Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 6 стр.


Выраз нездавальнення знік з твараў. Бязладнае "ўра!" многіх галасоў пакацілася калідорам.

Вайвадс узяў з рук Грынкевіча вузкі канверт, прыціснуў яго да грудзей. Вочы яго блішчалі:

— Хлопцы, я вельмі… я вельмі. Словам, я запрашаю ўсіх у свой пакой выпіць са мною трошкі віна.

— Што ты, хлопча, — сказаў кудлаты, — позна ўжо. Мы лепей заўтра адзначым. Згода?

— Згода, — хітнуў галавою Вайвадс.

Галовы пачалі знікаць у дзвярах. Калідор стаў пустым і гучным. Два сябры стаялі і глядзелі ў вочы адзін аднаму.

Яны былі вельмі непадобныя адзін на аднаго — беларус і латыш. Беларус — высокі, хударлявы, з выразнымі, вельмі пластычнымі рухамі, з непрыгожым тварам, які прыкрашвалі толькі глыбокія вочы пад цёмнымі бровамі. Латыш — ніжэйшы за яго, каржакаваты, з белым тварам і таўставатымі вуснамі. Вочы — блакітныя і вельмі ясныя. Валасы жоўтыя і мяккія, як лён, яўна пачыналі радзець. Выгляд надта сялянскі, але незвычайна добры і мілы.

— Пойдзем да мяне, Андрэй, — сказаў Вайвадс, — вып'ем на радасцях бутэльку вiна, пагамонiм.

Твар яго аж ззяў ад шчасця.

— Чакай, Яніс, — голас Грынкевіча, калі той не крычаў, быў мяккі і даволі ціхі, - я думаю, што нам трэба на якую гадзіну расстацца. Усё адно, відаць, мы ў гэтую ноч не заснём. Але ты спачатку не пра бутэльку думай, а пра жонку. Сядай, брат, і за гадзіну напішы ёй доўгі, вельмі добры ліст. Пра ўсё напішы. I як мы з табою апельсіны сёння на праспекце сеялі. I пра начны марш па калідоры. А я да цябе зайду праз гадзіну, тады і пагамонім.

— Бадай што, твая праўда, — сказаў Вайвадс. — А ты што рабіць будзеш?

— Я да Марыі Крат на хвіліну зайду.

— Чаго гэта сярод ночы?

— Непакоiцца будзе. Я з апоўдня бы ў палонку юкнуў, не зайшоў, не сказаў — куды.

— Ведаеш што, — суха сказаў Яніс, — ты мне друг, і я, на правах друга, карыстаюся прывілеяй казаць табе праўду і толькі праўду. Не падабаецца мне ўся гэтая гісторыя, вось што.

— Чаго раптам?

— Яна не тая, якая табе патрэбна.

— Думаеш, я сам гэтага не ведаю, — з усмешкай сказаў Грынкевiч.

— Дык ты, можа, і ажаніўся б з ёй?

— Мне, брат, амаль усё адно, з кім ажаніцца… Вось сын у яе цудоўны. Як прыязджае — цэлымі днямі з ім дурэў бы… Зіркаты такі, вясёлы. I мяне вельмі любіць. Каб можна было, — узяў бы аднаго сына, без яе.

— Сваіх заводзіць трэба, блажэнны, — сказаў Вайвадс.

— Э-ех, брат, нічога ты не ведаеш, — уздыхнуў Андрэй.

— Дык вось ты мне і раскажы.

— Раскажу. Сёння ты ўсю душу мне разварушыў. Раскажу… пасля.

— I ўсё ж я не хадзіў бы.

— Зайду, — сказаў Грынкевiч, — праз гадзiну.

Вайвадс паглядзеў у спіну Андрэю, з дакорам пахітаў галавою і адчыніў дзверы з нумарам 171. Грынкевіч адышоў крокаў з дзесяць і спыніўся перад дзвярыма з нумарам 170. Адамкнуў стандартным ключом дзверы, зайшоў да сябе.

У маленькай пярэдняй з дзвюма шафамі ў нішах скінуў палітон, павесіў капялюх і, прыгладжваючы далонямі густы, вельмі мяккі каштанавы чуб, прайшоў пад паўаркай у свой пакой.

