ а кмотра жона лайно псіно з вопю і людожртм до сурм ала агела агні довеку АМАНЪ».

Нельга было сказаць, каб і гэта было так ужо зразумела. Але тут хаця можна было скласці слоўнічак і падставіць пад незразумелыя словы сучасны сэнс. І я пачаў лазіць па ўсіх выпісках, па ўсіх сваіх картатэках, па слоўнічках у «Гісторыі кнігі», у Карскага, у іншых кнігах.

Пакон — закон. Кгмах — гмах. Ложніца — спальня. Контрафект — малюнак, вобраз. Окрут — карабель. Плінфа — старажытная вельмі пляскатая цэгла. Дубасны — з яловай кары. Заваланых — закліканых. Завора — завала, засаўка. Еда — мабыць, егда — хіба, няўжо, інакш. Павкапь, капь — два і чатыры пуды. Скоецъ — манета. Кустод — вартаўнік. Невісно, нявісны — гэта архаічнае сляпы, невідушчы. Значыць, і тут нешта «слепа», «нябачна», а можа, і проста «не знойдзеш». Кмотр — кум. Лайно — ну, гэта слова з лексікона Зізанія і азначае нечыстоты, адкіды, гной, памёт. Калваріе — месца кары, лобнае месца, галгофа, могільнік (ад лацінскага calva — чэрап).

А што такое людожртм? Мабыць, «людажэрствам». Хітрыў, зараза, цітлы не ў належных словах ставіў, не там, дзе трэба.

Падставім цяпер тое, што зразумела. Перакладзем.

«Як лаціняне кажуць: Finis (канец)! Ані суд, ані падсудак (чыноўнік, або пісар земскага павятовага суда), ані закон не ўзышчуць, і што маю, то маетнасцю (маёмасцю) маёю будзе, і (тое), што не валадзеў, а падскарбім (дзяржаўным казначэем) нажыў.

А шукаць тут гмах кутні, спальня ключавая, пустая. А трэцяя, ад куту, там, глыбей малюнка карабля, восем ступ цэглаю, бо заклаў (абы?) клець (паверх ніжні), ложа з яловай кары, спальня каменная, і тым пасля жыцця закліканых за завалаю не дачакацца, хіба (што) бог устр(у)бе (уструбіць). Паверх верхні — паўкаць золата, каць срэбра, камення не (об)мал(ь) (нямала), сыкгнеты, макеты (ускрыты?), універсалы я(го) к(аралеўскае) м(о)сці, а вартаўнік лобнага месца відаць, а не знойдзеш, бо Z і N (?) пад хамараю (?) гэтай.

Спачні, кум і кумава жонка, гной сабачы, з лямантам і людажэрствам да сурмаў анёла (і ў) д'яблавым агні давеку».

Такі прыблізна быў сэнс гэтага страшнаватага ў чымсьці дакумента. Але што такое «хамара» і што такое «Z і N»?

Хамара. Слова гучала не па-славянску, хаця і нагадвала наша «камора». Падобна на старажытнаяўрэйскае? Ці арабскае? Ці грэчаскае? Але ў першых дзвюх мовах я разбіраўся, як… А трэцюю ледзь ведаў. І, аднак, палез у слоўнік. І, дурням шанцуе, знайшоў:

Што азначае «скляпенне».

Але што такое Z і N? Што гэта мне нагадвае? Хімічную формулу? Але адкуль у тыя часы хімія і яе формулы? Алхімія — гэта так. То што гэта, што?… Алхімія… Алхімічны знак?

Я пачаў пакутліва ўспамінаць усё, яшчэ не забытае мною, з тых часоў, калі вывучаў вядзьмарскія працэсы, алхімічныя знакі. — золата або сонца. А як беларускі алхімік абазначаў рэторту? Ага, А спірытус?… Т-так… — нягашаная вапна.

Што ж такое Z і N?

І тут раптам нібы ўсплыло нешта з самага дна памяці. Ну так, так. Z і N — знак замазвання. Знак, які ставілі, калі нейкае рэчыва замазвалі на, на гадавы або і большы тэрмін.

І, значыць, сказ гэты трэба было чытаць прыблізна так:

«…вартаўнік лобнага месца. Відаць, а не знойдзеш, бо замазана пад скляпеннем гэтым».

