А грукат быў далей, і ўся сутнасць мая пакутліва ўстала да таго, каб разам з ёй выскачыць на сходы, страляць у гэтых нетапыроў і разам з ёю ўпасці на прыступкі і памерці, адчуваючы яе поруч з сабою, тут, усю ля сябе. Усё адно нельга так жыць.
А голас рыдаў здалёку:
— Раман! Раман! Выходзь! Каням пад ногі душу тваю! Гэта яшчэ не зараз! Потым! Заўтра… Пасля! Але мы прыйдзем! Прыйдзем!
І цішыня. Яна ляжала ў маіх абдоймах, і як быццам ціхая музыка пачала найграваць недзе, можа, у маёй душы. Ціхая-ціхая, далёкая-далёкая, пяшчотная: пра сонца, малінавыя ад канюшыны лугі пад дымнай бліскучай расою, пра залівісты спеў гівала ў шатах вялікіх ліп. Яе твар быў такі спакойны, як у спячага дзіцяці. Вось прарваўся ўздых, раскрыліся вочы, здзіўлена паглядзелі вакол, пасуравелі.
— Прабачце, я пайду.
І яна накіравалася да сходаў на другі паверх — маленькая белая постаць…
Толькі тут я, яшчэ дрыжучы ад узбуджэння, зразумеў, якая мужная, якая нязломная была душа ў гэтай да смерці запалоханай дзяўчыны, калі яна пасля «такога» выходзіла мяне сустракаць і двойчы адчыніла дзверы: тады, калі я, невядомы, прыехаў сюды, і тады, калі я бег да яе дзвярэй, у трывозе, пад ляск капытоў дзікага палявання пад самымі вокнамі. Напэўна, яно і цёмныя асеннія ночы штурхнулі яе на гэта, як пачуццё даверу прымушае зацкаванага хартамі зайца прыціскацца да ног выпадковага чалавека. У дзяўчыны былі надта добрыя нервы, калі яна вытрымала тут два гады.
Я сеў ля каміна і пачаў глядзець у агонь. Так, небяспека была жахлівая. Тры чалавекі супраць усіх гэтых цёмных сіл, супраць невядомага. Хопіць пяшчоты. Яны праязджаюць у парк ля Волатавай прорвы — заўтра ж я зраблю там засаду. Рукі ў мяне дрыжалі: нервы былі напятыя, як струны, і агульны стан не на сабаку.
«Можа, паехаць адсюль?» — варухнулася ў душы спозненая думка, водгук той маёй «ночы жаху», і памерла перад напорам безнадзейнасці, жалезнай рашучасці і жадання біцца.
Хопіць! Перамога або Волатава прорва — усё адно. Пакінуць? Не, я не мог пакінуць гэты агідны халодны дом, бо тут жыло тое, што я пакахаў. Так, пакахаў. Я не саромеўся гэтага. Да гэтага часу ў мяне, як амаль ва ўсякага здаровага, маральна неразбэшчанага і пазбаўленага залішняй пачуццёвай цягі чалавека, былі да жанчын роўныя сяброўскія адносіны, часам нават не пазбаўленыя нейкай незразумелай агіды. Так яно і павінна быць, пакуль не прыходзіць Сапраўднае. Яно прыйшло. Ісці? Я быў тут, поруч, такі для яе магутны і вялікі (мае ўнутраныя хістанні яе не датычыліся), яна спадзявалася на мяне, яна ўпершыню, напэўна, спала спакойна.
Гэты момант, калі я трымаў яе ў абдоймах, вырашыў для мяне ўсё, што хавалася ў маім сэрцы яшчэ з тых часоў, калі яна паўстала ў абарону бедных там, ля верхняга каміна. З якой насалодаю я ўзяў бы яе адсюль, павёз кудысьці далёка, цалаваў гэтыя заплаканыя вочы, маленькія рукі, ахінуў яе, як цёплым, надзейным крылом, дараваў бы свету яго непрытульнасць.
