Ён закурыў. На гэты раз па-сапраўднаму, зацягваючыся. Я таксама выцягнуў з надрэзанай пачкі цыгарэту.
— Дык вось, — сказаў ён. — Я пачаў правяраць. І, самае дзіўнае, падобна тое, што наш паэт, як на легенду, не дужа і нахлусіў. Пастарайся слухаць мяне ўважна.
За акном ляжала шэрая пустка з рэдкімі бадыллямі бур'яну на ёй.
— Ты, мабыць, не ведаеш, што Альшанскія былі ледзь не самым багатым родам у Беларусі. Але толькі пэўны перыяд. Прыблізна сто год. Да гэтага часу і пасля яго — ну звычайная магнацкая фамілія, як усе. Але ў гэтае стагоддзе — крэзы, якія пабівалі багаццем самога караля.
— З чаго тое стагоддзе пачалося?
— З 1481 года. Ану, што за год?
Была ў нас такая гульня, ад якой іншы чалавек пасінеў бы. Так проста, бы з яра ў ваду, задаваць адзін аднаму пытанні накшталт таго, на якіх мовах быў напісаны бехістунскі надпіс (старажытнаперсідскай, эламскай і вавілонскай) або якога колеру былі выпушкі ў інжынерных войсках пры Мікалаі Першым (чырвоныя).
— Кішкі ў вас слабыя, дзядзька Мар'ян, — сказаў я. — Гэта год змовы Міхайлы Алелькавіча, князя Слуцкага і яго стрыечніка Хвёдара Бельскага.
— Правільна. І іншых, сярод якіх Пятро Давыдавіч, князь Альшанскі. Што далей?
— Ну-ну, хацелі яны вялікага князя Казіміра на смерць прыправіць і самім правіць краінай. А як ужо не пашанцуе, то ўзняць край і трымацца да апошняга. А як і гэтага не атрымаецца, то з усімі сваімі ўладаннямі ад княства адсесці і шукаць падмогі ў Масквы.
— Так. І чым гэта скончылася?
— Змову раскрылі. Паляцелі галовы. Каго ў цямніцы прыдушылі, каго на плаху пры паходнях, каго, прасцейшага, на палю. Сотні ахвяр з тых людзей, што хацелі самастойнасці. Бельскі Хвёдар Іванавіч, кінуўшы ўсё, уцёк у Маскоўшчыну да Івана Трэцяга і прынёс яму ў «пасаг» «северскія землі».
— А іншыя землі куды падзеў? — іранічна спытаў Мар'ян.
— Ну не ў кішэні ж панёс. Кінуў.
— Вось яно як, — сказаў Мар'ян. — Палі, плахі, прэнг. А хто з галоўных змоўшчыкаў застаўся?
— Валі.
— Альшанскі застаўся. Адзін з усіх. Адзін з усіх, якому нічога не было. Наадварот, сеў у маёнтак моцна, як ніколі. Чаму?
— Моцны быў. Баяліся. Род княскай крыві і з каралямі павязаны не раз.
— Глупства. Не паглядзелі б.
Ён адкінуў кніжку на стол. Моўчкі мы сядзелі адзін насупраць другога. Урэшце Мар'ян правёў рукою па твары, нібы ўмыўся:
— І якраз з гэтага года пачынаецца неверагоднае, проста несамавітае, фантастычнае багацце роду. Тысяча і адна ноч. Скарбы Галконды і Эльдарада. Дораць гарады. Сустракаючы вялікага князя, апранаюць у золата тысячы шляхцюкоў і сялян. Ліставым золатам абабіваюць замкавыя дахі. Словам, усё, на што здатны быў чалавек, раптам узбагаціўшыся.
— Звонку нібы культура, а знутры…
— Дзікунства? — спытаў Мар'ян. — Не. Тут танчэй. Лічы: толькі-толькі да сапраўднай улады прыйшлі. Над душамі, над целамі, над дзяржавай, урэшце. З Усяславам Чарадзеем не дужа паспрачаўся б… А тут… Ну і адмовілі цэнтры, якія стрымліваюць. Адмовілі, як ва ўсіх свежых паноў над усім, хаця многія з гэтых, свежых, і стагоддзямі свой род цягнулі, але на правах… ну, дружыннікаў, ці што. І вось пачалося: звонку гуманісты, звонку вытанчаныя, а ўнутры — тыгр.
— Тут ты, па-мойму, памыляешся, — сказаў я. — Астрожскіх успомні, Міколу Радзівіла, Сапегу Льва. Сапраўдныя, адукаваныя, стрыманыя людзі, хай сабе і страсныя.
