— Плюнь.
— Не, братка, ведаю. Цяпер скора.
— Не курыў бы.
— Не магу. Абмяжоўваю сябе, а не магу.
Змяў цыгарэту. Прыгожы ён, калі думае. Не тое што мая варажская храпа. І дурніца ж гэная праклятая баба, ягоная былая жонка. Ах, матыль серабрысты! Ах, сю-сю! Ах, славуты Іванскі з гамерычнымі ляжкамі! Ах, Кафка! Ах, сцэна! А сама ані ў сцэне, ані ў Кафцы ані ў зуб нагою. Як скажа, то з поля вецер, са… дым. Ганарылася б, што хаця адзін чалавек у сям'і разумны. Я б на яе месцы такога ў пантофель цалаваў, як папу рымскага. Ды яна, чуў, і хацела вярнуцца, але не захацеў ён.
— Пасля званок, — сказаў Мар'ян. — Малады інтэлігентны голас (зараз усе інтэлігентныя): «Прадайце». — «Не прадаецца. Гэта майго музея ў Руцку, а не маё». І яшчэ падобны званок, іншым голасам. А пасля ледзь не кожную ноч: «Прадайце, прадайце, прадайце».
— Ты што, не ведаеш, як тэлефонных хуліганаў лавіць?
— Спрабаваў. Званілі з аўтаматаў у розных канцах горада. «Прадайце! Прадайце!»
— Набяры адзінку і пакладзі трубку. Ніякая зараза не дазвоніцца.
— Не магу. Кожную ноч чакаю званка.
— Што такое?
— У Юлькі рак.
Юлька — гэта ягоная былая жонка. Вось табе і маеш пірог з бобам. Я маўчаў. Адступілі некуды кепскія думкі аб ёй. Перад гэтым усе роўныя. Мне было сорамна.
— Яна пра гэта яшчэ не ведала, як хацела вярнуцца. Ляжыць цяпер недзе ў Гомлі. Грошы патаемна дасылаю. Медсястра піша аб усім. Звоніць. Кажа: пасля аперацыі лягчэй. А я не веру. Думаю кожную ноч: вось званок. І ўсё здаецца, нібы я пра гэта ведаў і адштурхнуў. Зараз бы вярнуць. Ды не, не даруе.
Бог ты мой, ён яшчэ і слова «дараванне» помніць, святы асёл! І ўвесь напяты, і ўвесь трывожны — чорт бы цябе, сабачага сына, любіў.
— Ну, аб гэтым досыць. Вяртацца ёй да чалавека, які ў шлях выпраўляецца, няма чаго. Ачуняла б толькі, — твар яго раптам стаў рашучы. — І шкадаваць аб тым, што не збылося, не выпадае. Але званка чакаю. А замест яго — кожную ноч — яны. Ведаеш, трывожуся я.
Мілы мой, я гэта з самага пачатку бачу. І тое, што кепска. І тое, што падобны ты на адзіную барокавую скульптуру ў маёй кватэры: на «смуткуючага» над тваёй галавой. Страшныя вочы. І гэты вянок. Як я гэтага не заўважаў?! Заўтра ж выселю яго ў другі пакой.
— І… баюся, Антось. Ты ведаеш, баязліўцам не быў. Разам былі ў рознай калатэчы.
— Ведаю.
— А тут паршыва. Падыходзіць нехта да вокнаў. Сабакі бурчаць, як на нячыстую сілу. Нейкі пах аднойчы ў перадпакоі.
— У міліцыю пазвані.
— З-за няясных падазрэнняў? — ён раптам скалануў галавой і ўсміхнуўся. — До ўжо табе… А пострах? Пострах можа быць з-за сэрца. У сардэчнікаў гэта бывае, гэткія прыпадкі неасэнсаванага, беспрычыннага постраху. І ў мяне й раней былі. Не звыкаць.
— Я ж табе і кажу. Кінь. Звычайныя барыгі. Хочаш кілішак каньяку?
Трывога ўсё ж не пакінула яго.
— Можа быць. Але чаму кніга? Чаму адна гэтая кніга? Чаму не мой Мікола? Не грамата Жыгімонта мытнікам — там жа адзін каўчэг чаго каштуе? Чаму гэтая кніга?
— Не ведаю. Давай паглядзім.
— Вось я і хацеў. Ды не рызыкнуў несці. Цёмна, — ён устаў.