Але што я? Як ні жорстка пра гэта падумаць, яна ніколі не будзе маёй. Я — галяк. Яна таксама бедная, але яна з ліку старэйшых родаў, блакітная кроў, гордая слава бясконцых пакаленняў за плячыма. «Гордая слава»? Я ведаў яе зараз, гэтую гордую славу, якая скончылася адзічэннем, але мне ад гэтага не было лягчэй. Я плебей. Не, я буду маўчаць пра гэта. Ніхто ніколі не скажа, што я дзеля карысці ажаніўся з прадстаўніцай даўняга роду, за які, магчыма, паміраў недзе на полі вайны мой просты прашчур. І ніхто не скажа, што я ўзяў яе, скарыстаўшыся з яе бездапаможнасці. Адзінае, што мне дазволена, гэта легчы за яе ў дол, пакласці душу сваю і хоць гэтым трошкі аддзячыць за гэтае ззянне неймавернага шчасця, якое азарыла маю душу ў гэты змрочны вечар ля вялікага непрытульнага каміна. Я дапамагу ёй выратавацца — і гэта ўсё.
Я буду верны, назаўжды буду верны гэтай радасці, змешанай з болем, горкай прыгажосці яе вачэй і адплачу ёй дабром за добрыя думкі пра мяне. А пасля — канец. Я пайду назаўжды адсюль, і шляхі радзімы бясконцай істужкай лягуць перада мною, і сонца паўстане ў вясёлкавых колах ад слёз, якія просяцца на веі.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
Наступнага дня я ішоў са Свеціловічам да невялікага ляснога вострава ля Яноўскай пушчы. Свеціловіч быў вельмі вясёлы, многа разважаў пра каханне наогул і пра сваё каханне ў прыватнасці. І такая чыстая, шчырая душа глядзела з вачэй гэтага хлопца, так наіўна, па-дзіцячы, ён быў закаханы, што я ў думках даў сабе слова ніколі не перабіваць дарогі яго пачуццю, не перашкаджаць яму, ачысціць яму месца ля дзяўчыны, якую кахаў сам.
Мы, беларусы, рэдка ўмеем кахаць па-сапраўднаму, не ахвяруючы чымсьці, і я не быў выключэннем з правіла. Звычайна мы мучым тую, якую кахаем, а самі мучымся яшчэ больш ад розных супярэчлівых думак, пытанняў, учынкаў, якія іншымі вельмі лёгка прыводзяцца да аднаго знамянальніка.
Свеціловіч атрымаў з губерні ліст, у якім яму пісалі, між іншым, і пра Бермана.
— О, Берман… Берман, выяўляецца, добрая цаца! Род ягоны стары, але збяднелы і нейкі дзіўны. Вось тут мне пішуць, што ўсе яны мелі непераможную цягу да самоты і з'едлівасць. Бацька яго страціў маёмасць, была вялізная растрата, і выратаваўся ён толькі тым, што прайграў вялізную суму рэвізору. Маці жыла амаль увесь час пры завешаных вокнах, нават гуляць выходзіла толькі ўначы. Але самая дзіўная асоба — сам Берман. Ён выявіўся выключным знаўцам старажытнай драўлянай скульптуры і шкла. Некалькі год таму здарылася непрыемная гісторыя. Яго паслалі ў Мніхавічы ад гуртка аматараў старажытнасці, на чале якога стаяў граф Тышкевіч. Там, у Мніхавічах, зачынялі стары касцёл, а скульптуру з яго, па чутках, вельмі мастацкую, хацелі адкупіць у прыватны музей Тышкевіча, які ён перадаваў гораду. Берман паехаў, даслаў адтуль статую святога Хрыстафора і ліст, у якім пісаў, што скульптура ў касцёле не мае ніякай мастацкай вартасці. Яму паверылі, але праз некаторы час выпадкова даведаліся, што Берман купіў скульптуру за мізэрныя грошы, купіў у агульнай колькасці ста сямі фігур і спрадаў усё іншаму прыватнаму калекцыянеру, назначыўшы вялікую суму. Адначасова не далічыліся значнай колькасці грошай у казне гуртка аматараў. Бермана ўзяліся шукаць, але ён знік разам з маці і малодшым братам, які выхоўваўся недзе ў прыватным пансіёне і толькі за год да таго прыехаў у горад. Між іншым, гэты брат вызначаўся яшчэ большай нелюдзімасцю. Увесь час ён сядзеў у дальніх пакоях, не выходзячы ні да каго, і толькі раз яго бачылі ў кампаніі Бермана ў клубе, дзе ён здаўся ўсім дрэнна выхаваным для пансіянера.
Калі агледзеліся, то выявілася, што дом яны паспелі прадаць і знікнуць невядома куды. Пачалі даведвацца і даведаліся, што і наогул гэтыя Берманы зусім не Берманы, а хто — невядома.
