Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 17 стр.


— Нічога сабе зручней.

— Дык сёння туды наш грузавік паедзе, машыны прымаць. І вось Ганчаронак паедзе, Высоцкі, Шаблыка. Шаблыка па школьныя прылады. Загадзя. На будучы год. Мы гэтага «ўзахапы і напярэймы» не любім. Даедзеце якраз да цягніка вячэрняга. Дый на будучыню, вось Высоцкі, наш «возны», прашу шанаваць. Кожны дзень у Альшаны, у іншыя месцы па акрузе, кожныя два-тры дні — на станцыю. І «казёл» ёсць і «Масквіч», а часам даводзіцца й так «аўсянай парай».

Уздыхнуў:

— Падманула нас чыгунка. Дайшла калісь да Езна, а пасля вільнула на паўночны захад і пайшла, пайшла ўсё далей, аж да Кладна. А адтуль аўтобусам — самі ведаеце. А каб да нас — быў бы ўжо, можа, някепскі гарадок.

— Калі будзе магчыма — скарыстаюся.

…Праз гадзіну Шаблыка, Высоцкі, Ганчаронак і я ўжо трэсліся ў кузаве грузавіка.

Ніхто не захацеў лезці ў кабіну да шафёра, бо майскі надвячорак стаяў надзіва цёплы.

Я ўспомніў словы з той паэтычнай легенды:

Слуцкай брамай начною таемна яны уцякалі:

Месяц у хмарах нырае, а хмары імкнуць, нібы хвалі.

— Слухайце, Шаблыка, ёсць у замку Слуцкая брама? І чаму — назва? Брама ж адна.

— Ёсць. Праўдзівей, была. Слуцкая, або Нясвіжская. Адтуль калісь вёрст праз дзесяць была паваротка на Нясвіж — Слуцак. Пасля яе цэглай заклалі. Як і другую. Адна толькі трэцяя засталася. Галоўная. Слуцкая — гэта другая з таго боку, што супраць Галоўнай.

Зараз я быў амаль упэўнены, што гэта менавіта ў ёй гарэў начны агеньчык, бачны з аднаго пункта дарогі. І ў суседняй уваход у падзямелле.

— З тым бокам, напэўна, і ваенная гісторыя звязана, — сказаў Шаблыка. — Дошку ў пары кіламетраў ад вёскі бачылі?

— Бачыў.

І сапраўды, стаіць невялічкі абеліск з шэрага бетону, і ў яго ўмуравана мармуровая дошка:

«На гэтым месцы пахаваныя чатырыста савецкіх грамадзян,

па-зверску забітых 15 ліпеня 1944 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Вы стаялі да скону,

Як гэта належыць людзям.

Спіце спакойна,

Радзіма пра вас не забудзе».

— То немцы з вёскі ўсіх людзей у апошнія дні выгналі. Думалі — страляць. Але не. Толькі прымусілі ў чыстым полі пад аховай пражыць тры дні. Сёй-той у аблаву не трапіў, бадзяўся ў лесе, але ў Альшанку ісці баяўся. То яны бачылі, як ішлі ў напрамку замка грузавікі пад аховай. Шмат. Штук сорак-пяцьдзесят. Ведаеце, гэтыя нямецкія, тупарылыя. А да таго, як яны ехалі, прыгналі туды вялізную калону людзей. А пасля, дужа здалёк, стрэлы. На зыходзе трэцяга дня. І назад ужо — ніхто. Ведаеце, можаце здагадацца, што гэта было.

— Ведаю, айнзацкаманды дабро і архівы хавалі.

— Чаму? Маглі ж вывезці? Хаця не. Кладна тады было ў напаўкатле, — думаючы ўголас, сказаў Шаблыка. — Дай бог вывесці хаця б частку войска.

Машына пачала раздзіраць фарамі прызмерак, які няўлоўна гусцеў.

— І яшчэ адно, — сказаў я. — Ці не звязана гэтая гісторыя з іншай, вельмі даўняй. Альшанскі з немцамі супрацоўнічаў?

— Ну.

— Мог быць і пры сховах і пры расстрэле. Я тут разгадваю адну цікавую галаваломку трохсотгадовай даўнасці. Страшнаватая. І шмат каму яна каштавала жыцця.