Пакой быў абстаўлены так, як можна абставіць чатырнаццаць квадратных метраў, ды яшчэ з густам і фінансамі каменданта будынка. Круглы стол, некалькі крэслаў, ложак з панцырнай сеткай, шыфаньер, пісьмовы стол у куце, ля вялікага акна, і мяккае крэсла ля яго.

Астатняе залежала ўжо ад густаў жыхара. Ложак засцелены дывановым пакрывалам. На шыфаньеры бронзавы званар б'е ў звон. На пісьмовым стале, акрамя паперы, два гравіраваныя партрэцікі: Максім Багдановіч і Блок. Ды яшчэ дзве латышскія забаўкі: гліняны мядзведзь нясе вулей і драўляны, бачоначкам, піўны куфаль з вечкам, трохі больш напарстка. Над сталом невялічкая рэпрадукцыя з "Сіксцінскай мадонны". Аскетычна голыя сцены ўпрыгожвала яшчэ толькі адна рэпрадукцыя "Блакітнай галавы" Паўля Клее. Вайвадс у вясёлы час двойчы пераварочваў яе дагары нагамі, казаў, што ўсё адно нельга разабраць, што там да чаго і што так нават выразней. Шуфляды стала былі напхатыя паперамі, сшыткамі, а ў верхняй шуфлядзе, пустой, ляжала фотакартка маці і самая вялікая яго каштоўнасць — выцвілы, пабляклы дагератып Кастуся Каліноўскага. Срэбра стала вясёлкавым, і заўважыць вобраз можна было толькі гледзячы збоку.

Грынкевіч узяў з ложка букет мімозы, выйшаў і спусціўся па сходах паверхам ніжэй. Там спыніўся ля адных дзвярэй, выцягнуў з кішэні маленькі ключ ад французскага замка і, пастаяўшы хвіліну, адчыніў дзверы і зайшоў. Калі ён стаяў з прыплюшчанымі вачыма і зараз — на твары яго нічога нельга было заўважыць, акрамя нуды і звычайнага суму.

Пакой быў такі самы, толькі, па-жаночаму, больш утульны, хоць утульнасць была з цыганшчынай. Слабае святло начніка асвятляла ражок стала і ложак. На ложку, раскінуўшы валасы па падушцы, спала жанчына.

Грынкевіч паставіў букет у вазу на стале, сеў у крэсла і задумаўся, гледзячы на спячую. Халодны твар, веі злёгку ўздрыгваюць у сне, светлыя валасы ляжаць на падушцы. Тонкая коўдра лёгка ўздымаецца на грудзях. Твар у сне добры, з усмешкаю і… чужы. Быццам гэта не яна стала яму блізкай.

"А што, сапраўды, нас звяло? — спытаў сябе Андрэй. — Бадай што, нічога. Няма таго, вялікага, што было з Алёнай… I ніколі не будзе. Ні з кім…"

Ён горка ўсміхнуўся ў паўцемры.

"Што звяло? Шкадаванне да яе, чыё жыццё склалася так няўдала, любоў да яе сына, цудоўнага маленькага чалавечка… Ну, яшчэ абыякавасць да таго, з кім ідзеш. Таму што з усімі аднолькава… I яшчэ боязь пустэчы поруч з сабой".

Жанчына варухнулася, святло ўпала ёй на твар. Грынкевіч асцярожна паправіў абажур. Зноў задумаўся.

"Хіба ў аднаго мяне так? Яна ў тым-сім нядрэнная жанчына, у меру добрая — для тых, каго любіць, — часам даверлівая ад недалёкасці. Дрэнна толькі, што апошнім часам яна яго бязглузда, па-дурному, раўнуе. Дарэмна. Не паграшыў пакуль што ні ўчынкам, ні позіркам. Жанчыны, наогул, бываюць дурнымі ў рэўнасці: не ведаюць, што калі мужчыну ўвесь час беспадстаўна раўнаваць, то ён нарэшце можа сапраўды пусціцца ва ўсе цяжкія грахі, - "калі ўжо раўнуюць, дык няхай хоць недарэмна". Вось і гэта: пачала з жартоўнай рэўнасці, потым уцягнулася, і зараз ёй сапраўды здаецца, што кожная сустрэчная жанчына толькі і думае, каб зрабіць замах на мяне. Дурная. Таму дурная, што няма куды мне ад цябе ісці. Не таму, што кахаю — кахання ў мяне якраз і на шэлег няма, — а таму, што ўсё адно. I любоў да твайго хлопца, і проста лянота не дазволяць мне пайсці ад цябе".

