– Цяпер у нас супраціўленне вады зусім невялікае, і нам не трэба моцна ўпірацца рукамі.
Усё ішло добра, пакуль цела трымалася ў вадзе. А калі яны падплылі да берага метраў на пяцьдзесят ды «селі на мель», тады ўжо ніякім спосабам нельга было рухацца далей. Немагчыма было ні абаперціся рукамі, ні стаць на ногі – ад кожнага руху хлопцы яшчэ больш загразалі ў балоце. Хоць ты назад вяртайся!
Яны чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Паступова яны набралі ў рукі па цэлай вязанцы сухога чаротніку і галля, а затым Віктар выступіў з канкрэтнай прапановай:
– Калі мы не можам паўзці, абапіраючыся на рукі, то паспрабуем паўзці, абапіраючыся на вязанкі, вось так…
Моцна трымаючы дзвюма рукамі вязанку, ён закінуў яе наперад, а потым падцягнуўся да яе ўсім целам. Першы крок быў зроблены. А за ім пайшлі далейшыя крокі, цяжкія, марудныя, але кожны з іх крыху набліжаў жаданую сушу.
Выбраліся на бераг ледзь жывыя, аблепленыя тванню, дрыжачыя ад холаду. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Досыць высокі, сухі, ён глядзеў на поўдзень і добра награваўся праменнямі сонца. Пад аховай векавых хвой тут не адчувалася ні малейшага ветрыку; ад нагрэтай зямлі патыхала цеплынёй, як у добры летні дзень. Асабліва вабілі да сябе пляміны чыстага белага пяску. На яго і паваліліся нашы падарожнікі.
– А тут было б зусім нядрэнна, калі б… – пачаў Віктар млявым голасам.
– Калі б не гэтае «калі б», было б сапраўды добра, – згадзіўся Мірон. – Але калі мы засохнем у такім стане, то будзе яшчэ горш, – мы зробімся муміямі.
– Для цябе гэта асабліва небяспечна, бо ты тады зломішся, – засмяяўся Віктар.
– Ды і табе не лепш будзе, – адказаў Мірон. – Трэба змыць гэтую гразь.
Але так не хацелася ўставаць, распранацца. Цішыня, стома, цеплыня хілілі да сну. Праз некалькі хвілін Мірон зноў сказаў:
– Трэба памыць і высушыць адзенне, пакуль сонца грэе.
– Трэба, – пацвердзіў Віктар.
І абодва засталіся ляжаць нерухома. Праз некаторы час Віктар сказаў:
– Нічога не зробіш, трэба ўставаць.
– Трэба, – пацвердзіў Мірон.
І зноў абодва засталіся ляжаць.
Зноў прайшло некалькі часу. Тады Мірон рашуча сказаў:
– Так нічога не выйдзе. Давай па камандзе: р-раз!
– Два! – падхапіў Віктар.
А «тры» не сказаў ні той, ні другі – так хацелася яшчэ хвіліначку паляжаць. Многа яшчэ прайшло такіх хвіліначак, пакуль, нарэшце, бадай абодва разам крыкнулі «тры», усхапіліся на ногі і пачалі распранацца.
Адзежы ўсёй разам было: дзве пары бялізны, двое штаноў, дзве верхнія кашулі, пара ботаў (Міронавы), пара чаравік (Віктаравы), скураная куртка (Віктарава), суконная світка (Міронава), пара рваных шкарпэтак (Віктаравы), пара ануч (Міронавы) і дзве шапкі.
Ператрэслі кішэні і падлічылі ўсю сваю маёмасць наогул.
Віктар перш за ўсё ўхапіўся за свой табак. Зверху махорка зрабілася на кашу, а ад паперы нічога не засталося.
– Эх, шкада дабра! – уздыхнуў ён і асцярожна пачаў выцягваць сваё багацце і раскладаць яго на зямлі. – Дзе яго цяпер возьмеш?
– І добра! – сказаў Мірон. – Прынамсі, курыць адвыкнеш.
– Ну не, брат! Я лепш есці адвыкну.
