Чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан (на белорусском языке) - Бах Ричард Дэвис 2 стр.


- Чайка Джонатан Лiвiнгстан! Выйдзi на сярэдзiну!

Словы Старэйшыны прагучалi нязвыкла ўрачыста. Выклiк на сярэдзiну азначаў адно з двух: найвялiкшую ганьбу або найвялiкшую славу. Для ўшанавання Славай на сярэдзiну выходзiлi сама выдатныя важакi чаек. "Ну вядома, - падумаў ён, сёння ранiцай Чарада бачыла Прарыў! Але мне не патрэбна слава. Я зусiм не хачу быць важаком. Я хачу толькi падзялiцца тым, пра што даведаўся сам, паказаць тыя неабсяжныя далягляды, якiя адкрываюцца перад усiмi намi". Ён выйшаў наперад.

- Чайка Джонатан Лiвiнгстан, - сказаў Старэйшына, - выйдзi на Ганьбу перад сваёй раднёй!

Яму здалося, што яго з усяго маху выцялi дошкай. Зашумела ў вушах, ногi ў каленях аслабелi, пер'е адразу абвiсла. Яго выклiкалi на Ганьбу? Не можа быць! А Прарыў! Яны нiчога не зразумелi! Гэта памылка, памылка!

- ...сваёй шалёнай дзiвацкай безадказнасцю, - урачыста гучаў голас, груба растаптаў i зняважыў годнасць i традыцыi Сям'i Чаек...

Выклiк на сярэдзiну для ганьбавання азначаў, што ён будзе выгнаны з Чарады i асуджаны на адзiноту сярод Далёкiх Скалаў.

- ...калi-небудзь, Чайка Джонатан Лiвiнгстан, ты даведаешся, што безадказнасць не можа цябе пракармiць. Нам не дадзена спасцiгнуць сэнсу жыцця, бо ён недаступны нашаму розуму; мы ведаем толькi адно: мы iснуём на гэтым свеце, каб есцi i старацца пражыць як мага даўжэй.

Чайкi нiколi не пярэчаць Радзе Чарады, але Джонатан асмелiўся ўзвысiць свой голас.

- Безадказнасць? Браты мае! - усклiкнуў ён. - Цi знойдзецца хто-небудзь з большым пачуццём адказнасцi, чым чайка, якая знайшла сэнс, найвышэйшую мэту жыцця i прытрымлiваецца яе? Тысячы гадоў мы гойсаем, шукаючы рыбныя галовы, а цяпер у нас ёсць мэта - спазнаваць свет, адкрываць новае, быць вольнымi! Дазвольце мне, i я пакажу вам, чаму навучыўся...

З такiм жа поспехам ён мог загаварыць да камення. Чарада быццам знямела.

- Ты больш не Брат нам, - нараспеў прамовiлi чайкi, усе разам узмахнулi крыламi, затулiлi вушы i адвярнулiся ад яго.

Джонатан-Чайка рэшту сваiх дзён жыў адзiн, хоць адлятаў i на вялiкую адлегласць ад Далёкiх Скалаў. Але засмучала яго не адзiнота, а тое, што астатнiя чайкi адмовiлiся паверыць у радасць палёту, у святло, што палала перад iмi, адмовiлiся расплюшчыць вочы i ўбачыць.

З кожным днём ён дазнаваўся ўсё больш i больш. Ён даведаўся, што, пiкiруючы на вялiкай хуткасцi, можна здабыць рэдкую i смачную рыбу, якая збiраецца ў гурт на глыбiнi дзесяцi футаў; яму больш не патрэбны былi, каб выжыць, рыбацкiя судны i чэрствыя скарынкi хлеба. Ён навучыўся спаць у паветры, навучыўся лятаць наперарэз ветру, што дзьме з берага, i не збiвацца з курсу ўночы; ён мог праляцець ад усходу да захаду сонца сотнi мiляў. Тое самае нутраное чуццё вяло яго праз густыя марскiя туманы, узнiмала да сляпучага чыстага неба... а астатнiя чайкi ў гэты самы час тулiлiся на зямлi i не бачылi нiчога, апрача туманнай iмжы i дажджу. Ён навучыўся, асядлаўшы на вялiкай вышынi вецер, залятаць далёка на сушу i ласавацца там смачнымi насякомымi.

Ён адзiн атрымаў усё, чым, як ён калiсьцi спадзяваўся, будзе валодаць уся Чарада, i не шкадаваў той цаны, якую заплацiў за ўменне лятаць. Джонатан адкрыў сабе, чаму такое кароткае жыццё ў чаек, - прычынай таму нудота, страх i злосць; сам ён збавiўся ад гэтых пачуццяў, i жыццё яго было доўгае i сапраўды прыгожае.