— Н-да… — сказаў я. — Не шмат мы даведаліся. Цікавае тут толькі тое, што Берман — злачынец. Але ён абдурыў такога самага драпежніка: не мне яго ганіць за гэта. Ён яшчэ атрымае па заслугах, але гэта пасля. Значна больш цікавае тут другое. Па-першае, куды падзеліся яго маці і брат? Па-другое, хто ён сам, які ў яго сапраўдны твар? Тое, што ён з'явіўся тут, зразумела. Яму трэба было схавацца. А вось хто ён, хто ягоныя сваякі — гэта трэба з'ясаваць. І я гэтым абавязкова зацікаўлюся. А ў мяне, Свеціловіч, амаль ніякіх навін няма, хіба што даведаўся, ды і тое з вуснаў вар'яткі, што выбавіў Рамана ў тую фатальную ноч з хаты Гарабурда. А я нават не запомніў яго пысы, калі ён быў на вечары ў Яноўскіх.
— Нічога, яшчэ даведаемся.
Мы падышлі да ляска і заглыбіліся ў яго. Гэта быў адзіны з ляскоў у наваколлі, у якім былі пераважна ліставыя пароды. І там, на невялікай галявіне, мы пабачылі Рыгора, які трымаў на каленях доўгую стрэльбу, а спіною прыхіліўся да таўшчэразнага стаўбура-вываратня. Пабачыўшы нас, ён устаў, па-мядзведжы скасавурыўся і зручней узяўся за стрэльбу.
— Сцеражыцеся выходзіць на балоты, сцеражыцеся парку і асабліва яго паўдзённай і ўсходняй ускраін, — прамармытаў ён замест прывітання.
— Чаму? — спытаў я, пазнаёміўшы яго са Свеціловічам.
— А вось чаму, — буркнуў ён. — Гэта не здані. Яны занадта добра ведаюць патаемныя сцежкі праз Волатаву прорву. Вы здзіўляецеся, што яны мчаць без дарогі, а яны проста ведаюць усе сховішчы акругі і ўсе сцежкі да іх, яны карыстаюцца дужа старажытнымі падковамі, якія прыбіты навенькімі гакамі. Што праўда, то праўда, іхнія коні ходзяць, як мядзведзь, спачатку левымі, а пасля правымі нагамі, і крок у іх машысты, шырэйшы, чым у якога іншага каня ў наваколлі. І яны для зданей занадта слабыя. Здань праходзіць паўсюль, а гэтыя толькі праз паваленую агароджу ля прорвы… Што я даведаўся яшчэ: іх было ў мінулы раз не больш як дзесяць чалавек, бо толькі палова коней ідзе так, як ідзе конь, калі ў яго на спіне звычайная чалавечая вага. На астатніх, напэўна, штосьці лягчэйшае. Той, хто мчыць наперадзе, мае гарачы нораў: дзярэ каню рот цуглямі. І яшчэ — адзін з іх нюхае табаку: я знайшоў пыл зялёнай табакі ля месца, дзе яны спыняліся перад апошнім набегам і натапталі шмат слядоў. Месца гэта — вялікі дуб непадалёк ад паваленай агароджы.
— Дзе можа быць месца іх збораў? — спытаў я.
— Гэта я ведаю зараз добра, — спакойна адказаў Рыгор. — Гэта недзе ў Яноўскай пушчы. Я прасачыў сляды. Вось паглядзіце. — Ён пачаў крэсліць лазінкаю па зямлі: — Вось пушча. Тады, калі быў забіты Раман, сляды зніклі вось тут, амаль ля балота, якое акружае пушчу. Калі яны гналіся за табою, пасля вячэры ў Дубатоўка, сляды зніклі паўночней першага месца, а пасля той гісторыі ля Яноўскага палаца, калі яны наважыліся крычаць, — яшчэ трохі паўночней. Бачыш, шляхі амаль сыходзяцца.
— Праўда, — падхапіў я. — І калі іх прадоўжыць, яны сыдуцца ў адным пункце, недзе на балоце.
— Я быў там, — скупа, як аб самым звычайным, буркнуў Рыгор. — Балота лічыцца ў тым месцы гіблым, але я пабачыў, што на ім там-сям расце трава сівец. А там, дзе расце сівец, там заўжды зможа паставіць нагу конь паскудніка, калі паскудніку будзе для гэтага пільная патрэба.
— Дзе гэта месца? — збялеў раптам Свеціловіч.
— Ля Халоднай лагчыны, дзе ляжыць камень, Ведзьмакова ступа.