– Цяпер для мяне гэта было б вельмі дарэчы, – спакойна прамовіў Мірон і выцягнуў з кішэні мокрую скарынку хлеба.
– Хлеб?! – падскочыў Віктар.
– Ціха, ціха! Ты ж толькі што казаў, што можаш не есці, абы махорка была. Выбірай – або хлеб, або махорка.
– Тады ліха з табой, не трэба, – пакрыўдзіўся Віктар.
Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі.
Калі вытраслі ўсе свае кішэні, то ў абодвух насы апусціліся яшчэ ніжэй. Агульная маёмасць была: махорка, скарынка хлеба, аловак, адна насавая хустачка, восем рублёў семдзесят чатыры капейкі грошай і чатыры мокрыя запалкі ў расплясканым мокрым карабку.
– Нават запалак не маеш! – упікнуў Мірон. – Адзін выпадак трапіўся ў гісторыі чалавецтва, калі курэц мог быць карысным для грамадства, ды і то…
– Запалак я меў досыць, але яны з усімі іншымі рэчамі былі ў торбе, якую ты пусціў па вадзе, – агрызнуўся Віктар. – А вось у цябе нават ножыка няма.
– Дык і ён жа застаўся ў маёй торбе, – панура адказаў Мірон.
Але спрачацца не было часу. Яны знайшлі клін чыстай вады, выпаласкалі ўсё сваё адзенне і ў чатыры рукі выкруцілі так, што ў ім, здаецца, не толькі вады, але і жывой мясціны не павінна было застацца. Развесілі на сонцы, а самі селі ў пяску пад карэннямі вялікай хвоі. Скардзіцца на холад яшчэ нельга было, але сонца няўхільна апускалася, а адзежа сохла марудна. Беражна расклалі на сонцы і ўсю іншую маёмасць, асабліва запалкі.
– А табе не даводзілася ўжываць высушаныя запалкі? – пытаўся Мірон. – Ці гараць яны?
– Не даводзілася.
– Вось бачыш: такая простая рэч, а ты не ведаеш.
– А ты?
– Дык я ж не куру.
– Гэта ж не толькі для курэння патрэбна. Эх ты! – паківаў галавой Віктар. – Разважаць толькі любіш.
Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Не цярпелася і Мірону. Узяў ён вільготны кавалак, разламаў напалам, працягнуў Віктару. З'елі гэты кавалак і яшчэ больш захацелі есці.
– Каб ведаў, лепш бы зусім не еў, – бурчаў Віктар.
– Прывыкай, браток, не тое яшчэ будзе, – суцешыў Мірон.
– Хоць бы закурыць, – прамовіў Віктар, гледзячы на сваю махорку.
– Добра і так, – сказаў Мірон.
Дагэтуль яны неяк не мелі часу падумаць пра свой далейшы лёс: кожную хвіліну перад імі стаяла бліжэйшая, непасрэдная справа. Цяпер жа, калі сядзелі галышом пад дрэвам і чакалі, пакуль высахне адзежа, яны маглі больш падумаць пра заўтрашні дзень.
– А што, калі нам некалькі дзён давядзецца валэндацца тут, пакуль выберамся? – разважаў Віктар.
– О, гэта было б вялікім шчасцем! – прамовіў Мірон.
– Дзякую за гэткае шчасце! – чмыхнуў Віктар. – А есці што будзеш? Можа, яшчэ з голаду зойдзешся.
– Вось таму я і лічу за шчасце пабадзяцца некалькі дзён, а не тыдняў ці месяцаў, – панура сказаў Мірон.
– Можа, скажаш яшчэ – стагоддзяў, – усміхнуўся Віктар.
– І гэта можа быць, – сур'ёзна адказаў Мірон. – Нашы косці могуць знайсці і праз некалькі стагоддзяў!
– Эх ты, нуда хадзячая! – скрывіўся Віктар. – Табе на печы б сядзець, а не пускацца ў падарожжа. Чуў я шмат разоў, як людзі блудзілі па лясах, але не чуў аніводнага разу, каб у нашых лясах гэтак хто-небудзь загінуў. Гэта табе не бразільскія лясы, не афрыканскія пушчы.