I вось аднойчы вечарам, калi Джонатан спакойна i самотна лунаў у сваiм любiмым небе, з'явiлiся яны. Дзве чайкi, што вынырнулi побач з яго крыламi, былi чыстыя, як святло зорак, а ззянне, якое праменiлася ад iх, было лагоднае i сяброўскае ў свежасцi вечаровага неба. Але сама дзiвоснае было ў майстэрстве iхняга лёту: кончыкi iх крылаў увесь час знаходзiлiся на адлегласцi аднаго дзюйма ад яго крылаў.

Не кажучы нi слова, Джонатан наладзiў iм экзамен, якога не ведала яшчэ нiводная чайка. Ён выгнуў крылы i зменшыў хуткасць да мiлi ў гадзiну. Дзве зiхоткiя птушкi запаволiлi палёт разам з iм, i дыстанцыя памiж iмi анi не парушылася. Лятаць павольна яны ўмелi.

Ён склаў крылы, гайдануўся i кiнуўся ў пiке з хуткасцю сто дзевяноста мiляў у гадзiну. Бездакорна захоўваючы шыхт, яны таксама рынулiся ўнiз.

Тады на ўсёй хуткасцi ён скiраваў угору, робячы доўгую вертыкальную запаволеную бочку. З усмешкай яны зрабiлi тое самае.

Ён перайшоў на гарызантальны палёт i, перш чым загаварыць, нейкi час ляцеў моўчкi.

- Ну добра, - сказаў ён. I спытаўся: - Хто вы такiя?

- Мы з твае Чарады, Джонатан. Мы твае браты. - Словы iх гучалi стрымана, але ўпэўнена. - Мы прыйшлi, каб паклiкаць цябе на новую вышыню, туды, дзе твой дом.

- У мяне няма дому. У мяне няма Чарады. Я - Выгнаннiк. Цяпер мы ляцiм каля вяршынi Гары Вялiкага Ветру, i вышэй, чым на некалькi соцень футаў, мне, старому, ужо не падняцца.

- Гэта няпраўда, Джонатан, бо ты ўжо вучыўся. Адна школа скончана, настаў час пачынаць другую.

Святло розуму, якое ўсё жыццё свяцiла Джонатану, азарыла яму гэтае iмгненне. Ён зразумеў: яны кажуць праўду. Ён можа ўзляцець яшчэ вышэй, i яму сапраўды пара выпраўляцца дадому.

У апошнi раз ён акiнуў доўгiм позiркам гэтае неба, гэтую вялiзную серабрыстую зямлю, дзе ён гэтак шмат чаго даведаўся.

- Я гатовы, - сказаў ён урэшце.

I Джонатан Лiвiнгстан узняўся разам з дзвюма зiхатлiвымi, нiбы зоркi, чайкамi i знiк у непраглядна цёмным небе.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

"Дык, значыцца, гэта i ёсць неба", - падумаў ён i ўсмiхнуўся сам сабе. Мабыць, гэта не вельмi пачцiва - разважаць, якое яно, неба, не паспеўшы яшчэ пабыць на iм.

Узняўшыся над зямлёю i воблакамi, летучы ў цесным шыхце з зiхоткiмi чайкамi, ён заўважыў, як i яго цела становiцца гэткiм жа зiхатлiвым, як i ў iх. Ён нiбы быў тым сама маладым Джонатанам-Чайкай, якi заўсёды жыў у яго залацiстых вачах, але знешне ён змянiўся.

Яго цела засталося целам чайкi, але ляцеў ён куды хутчэй, чым калi-небудзь раней. "Дзiўна, - думаў ён, - я трачу ў два разы менш намаганняў, а лячу ў два разы хутчэй, чым у найлепшыя свае днi на Зямлi!"

Яго пер'е зiхацела сляпучай белiзной, а крылы былi гладкiя i роўныя, як з адпалiраванага срэбра. Узрадаваны, ён узяўся вывучаць i даследаваць свае новыя магчымасцi i з усяе сiлы замахаў крыламi. Пры двухстах пяцiдзесяцi мiлях у гадзiну ён адчуў, што гэта максiмальная хуткасць для гарызантальнага палёту. Пры хуткасцi дзвесце семдзесят тры мiлi ён парашыў, што ляцець хутчэй ужо не здолее, i быў нават трошкi расчараваны. I новае цела таксама мела мяжу магчымасцей, якая, хоць i намнога перавышала яго колiшнi рэкорд, усё роўна была мяжой, i, каб перасягнуць яе, былi патрэбны велiзарныя намаганнi. "А на небе, - думаў ён, - не павiнна быць нiякiх межаў".