Ён узяў кавалачак паперы, накрэмзаў на ім некалькі слоў, паклаў на крэсла каля ложка і накіраваўся да дзвярэй.

"I ўсё ж гэта гнюсна, вось такое звыклае i халоднае сяброўства. I нiякiя апраўданнi, што ты жывы чалавек, — не дапамагаюць".

Гэтая бязлітасная думка мільганула ў яго галаве толькі на імгненне. Потым ён асцярожка зачыніў за сабою дзверы, падняўся на свой паверх і пастукаў у пакой Вайвадса.

Яніс стаяў ля пісьмовага стала, перачытваў скончаны ліст. На стале стаяла ўжо халасцяцкая вячэра: каўбаса, сыр, хатняя вяндліна, кафейнік з чорнай кавай. Да ўсяго гэтага — з выпадку свята — сёння была дабаўлена бутэлька сухога віна і паўбутэлькі рыжскага бальзаму, які сябры, як існыя маладыя варвары, не дабаўлялі ў каву, а пілі проста так.

— Чакай, — сказаў Яніс, — я зараз.

Андрэй сеў ля стала і стаў глядзець на нехлямяжы, вельмі мяккі і добры твар.

З Янісам яны, прыехаўшы ў інстытут, пасябравалі не адразу. Толькі потым, калі аднойчы Грынкевіч абмовіўся, што ён з Віцебскай вобласці, Яніс здзіўлена сказаў:

— А мы былой Віцебскай губерні. Тады мой край называлі, здаецца, "інфлянты". Я латыш, з Латгаліі… I наш Райніс адтуль.

З таго часу "землякі" пачалі прыглядацца адзін да аднаго. Уважліва прачыталі вершы. Вершы абодвум спадабаліся.

Так ішоў час, і зараз яны ўдвух нават жылі камунай, маючы ўсё агульнае. Вайвадс, як больш гаспадарлівы, быў загадчыкам забеспячэння. I ўвесь час яны былі разам. Баранаўскас, які добра ведаў беларускую мову, бо жыў ля самай мяжы Беларусі з Літвою, часам бурчаў:

— Такая дружба, што сарочку няма калі перамяніць.

Але гэтыя два былі цалкам задаволены сабою.

У Вайвадса было цяжкае жыццё.

Сын селяніна з беднай Латгаліі, краіны бяроз над азёрамі і саламяных аканіц, касцёлаў і шчымячых спеваў, ён у раннім дзяцінстве застаўся без маці. З таго часу ён ненавідзеў дактароў: урач адмовіўся пайсці да хворай, бо за ім нельга было паслаць каня і не было надзеі на багаты ганарар. Гэтая нянавісць да дактароў — хоць час змяніўся і ўрачы, вядома, былі не тыя — стала ўрэшце формай ідыясінкразіі: ён не называў іх іначай, як «жывадзёры».

Бацька хадзiў парабкаваць у багатую Земгале, капаў канавы. Такi лёс чакаў i Янiса. I Вайвадс пачаў ненавiдзець не толькi дактароў. Нельга было абразiць яго больш балюча, чым назваўшы "земгалес будзiс". Тады ён смешна злаваўся. Ён, наогул, прымаў жарты толькi ад Грынкевiча i другiх самых блiзкiх сяброў. Спакойны, як i нiвы яго Латгалii, цяжкi, як каменнi на яе скупых палях, ён быў у глыбiнi душы вельмi страсны, вельмi добры i вельмi чысты чалавек. Гэтыя страснасць i чысцiня абумовiлi ўвесь ягоны шлях.

Сялянскі хлопец, які пасвіў каровы і якога за бліскучыя поспехі ў вучэнні вясковы ксёндз хацеў паслаць вучыцца і меркаваў на сваё месца, раптам адкрыў у сабе звонкі і чысты, як крыніца, талент песнятворцы.

Песні, якія ён пачаў складаць яшчэ ў гады нямецкай акупацыі, былі простымі, мужнымі і чыстымі, як ён сам.