— Ну, бывай здароў, браце. І плюнь на ўсё.
— Ты… заходзь да мяне паслязаўтра, Антосю. Разгледзім. Я хаця й архіўны работнік, а палеограф ты лепшы.
Я вырашыў, што хопіць. Трэба пераходзіць на звычайны тон. Досыць гэтага, гнятучага, досыць. Бо амаль любому жаху, калі ён у плоці, мужчына можа разбіць нос.
— То што, правялебны Мар'ян?… І псы бурчалі на сілу варожую, а ён, бес, у сенцах, спакушаючы правялебнага чысціню, смярдзеў брыдка…
— Нібы творы доктара навук гістарыйскіх Цытрыны.
— Забрахаўся, якія гэта «гістарыйскія»?
— А «мусікійская» ж ёсць? То ж бо… «Цытрыны» і падобных яму.
Мы разрагаталіся. Але ўсё адно я адчуваў, што на дне ягоных вачэй трывога.
…Ён пайшоў, а трывога засталася. Я падышоў да акна і глядзеў, як ён ідзе цераз вуліцу ў касых, імклівых струменях снегу, змешанага з дажджом.
РАЗДЗЕЛ II ПАД'ЕЗД КАВАЛЕРАЎ
Раніцай мяне разбудзіў залівісты крык пеўня, а пасля адчайнадушнае, надрывістае кувіканне парасяці: відаць, неслі ў мяху.
— Не хачу-у! Пусці-і-це! Пусці-іце! Як на вёсцы. І кожную нядзелю мне вось так прыемна. І гэта адна з прычын, чаму я люблю сваю хату.
Прыемна гэта сказаць: мая хата, мой пад'езд, мой двор. Асабліва ўспамінаючы вайну, і як пасля намучыліся з бацькам па чужых кутах, і як пасля жылі ў адным пакоі камунальнай кватэры з калідорнай сістэмай. А пасля адзін. І вось два. І тут бацьку пацягнула дажываць у свой гарадок да сваёй сястры, маёй цёткі.
— Не магу. Як нібы зрабіў сваю справу. А тут яшчэ кожную нядзелю пеўні, каровы, коні — ну кліча нешта, і ўсё. Каб яшчэ не раён гэты кляты. А тут бачу — парсючок, пярэсценькі. Я ж, здавалася б, гараджанін, я ж араць не ўмею. А тут — ну хоць бы рыдлёўку ў рукі… Бэз зазелянеў, зямля пахне, тлустая такая. На агрэсце зялёнае воблака… Паеду да Марыны. Там сад, будзем двох корпацца. А ты — толькі цяпер, глядзі, жаніся.
Ён меў рацыю. Нават мне немагчыма ўседзець на месцы кожную нядзелю, калі цераз тракт ад майго дома адкрываецца рынак худобы: коні, каровы, свінні, залатыя рыбкі, авечкі, галубы, трусы, лясное звяр'ё, птушкі, сабакі і ўсё жывое.
Да таго як агарадзілі квартал — дзядзькі з вазамі стаялі сабе на тратуарах, а здаравушчыя мацёры, адваліўшы саскі, ляжалі, мілыя, на газоне.
Аднойчы мой сябар Алесь Гудас (а ён жыве на першым паверсе) у нядзелю сядзеў за пісьмовым сталом, а проста пад акном яго кабінета спыніўся воз. Дзядзькі нешта прадалі і вырашылі замачыць куплю-продаж. З рыльца. Убачылі яго і пачалі круціць пальцамі каля лоба. І сапраўды, дурань нямочаны: людзі весяліцца збіраюцца, нядзеля, а ён працуе. Алесь пакруціў пальцам у адказ, прынёс і падаў ім у акно шклянку. Тады яны першую налілі яму. Жонка пасля ледзь з глузду не з'ехала: адкуль выпіўшы? У хатніх туфлях не выходзіў, у хаце ані кроплі спіртнога, а ён глядзіць і не дужа разумна ўсміхаецца.
Харошы куток! Шкада, калі рынак куды-небудзь перанясуць. І, галоўнае, у двух кроках ад «вёскі», ад таго куточка, занесенага на брук, вулачка, далей бульвар і шумны вялікі горад. І дома і замужам.
