- Гензель, мы выратаваныя: старая ведзьма згiнула!
Выiмчаў Гензель з хлява, быццам птушка з клеткi, калi адчыняць перад ёй дзверцы. Як узрадавалiся яны, як кiнулiся адно да аднаго, як скакалi яны ад уцехi, як моцна яны цалавалiся! I паколькi iм не было чаго цяпер баяцца, дык яны ўвайшлi ў ведзьмiну хацiну, а стаялi там усюды па кутах куфэркi з жэмчугам i каштоўнымi каменьчыкамi.
- Гэтыя, бадай, будуць лепшыя за нашыя пясчанiкi, - сказаў Гензель i напоўнiў самацветамi поўныя кiшэнi.
- Мне таксама хочацца што-небудзь прынесцi дадому, - прамовiла Грэтэль i насыпала каменьчыкаў у фартух.
- Ну, а цяпер бяжым хутчэй адсюль, - сказаў Гензель, - бо нам трэба яшчэ выбрацца з ведзьмiнага лесу.
Вось прайшлi яны подбегам гадзiны са дзве i натрапiлi нарэшце на вялiкае возера.
- Не перабрацца нам цераз яго, - засмуцiўся Гензель, - нiдзе не бачна нi кладачкi, нi мосцiка.
- Ды i лодачкi нiдзе не вiдаць, - уздыхнула Грэтэль, - а вунь плыве белая качачка; калi я яе папрашу, яна паспрыяе нам перабрацца на той бераг.
I папрасiла Грэтэль:
- Кача, качачка, хутчэй
Падплывi да нас яшчэ.
Няма сцежкi, няма кладкi
Перапраў нас неадкладна!
Падплыла качачка, сеў на яе Гензель i паклiкаў сястрычку, каб i яна села побач з iм.
- Не, - адказала Грэтэль, - качачцы будзе зацяжка; няхай перавязе яна спачатку цябе, а потым i мяне.
Так добрая качачка i зрабiла, i калi яны шчаслiва перабралiся на той бераг i пайшлi далей, дык лес пачаў iм усё больш знаёмець, i яны заўважылi нарэшце здалёку бацькоўскi дом. Тут з радасцi яны кiнулiся бегчы, ускочылi ў пакой i прыпалi да бацькi.
З таго часу як той звёў дзяцей у лес, не было ў яго нi хвiлiны вясёлага настрою, а жонка ягоная памерла. Апусцiла Грэтэль падол фартуха, i пасыпалiся на дол жэмчуг ды самацветы, а Гензель дастаў iх з кiшэнi жменяю.
I скончылася iхняя нястача i гора, i пачалi жыць яны шчаслiва ўсе разам.
Тут i казка запыняецца,
А вунь мышка наперад спяшаецца;
Хто зловiць яе, той
Пашые сабе шапку скураную,
Ды вялiкую, не малую.
ШЭСЦЬ ЛЕБЕДЗЯЎ
Паехаў аднойчы кароль на паляванне ў вялiкi глухi лес; без стомы ганяўся ён за звярамi, i нiхто з яго людзей не мог за iм паспець. А тут ужо добра такi звечарэла; прытрымаў тады кароль свайго каня, азiрнуўся i бачыць, што заблудзiўся. Давай ён шукаць дарогу, але знайсцi нiяк не можа.
I вось убачыў ён у лесе бабульку, галава ў яе аж траслася ад старасцi; а iшла яна проста насустрач яму, i была то ведзьма.
- Бабуля, - звярнуўся кароль да яе, - цi не маглi б вы паказаць мне дарогу з лесу?
- О, так, ваша ягамосць кароль, - адказала яна, - я гэта магу, але пры адной умове, калi вы не выканаеце яе, то не выйсцi вам з лесу нiколi i загiнеце вы тут ад голаду.
- А якая ж гэта ўмова? - пытаецца кароль.
- Ёсць у мяне дачка, - гаворыць старая, - яна такая прыгажуня, якой вам у цэлым свеце не знайсцi, i вартая яна таго, каб стаць вашай жонкай; калi вы згодны зрабiць яе каралевай, дык я пакажу вам дарогу з лесу.
Кароль ад страху згадзiўся, i старая прывяла яго ў сваю хацiну, дзе ля печы сядзела яе дачка. Яна сустрэла караля так, нiбыта толькi яго i чакала; i ўбачыў кароль, што яна вельмi прыгожая, аднак яна не спадабалася яму, i ён не мог пазiраць на яе без затоенага страху. Калi кароль пасадзiў дзяўчыну на каня, старая паказала яму дарогу i кароль зноў вярнуўся ў свой каралеўскi замак, дзе яны i справiлi вяселле.