Сэнс быў малазразумелы — аўтар пагарджаў усякай граматыкай, нават склонамі, але ад гэтага не менш страшны. А можна было, іначай расставіўшы знакі прыпынку, зразумець усё гэта і так:

«Лобнае месца відочнае, а не знойдзеш, бо замазана пад скляпеннем гэтым».

Але нават пры такім, усё яшчэ цьмяным, хаця і больш зразумелым, прачытанні было ў гэтым запісе нешта трывожнае, нешта страшэнна змрочнае, падступна-вытанчанае і гнюснае. Я скураю адчуваў гэта. І ведаў, што цяпер я не кіну гэтай загадкі, які ні быў бы адказ.

Загадкі, схаванай пад нейкім невядомым скляпеннем. Загадку, якую я павінен быў вырашыць у памяць майго сябра, была яна прычынай яго смерці або не была.

РАЗДЗЕЛ VІІІ ЗНОЎ ГАСНЕ НЕБА

Я адарваўся ад папер. Вочы гарэлі, быццам засыпаныя пяском, ва ўсім целе была млявасць, нібы нехта добра адмалаціў мяне валікам ад канапы.

Калі я адхінуў шторы, за акном пачынала днець. Вельмі павольна, каламутна і непрытульна. Значыць, я працаваў цэлую ноч. Нездарма так страшэнна балела галава. Так балела, што цяпер я не здатны быў бы ўспомніць табліцу множання на пяць.

Я ненавіджу лекі, прымаў іх, не лічачы тых разоў, што сур'ёзна хварэў, усяго разоў пяць за жыццё (гэта таксама адзін з маіх дурацкіх комплексаў), але тут я не вытрымаў. Праглынуў таблетку папаверыну, паляжаў хвілін пятнаццаць, і калі боль прытупіўся, толькі тады выкінуў дзве попельніцы недакуркаў, адчыніў усе вокны, умыўся халоднай вадой, узрэзаў пачак цыгарэт, закурыў і стаў думаць, што ж мне рабіць з таямніцай, якая дасталася мне ў рукі.

У гэты момант пачуўся стук у сценку: іх вялікасць Хілінскі, мабыць, жадалі папіць са мною чайку. Таксама з комплексамі. Ці, можа, толькі з'явіліся? Вось і добра, будзе з кім параіцца. Няма мне цяпер, Мар'яне, з кім раіцца. Зусім няма, браце.

Даўшы сабакам есці, я пайшоў да суседа.

Як на такую раннюю гадзіну, то хата была ідэальна прыбраная.

— Не клаліся яшчэ?

— Гм, а чаго б гэта я павінен быў класціся?

— Праца нейкая была?

— Як заўсёды. Ну што, стары, прапусцім па чарчыне ды ў шахмацішкі?

— Каньяк? У такую рань?

— А ты што, хочаш, каб я ў дзве гадзіны ночы пачынаў? І, скажам, з дэнатурату і піва?

— Аднак у дзевяць гадзін… неяк яно… Унь нават амерыканцы лічаць, што раней пяці нязручна. Адзін там нават бізнес зрабіў: выпусціў для бізнесменаў партыю гадзіннікаў, дзе ўсе лічбы — пяцёркі. Бо раней пяці — нязручна.

— Пяці раніцы? — спытаў Хілінскі.

— Ну, ведаеш, — абурыўся я.

— Чалавеча, — з раптоўнай сур'ёзнасцю сказаў Хілінскі, — ты ўвогуле маеш уяўленне, дзе ты і калі ты?

— Шаснаццатага красавіка. Пан Хілінскі прапануе мне каньяк у дзевяць гадзін раніцы і шкадуе, што не прапанаваў мне гэтай работы, абудзіўшы ў пяць гадзін. Столькі часу згубілі! Зараз былі б ужо гатовенькія.

— Дзевяць гадзін вечара шаснаццатага красавіка.

За акном, сапраўды, не днела, а цямнела.

— Чорт, — сказаў я. — Няўжо гэта я… суткі?… То ж бо галава трашчала.