— Вонкавы гэта разлад, — сказаў Мар'ян. — Ясна, што ў масе гэта не двор Чынгісхана і не апрычны двор. Усё ж на вачах у Еўропы, пачаткі галоснасці, пачаткі дэмакратыі, хай шляхецкай. Noblesse oblige*. Але ломкі хрыбтоў і тут хапала.
* Становiшча абавязвае.
— «Час — ён заўсёды такі, калі знаходзяцца людзі», — працытаваў я кагосьці. — Але ты ўсё ж гані сюжэт.
— Ну і вось. І раптам праз нейкія там сто год усёй гэтай раскошы — крэс! До — праз меру гуляць, до — ліставога золата, до — загонаў у парчы! Звычайны сярэдняга багацця род. У чым справа?
— Гэтага мы ніколі не даведаемся, — сказаў я. — Мала што там магло здарыцца. Ну, скажам, першае, гэта Пятро Давыдавіч, хаця й моцны, пабойваўся ўсё ж, што прыпомняць удзел у змове, і вырашыў багацце тое пратрэнькаць, пажыць на ўсю закрутку. І нашчадкі трэнькалі. А як пратрэнькалі, то й супакоіліся.
— Т-так, — сказаў ён. — Ты ведаеш, што то за знакі і што азначаюць?
На шматку паперы ён вывеў наступнае:
— Ну, ты мяне за дзіця лічыш. Гэта лічбавыя знакі літар. Першая — легіён, або сто тысяч, другая — леадор, або мільён.
— Ну, а так?
І ён напісаў яшчэ й такое:
— Ну, шэсцьсот тысяч, ну, сем мільёнаў.
— То вось, адкажы ты мне цяпер, даражэнькі мой лабузю, Антон Глебавіч, якім такім чынам мог чалавек, нават самы магутны, прыдбаць за палову года багацце ў шэсцьсот тысяч залатых ды на сем мільёнаў каштоўнымі каменнямі — гэта на той падлік, на той, калі й сапраўды «цялушка-палушка» была, — і якім чынам ён, нават калі б еў тое золата — і нашчадкі ягоныя елі, — мог за нейкія сто трыццаць год такі капітал струбіць? А яны ж кожны год і даходы фантастычныя да таго мелі.
— Магчыма, ведаў аб казне змоўшчыкаў і прыбраў яе да рук.
— А можа, выдаў? — спытаў Мар'ян.
— Такое пра людзей так, без доказаў, нельга рэкнуць. Хаця б яны і гнілі ўжо ў зямлі трыста год. На тое мы і гісторыкі.
— Угм. «История, та самая, которая ни столько, ни полстолько не соврет». Згніў ён толькі не ў зямлі, а ў саркафагу Альшанскага касцёла. Там на саркафагах статуі каменныя ляжаць. Такая, брат, ляжыць пратабестыя, з такой святой ды божай усмешачкай. Сам убачыш.
— Чаго гэта я раптам «убачу»?
— Як захочаш — убачыш. Ну вось, а наконт знікнення — успомні баладу гэтага… менестрэля засцянковага.
— Выдумка.
— У шмат якіх выдумках ёсць пах праўды. Я шукаў. Шукаў па хроніках, успамінах, дакументах. Тут не месца іх называць — вось спіс.
— І дакапаўся?
— Дакапаўся. Табе гаворыць што-небудзь такое прозвішча — Валюжыніч?
— Валюж… Ва… Ну калі гэта тыя, то Валюжынічы — стары род, яшчэ ад «сваіх» князёў, тых, што «да Гедыміна». Мелі землі ў Полацкай зямлі, ля Менска і на паўночны захад ад яго. Але да таго часу ўсё радзей упамінаюцца ва ўніверсалах і хроніках, мабыць, згалелі, страцілі вагу. Лёс, увогуле, звычайны. У семнаццатым стагоддзі знікаюць.
— Малаток, — з блатным акцэнтам сказаў Мар'ян. — Кавадлам будзеш. Ну, а апошні ўсплёск рода, га?
— Чакай, — сказаў я. — Гамшанскае паўстанне, так?
— Ну-ну, — падначваў ён.
— Грыміслаў, Андрэевіч, здаецца, Валюжыніч. 1611 год. Славуты — «удар у спіну»? Чорт, ніяк я гэтых з'яў не звязваў.
— А між тым Гамшаны ад Альшан — не адлегласць. Так, Валюжыніч. Так, два тыдні бойкі без пярэрвы ды пасля з год лясной вайны. І на гак павешаныя, і на палю ўскінутыя. Так, славуты «ўдар у спіну», пра які мы так мала ведаем.