— І разгадалі? — нечакана спытаў Высоцкі. (Мы думалі, што тыя дрэмлюць.)

— Амаль.

— Разгадка, відаць, не на сярэдняга чалавека, — сказаў ён.

— Ну, нашто так? Калі розум учэпісты, то якраз на такога. Ну і, вядома, сякія-такія веды трэба мець.

— Ну, тады гэта не нашага розуму справа. Шаблыкава унь хіба.

Езна было той невялічкай станцыяй (мала іх пасля вайны засталося ў Беларусі), дзе і дагэтуль на будынку вісіць звон, у кветніку з аднаго боку высяцца таўшчэзныя таполі, а ў маленькай зале чакання цьмяна і душна, і плача, канькае невядома чыё кацяня.

…Калі злезлі з грузавіка, у мікраскапічным станцыйным пасёлку ўжо заміргалі першыя агні. Высоцкі з Ганчаронкам пабеглі па сваіх справах (умоўлена было на позні час), а Шаблыка, у якога ў Езна былі прыяцелі, перш чым ісці да іх начаваць, а заўтра з раніцы ўзяцца за работу, пакурваючы са мной на пероне, глядзеў удалячынь, за далёкі агеньчык светафора.

— Вось чаму гэта так, Антосю, што ў юнацтве да цягніка гуляць хадзілі, як на баль?… Нейкае іншае жыццё побач пралятае… Не наша… Можа, прыгажэйшае, а можа, такое, што сабаку не пажадаеш. А зараз не цягне. Сядзеў бы і сядзеў на сваім месцы.

— Мохам абрастаем, Рыгор. Старэем.

— Відаць, так… Дык што ты там, Антосю, казаў пра галаваломку?

Я ў самых агульных рысах расказаў яму аб усім, не згадваючы, вядома, ні пра лёс Мар'яна, ні пра кнігу, ні пра змест напісанага, ні пра ўсю катавасію, якая раптам узнялася вакол легенды трохсотгадовай даўнасці.

Шаблыка задумаўся.

— Нешта ва ўсім гэтым ёсць, — урэшце сказаў ён. — Але ўсё адно нічога не атрымаецца. Ты не ведаеш таўшчыні і даўжыні кійка.

— Ну, «начаткі», як казаў неўміручы Якуб, і мы ведаем, — сказаў я. — Матэматыкі ў сэнсе.

— То што, блізкі да разгадкі?

— Досыць блізка.

— То маўчы ты тады, хлопе, і нікому — ані. Каб іскры з цябе не было чым выбіць. Справа нейкая… паскудная… Нечалавечая нейкая справа.

— Што ж, Антон Глебавіч, — «изрек», падыходзячы, Высоцкі, — давядзецца вам хочаш не хочаш, а ехаць са мной да наступнай станцыі.

— Чаго? — здзівіўся Шаблыка.

— А, чорт на яго, кладаўшчыка… Дамаўляліся — не, пацёгся некуды ў суседнюю вёску. Нейкае там ці вяселле, ці пахаванне.

— То што вы? — спытаў я.

— Ганчаронак тут застаўся, а я да яго сваякоў ісці не захацеў. Паеду да Польнай. Там сябар, у яго пераначую, а першым ранішнім — сюды.

Падкаціў цягнік. Вогненным змеем з чужога свету. Прамільгнулі ў вагоне-рэстаране занадта ўзнёслыя воблікі мужчын і занадта гожыя пастаці жанчын. Некаторыя былі з келіхамі ў руках. І ўсе глядзелі на гэты асветлены лапічак зямлі, перад якім доўгі час была цемра — з рэдкімі агнямі сярод палёў — і пасля якіх, яны ведалі гэта, зноў на доўгі час будзе цемра.

— Гэй, тубыльцы! — загарлаў нейкі «піжамны» з падножкі. — Тут у буфеце піва няма?! Бо ў вагоне скончылася!

І тут я здзівіўся выразу жорсткай, неўблажымай нянавісці на твары Высоцкага. Такім звычайна лагодным і заўсёды добрым твары.