– Чаго ты пнешся? Магу цябе запэўніць, што я таксама не вельмі прагну тут загінуць, – апраўдваўся Мірон.
– Ну, дык няма чаго рыхтавацца да смерці! – адрэзаў Віктар.
Хоць сонца яшчэ свяціла, але ўжо не грэла. Доўгія цені паступова пакрывалі светлыя мясціны. Хлопцы адчулі холад.
– Нічога не зробіш, прыйдзецца надзяваць сырую адзежу, – уздыхнуў Мірон.
– Дармо! Дасохне на целе, – бадзёрыўся Віктар.
Калі яны адзеліся, Віктар неяк нерашуча сказаў:
– Можа, пойдзем далей?
– Куды ты цяпер пойдзеш? – адказаў Мірон. – Нават па знаёмай дарозе рызыкоўна пускацца ў такі час. А гэтак мы напэўна праблытаемся ўсю ноч дарэмна. Наўрад ці блізка ў гэтых месцах ёсць паселішча. Якім бы ні было чынам, а прыйдзецца тут пераначаваць.
За ўвесь сённяшні дзень гэта было адзінае пытанне, па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Пачалі рыхтавацца да начлегу. Зрабілі сабе логава ў сухім пяску між карэнняў, падгарнулі сухога лісця і шыльніку.
Нарэшце надышоў самы вялікі, урачысты і адказны момант – здабыванне агню. Сэрцы ў хлопцаў застукалі мацней, рукі дрыжалі. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню.
– Ці высахлі яны?
Памацалі з усіх бакоў – здаецца, высахлі.
Чыркнуў Віктар раз, другі – нічога… Толькі белы след застаўся на карабку.
– Мусіць, не досыць высахлі, – сумна сказаў Мірон. – Болей псаваць не варта.
– Мая кашуля ўжо высахла, я палажу іх пад паху, – сказаў Віктар.
А пакуль што прытуліліся ў сваім логаве без агню.
II
Сонца ўжо зайшло, але яшчэ цэлую гадзіну трымаўся шэры змрок. Над возерам са свістам праляталі качкі, спяшаліся на начлег. Уверсе пачуўся жураўліны крык. Вось ён мацнее, робіцца больш выразным: відаць, жураўлі спускаюцца на адпачынак.
– Вось добра было б, каб які-небудзь журавель ці гусь сеў нам на галаву! – прамовіў Віктар.
– Што б ты з ім рабіў без агню? – уздыхнуў Мірон.
– З'еў бы сырога.
Мірон перавярнуўся на спіну, зірнуў на зоркі. Яны так прыгожа зіхацелі! Ласкава шапталіся верхавіны дрэў. Мусіць, дома цешацца цяпер добрым веснавым надвор'ем, а яны…
– Вось да чаго даводзіць свавольства! – нібы сам да сябе прамовіў Мірон. – Каб мы папрасілі човен у гаспадара, дык цяпер людзі ведалі б, дзе мы, і прыехалі б па нас. А так, нават калі і знойдуць дзе човен, то не будуць ведаць, якім чынам ён там апынуўся. Паслухаўся цябе…
– Ну-ну, няма чаго наракаць, – нездаволена забурчаў Віктар. – Ніхто цябе не прымушаў. Калі ты такая цаца, дык не трэба было згаджацца. А ісці за паўкіламетра шукаць гаспадара і ў цябе самога не было ахвоты. З'есці збіраліся мы гэтую душагубку, ці што? Каб не такі выпадак, вярнулі б на месца – і ўсё.
Мірон змоўк. Усё роўна справы не паправіш. А спадзявацца на дапамогу няма чаго. Ніхто іх тут не ведае. Калі і бачыў хто, што паплылі недзе нейкія два хлопцы, то нікому не прыйдзе ў галаву пацікавіцца, дзе яны дзеліся. Прыйдзецца самім шукаць дарогу.