— Шахмацішкі адмяняюцца, — глуха сказаў Хілінскі, наліваючы чаркі. — Ну што такое здарылася? Раскажы, калі ёсць ахвота, як гэта ты дня не заўважыў?

Я расказаў. Ён сядзеў, грэў келіх далонню і цяжкавата думаў.

— Ну й фантазёр, — урэшце няпэўна выціснуў ён.

— Чаму фантазёр?

— Ды неяк яно… гм… дэтэктыўна занадта… І спрэчна… хаця і цікава… Тут табе здарэнне, тут табе, нібы з чароўнай скрынкі, шыфр… Тут табе, як на заказ, галава, якая за суткі гэткую работу зрабіла. Не па спецыяльнасці працуеш.

— Захапіўся.

— А малайчына, чорт пабірай! Дэшыфроўшчыкам бы ў штаб. А то часам месяцамі б'юцца. Што зараз думаеш рабіць?

— Буду шукаць месца.

— Дзе яго адшукаеш? Хіба ўжо ўсю краіну перакапаць.

— Паеду ў Альшаны. Кніга знойдзена там. Кніга належала Альшанскім, што можна меркаваць па ініцыялах і па супадзенню гістарычных падзей і шыфроўкі…

— Ну, займайся, займайся…

Я быў крыху пакрыўджаны гэтай абыякавасцю.

— А вы хіба не зацікавіліся?

— Ды што ж, хлопец… Не наша гэта кампетэнцыя. Не мая і не Шчукі.

— Як гэта? А калі, сапраўды, Пташынскі не захлынуўся, а забіты, бо нехта баяўся, што ён стаіць на шляху адкрыцця чагосьці?

— А вы ўпэўнены, што ён забіты?

— Так, — пасля паўзы сказаў я.

— Але ж і экспертыза, і следства, і ўсё супраць гэтага.

— Я ўпэўнены, — сказаў я. — Насуперак экспертызе, следству, чорту, насуперак усяму. Нешта ва ўсім гэтым жудаснае. Я прадчуваю гэта. Падсвядома.

— Прадчуваць — ваша асабістая справа, — сказаў Хілінскі. — Вы — асоба прыватная і можаце сабе дазволіць гэтую раскошу. А вось калі пачынае «падсвядома прадчуваць» правасуддзе, юстыцыя, сама дзяржава… тады…

Ён нервова лыкнуў каньяку.

— Тады пачынаецца — бывалі ўжо такія выпадкі — паляванне на ведзьмаў, макарцізм, татуля Дзювалье, ды ці мала яшчэ што. І пасля ўсім даводзіцца доўга, дзесяцігоддзямі плаціць за гэта, разлічвацца. Нават невінаватым. Занадта гэта дорага абыходзіцца, я веру. Цяжка, пакутліва. І ўвогуле, справядліва веру.

Хілінскі дапіў келіх.

— Слухайце, хлопча, не крыўдуйце на мяне, але гэта так. Вы ўражаны смерцю друга, вы не верыце, што ён мог вось так, сам, пайсці ад нас. Вы шукаеце помсты, каб стала крыху лягчэй. Але тут нішто не гаворыць на карысць помсты. Нават званкі, тлумачэнне якім ёсць. Нехта шукаў у кватэры. Нехта ўсыпіў сабак. Але гэта маглі быць звычайныя барыгі, якія падсачылі ад'езд вашага сябра і скарысталіся з яго.

— Яны шукалі кнігу.

— Магчыма. Але нават калі гэта так, нават калі яны цьмяна ведалі пра адкрытую вамі таямніцу, нават калі яны і вы сутыкнуліся на адным шляху да яе — гэта не мае адносін да смерці Пташынскага. Гэта выпадак, супадзенне. Паверце, экспертыза была дужа старанная. Аб гэтым паклапаціліся, верце мне. У яго было страшэнна хворае сэрца. Ён мог пражыць яшчэ гады, а мог і памерці кожны дзень. І таму Шчука, мабыць, будзе далей весці следства па справе ўзлому, але нікому з іх няма справы да таго, што сёння адкрылі вы.

Закурыў.

— Ну як вам растлумачыць. Ну вось ёсць звесткі, што ў Кладна недзе схаваны архіў айнзацштаба. Ведаеце, што гэта такое?

Назад Дальше