— Такім, як ты, няма, прыхадзень, — працадзіў ён. — І ўвогуле, каці, — гэта ўжо ўголас, — табе люру* глахтаць. Або ўвогуле г…

* Lura (польск.) — памыі.

Жыццярадасны «прыхадзень» жыва забраўся назад у вагон, як слімак у сваю ракавіну. Можа й, паспрачаўся б, але ўбачыў — стаяць трох. Хаця я і Шаблыка былі тут ані сном, ані духам…

…Калі мы селі ў амаль пусты вагон і зусім пустое яго аддзяленне, я спытаў Высоцкага:

— Ну чаго вы яго так?

— Ат, — усё яшчэ сапучы, сказаў ён, — ты тут калаціся чорт ведае куды, вяртайся на досвітку назад, а ён — «тубылец». А колькі ж тут памерзнута, колькі памокнута, пастраляна колькі, пабіта…

— Рацыя, — сказаў я. — Я таксама аднойчы ехаў. Лістапад. Золь. Прысмерак. Пейзажы паабапал чыгункі, самі ведаеце, якія пасля немцаў. Ну стаім, курым у тамбуры. І тут нейкі маёр глядзіць на туман ды дождж і кажа: «Правільна немцы гэтую краіну «шайзэланд» называлі». Я тут не вытрымаў: «Калі табе жонка са мной ці з кім іншым рогі наставіла, то не крычы пра сваю ганьбу. Калі слабак, то такой зямлі не лай», — і не стрымаўся: «А калі ты зараз не зробіш, як кажуць твае нацысты, «хальт маўль»*, то я зараз дзверы адчыню і цябе — з поўнага ходу пад адхон выкіну…» Ён чамусьці заторкнуўся. Пайшоў да сябе.

* Заторкніся (ням.).

Морда мая, відаць, нават пры адным успаміне зрабілася незвычайная, бо Высоцкі глядзеў на мяне, нейк занадта прыглядаючыся.

А мне стала раптам сорамна і ўспаміну, і таго, як я тады расхваляваўся.

Цягнік калаціла на сутыках. Высоцкі адвёў вочы, таксама расхваляваны.

— А чаму вы тут возным? — спытаў я. — У вас жа нейкая асвета ёсць. Гледзячы па мове дый манерах.

— Ну, раз усе Альшаны ведаюць па плётках і ўсё адно раскажуць, то лепей ад мяне.

— Верна. Плёткі ў такіх мястэчках да страшнага суда дажывуць.

— Асвета, ясна, так сабе. Чатыры класы польскай гімназіі. Вышыблі за ўдзел у патрыятычным гуртку. А пасля — вайна.

— То падвучыліся б недзе на бухгалтарскіх ці нейкіх агранамічных там курсах.

— Не. Усё-ткі і той і той — фігуры на сяле. А я гэтымі складанасцямі па вушы наеўся. Траюраднага брата палякі павесілі перад самым вераснем.

— За што?

— А бог яго ведае. Я з ім амаль незнаёмы быў. Нібыта забіў правакатара, а тыя падстроілі справу так, што забойства крымінальнае. Ну і ясна, можа, хто і заступаўся, а шырокая грамадскасць — не… Другі, стрыечны, расстраляны немцамі за падполле проста на вуліцы. Хто кажа ў Кладна, хто кажа, што вывезлі ў Беласток. Так што бачыце, нашаму брату куды ні кінься. Лепей я ўжо тут. Спрос, як расейцы кажуць, малы, адказнасці няма. Ціха — і гары яно ўсё.

РАЗДЗЕЛ XІІІ НАРАДА ДВУХ КАВАЛЕРАЎ, АДНАГО ЎДАЎЦА І АДНАГО ЖАНАТАГА

Раніцай я пазваніў у Кладна Максіму Смыцкаму, аднаму з лепшых, калі не лепшаму, знаўцу горада і гісторыі яго і наваколля. І, на шчасце, застаў яго дома.

— Слухай, Максіме, ты гісторыю з Альшанскім замкам чуў?

— Дружа, ты мяне за дзіця лічыш. Хутка пасадзіш за парту і прымусіш вучыць…

— Што?