Раптам заслона воблакаў разышлася, абедзве чайкi, што суправаджалi яго, крыкнулi: "Шчаслiвай пасадкi, Джонатан!" - i быццам расталi ў паветры.

Ён ляцеў над морам да зрэзанага гарыстага берага. Некалькi чаек практыкавалiся ў адначасовым узлёце са скалаў. Далёка на поўнач ад iх, каля самага гарызонта, лятала яшчэ некалькi чаек. Новыя далячынi, новыя думкi, новыя пытаннi: "Чаму так мала чаек? На небе iх павiнны быць вялiзныя чароды! I адкуль у мяне нечакана такая стома? Чайкi ж на небе не павiнны нiколi нi стамляцца, нi адпачываць".

Дзе ён пра гэта чуў? Памяць пра зямное жыццё страчвалася. Само сабой зразумела, Зямля была месцам, дзе ён шмат чаму навучыўся, але паасобныя дэталi распадалiся - штосьцi звязанае з ежай, з выгнаннем.

З берага ўзняўся тузiн чаек, каб прывiтаць яго, усе яны маўчалi. Але ён адчуў, што яму рады тут i што ён трапiў дадому. Гэты дзень быў у яго вельмi доўгi, такi доўгi, што свiтання яго ён ужо не памятаў.

Ён зрабiў разварот для пасадкi на беразе, узмахнуў крыламi, замёр у паветры за дзюйм ад зямлi i мякка апусцiўся на пясок. Астатнiя чайкi таксама прызямлiлiся, але нiводная з iх не ўзмахнула пры гэтым i перцам. Яны шырока распасцерлi свае беласнежныя крылы, павярнулiся супроць ветру i нейкiм адмысловым спосабам так наставiлi перцы, што спынiлiся ў той самы момант, як толькi лапкi дакранулiся да зямлi. Дзiвоснае валоданне сваiм целам! Але Джонатан занадта стамiўся, каб паспрабаваць паўтарыць iх манеўр. Так i не прамовiўшы нi слова, ён заснуў, стоячы на беразе.

У наступныя днi Джонатан зразумеў, што тут яму давядзецца даведацца пра палёты не менш новага, чым ён даведаўся за ўсё сваё ранейшае жыццё. Але тут была i рознiца. Побач з iм тут былi чайкi-аднадумцы. Сама галоўным у жыццi кожнай з iх было дасягнуць дасканаласцi ў палёце, бо палёт - гэта якраз тое, што яны любiлi больш за ўсё на свеце. Усе яны, дзiвосныя птахi, дзень пры днi, гадзiна за гадзiнай трэнiравалiся ў палётах, выконваючы складаныя фiгуры найвышэйшага пiлатажу.

Джонатан нiбыта забыўся пра той свет, адкуль ён прыйшоў, пра зямлю, на якой жыла Чарада, што моцна зажмурвала вочы перад радасцю палёту i карысталася крыламi толькi дзеля таго, каб здабываць ежу i бiцца за яе. Але час ад часу да яго на iмгненне вярталася памяць, i ён успамiнаў.

Аднойчы ранiцай, калi разам са сваiм настаўнiкам яны адпачывалi на беразе пасля некалькiх iмклiвых бочак, зробленых са складзенымi крыламi, ён спытаўся:

- Салiван, а дзе ўсе астатнiя? - спытаўся ён бязгучна, бо к гэтаму часу ён цалкам авалодаў не дужа складанымi прыёмамi тэлепатыi, якой карысталiся тут чайкi замест крыку i ляманту. - Чаму нас тут гэтак мала? Там жа, адкуль я прыляцеў, жылi...

- ...тысячы i тысячы чаек. Я ведаю. - Салiван пакiваў галавой. - Адно магу сказаць, Джонатан. Ты - птушка адна на мiльён. Большасць з нас iшла сюды куды марудней. Мы пераходзiлi з аднаго свету ў другi, амаль гэтакi ж, як i колiшнi, i адразу забывалiся, адкуль прыйшлi, не думалi, куды iдзём далей, i жылi жыццём толькi гэтай хвiлiны. Уяўляеш, праз колькi жыццяў трэба было нам прайсцi, каб зразумець, што iснуём мы не толькi дзеля яды i бойкi за ўладу ў Чарадзе? Праз тысячу жыццяў, Джон, праз дзесяць тысяч! А потым яшчэ сто жыццяў, перш чым мы пачалi спасцiгаць, што ёсць дасканаласць, i яшчэ сто, каб нарадзiлася думка: мэта жыцця - знайсцi гэтую дасканаласць i паказаць яе ўсiм. Ну i, вядома, гэтага ж правiла мы прытрымлiваемся i цяпер: выбiраем сабе наступны свет, зыходзячы з таго, што даведваемся ў гэтым. А калi нiчога не даведваемся, дык наступны свет будзе такi самы, як i гэты, з тым самым свiнцовым цяжарам абмежаванняў, якiя трэба пераадолець.