— Нявыгадна было пісаць. «Здраднікі». І ў такі момант! Інтэрвенцыя, вайна. Наступныя падзеі, мабыць, і захілілі, зацерлі ўсё… Сюжэт, Мар'яне!
— Невыносны ты, — абурыўся ён.
— Ад цікаўнасці гару. Не цягні.
— Ну вось. І падлічыў я, даражэнькі мой, па пісцовых кнігах і актах, што за гэтыя гады, улічваючы і даходы з маёнткаў, нашчадкі, нягледзячы на ўсе шаленствы, аніяк не маглі выдаткаваць больш за трэць прыдбанага скарбу. Гэта пры самым што ні ёсць страшным, «радзівілаўскім», мантацтве. І вось у год бунту Валюжыніча княжыць у Альшанах Вітаўт Хвёдаравіч, пяцідзесяці сямі год, а жонка ў яго — Ганна-Гардзіслава Альшанская, дваццаці пяці год, а ў дзявоцтве князёўна Мязецкая. І княгіню гэтую страшэнна папікае ў сваім пасланні біскуп Кладзенскі Геранім за забыццё княскага і жаночага гонару, а галоўным чынам за тое, што ворагі княства вялікага карыстаюцца для сустрэч патаемных з ёю вопраткаю мніхаў.
— Сапраўды, жах які, — сказаў я. — «Дама з чорным манахам».
— І паршывы беларускі рамантызм, — сказаў Мар'ян. — Вось, уяві сабе такую маю гіпотэзу. Усё разбіта. Паратунку няма. Паўсюль гойсаюць віжы. Паплечнікі на палях хрыпяць. І ва ўсім вінаваты з самага пачатку князь Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі. Яму на водкуп было аддадзена Кладзенскае староства. Ён гроб несамавіта і яшчэ шмат грошай здзёр з яго на сваю карысць. Праз яго цяпер людзей вешаюць. А жонка ягоная, як і ў баладзе, — анёл. Што, не маглі яны тую казну, скарб той, пабраць і ўцячы? Каб хаця частку нарабаванага аддаць ахвярам?
— Гіпотэзы, — сказаў я. — Адкуль той паэта мог ведаць?
— А ты падумаў, колькі архіваў, сямейных паданняў, чутак, легенд, урэшце, магло знікнуць за сто з лішнім год? З войнамі, ды пажарамі, ды рэвалюцыямі? Пэўна, нешта ведаў.
Ён зноў закурыў. Не трэба яму было рабіць гэтага.
— І вось у 1612, — ён выпусціў дымавое кольца, — гэты чалавек, гэты «мніх» знікае. Самае цікавае, што знікла і яна. Ці ўцяклі, ці забітыя былі, хто ведае? Хутчэй за ўсё ўцяклі. Бо вось сведчанне копнага суддзі Станкевіча, што пагоня княская была, бо тыя нібыта пабралі альшанскі скарб, але ён, Станкевіч, воляй сваёю пагоню тую спыніў і ганіціся, пад пагрозаю смяротнай кары ад караля, не даў. Можа, другі нейкі загон князя дагнаў уцекачоў і забіў? Не. Вось у тым жа копным акце клятва Вітаўта Альшанскага на Евангеллі, што не забіваў і няма крыві на ягоных руках, і што пасля апошняй яго сустрэчы з імі, калі падсачыў, як збягалі яны з Альшан, такія і такія сведкі ведаюць, што былі яны яшчэ праз два тыдні жывыя… А між тым сляды іхнія зніклі. Ні ў якім горадзе аж да Вільні, Варшавы, Кіева — слядоў іхніх няма.
— Ну, гэта мала што! Ціха жылі, вось і няма. Хаця, паспрабуй ты пражыві ціха з такім багаццем.
Раптам пэўная думка стукнула мне ў галаву:
— Чакай, а нашто там было быць копнаму суддзі Станкевічу, чалавеку з рода беларускіх шэрлок-холмсаў, патомнаму сышчыку? Амаль жа ніводнай шумнай справы не было ў шаснаццатым — семнаццатым стагоддзях, каб яе нехта са Станкевічаў не разблытваў. Аж да славутага Дурыніцкага забойства.
— То ж бо й яно! Якраз у час знікнення ўцекачоў кароль назначыў Станкевіча на рэвізію маёнткаў і прыбыткаў князя Альшанскага.