З таго часу як я не хаджу на работу і блытаю дні — крык пеўня ў нядзелю, праз добрае згасанне сну, для мяне, як дадатковы каляндар.
Увосень я абараняю доктарскую. Два месяцы законнага водпуску ды тры нескарыстаных за мінулыя гады. Я дужа рабіў, дужа-дужа многа рабіў, каб вось так, адзін раз, уволю палайдачыць і рабіць тое, што мне хочацца. Кніга выйшла. Амаль да верасня я вольны. Бог мой, ніякіх бібліятэк, ніякіх архіваў, калі толькі сам гэтага не захачу!!!
Я лічу, што кароткі адпачынак — глупства. Не паспееш прыехаць, раскруціць вуды, падыхаць — на табе, збірайся назад. Не варта і пэцкацца.
І вось цяпер я адпачну. Упершыню, можа, за дванаццаць год. Добра скінуць з тахты ногі, адчыніць у холад акно, прамерзнуць, зрабіўшы два-тры нядбалыя практыкаванні, памахаць рукамі і нагамі (замяняць сапраўдную працу, ад якой звіняць мускулы, гімнастыкай — лухта зялёная і трызненне сівой кабылы). Добра, калі струмені вады сякуць па плячах і спіне! Добра, калі скура чырванее ад суровага ручніка! Добра, калі трэскаецца аб бок патэльні яйка, і сквірчыць вяндліна, і чарнее кава ў белай-белай філіжанцы!
Добра адчыніць дзверы на пляцоўку свайго трэцяга пад'езда, «пад'езда старых кавалераў».
А, усё адно. Калі абрыдаць, то абрыдаць! Калі апісваць людзей, то апісваць. Бо амаль кожны з нашага пад'езда граў сякую-такую ролю ў нашай гісторыі.
У маім доме пяць паверхаў і чатыры пад'езды. Мой пад'езд трэці. Завуць яго «пад'ездам старых кавалераў» нездарма. Па невыказнай іроніі лёсу ўсе мужыкі ў ім (пра незамужніх дзяўчат не кажу) або нежанатыя, або ўдаўцы, або… Але гэта сумная гісторыя, і пра яе не трэба ў такую раніцу, калі снег растаў, калі паветра бадзёрае, а неба па-вясенняму нясмела і пранізліва блакітнае.
На кожным паверсе ў нас па дзве кватэры. Пачну, вядома ж, з майго паверха. Ён самы важлівы не толькі ў гэтай аповесці, але і наогул. Зямны шар круціцца вакол эгацэнтрызму.
Дзверы ў дзверы са мной жыве Адам Пятровіч Хілінскі, які часам запрашае мяне згуляць у шахматы і ўзяць чарку каньяку. Мянушка ягоная — «палкоўнік у цывільным» (мая чамусьці «Тоха», так называюць нас усе фраеры двара).
Хто ён? Не ведаю. І ведаю гэта лепей за іншых, бо ён некалькі разоў, ведаючы пра мае «гістарычныя дэтэктывы» і, магчыма, чытаючы іх, расказваў мне розныя выпадкі з мэтаю, што вось бы мне тое і напісаць ды зрабіць, бо пішуць і робяць нецікава і мала. А я не мастак на такія справы, то я адмоўчваўся.
Я гляджу на яго не так, як суседзі. Мне ён здаецца гэткім «Абелем у адстаўцы».
Можа, яно так ёсць на самай справе? Хто ведае? Я яго не пытаю.
І ён не скажа. Ведаю толькі, што хату — на горшую недзе выменяў: «Што мне, я адзін. І гэтай бы замнога, каб не кнігі ды фоткі».
Гэта адзіны мой друг на пад'езд. Не друг, уласна, а прыяцель па шахматах, па самотнай мужчынскай выпіўцы. Нячаста толькі. Бо метад жыцця ў яго дзіўны. Бывае, што ўдзень спіць, а начамі чорт ведае дзе. Часам месяц-другі няма ўдома. Завітае на гадзіну — і зноў няма.
Я не распытваю пра яго работу, калі сам не ўспомніць чагосьці. Па-першае, не ведаю, пра што можна спытаць. Па-другое, не ведаю, на што можа адказаць, і не хачу ставіць чалавека ў нязручнае становішча. Па-трэцяе, увогуле не люблю ніякіх устаноў, нават больніц. Кашмар! Твары хворых, плявальніцы, пах. Яшчэ з даваеннага дзяцінства, з крывава-чырвонага плаката ў зубной лячэбніцы.