Свеціловіч яшчэ больш збялеў. Нешта хвалявала яго, але ён авалодаў сабою.
— Яшчэ што? — спытаў я.
— Яшчэ тое, — панура мармытаў Рыгор, — што ты памыляешся, Беларэцкі. Хоць выклікаў тады з хаты Рамана Гарабурда, але ён да дзікага палявання не мае дачынення. У тыя дзве ночы, калі яно з'яўлялася ў апошні раз, Гарабурда сядзеў у сваім берлагу, як хамяк у нары. Я ведаю, яго дом добра пільнавалі.
— Але ж ён зацікаўлены ў смерці або вар'яцтве Яноўскай. Яму гэта карысна. Ён прымусіў Кульшаў запрасіць у той вечар Надзею Яноўскую да сябе, ён паслаў да Кульшаў і сваю дачку і затрымаў усіх да ночы.
Рыгор задумаўся. Пасля мармытнуў:
— Можа, і так. Ты разумны, ты ведаеш. Але Гарабурды там не было, я адкажу галавою. Ён дрэнны яздок. Ён баягуз. І ён увесь час сядзіць у палацы. Але ж ён можа і намовіць на тую агіду кагосьці іншага. Можа, гэта і так. Такі можа.
І тут Свеціловіч яшчэ больш збялеў і ўтаропіўся кудысьці вачыма, як быццам абдумваў штосьці важлівае. Я не перашкаджаў яму: захоча — сам скажа. Думаў ён, аднак, нядоўга.
— Браты, я, здаецца, ведаю гэтага чалавека. Разумееце, вы наштурхнулі мяне на гэта. Першае: «Ведзьмаковая ступа». Я сёння бачыў там чалавека, вельмі знаёмага мне чалавека, на якога ніколі б не падумаў, і гэта мяне бянтэжыць. Ён быў вельмі стомлены, брудны, ён ішоў да багны. Пабачыў мяне, накіраваўся да мяне: «Што вы тут робіце, пан Свеціловіч?» Я адказаў жартам: «Шукаю ўчарашняга дня». А ён зарагатаў і пытае: «Хіба ўчарашні дзень, хай яго д'ябал, прыходзіць у сённяшні?» А я яму кажу: «Ва ўсіх нас учарашні дзень на шыі вісіць». Ён: «Але ж не прыходзіць?» А я яму: «А дзікае паляванне? З мінулага аж у сёння прыйшло». Той аж у твары змяніўся: «Хай яго ліха… Не памінайце вы яго!» І паехаў ля дрыгвы на поўнач. Я накіраваўся да вас, пан Беларэцкі, а калі азірнуўся, то бачу: ён паехаў назад і ўжо ў лажок спускаецца. Спусціўся і знік.
— Хто гэта? — спытаў я.
А Свеціловіч усё вагаўся. Пасля ўзняў свае светлыя вочы.
— Прабачце, Беларэцкі, прабач, Рыгор, але я не магу пакуль што сказаць. Гэта занадта важліва, а я не пляткар, я не магу так проста ўзваліць такое абвінавачванне на плечы чалавека, які, можа, яшчэ і бязвінны. Вы ведаеце, за такое могуць забіць нават па аднаму падазрэнню. Магу толькі сказаць, што ён быў сярод гасцей у Яноўскіх. Я ўвечары яшчэ падумаю, прыпамятаю гісторыю пра вэксалі і заўтра скажу вам… Я пакуль не магу больш нічога сказаць…
— О, вядома. Надзейнае алібі. О, дурні! І якія няпэўныя думкі! — Па аналогіі я прыпомніў і свае няпэўныя думкі пра «рукі», якія павінны былі мне дапамагчы разабрацца ў чымсьці важлівым, але прыдумаць, успомніць не мог і адагнаў надакучлівае слова.
Вырашылі, што Рыгор будзе сённяшняй ноччу сядзець у Халоднай лагчыне, адтуль недалёка да хаты, у якой жыў Свеціловіч, яго стары «брат-слуга» і кухарка. У выпадку патрэбы мы зможам яго там адшукаць.
— І ўсё ж я не веру, што падпільную іх там пры выхадзе. Свеціловіч іх спудзіў, — сіпавата сказаў Рыгор. — Яны знойдуць іншую дарогу з пушчы на раўніну.
— Але іншай дарогі ў парк не знойдуць. Я буду пільнаваць іх ля паваленай агароджы, — вырашыў я.
— Аднаму небяспечна, — апусціў вочы Рыгор.