— І…
— І рэвізія тая скончылася нічым. Увесь скарб знік. Зніклі тыя, што забралі яго. Зніклі ўсе кнігі разлікаў, дакументы, нават радавыя граматы. Усё знікла. Пляменнікам князя Вітаўта давялося іх нанава выпраўляць. А праз гэта з іх пазней дужа смяяліся і, калі хацелі паздзекавацца, сумняваліся, ці такі ўжо на самай справе старажытны іхні род, ці не ўпісалі яны сябе самі ў розныя там прывілеі і кнігі. А ў іх і багацця дзядзькавага, казачнага, не засталося, каб хаця раскошаю заторкнуць раты, замазаць вочы.
— Пляменнікі? Чаму? І няўжо следства тое не дакапалася?
— Так, не дакапалася. Так, пляменнікі. Бо праз год пасля пачатку следства князь Вітаўт Альшанскі хуткім чынам памрэ.
Мы маўчалі. Слотны дзень за акном пачаў цьмянець.
— Але чаму следства? — спытаў я.
— Вось і я думаю чаму.
— Усплылі падзеі стогадовай даўнасці?
— Каго яны цікавілі? Нават калі было нейкае злачынства, то што, унуку адказваць за дзеда? Праз сто год?
— Маглі паквапіцца на грошы. Скарбніца дзяржаўная была пустая.
— Глупства. Падатак бы новы лепей наклалі.
— То, можа, на водкупе князь пракраўся?
— Таксама нікога не цікавіла. Заплаціў адразу ўсю суму, атрымаў староства ў арэнду, а там каму якая справа, нават калі б ты і тройчы столькі выбіў з жыхароў.
— Мо справа паўстання? Сувязь гэтай… Мязецкай ураджонай з правадыром?
— Альшанскага датычылася справа. Мязецкіх чапаць бы не сталі. У 1507 годзе нейкая прабабка нашай гераіні была «сэрцам і душою» вялікага князя Жыкгімонта. І з таго часу — вельмі прыбліжаныя да каралёў, вельмі давераныя людзі.
— То, можа, даследавалі знікненне княгіні Ганны?
— Пазней яна знікла. Следства ўжо з месяц ішло. Бач, колькі версій: старая змова — водкуп — падзеі паўстання і тое, як яны адбіліся ў сям'і князя.
— А можа, і тое, і другое, і трэцяе.
— Можа быць. Вось і заняўся б. Займіся, га? Вось табе й тэма для чарговага расследавання.
Святая Інеса глядзела на мяне, умольна склаўшы рукі. Я не мог адмовіць ёй.
— Падумаю, — сказаў я. — Але паслухай, Мар'яне, якая ж можа быць сувязь між падзеямі тых часоў, ды яшчэ падзеленых між сабою цэлым стагоддзем, між гэтай кнігай з Альшан, даўна закінутай, нікому не патрэбнай, акрамя музея ды гэткіх, як мы з табой, і тым, што нейкія барыгі ад мастацкага бізнесу звоняць табе, ходзяць пад вокнамі і гэтак далей. Можа, і пад вокнамі зусім не тыя, што званілі?
— Можа. Але трывога такая, што вось памру. Прадчуванне нейкае. Вось гаворыць сэрца, і ўсё.
— Гаворыць, бо хворае. Ты што, раней такіх прыпадкаў беспрычыннага жаху не адчуваў?
— Гэта не тое. Гэта не ад сэрца. Гэта глыбей. Нібы ў сабак перад пажарам.
— То звярніся ў міліцыю, як я табе раіў.
— Каб за вар'ята палічылі?
— А тады супакойся. Досыць сябе шматаваць.
Я ўстаў. Трэба было ісці дахаты. І тады Пташынскі нібыта ўнутрана замітусіўся. Пачаў трапаць цёмныя валасы. Вочы сталі беспарадныя.
— Ты, ведаеш што…
Ён узяў старую кнігу і працягнуў мне:
— Ведаеш? Во… Вазьмі з сабою… Яны…
— Якія яны?
— Не ведаю. Яны. Яны не падумаюць, што я такую рэч мог выпусціць з хаты. Спакайней будзе. Схавай добра. Я часам буду заходзіць. Думкамі абмяняемся. Разам будзем разглядаць.
— А над чым жа ты думаць будзеш?
— У мяне вельмі добрая фотакопія. Я, каб кнігі не трапаць, па ёй працую. Да таго ж я горшы палеограф, чым ты. А ты — паглядзі. У чым там справа?! На вось партфель. Можаш у сябе пакінуць.
Партфель быў вялізны. Нават гэтая вялікая кніга схавалася ў ім і яшчэ засталося месца.
Я сабраўся быў ісці адзін, але ўбачыў, што Пташынскі нацягвае паліто. Калі ён браў на павадок сабак, я быў абурыўся.