Парабчанская доля шмат чаму навучыла яго. I ён не стаў ксяндзом. Ён стаў адным з першых камсамольцаў ў Латвіі, калі немцы адкаціліся на захад. Гэта быў дзікі і страшны час: стрэлы ў акно, расправы. Быць тым, кім ён стаў, - на гэта патрабавалася мужнасць. I Андрэй, трохі па-інтэлігенцку іранічны, паважаў за гэта Яніса, паважаў нават за тыя рытарычныя вершы, якія ён пісаў у сваё юнацтва. На шчасце, рытарычнасць не захапіла Вайвадса на доўгі час: паступова ў ім узмужнеў самабытны і яскравы талент, той, пра які грузінскі паэт сказаў: "I здрыганецца, вершам працяты".

Яніс і зараз быў трошкі артадаксальны, але гэта была добрая артадаксальнасць абаяльнага і светлага чалавека. I Грынкевіч любіў яго.

I вось зараз… сын. Андрэй радаваўся за Яніса не менш, чым ён сам.

Хлопцы вонкава не былі цёплымі адзін да аднаго. Іх адносіны былі адносінамі добрай мужчынскай іранічнасці. Але гэта нікому не перашкаджала.

Яніс скончыў нарэшце чытаць ліст і сеў да стала.

— Езус-Марыя! — сказаў ён. — Каб ты толькі ведаў, Андрэйка, які я шчаслівы!

— Ведаю, — сказаў Грынкевіч, — мне таксама шчасна з табой.

— Еш сыр. Праўда, учарашні, падсох. Але добры.

— Хай лепей пуза трэсне, чым дабру прападаць, — сказаў Андрэй.

Налілі па чарцы бальзаму, выпілі за здароўе і доўгі век нованароджанага.

— Што Марыя? — спытаў Вайвадс.

— Спіць, я не будзіў яе.

Яніс памаўчаў. Яму цяжка было зноў пачынаць размову. Але ён, відаць, не змог замоўчаць гэтага, як паслядоўны латгалец. I таму сказаў жорстка:

— Яшчэ раз табе скажу: не падабаецца мне ўсё гэта, не тая гэта жанчына.

— А дзе лепшыя ёсць?

— Паўсюль.

— А чаму гэта яна "не тая"?

— Не тая. Жанчына павінна радасць і запал даваць або боль такі, што, здаецца, лёг бы і памёр. А гэта што? Шэрае балота звычайнага. I горш за ўсё, што ты сам гэта адчуваеш, толькі не прызнаешся. Ты паглядзі на сябе, які ты стаў? Знерваваны, прыбіты нейкі. Вершы бяскрылыя пачаў пісаць. Кінь яе, кажу, пакуль не позна.

— Сын у яе добры.

— Свайго завесці трэба.

— А ты не думаў, што заводзіць сына ад чалавека, якога не кахаеш — свінства.

— Дык чаму не пакахаць каго-небудзь?

— Тое і страшна, што я даўно ўжо не кахаю нікога. Мне амаль усё адно, з кім быць,

— Слухай, — сказаў Вайвадс, — што, урэшце, з табой такое? Мне, як другу, ты, здаецца, мог бы расказаць.

— Распавем, — сказаў Андрэй, — зараз.

Абодва маўчалі. Яніс дапытлівымі вачыма глядзеў, як Андрэй збіраўся з думкамі.

— Налі яшчэ па чарцы, — сказаў Андрэй. — Дык вось, справа пачалася дзесяць год таму… Разумееш, уся справа, напэўна, у дурацкай інтэлігенцкай мяккацеласці і ідэалізме. I яшчэ кроў: у нас у родзе ўсе палкія і заядлыя. Як завядзецца, то калі біцца, дык да смерці, калі кахаць, дык таксама да смерці, калі памятаць, дык да апошняга каменя. I з дзедам у мяне такое было, і з прадзедам. З тым дык наогул страшна скончылася. Я табе ніколі не распавядаў? Ён быў расстраляны за ўдзел у паўстанні… Ну, пра гэта я табе неяк другім разам раскажу, гэта да справы не тычыцца. Галоўнае тое, што мы вельмі страсныя і верныя людзі.

— Выпі, - сказаў Яніс, — лягчэй будзе расказваць.

Яніс глядзеў на сябра, які ўсё яшчэ не мог раскачацца, вялікімі, разумнымі вачыма.