Толькі на кватэры я магу звесці з некім знаёмства. На службе чалавек не сам сабою, не тая асоба, якая толькі й цікавіць мяне.
Нават са сваім шэфам я разгаварыўся толькі тады, калі ён запрасіў мяне ў госці.
Так і тут. Мабыць, я псіх, але што зробіш? Але розум у яго жывы. Сам мог бы пісаць, а не падбіваць мяне.
Высокі, сівы, увесь нейкі дужа неславянскі — такіх толькі ў замежным кіно ўбачыш. Англіец? Нарвежац? Але падобен на дужа выцягнуты трохкутнік — плечы шырокія, а клубоў амаль зусім няма, і ногі пры хадзе, каб не парушыць гэтага трохкутніка, заўсёды ставіць блізка адну да адной.
Апрануты заўсёды бездакорна, ды яшчэ й з доўгай люлькай у зубах: «Містэр Сміт на Бобкін-стрыт». І толькі на паляванні, ці рыбалцы (ездзілі некалькі разоў), або ў кватэры, дзе няма старонніх, усё гэта замяняецца тыпова славянскай, мала таго, беларускай разбоўтанасцю. Сон дзе папала: куцавейкаю ля вогнішчаў, пяцьсот разоў «лісіцу» спаймаў»; стаптаныя чобаты — лата на лаце. І ўсё адно, нават у лахманах, — фацэт, нічога не скажаш. І азартны, зараза. Аднойчы, калі бесталковы сабака шукаў у другім баку, проста сам, ва ўсёй амуніцыі, з чаўна ў ваду скочыў. Па качку.
Знаёмства наша пачалося з балбатні ў двары. Гаварылі ўсе нешта пра чалавечыя захапленні. Ён маўчаў, ну я і вырашыў спытаць яго, а якое ў яго хобі.
— Бабачкі, — адказаў ён не толькі сур'ёзна, але й змрочна.
— Матылі?
— Я з вамі па-беларуску гавару. Жанчыны.
Нічога сабе манера жартаваць. На самай справе хобі ягонае — гравюры і кнігі. Частка знікла ў той час, калі гаспадарку вяла адна сястра, але нават тое, што засталося, здзіўляе. Багацюшчы кнігазбор: гісторыя права, філасофія, біялогія асабліва. Хрыбта гэтага падбору я, шчыра кажучы, так і не здолеў намацаць.
Пасля бібліятэка тая папоўнілася, ды яшчэ з'явіліся на сценах розныя егіпецкія, інданезійскія, афрыканскія рэчы.
Сястра і зараз прыходзіць са сваёй кватэры, дапамагае весці гаспадарку, прыводзіць і сваю хатнюю работніцу. Раз на два тыдні. Астатняе робіць сам. Ён гэта ўмее лепей, чым я. Уладкавацца паўсюль з максімальным камфортам.
Пра сябе гаварыць ён не любіць. Аднойчы толькі выплыла сёе-тое наверх. Глядзелі мы «Іванава дзяцінства». Геніяльны фільм. Справа, відаць па ўсім, адбываецца ў Беларусі. І хлопчык з Беларусі. Вось там гэты хлопчык і задае пытанне, нешта накшталт: «А што такое Трасцянец, ты ведаеш?» Тут я і адчуў, як яго скаланула.
Ну, пра яго пакуль што досыць. Пачнем зверху. На пятым паверсе тры майстэрні мастакоў. Хто яны дома — не мне меркаваць, але, на маю думку, у майстэрнях сваіх усе мастакі — кавалеры, за выключэннем, магчыма, цалкам сумленных ды дурняў, што, можа быць, адно і тое ж. Калі паўз мае дзверы коціцца запознены вал спрэчкі або раніцай ціха пазвяквае шкло ў чамадане, я ведаю, гэта альфа і амега маіх мастакоў.
На чацвёртым паверсе жыве ўдавец Кяневіч з падлеткам-сынам, не дужа цікавы чалавек, а насупраць яго, з мамаю, Росцік Грыбок, чалавек дваццаці аднаго годзіка.