— Але ты таксама будзеш адзін.
— Я? Ну, няма дурных. Я смелы, але не так, каб адзін супраць дваццацёх.
— А я кажу вам, — упарта сказаў я, — што гаспадыня Балотных Ялін не вытрымае, калі і сёння з'явіцца пад мурамі дома дзікае паляванне. Я павінен не пусціць іх у парк сёння, калі яны толькі надумаюць прыйсці.
— Я не магу дапамагчы вам сёння, — задумліва прагаварыў Свеціловіч. — Тое, што я сёння павінен знайсці, больш важлівае. Магчыма, сёння дзікае паляванне наогул не з'явіцца. У яго на шляху паўстане перашкода…
— Добра, — спыніў яго я даволі суха, — вам трэба было выказаць свае меркаванні, а не загадваць нам загадкі. Я выйду сёння адзін. Яны не чакаюць, я спадзяюся на гэта. І, да таго ж, яны не ведаюць, што ў мяне ёсць зброя. Я двойчы сустракаўся з паляваннем і яшчэ з тым чалавекам, што страляў мне ў спіну. І ніколі не ўжываў яе. Ну што ж, яны пабачаць… Як павольна мы разблытваем гэта! Як ляніва працуюць нашы мазгі!
— А гэта лёгка і лагічна разблытваецца толькі ў дрэнных раманах, — буркнуў пакрыўджаны Свеціловіч. — Да таго ж, мы не сышчыкі губернскай паліцыі. І дзякаваць Богу.
Рыгор пахмурна калупаў лазінкаю зямлю.
— Хопіць, — сказаў ён з уздыхам. — Трэба дзейнічаць. Паскачуць яны ў мяне, дурні… І — прабачце — вы ўсё ж паны, і нам па дарозе толькі зараз, — але, калі мы адшукаем іх, мы, мужыкі, не толькі заб'ём гэтых мярзотнікаў, мы спалім іхняе гняздо, мы зробім жабракамі іхніх нашчадкаў. А магчыма, і нашчадкам іхнім зробім гамон.
Свеціловіч засмяяўся:
— Мы з Беларэцкім вя-алікія паны. Як кажуць, пан — лазовы жупан, балоневыя лапці. А калі праўду казаць, трэба ўсіх такіх рэзаць разам з панятамі, бо з панят таксама паны некалі вырастаюць.
— Калі гэта толькі не сонная мара, гэтае дзікае паляванне. Ну, не было, ніколі не было чалавека, які схаваў бы ад мяне, лепшага паляўнічага, сляды. Здані, здані і ёсць.
Мы развіталіся з ім. Я таксама часткова быў згодзен з апошнімі словамі Рыгора. Нешта нечалавечае было ў гэтым паляванні. Гэты нялюдскі крык — такі не мог вылятаць з чалавечых грудзей. Пошчак капытоў, які гучаў толькі часам. Дрыкганты, парода, якая знікла, а калі нават і не знікла, дык хто ў гэтым закутку быў такі багаты, каб купіць іх. І пасля — як растлумачыць крокі ў калідоры? Яны ж неяк павінны быць звязаны з дзікім паляваннем караля Стаха. Хто такая гэта Блакітная Жанчына, якая мараю знікла ў ночы, калі яе двайнік (зусім нясхожы двайнік) мірна спаў у пакоі? І каму належаў той жахлівы твар, які глядзеў на мяне праз акно? Чэрап мой трашчаў. Не, штосьці нялюдскае, злачыннае, страшнае было тут, нейкая сумесь чартаўшчыны з рэальным!
Я зірнуў на Свеціловіча, які крочыў поруч са мною, вясёлы і гарэзлівы, як быццам гэтыя пытанні для яго не існавалі. Ранак і на самай справе быў цудоўны: шэранькі дзень, але за хмарамі ўгадвалася блізкае сонца, і кожны жоўты лісцік на дрэвах млеў, здаецца, нават пацягваўся ад насалоды пад цёплай не па-асенняму расяніцай. І нават нейкія птушкі пяшчотна і задумліва спявалі ў хмызах. Праз галявіну далёка пад намі бачна было роўнае займішча, далей — бязмежны абшар карычневых балот, верасовыя пусткі. Балотныя Яліны далёка за імі. І ўсё гэта мела нейкую сумную, не кожнаму зразумелую прыгажосць, якая кожнага сына гэтых панурых мясцін балюча і соладка кранае за сэрца.