А кароль ужо быў аднойчы жанаты, i ад першай жонкi было ў яго сямёра дзяцей - шэсць хлопчыкаў i адна дзяўчынка, i любiў ён iх больш за ўсё на свеце. Але ён баяўся, каб не пачала мачыха дрэнна з iмi абыходзiцца, каб не зрабiла iм якога лiха, i вось адвёз ён iх у таемны замак, якi знаходзiўся якраз пасярод лесу. Ён быў так схаваны ў лясным гушчары i так цяжка было адшукаць да яго дарогу, што i сам кароль не знайшоў бы яе, каб не падаравала яму адна чарадзейка клубок чароўных нiтак; i быў той клубок такi, што варта кiнуць яго перад сабою, як ён сам размотваўся i паказваў шлях-дарогу.
Вельмi часта ездзiў кароль да сваiх любiмых дзяцей у лес; i нарэшце каралева зацiкавiлася пастаяннымi яго адлучкамi; захацелася ёй даведацца, што ён робiць у лесе адзiн. Шмат грошай дала яна сваiм слугам, i яны выдалi ёй таямнiцу, а таксама расказалi пра клубок нiтак, якi адзiны можа паказаць туды дарогу. I не мела яна спакою да той пары, пакуль не выведала, дзе кароль хавае гэты клубок; затым пашыла яна з шоўку маленькiя белыя сарочкi i зашыла ў iх свае чары, бо яшчэ ад мацi ведала яна сакрэты чарадзейства.
Вось аднойчы паехаў кароль на паляванне, а яна ўзяла тыя сарочкi i выправiлася ў лес, i клубок паказаў ёй шлях-дарогу. Дзецi, калi ўбачылi здалёку, што нехта наблiжаецца, падумалi, што гэта iдзе да iх дарагi бацька, i радасна выбеглi насустрач яму. I тады накiнула яна на кожнага з iх сарочку; i як толькi дакранулiся тыя сарочкi да iхняга цела, ператварылiся браты ў лебедзяў, узнялiся над лесам i паляцелi.
Вярнулася каралева дамоў дужа задаволеная, думаючы, што яна пазбавiлася ад сваiх пасынкаў; але дзяўчынка не выбегла разам з братамi насустрач ёй, а каралева гэтага не заўважыла. На наступны дзень кароль прыйшоў праведаць сваiх дзяцей, але знайшоў толькi дачку.
- А дзе ж твае браты? - спытаўся ён.
- Бяда, дарагi татка, - адказала дачка, - яны паляцелi i пакiнулi мяне адну. - I расказала яму, што бачыла з акенца, як браты лебедзямi праляцелi над лесам, i паказала пер'е, якое скiнулi яны на падворку i якое яна падняла. Замаркоцiўся кароль, але не ведаў, што гэтую нядобрую справу зрабiла каралева; спалохаўся, што ў яго ўкрадуць i дачку, i вырашыў забраць яе з сабою. Але яна баялася мачыхi i ўпрасiла караля пакiнуць яе яшчэ на адну ноч у лясным замку.
Бедная дзяўчынка падумала: "Нядоўга мне заставацца тут, - пайду я на пошукi сваiх братоў".
Вось ужо i ноч апусцiлася на лес, i выбегла яна з замка i пайшла проста ў лясны гушчар. Праблукала ўсю ноч i ўвесь дзень, пакуль, нарэшце, ад стомы iсцi ўжо не магла. I заўважыла яна паляўнiчы домiк, увайшла ў яго, бачыць - пакой, а ў iм шэсць маленькiх ложкаў, але яна не адважылася легчы, а залезла пад адзiн з ложкаў i вырашыла там начаваць.
Неўзабаве i сонца зайшло, i пачула яна шум i ўбачыла, што прыляцелi да акна шэсць лебедзяў. Яны ўселiся на акне i пачалi здзьмухваць сваё пер'е, i вось лебядзiны ўбор звалiўся з iх, як сарочка. Зiрнула на iх дзяўчынка i пазнала сваiх братоў, узрадавалася i вылезла з-пад ложка. Браты ўбачылi сваю сястру i ўсцешылiся не менш за яе, але радасць iх была кароткай.