— Ну, «сам сабе катлетку смажыў і запэцкаўся ў сажу» або «ў Мані верны быў баран, сабаку вярнейшым не быць: куды б дзяўчынка ні пайшла — баран за ёй бяжыць».

— Угм. Ты яшчэ ўспомні «Anna und Marta baden». Замак у Альшанах бурыць хацелі…

— Хто?… Ах, сек тваю векі… Хто?!

— Гэтага сказаць не магу. Слова даў. Абяцалі не расцягваць. То вось ты як «ахова помнікаў культуры» пра гэта помні і пры выпадку настраш. Дошку новую павесьце.

— Ах чорт! І яшчэ легенда за ім такая прыгожая. Халлера!

— Магчыма, яна і мае пад сабою нейкі грунт.

— Які?

— А ты пра бунт Валюжыніча чуў? І пасланне біскупа Кладзенскага?

— «В лесу родилась елочка».

Ён быў вельмі падобны да Мар'яна. Гумар у нас амаль ва ўсіх адзін: гумар эпохі і яе манера жартаваць. І ўсё ж ён быў не тое, не тое. Хаця і энцыклапедыя на дзвюх нагах.

І тут мне нешта цюкнула ў галаву:

— Максіме, што ты знаеш аб расстраляных у апошні дзень немцамі ў Кладна?

— Ёсць такі помнік. Стэла, праўдзівей. Толькі тут іх палову нібыта расстралялі. Частку далей, пад Беластокам. І невядома, каго дзе. Расстраляныя былі палякі і беларусы. Ва ўсякім разе, і там і там адэкватныя і двухмоўныя стэлы.

— Тэкст памятаеш?

— Памятаю, але лепей, дзеля вернасці, па картатэцы.

Хвіліна паўзы.

— Ёсць, слухай, — і далей тэкст.

Tu spoczywaja zwloki 22 bojownikow Ruchu Oporu, zamordowanych przez hitlerowcow w dzien 17.VІІ.1944

І далей пералік прозвішчаў:

A.Oblocki z Krakowa.

P.Romski……

Яшчэ прозвішчы і пасля, як апошняе пацвярджэнне:

І.Stankiewicz z Olszan.

W.Wysocki z Kladna

oraz 17 osob nieznanych.

Czesc ich pamieci.

І ніжэй па-беларуску:

Тут спачываюць астанкі 22 байцоў Руху Супраціўлення, замардаваных гітлераўцамі ў дзень 17.VІІ.1944 года

А.Аблоцкі з Кракава.

П.Ромскі……

І.Станкевіч з Альшан.

В.Высоцкі з Кладна,

а таксама семнаццаць чалавек невядомых.

Вечная слава памяці герояў.

— Дзякуй, Максіме. Да сустрэчы. — Я павесіў трубку.

Чаму мне стукнула ў галаву спытацца пра гэта? У гісторыі гэтай усё было загадкай, і таму даводзілася прыглядацца да ўсіх. Што азначаў чалавек пад вокнамі? Выпадак у музеі? Усыпленне сабак? Забойства (так, я падсвядома ведаў, што то было забойства, і нават жадаў гэтага, іначай гэта была б занадта дурная смерць)? Запіска, напісаная маёй рукой? Дзіўныя і дзікаватыя людзі ў Альшанцы (а я ўмудрыўся праверыць: ніхто з іх ужо два месяцы не быў у нашым з Мар'янам горадзе)? Урэшце, уся гэтая гісторыя са старой легендай, і дзіўная яе сувязь з сучаснасцю, і дзіўны паварот старой казкі. Ды і ўвогуле, куды мог падзецца такі чалавек, як Валюжыніч? Хаця. Мог жа Кучум пасля апошняга разгрому пагнаць каня, і сляды яго, як кажа вялікі гісторык, «загубіліся ў цемры гісторыі». І гісторыя гэта — мая гісторыя, а не тая — дужа паскудная, дужа шмат у чым страшная гісторыя.