Ён распасцёр крылы i павярнуўся тварам супроць ветру.

- Але ты, Джон, - сказаў ён, - адразу даведаўся так многа, што табе не спатрэбiлася праходзiць праз тысячу жыццяў, каб дасягнуць гэтага жыцця.

Праз хвiлiну яны зноў трэнiравалiся ў паветры. Шматвiтковыя бочкi ў шыхце давалiся цяжка: у становiшчы дагары нагамi Джонатану трэба было думаць "наадварот", у процiлеглы бок паварочваць крылы, каб iх рух супадаў з рухам крылаў свайго настаўнiка.

- Паспрабуем яшчэ раз, - зноў i зноў гаварыў Салiван. - Паспрабуем яшчэ раз. - I нарэшце: - Добра.

I яны пачалi адпрацоўваць знешнiя петлi.

Аднойчы ўвечары свабодныя ад начных палётаў чайкi сабралiся разам i ў задуменнi стаялi на пяску. Джонатан сабраў усю сваю мужнасць i падышоў да Старэйшыны, якi, як казалi, неўзабаве павiнен быў пакiнуць гэты свет.

- Чыанг, - з хваляваннем загаварыў ён.

Стары лагодна паглядзеў на яго.

- Што, сын мой?

З гадамi Старэйшына не аслабеў, а, наадварот, стаў яшчэ дужэйшы. Ён мог выперадзiць у палёце любую чайку з Чарады i навучыўся такому, да чаго астатнiя толькi спакваля наблiжалiся.

- Чыанг, гэты свет - гэта ж яшчэ не неба?

Месяц асвятлiў усмешку Старэйшыны.

- Ты зноў вучышся, Джонатан-Чайка, - сказаў ён.

- Ну але. А што будзе пасля? Куды мы iдзём? I цi ёсць наогул такое месца неба?

- Не, Джонатан, такога месца няма. Неба - гэта не месца i не час. Неба гэта адчуванне дасканаласцi. - Ён памаўчаў з хвiлiнку. - Ты ж умееш хутка лятаць, праўда?

- Хуткасць... яна дае мне шчасце i асалоду, - сказаў Джонатан. Ён i засаромеўся i ў той жа час ганарыўся тым, што Старэйшына прыкмецiў яго.

- Ты дакранешся да неба, Джонатан, у той момант, калi дасягнеш дасканалай хуткасцi. Гэта не азначае ляцець з хуткасцю тысяча мiляў у гадзiну, або мiльён мiляў, або ляцець з хуткасцю святла. Бо любая лiчба - гэта мяжа, а ў дасканаласцi няма межаў. Лятаць з дасканалай хуткасцю - гэта апынуцца вунь там.

I тут жа Чыанг знiк i з'явiўся каля самай вады на адлегласцi пяцiдзесяцi футаў, адбылося гэта за долю iмгнення. Пасля ён зноў знiк i з'явiўся побач з Джонатанам усё за тую самую тысячную долю секунды.

- Гэта толькi жарт, - сказаў ён.

Джонатан стаяў агаломшаны. Пра неба ён i пытацца забыўся.

- Як гэта ў цябе выходзiць? I што ты адчуваеш? Як далёка можна вось гэтак трапiць?

- Куды хочаш i ў якi хочаш час, - адказаў Старэйшына. - Я пабываў ва ўсiх пунктах прасторы i часу, якiя толькi задумваў. - Ён паглядзеў на мора. - I вось што дзiўна: чайкi, якiя пагарджаюць дасканаласцю дзеля далёкiх палётаў, нiкуды не ляцяць i лятаюць павольна. А тыя, хто дзеля дасканаласцi забывае пра далёкiя падарожжы, могуць як згледзець вокам апынуцца дзе хочуць. Запомнi, Джонатан, неба - гэта не нейкае пэўнае месца або час, бо нi месца, нi час не маюць значэння. Неба - гэта...

Назад Дальше