- Табе нельга заставацца тут, - сказалi яны, - гэта прытон разбойнiкаў. Калi разбойнiкi вернуцца i знойдуць цябе тут, яны заб'юць цябе.
- А хiба вы не можаце мяне абаранiць? - спытала ў iх сястрычка.
- Не, - адказалi яны, - мы можам скiдаць свой лебядзiны ўбор толькi на чвэрць гадзiны вечарам, тады мы становiмся людзьмi, а затым зноў ператвараемся ў лебедзяў.
Заплакала сястрычка i кажа:
- А хiба нельга зняць з вас чары?
- Не, - уздыхнулi яны, - зрабiць гэта вельмi цяжка. На працягу шасцi гадоў ты не павiнна нi гаварыць, нi смяяцца, i мусiш пашыць нам за гэты час шэсць сарочак з кветказору. А калi ты вымавiш хоць адно слова, дык уся твая праца прападзе.
Пакуль браты расказвалi ёй пра гэта, мiнула чвэрць гадзiны, i яны зноўку сталi лебедзямi i вылецелi праз акно.
Але дзяўчынка цвёрда вырашыла вызвалiць сваiх братоў, нават калi б дзеля гэтага спатрэбiлася яе жыццё. Яна пакiнула паляўнiчы домiк i пайшла ў самы гушчар, залезла на дрэва i там пераначавала. Ранкам яна спусцiлася з дрэва, назбiрала кветказору i пачала шыць. Размаўляць ёй не было з кiм, а смяяцца i зусiм не хацелася...
Так мiнула шмат часу, i здарылася, што кароль той краiны паляваў у лесе, i яго егеры пад'ехалi да дрэва, на якiм сядзела дзяўчынка. Яны паклiкалi яе:
- Хто ты?
Яна нiчога не адказала.
- Спусцiся да нас, - папрасiлi яны, - мы нiчога дрэннага табе не зробiм.
Але яна толькi галавой пакруцiла.
Калi яны пачалi яе распытваць, яна скiнула iм залатыя каралi i думала, што яны задаволяцца гэтым. Але яны ўсё задавалi i задавалi пытаннi; тады яна скiнула iм свой пояс; але калi i гэта не дапамагло, скiнула iм свае падвязкi, такiм чынам неўзабаве яна аддала iм усё, што на ёй было, i засталася ў адной сарочцы. Але егеры i тады не адчапiлiся ад яе; яны залезлi на дрэва, знялi яе адтуль i прывялi да караля. Кароль спытаў:
- Хто ты? Што ты там робiш на дрэве? - Але яна нiчога не адказала.
Ён распытваў яе на ўсiх мовах, якiя толькi ведаў, але яна заставалася маўклiвай як рыба. А была яна прыгожая, i вось кароль моцна ў яе закахаўся. Ён ухутаў яе ў свой плашч, пасадзiў перад сабой на каня i прывёз яе ў свой замак. I загадаў ён апрануць яе ў багатыя ўборы, i стала яна прыгажэйшая. Але нельга было дабiцца ад яе хоць слова. Ён сеў ля стала побач з ёю, i сцiпласць яе i нясмеласць так спадабалiся яму, што ён сказаў:
- Вось з гэтай хачу я ажанiцца i нi з якой iншай на свеце. - I праз колькi дзён ён павянчаўся з ёю.
Але была ў караля злая мацi - ёй не спадабалася яго жанiцьба i яна пачала зласлiвiць пра маладую каралеву.
- Хто ведае, адкуль узялася гэтая дзеўка, - гаварыла яна, - нiводнага слова прамовiць не можа; яна не вартая быць жонкай караля.
Праз год, калi каралева нарадзiла першынца, старая забрала яго, а каралеве пад час сну вымазала рот крывёю. Затым яна пайшла да караля i абвiнавацiла яе ў тым, што яна людаедка. Кароль не хацеў у гэта верыць i не дазволiў прычынiць каралеве зло. А яна ўвесь час шыла сарочкi i нi на што iншае не звяртала ўвагi.
Калi ж зноў нарадзiла яна прыгожага хлопчыка, лiхая свякруха зноўку ўтварыла такi ж самы падман, але кароль не хацеў верыць яе злосным словам. Ён сказаў:
- Яна вельмi сцiплая i добрая, каб магла здзейснiць такое; калi б яна не была нямая, дык даказала б сваю невiнаватасць.