— Гэта яшчэ нашто?
— Маўчы, Антоне. Трэба.
Ён даў мне яшчэ адну падставу для здзіўлення. Заскочыў у бліжэйшы «Гастраном». Сабакі, вядома ж, засталіся са мной, люта зіркалі вакол. Я думаў, што ён вынесе бутэльку. А ён вынес тры. Адну як трэба, з віном, а дзве… з кефірам.
— Мар'яне, — сказаў я, — я ж яго цярпець не магу. Гэта ж нейкая дурная прыдумка. Мне ж малако бабка носіць, я ж сам яго на кіслае раблю, на наша, вясковае. Мне ж ад гэтай кефірнай саладухі бляваць хочацца.
— Выліць можаш, — сказаў ён, засоўваючы бутэлькі ў партфель, каб рыльцы тырчалі вонкі. — Кіслае малако! Устойлівыя звычкі старога кавалера!
— Маскарад? — з іроніяй спытаў я. — Здурэў ты, Мар'яне, дзяцінішся ты, сукін сын.
— Ладна, — сказаў ён, беручы павадок, — ты сабе ідзі. Ідзі. Тупай.
Трывога ягоная, як ні дзіўна, перадалася і мне. Ведаў — глупства. А не трывожыцца не мог.
…Ля майго пад'езда Пахольчык высунуўся з тытунёвага кіёска:
— Бож-жа ж мой, сабачэнцыі якія! Звяры! А што б то магла быць за парода, то сказалі б вы мне ўжо?!
— Тыгравыя догі, — буркнуў Мар'ян.
— Ай-я-яй, што то бывае! І тыгра і сабака! І скажыце вы мне, як гэта іх павязваюць? Тыгра ж хаця й вялікі, а кот. Як жа ён з сабакам.
— Сілком, — сказаў Мар'ян.
— Дрэсіруюць, — і тут жа мне стала шкада старога: — Гэта проста масць у іх такая, тыгравая. Жартуем мы, дзядзька Герард.
— Ну, бог з вамі. Жартаваць не грэх. Гляджу, прагуляліся вы сёння, румянец здаровы. І добра, што кефір нанач п'яце. Здорава гэта — кефір.
— Яшчэ б, — сказаў я. — Ды яшчэ калі з віном.
Мы ўвайшлі ў пад'езд.
РАЗДЗЕЛ IV ПРА ЖАНЧЫНУ З МІНУЛАГА, АБЕЛЯЎ У АДСТАЎЦЫ, І ПРА ТОЕ, ЯК ЧЫТАННЕ ЕВАНГЕЛЛЯ НЕ ПРЫНЕСЛА АНІЯКАЙ КАРЫСЦІ, АКРАМЯ МАРАЛЬНАЙ
Калі Пташынскі пайшоў, я ўспомніў, што ўжо тры дні не магу дапісаць ліста бацьку. Зусім закруціўся з гэтай кнігай. І ліст гэты няшчасны даўно ўжо быў напісаны, але цётка Марына заўсёды крыўдавала, калі я не дапісваў асабіста для яе хаця некалькі радкоў. Чалавек яна была пажылы, з капрызамі.
Я вырашыў зваліць урэшце з плячэй гэты абавязак. Дастаў яшчэ адзін аркуш і, памаліўшыся богу, каб толькі не пакрыўдзіць неасцярожным словам, стаў пісаць.
«Марыначка, цётачка! Ты ж у мяне ведаеш, як мне цяжанька пісаць, які я лайдак. Іншая справа званіць, але званіў я і не дазваніўся. Пасля толькі зведаў аб Койданаўскім вяселлі і што вы там былі. Засумаваў я па табе і тату. Калі ён забыў усе словы, акрамя «запселі яны, седзячы ў горадзе» і «прыязджай, паловім рыбу», то хаця ты бяры лахі пад пахі і прыязджай на мяне. Як атрымаеш ліст, то каб назаўтра я цябе ўбачыў. Пагаворым, у тэатр на новую п'есу сходзім. Страшэнна цікава! А то баюся, раптам здарыцца нешта, пашлюць некуды, і тады да лета не чакай. Праўда, вазьмі і прыкаці. Ты ж зараз маеш час. Заадно я дадумаўся купіць вам сёе-тое Прыязджай, скажам, 12-га, у 11 гадзін цягніком. І не чакай доўга. Пад'еду з машынай. Праўда, у чам справа? Давай тэлеграму, калі прыедзеш крыху пазней. А то ў вас з раніцы работа, і ўдзень, і ўвечары работа. Я вас ведаю.