"Езус-Марыя, — думаў ён, — як ён мне падабаецца. I прыгожага ў ім нічога няма, і сімпатычнага, у агульным разуменні, таксама, і ўсё ж…"

Грынкевіч сядзеў, заплюшчыўшы вочы:

— Гэта было дзесяць год таму… Яе звалі Алёна Століч.

Р а з д з е л III

У сорак восьмым годзе Андрэю Грынкевічу было дваццаць год, і за плячыма яго ляжала ўжо багатае падзеямі жыццё. Яно не змяшчалася ў рамкі аўтабіяграфіі, не лезла ў ніякія анкеты. Аб ім можна было толькі ўспамінаць, седзячы дзе-небудзь на травяным адхоне над ракой, калі свеціць сонца і самі змяжаюцца вочы.

I абавязкова каб поруч не было людзей.

Не таму, што яно было несумленным, гэта жыццё, а таму, што ў некаторых сваіх частках яно выломлівалася з агульнага, было непадобным на тыя існаванні, якія Андрэй кожны дзень бачыў вакол.

Быў далёкі гарадок. Жыла ў гэтым гарадку ззычайная сям'я патомных інтэлігентаў. Незвычайна было хіба толькі тое, што ў бацькі і ў маці было да шлюбу аднолькавае прозвішча: іхнія дзяды былі траюраднымі братамі.

Маці чамусьці баялася гэтага, настойліва і вельмі непаслядоўна імкнулася загартаваць розум і цела сына. Затое нічога не баяўся бацька. Ён прымушаў Андрэя вучыцца плаваць і бегаць, страляць і скакаць вярхом, і галоўнае — імкнуўся прышчапіць яму свой светлы і вясёлы погляд на жыццё.

З гэтага не атрымалася нічога. Таму што была маці з яе вечнай сур'ёзнасцю, з маўклівай, з глыбокай — аж часта да трагізму — любоўю да жыцця-подзвігу, да вершаў, ад якіх гордыя слёзы просяцца на вочы, да песняў, пасля якіх чалавек радасна і лёгка пойдзе на смерць.

I пакоі іхнія былі розныя.

У бацькі светлы, з неверагодна багатай зброяй, што вісела на танным і пацёртым, але ўсё яшчэ вясёлкавым дыване,

— Чхай на ўсё нявартае, брат, беражы сілы… Выдаткуй іх толькі на тое, што варта мужчыны… Нікога не бойся… Нікому не давай наступіць табе на нагу, хоць бы ён быў богам… Пагарджай здабыткам і грашыма.

А ў маці пакой быў заўсёды трошкі замглёны: мо з-за штораў, мо з-за язміну і бэзу, які яна палка любіла і заўсёды вырошчвала пад сваімі вокнамі. Тут быў зусім іншы пах: хвойнай свежасці, кніг, кветак. Тут былі зусім іншыя гукі: парыпванне маснічын і амаль няўлоўныя гукі фартэпіяна — матухна грала сама сабе, вельмі любіла Грыга і Шапэна, зрэдку Бетховена і Шуберта, якога лічыла музычна цяжкаватым і, - што зусім ужо было дзіўна, — напаўзабытага Персэля.

I, галоўнае, тут былі зусім іншыя словы, прыгожыя і трывожныя.

— Бацька мае рацыю, не трэба нікога баяцца. Але ў яго гэта неяк неакрэслена, быццам ён не разумее, што да мужнасці трэба ісці праз ахвяры, часта — праз смерць. А дарэмна… I таму атрымоўваецца, што ў яго проста гожая смеласць, а ў маіх дзеда і бабкі была — мужнасць. Адзін не баяўся расстрэлу, другая — Сібіры.

Матуля ўздыхала:

— Зрэшты, табе рана гэта ведаць, хоць ты і развіты хлопчык.

— Раскажы.

— Пра гэта — не. Скажу, калі ты зможаш утрымаць у памяці. А табе раскажу друтое, каб ты ведаў, чаго часам бывае варты адзін чалавек… Быў у Чэхіі адзін вучоны. Гэта быў час, калі чэхі пасля шматвяковага нямецкага панавання пачалі абуджацца, Яны захацелі мець сваю культуру, свае кнігі і музыку. А немцы сказалі ім, што нічога такога ў іх не было, а таму і ў будучым не можа быць.

Назад Дальше