Паветра рабілася ўсё больш сырым і халодным. Добра яшчэ, што ветру не было. Крыху дапамагала таксама тое, што, шчыльна прытуліўшыся, яны маглі грэць адзін аднаго.
Час цягнуўся марудна. Голад і холад не давалі заснуць. Хлопцы вымушаны былі варочацца з боку на бок. Задрамалі, але хутка так змерзлі, што пачалі ляскаць зубамі. Было, мусіць, пасля поўначы. Віктар не вытрымаў і ўскочыў.
– Гэй, уставай! – штурхануў ён Мірона.
– А? Чаго?…
– Выклікаю цябе на спаборніцтва!
– А? Што?…
– Уставай дужацца!
– Што? Чаго? – мармытаў Мірон. – Не лезь!
Але Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Мірон не толькі ачухаўся, але раззлаваўся.
– Ты чаго лезеш? – закрычаў ён. – Чаго спаць не даеш? Я цябе зараз…
– Ціха, ціха! – сказаў Віктар. – Я цябе не біцца выклікаю, а дужацца. Дужацца, каб сагрэцца. Разумееш?
– А!…
І сярод начной цішы пачалася дужанка… Віктару хутка ўдалося паваліць Мірона. Той пакрыўдзіўся:
– Пачакай! Пачакай! Ты ж не даў мне добра ўзяцца, адразу накінуўся. Давай яшчэ раз, вось так. Пагледзімо, як цяпер…
І дужанка зноў пачалася, ды яшчэ як заўзята!…
Змарыліся, паляглі. Паспалі крыху і зноў пачалі варушыцца. Раптам недзе побач пачуўся дзікі, прарэзлівы крык. Крык жудасны і разам з тым нейкі жаласны, нібы хто душыць малое дзіцяня…
Жах ахапіў хлопцаў. Мімаволі яны шчыльней зашыліся між каранёў.
Крык не спыняўся, і нават непадалёк, у кустах, чулася нейкая тузаніна.
Тут ускочыў Віктар і кінуўся ў кусты.
– Мірон! Сюды хутчэй! – зараз жа пачуўся яго крык.
Спачатку Мірон зазлаваў на Віктара, чаму гэта ён кінуўся ў бяду, але ў той жа момант сам апынуўся каля Віктара. Той нешта трымаў, і гэтае нешта білася і вырывалася.
– Трымай! Хутчэй! – зноў крыкнуў Віктар.
Мірон учапіўся рукою за поўсць нейкага звера.
– Што гэта за звер такі? – здзівіўся ён.
– Трымай, трымай мацней! Заяц! – засопшыся, казаў Віктар.
Мірон учапіўся абедзвюма рукамі за зайца, але зараз жа адну руку адхапіў, бо нехта моцна ў яе дзюбануў.
– Ай, ай, заяц дзюбаецца! – крыкнуў ён з жахам.
– Трымай мацней! А то ўцячэ! – тузаўся тым часам Віктар.
Мірон зноў ухапіўся дзвюма рукамі.
– Што гэта робіцца? – крыкнуў ён. – Ніколі не чуў, каб заяц дзюбаўся!
– Я ж пугача трымаю! Гэта ён. Трымай зайца, а я гэтаму лупатаму зараз галаву раструшчу.
І ён стукнуў птушку галавой аб дрэва. Потым гэтак жа забілі і зайца.
– Адкуль ты ведаў, што там дзеецца? – запытаўся Мірон, калі яны са здабычай вярнуліся на сваё месца.
– Жаласны піск паказваў, што гэта нейкі невялікі звярок трапіў у бяду. Тузаніна ў кустах сведчыла, што і вораг яго не надта моцны, калі яны так доўга тузаюцца. Потым пачулася нібы плясканне крылаў, і тады мне прыйшла ў галаву думка, што гэта, мусіць, якая сава напала на зайца, як гэта часта пішацца ў кнігах. Але ж і запусціла кіпцюры ў спіну! Сама хацела вырвацца, ды не магла, таму і ўдалося схапіць. А цяпер паспрабуем запалкі, можа, ужо будуць гарэць.