Грыбок з аднаго ведамства з прыяцелем Хілінскага, палкоўнікам крымінальнага вышуку Андрэем Арсенцевічам Шчукам, які почасту заходзіць да Хілінскага гуляць у шахматы (тады той з нас, хто прыйшоў пазней, вымушаны капацца ў бібліятэцы). Яшчэ яны ездзяць разам на паляванне і рыбалку, і, часам, да іх прыядноўваюся я. Таму што мы ў нечым падобныя. І паляванне, і рыбалка, і патрэбнасць вечна ні з Дняпра, ні з поля дасціпнічаць.
Так што ў нас поўны давер і адноснае веданне адзін аднаго.
Хілінскі сам захацеў жыць менавіта ў гэтым доме і Грыбка (проста любіць яго) перасяліў за сабой. А мо проста так.
Грыбок ніякі не грыбок, а здаравенны грыбіна, хаця і зусім малады, свежанькі, крамяны. А ўсё ж грыбок. Па цвёрдых (так і хочацца мне заўсёды ўшчыкнуць) шчочках, па цёмна-карычневых вачах, па агульнаму адчуванню чысціні, баравой яснасці і лёгкай, па ўзросту, ну… бяздумнасці, ці што.
Ну, давайце спускацца з маёй пляцоўкі разам са мной. Лёгкае рэха крокаў па прыступках.
Другі паверх. На ягонай пляцоўцы жыве лекар, да якога я, дзякуй богу, яшчэ ніколі не хадзіў і хадзіць не хачу і вам ніколі не раю, і няхай ён увогуле застанецца без працы і гладыёлусы разводзіць. Бо ён псіхіятр і, здаецца, працуе ў доме вар'ятаў. Калі я сустракаю яго, мне заўсёды хочацца заспяваць маскоўскую песеньку:
Балалаечку свою
Я со шкафа достаю,
На Канатчиковой даче
Тихо песенку пою.
Вижу — лезет на забор
Диверсант, бандит и вор,
Я возьму свою гранату
И убью его в упор.
Комплекс гэта нейкі, ці што?
У гэтага чалавека ў дзвярах ёсць вочка, якое ўставіла адна з жанчын, што часам прыязджаюць да яго. Мне ўвесь час здаецца, што гэта ён пабойваецца масавага візіту сваіх пацыентаў на дом. Імейка ягонае, да вашага ведама, Вітаўт Шапо-Калавур-Лыганоўскі. Калі б такое мне — я б ажаніўся з Жаклін Кенэдзі. Не, не ажаніўся б. Бо з ёю, як казаў адзін мой знаёмы, ужо «ажаніліся дзве гэтыя старыя балканскія малпы. А я лепей ажанюся з… Мерлан Мурло».
Аднойчы ішлі разам да тралейбуса, і неяк размова перайшла на тое, хто адкуль, на імёны і г.д.
«Чорт яго ведае адкуль такое, — сказаў ён. — Пра свайго прадзеда толькі й ведаю, што імя. Інтэлігентны. Мабыць, з лапцявой шляхты. Гонар, пэўна, вось і ўся музыка. Грошай няма, то давай паболей прозвішчаў».
А вось і ён сам. Выключна складзены, з пародзістым бронзавым абліччам, нібы сярэдневяковы кандацьер з медаля. Хвалістая грыва срэбных валасоў, рот з цвёрдым прыкусам, шэрыя вочы глядзяць пільна. Рэдка мне даводзілася бачыць прыгажэйшы мужчынскі твар. І разумнейшы таксама.
Гаворыць з маладым чалавекам, сваім суседам. Той у меру прыстойны, у меру ладны, у меру мілавідны. А ўвогуле, пра яго толькі й можна сказаць, што ў яго руцэ вядро для смецця.
— Дзень добры, суседзе.
— Дзянёчак і добры.
Першы паверх. Злева на пляцоўцы кватэра, у якой ці кінастудыя, ці тэатральны інстытут, ці балетная студыя (так і не зразумеў што, а пытаць нязручна) размясціла інтэрнат на чатырох сваіх дзяўчатак. Там часта песні, весялосць, гітара. Вечарамі яны з хлопцамі нейкімі стаяць у пад'ездзе ля радыятараў, і раніцаю там многа недакуркаў. Калі я іду, дзяўчаты праводзяць мяне вачыма. Досыць часта. І я з гэткай жарабячай вясёласцю дрыгаю паўз іх зухаватымі нагамі.