Вельмі мне не хацелася ісці да Хілінскага, але трэба было. Можа, даведаўся чаго ад Шчукі? Але я цягнуў і цягнуў. Выйшаў да «Святога Герарда», купіў цыгарэт, на гэты раз «Шыпка» была, а «БТ» толькі адзін блок. І за гэта дзякуй добраму чалавеку, што прыберажэ.

— І надоўга, таварыш Косміч?

— Ды не, дні на два, а там зноў…

— Усё шукаеце? — пытае ён.

— Шукаю.

— Бывае, што і знаходзіце?

— Бывае, што й знаходжу… Часцей за ўсё знаходжу… Тут лобам і азадкам трэба мур прабіваць. — Я цягну візіт да Адама як магу. — Дурная справа няхітрая.

— Угм. Тады ў гэтым горадзе тры чвэрці такіх, «няхітрых».

Я ўсё ж іду на галгофу. І калі Адам адчыняе мне дзверы, мяне, як у лоб чакухай. Той, што па абуху сякеры б'юць, калі яна завязне ў пні.

…сядзяць за сталом і чаёк папіваюць палкоўнік Шчука і Росцік Грыбок. Мяне ад гэтай ідыліі ўдарыла, нібы аб мур. І адначасова зноў узнік жах. Праўдзівей, ён жыў увесь час. Жах перад той запіскай. Перад уласным почыркам. Шчыра кажучы, ні да таго, ні пасля я, у самых складаных абставінах, не баяўся. Але адна справа забіць на вайне, у вулічнай бойцы з вулічным дзярмом, у стане афекту. І зусім іншая справа, калі вашывыя грошы ўстаюць паміж табой і другам, калі чалавек за спадчыну забівае адзінага друга. Так подла выбавіўшы яго з дому.

Толькі тады, калі людзі — усе — зразумеюць гэта, толькі тады прыйдзе справядлівасць. Да гэтага яе марна чакаць.

— Што гэта ў вас гаворка і шумна, нібы ў лазні?

— Гулка, — нечакана сказаў Грыбок, — як у лазні або ў залі для наведвальнікаў у 9-й клініцы.

— А што, і там пабываў? — спытаў я.

— Пабываў. Але там ляжаць — гэта прабач мне божа…

І праўда, куды ён туды, такі Грыбішча? Дурное меркаванне.

— Я ўсюль пабываў, — сказаў Росцік.

— Ну на Паўночным полюсе не быў, — сказаў я.

— Досыць вам, — раптам адрэзаў Шчука. — Вы што, не бачыце, што ён нежывы ад прадчуванняў? Гэта ўжо ў нас, мясцовых дурняў, звычка дасціпнічаць ледзь не пад сякерай.

— Праўда, — прызнаўся я. — Часам страшэнна баліць галава. Праявы нейкія дзіўныя ў сне.

— Ператаміўся ты, хлопец, адпачні, паспі, паплавай, закахайся, — сказаў Шчука. — Кінуў бы ты гэтую справу. Выедзенага яйка яна не варта. Падумай, што тут да чаго. Дзе плес, а дзе лес? Дзе пасцель, а дзе касцел? А каб заспакоіцца — скажу: почырк не твой, Антось. Экспертыза графалагічная. Амаль не адрозніш, але не твой. Папера — твая.

У мяне закруцілася ў галаве. Яна за апошні час так трашчала, што я баяўся, а раптам гэта я ў забыцці чагосьці нарабіў. Таму на апошнія словы я не адрэагаваў.

— Хто ў дом хадзіў? — сказаў Шчука. — Хто ведае почырк?

— Ну-у бацька… цётка… Вы… Ну, суседзі… Мар'ян… Зрэдку калегі па працы.

— Адпадаюць.

— Ну на жанчын не падумаеш, — раптам сказаў Хілінскі, — дый была яна адна. І зараз яе няма.

Я ўдзячны быў яму, што не даў мне назваць імя Зоі. Апошняя гэта справа мужыку каціць бочкі на жанчыну, якая была з ім.

— Добра, — сказаў Шчука. — Гэта, напэўна, не звязана з усімі падзеямі, твая старая байка. Дарэчы, вазьмі кнігу і — вось тут на кальку зроблена некалькі копій… Арыгінал пакінем у сябе. А што ў цябе новага?

Назад Дальше