Тыцнуўся Віктар туды-сюды, а запалак няма.
– Згубіў у час тузаніны, – прамовіў ён у роспачы.
Хацеў быў накінуцца на яго Мірон, але раздумаў.
– Знойдзеш заўтра, – сказаў ён лагодна. – Ды, мусіць, і страта невялікая, бо, відаць, усё роўна з іх толку не было б.
– А есці хочацца… – неяк жаласна сказаў Віктар.
– Ты ж казаў, што мог бы есці сырое. Вось і еш.
– Ну, ну! Лёгка казаць. Але ўсё ж такі, што мы будзем рабіць заўтра?
– Заўтра і будзем меркаваць, – сказаў Мірон і лёг у сваё логава. – А цяпер будзем спаць. Вось палажы сабе з другога боку зайца – хай грэе, а я палажу пугача.
Нарэшце дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні гром, ні мароз. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла іх, то яны праспалі аж да поўдня. Прачнуліся, селі, азіраюцца.
– Учора гэтай парой як пад'еў… – пачаў быў Віктар.
– Давай пашукаем нашы запалкі, – перапыніў яго Мірон. – Тады і пад'ясі.
Расплюснуты карабок з дзвюма запалкамі знайшлі хутка. З хваляваннем чыркнулі – запалка засіпела і больш нічога. А другая нават і не засіпела…
– Ну і ліха з імі! – раззлаваўся Віктар і ўскінуў на спіну зайца. – Хадзем лепш дахаты.
– А што рабіць з гэтай дурной савой?
– Вядома, браць. Гэта ж добры ўлоў. Зробім чучала і паставім у нашым прыродазнаўчым музеі з надпісам: «Злоўлены ў Палескай пушчы героямі-падарожнікамі і даследчыкамі Міронам Бажком і Віктарам Калягам уласнымі рукамі, без ніякай зброі». Нават і зайца я згодзен ахвяраваць для навукі і славы.
І яны пайшлі ўздоўж возера ў той бок, дзе павінен быў знаходзіцца іх дом.
III
Шпарка ішлі яны наперад па сухім бары. Злева час ад часу выблісквала возера. Бярозы, алешыны, вербалоз з маленькімі светла-жоўценькімі лісточкамі атачалі яго, нібы мярэжкі. Елкі і сосны на гэтым фоне здаваліся зусім чорнымі. Вясёлае веснавое сонейка шнырала паміж дрэў і цешыла і расліну, і птушку, і ваду, і нашых хлопцаў.
Прырода, вясна і маладосць напоўнілі іх жыццярадаснасцю. Нават на голад забыліся.
– Па-а марам, марам, марам, мара-ам! – зацягнуў Віктар.
– Сёння тут, а заўтра там! – падхапіў Мірон.
А ў адказ ім загуло ў лесе: «А-а-ам!»
– Ведаеш што? – звярнуўся Віктар да Мірона. – Я ўжо шкадую, што мы накіраваліся дадому. Я ахвотна згадзіўся б пажыць тут некалькі дзён. Тут табе і мора, і першабытны лес, і звяроў можна рукамі лавіць.
– Ды і я нічога супраць не меў бы, – усміхнуўся Мірон, – але есці няма чаго.
– А гэта што? – пакруціў Віктар зайца над галавой.
– А якім чынам яго засмажыш?
– Здабудзем агонь, як гэта робяць дзікуны, – і ўся табе музыка.
– А хлеба, солі дзе ўзяць?
– Булкі, чаю, каўбасы! – перадражніў Віктар. – Эх ты! А як жа эскімосы ды папуасы жывуць увесь век без гэтага? А ты і некалькі дзён баішся пражыць.
– Пачакай, яшчэ, можа, давядзецца і супраць нашай волі пажыць тут, – прамовіў Мірон, калі глянуў наперад.
Там мясцовасць паніжалася, пераходзіла ў балота, а за ім далёка зноў блішчала вада.