Але старая i на трэцi раз украла нованароджанае немаўлятка i абвiнавацiла каралеву, якая не прамовiла нi слова ў сваю абарону. Каралю ж заставалася толькi адно - аддаць яе пад суд; i прысудзiлi спалiць яе на кастры.
Надышоў дзень выканання прысуду, а быў гэта якраз апошнi дзень з тых шасцi гадоў, на працягу якiх яна не магла нi гаварыць, нi смяяцца.
Яна пашыла за гэты час шэсць сарочак, i толькi на апошняй сарочцы яшчэ не было левага рукава.
Калi павялi яе на касцёр, захапiла яна з сабой сарочкi, i калi завялi яе ўжо на памост i вось-вось павiнны былi распалiць вогнiшча, азiрнулася яна i бачыць - ляцяць да яе шэсць лебедзяў. I зразумела яна, што блiзка яе вызваленне, i затрапятала ў яе сэрца ад радасцi.
Шумна падляцелi да яе лебедзi i апусцiлiся так нiзка, што яна паспела кiнуць iм сарочкi; i як толькi да iх дакранулiся тыя сарочкi, звалiлiся з iх лебядзiныя ўборы, i стаялi перад ёй яе браты, жывыя, здаровыя, i па-ранейшаму прыгожыя, - толькi ў малодшага не хапала левага рукава, i таму на спiне ў яго засталося лебядзiнае крыло. Пачалi яны абдымацца ды цалавацца, i прыйшла каралева да караля, i ён быў моцна здзiўлены, але вось загаварыла яна i сказала:
- Мой любы кароль, з гэтай пары я магу размаўляць i скажу табе, што я нi ў чым не вiнаватая, - i яна расказала яму пра падман старой свекрывi, якая забрала i схавала траiх яе дзяцей. I прынеслi iх у замак на вялiкую радасць караля, а злосную свякроў у пакаранне спалiлi на кастры, i застаўся ад яе адзiн толькi попел.
А кароль i каралева разам з шасцю сваiмi братамi жылi мiрна i шчаслiва доўга-доўга.
ЧОРТ З ТРЫМА ЗАЛАТЫМI ВАЛАСАМI
Жыла аднойчы бедная жанчына, вось нарадзiла яна сыночка, нарадзiўся ён на свет у сарочцы, i было яму прадказана, што на чатырнаццатым годзе ён ажэнiцца з каралеўскай дачкой. I здарылася, што неўзабаве пасля гэтага прыбыў у гэтую вёску кароль; але нiхто не ведаў, што гэта кароль, i калi ён пачаў распытваць у людзей, што ў iх новага, яму адказалi:
- Ды вось нарадзiлася ў нас на гэтых днях дзiця ў сарочцы; што яно нi задумае, ва ўсiм яму будзе ўдача. I прадказана яму яшчэ, што на чатырнаццатым годзе быццам ажэнiцца ён з каралеўскай дачкой.
А было ў караля сэрца лiхое; разгневаўся ён, даведаўшыся аб такiм прадказаннi, i пайшоў да бацькоў хлопчыка, прыкiнуўся такiм ласкавым, такiм добрым i кажа:
- Вы людзi бедныя, аддайце мне ваша дзiця, ужо я аб iм паклапачуся.
Спачатку яны адмаўлялiся, але калi гэты чужы чалавек прапанаваў iм за гэта нямала золата, яны вырашылi: "Ужо як ён нарадзiўся шчаслiўцам, то будзе гэта для яго да лепшага", i яны згадзiлiся i аддалi хлопчыка.
Паклаў кароль дзiця ў паходны куфэрак i паскакаў з iм далей. Пад'ехаў ён да глыбокага вiру, кiнуў куфэрак у ваду i падумаў: "Вось я i выратаваў сваю дачку ад няпрошанага жанiха". Але куфэрак не патануў, а паплыў, нiбы караблiк, i нi адна кропля вады ў яго не прасачылася. I адплыў ён на дзве мiлi ад каралеўскай сталiцы, прыплыў да млына i спынiўся каля плацiны. На шчасце, стаяў паблiзу батрак з млына, ён заўважыў куфэрак i выцягнуў яго бусаком на бераг, думаючы знайсцi ў iм немалыя скарбы; але калi ён яго адчынiў, то ўбачыў, што ляжыць у iм прыгожы хлопчык, здаровы i вясёлы. Ён прынёс яго да млынара i яго жонкi, i паколькi дзяцей у iх не было, то млынарыха зарадавалася i кажа: