- А цяпер я цябе задушу!
- Што?! - здзiвiўся хлопец. - Ты мне так хочаш аддзячыць? Калi так, то вяртайся ў сваю дамавiну.
Ён падняў мерцвяка, кiнуў яго ў дамавiну i прыкрыў векам. З'явiлiся шэсць велiканаў i вынеслi яго.
- Усё нiяк не робiцца мне страшна, - сам сабе паскардзiўся хлопец.
Тады раптам да яго падступiўся адзiн з велiканаў, ростам вышэй за ўсiх i старэйшы за iх, з доўгай сiвой барадой, закрычаў:
- Ах ты, хлапчук! Ты зараз даведаешся, што такое страх. Ты павiнен памерцi!
- Як гэта?!
- Вось зараз...
Страшыдла працягнула рукi да хлопца, хацела ўхапiць яго, але ён выкруцiўся i сказаў:
- Цiшэй, няма чаго рукi распускаць! Калi ты моцны, то i я не слабы.
- Давай памераемся сiлай!
Велiкан павёў хлопца ў кузню, узяў сякеру i адным махам увагнаў кавадла ў зямлю.
- Я здолею не горш, - сказаў хлопец i падышоў да другога кавадла.
Стары сагнуўся, каб лепей бачыць, як юнак будзе заганяць кавадла ў зямлю. Барада яго апусцiлася. А хлопец хуценька адсунуў кавадла дый зашчамiў у яго бараду страшыдлы.
- Вось ты i трапiў да мяне! Цяпер твая чарга памiраць.
Пачаў велiкан стагнаць, прасiцца. Паабяцаў вялiкае багацце. Паверыў хлопец, адпусцiў яго.
Павёў стары ў падзямелле замка i паказаў юнаку тры куфры, поўныя золата.
- Адна частка золата, - сказаў ён, - беднякам, другая - каралю, а трэцяя табе.
Мiж тым прабiла дванаццаць, i дух знiк. Хлопец застаўся адзiн упоцемку. Стаў прабiрацца вобмацкам. Знайшоў дарогу да пакоя, дзе гарэў агонь, i заснуў.
Прыходзiць ранiцай кароль, пытае:
- Ну што, цяпер страху навучыўся?
- Не!.. Пабываў тут мой памёршы стрыечны брат. Прыходзiў нейкi барадач, але што такое страх, так мне нiхто i не сказаў.
Кароль паведамiў яму:
- Ты замак мой вызвалiў ад чараў, можаш цяпер жанiцца на маёй дачцэ.
- Гэта добра, - адказаў хлопец, - але што такое страх, я так i не ведаю.
Паднялi з падзямелля золата. Згулялi вяселле. Малады кароль, як нi кахаў сваю жонку, як нi быў задаволены, а не-не дый паўтараў:
- Каб стала мне страшна!
Надакучыла слухаць такое каралеве. От аднойчы служанка i кажа ёй:
- У гэтай справе я дапамагу. Ён страху навучыцца!
Пайшла яна да ручая, якi бруiўся ў садзе, набрала поўны цэбар печкуроў. Ноччу, як толькi малады кароль заснуў, сцягнула жонка з яго коўдру i вылiла на яго поўны цэбар халоднай вады з печкурамi. Пачалi маленькiя рыбкi скакаць, цялёпкацца па целе маладога караля, ад чаго ён прачнуўся ды як закрычыць:
- Вой, мiлая жонка, як мне страшна, як страшна! Так, цяпер я ўжо ведаю, што такое страх!
КАРОЛЬ ДРАЗДАБАРОД
У аднаго караля была дачка, якая праславiлася на ўвесь свет сваёй прыгажосцю. I праўда, красуняй яна была вышэй усякай пахвалы, але затое i ганарыстая, як нiхто. Нiкога з жанiхоў не лiчыла яна вартым сваёй рукi. Хто нi сватаўся да яе, усе атрымлiвалi адмову ды яшчэ якое-небудзь злое слоўца цi насмешлiвую мянушку ў дадатак. Стары кароль усё дараваў сваёй адзiнай дачцэ, але пад канец нават яму надакучылi яе капрызы i дзiвацтвы.
Ён загадаў наладзiць пышнае свята i склiкаць з далёкiх краёў i суседнiх гарадоў усiх маладых людзей, якiя яшчэ не згубiлi надзею спадабацца каралеўне i дабiцца яе прыхiльнасцi.
З'ехалася нямала жанiхоў. Iх паставiлi ў рад, аднаго за другiм, па старшынству роду i велiчынi даходу. Спачатку стаялi каралi i наследныя прынцы, потым - герцагi, потым - князi, графы, бароны i, нарэшце, простыя дваране.
Пасля гэтага каралеўну павялi ўздоўж раду, каб яна магла паглядзець на жанiхоў i выбраць сабе мужам таго, хто больш за ўсiх прыйдзецца па сэрцу.
Але i на гэты раз нiхто не прыглянуўся каралеўне.
Адзiн жанiх здаўся ёй надта тоўстым.
- Пiўная бочка! - сказала яна.
Другi - цыбатым i даўганосым, як журавель на балоце.
- Жураўлiныя доўгiя ногi не знойдуць шляхi-дарогi.
Трэцi ростам не ўдаўся.
- Ад зямлi не вiдаць - баюся растаптаць!
Чацвёртага яна знайшла надта бледным.
- Белы як смерць, худы як жардзiна!
Пятага - надта румяным.
- Чырванаскуры, на рака падобны!..
Шостага - недастаткова стройным.
- Свежае дрэва - за печкай сушанае. Было сырое, стала сухое, было прамое, стала крывое!
Словам, усiм хапiла на арэхi.
Але чамусьцi горш за ўсiх дасталася маладому каралю, якi займаў у шэрагу жанiхоў ледзь не самае ганаровае месца.
Вось у iм, здаецца, не было нiчога смешнага. Любой дзяўчыне прыйшоўся б ён па густу, толькi не нашай каралеўне. Яна, бачыце, угледзела, што бародка ў яго вастрэй, чым трэба, i надта выдаецца ўперад. I гэтага было дастаткова, каб пазабаўляцца над iм, як можна.
- Ах! - усклiкнула яна i засмяялася. - Паглядзiце! Паглядзiце! У яго барада, быццам дзюба ў дразда. Кароль Драздабарод! Кароль Драздабарод!
А калi на свеце нямала ахвотнiкаў пасмяяцца над суседам, то слоўца гэта тут жа падхапiлi, i нiхто з той пары не называў iнакш маладога караля, як кароль Драздабарод.
Але ў кожнай забавы ёсць канец.
Калi стары кароль, бацька чароўнай каралеўны, убачыў, што дачка яго зусiм i не думае выбiраць сабе жанiха, а толькi дарэмна забаўляецца людзьмi, якiя з'явiлiся па яго запрашэннi, ён моцна раззлаваўся i пакляўся сваёй галавой i каронай, што выдасць яе за першага жабрака, якi трапiцца, якi пагрукае ў браму.
Прайшло два днi. I вось пад вокнамi палаца затрымцелi струны, i нейкi вандроўны музыка зацягнуў песеньку. Спеў быў варты музыкi, ды i песня была з тых, якiя спяваюцца не дзеля весялосцi, а толькi для таго, каб расчулiць слухачоў i выпрасiць у iх трохi грошай цi кавалак хлеба.
Але кароль прыслухаўся i паслаў па музыку сваiх слуг.
- Упусцiце яго. Няхай зойдзе сюды! - сказаў ён.
Брудны, абарваны жабрак нясмела ўвайшоў у палац i праспяваў перад каралём i каралеўнай усё, што ведаў i помнiў. А потым нiзка пакланiўся i папрасiў мiласцiва ўзнагародзiць яго не столькi за ўмельства, колькi за старанне. Кароль сказаў:
- Якая праца, такая i плата. Мне так спадабалiся твае спевы, браток, што я вырашыў выдаць за цябе родную дачку.
Пачуўшы гэтыя словы, каралеўна ў жаху кiнулася перад бацькам на каленi, але кароль нават не паглядзеў на яе.
- Нiчога не зробiш! - сказаў ён. - Я пакляўся сваёй галавой i каронай, што аддам цябе за першага жабрака, якi трапiцца, i я стрымаю сваю клятву!
Колькi нi плакала каралеўна, колькi нi малiла - усё было дарэмна. Яе тут жа абвянчалi з жабраком-музыкай.
А пасля вянчання кароль сказаў:
- Не бывае такога, каб жонка жабрака жыла ў каралеўскiм палацы. Можаш адпраўляцца са сваiм мужам на ўсе чатыры бакi.
Жабрак музыка, не кажучы нi слова, узяў за руку маладую жонку i вывеў яе за браму. Першы раз у жыццi каралеўна пешкi выйшла з бацькоўскага палаца.
Апусцiўшы галаву, не азiраючыся па баках, iшла яна следам за сваiм мужам па камянiстай пыльнай дарозе.
Доўга iшлi яны так па раўнiнах i ўзвалках, па дарогах, дарожках i сцяжынках. I нарэшце сцяжынка вывела iх у засень густога лесу.
Яны селi адпачыць пад старым дубам, i каралеўна спытала, мiжволi задзiвiўшыся цянiстымi дрэвамi:
- Чый гэта лес на захад i на ўсход?
- Там гаспадар - кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой
То быў бы твой.
Каралеўна задумалася, а потым уздыхнула i прашаптала:
- Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!
Музыка скоса паглядзеў на яе, але нiчога не сказаў. Яны пайшлi далей.
I вось перад iмi - паўнаводная рака, а ўздоўж берага сцелецца свежы, сакавiты луг.
Каралеўна зноў спытала:
- Чый гэта луг над мостам сiнiх вод?
- Там гаспадар - кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой
То быў бы твой.
- Ах, - сказала каралеўна, глытаючы слёзы.
Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!
Музыка нахмурыўся, пакiваў галавой, але i тут нiчога не сказаў ёй. I яны зноў пайшлi далей.
Калi сонца пачало хавацца за пагоркамi, каралеўна i жабрак-музыка падышлi да сцен вялiкага багатага горада. Над залатой цяжкой брамай узвышалася круглая вежа.
Каралеўна спытала:
- Чый гэта горад з вежай ля варот?..
- Там гаспадар кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой
То быў бы твой!
Тут каралеўна не вытрымала. Яна горка заплакала i ўсклiкнула, заломваючы рукi:
- Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!..
Музыка раззлаваўся:
- Слухай, галубка! - сказаў ён. - Не вельмi мне па густу, што ты на кожным слове згадваеш другога i шкадуеш, што не пайшла за яго. А я, што ж, недастаткова добры для цябе?
Каралеўна прыцiхла. Не абмяняўшыся нiводным словам, яны прайшлi праз увесь горад i спынiлiся на самай ускраiне, каля маленькага, уросшага ў зямлю дамка. Сэрца скаланулася ў грудзях каралеўны. Яна паглядзела на дамок, на мужа i сарамлiва спытала:
- Чый гэта дом пад зрэбнаю страхой?
- Ён мой i твой! - адказаў з гордасцю музыка i адчынiў перакошаныя дзверы. - Тут мы з табой будзем жыць. Заходзь!
Ёй давялося нахiлiцца, каб, пераступаючы парог, не ўдарыцца галавой аб нiзкую прыталаку.
- А дзе ж слугi? - спытала каралеўна, пазiраючы пабаках.
- Якiя там слугi? - адказаў жабрак. - Што спатрэбiцца, зробiш сама. Вось распалi агеньчык, пастаў ваду ды згатуй мне чаго-небудзь паесцi. Я не на жарты стамiўся.
Але каралеўна не мела нiякага паняцця пра тое, як распальваюць агонь i гатуюць, i музыку давялося самому прыкласцi да ўсяго рукi, каб справа сяк-так пайшла на лад.
Нарэшце небагатая вячэра паспела. Яны паелi i ляглi адпачыць.
А на другi дзень жабрак нi свет нi зара падняў з пасцелi бедную каралеўну:
- Уставай, гаспадынька, некалi песцiцца! Нiхто за цябе працаваць не стане!
Пражылi яны днi два так сабе, i мала-памалу ўсе прыпасы беднага музыкi падышлi да канца.
- Ну, жонка, - сказаў ён, - добранькага пакрысе. Гэтае гультайства не давядзе нас да дабра. Мы з табой толькi праядаемся, а зарабляць нiчога не зарабляем. Пачнi ты нарэшце хоць кошыкi плесцi, цi што... Прыбытак ад гэтага невялiкi, ды затое i праца нецяжкая.
Ён пайшоў у лес, нарэзаў лазы i прынёс дадому цэлую вязку.
Каралеўна ўзялася плесцi кошыкi, але жорсткiя пруты не слухалiся яе. Яны не хацелi нi згiнацца, нi пераплятацца i толькi падрапалi ды пакалолi яе белыя ручкi.
- Так! - сказаў муж, паглядзеўшы на яе работу. - Бачу, што гэта справа не для такiх беларучак, як ты. Сядай лепш прасцi. Можа, хоць на гэта ў цябе хопiць розуму ды ўмельства.
Яна села за калаўрот, але грубая нiтка ўразалася ў пяшчотныя пальцы, i кроў капала з iх гэтак жа часта, як слёзы з яе вачэй.
- Проста гора з табой! - сказаў муж. - Ну памяркуй сама - на што ты здатная! Паспрабаваць, цi што, гандляваць гаршкамi ды ўсякiмi там глiнянымi кубкамi-мiскамi! Будзеш сядзець на рынку, мiргаць вачыма i атрымлiваць грошыкi.
"Ах, - падумала каралеўна, - што калi хто-небудзь з нашага каралеўства прыедзе ў гэты горад, прыйдзе на плошчу i ўбачыць, што я сяджу на рынку i гандлюю збанкамi! Як яны будуць смяяцца нада мной!"
Але рабiць не было чаго. Або памiрай з голаду, або згаджайся на ўсё. I каралеўна згадзiлася.
Спачатку гандаль iшоў слаўна. Людзi нарасхват бралi збанкi ў цудоўнай гандляркi i плацiлi ёй, не таргуючыся, усё, што яна нi прасiла. Мала таго, iншыя давалi ёй грошы ды яшчэ ў дадатак толькi што набытыя збанкi.
Так жылi яны да той пары, пакуль усе кубкi i мiскi не былi распрададзены. А потым муж зноў закупiў цэлы воз глiнянага посуду. Каралеўна ўселася на рыначнай плошчы, каля дарогi, расставiла вакол свой тавар i падрыхтавалася гандляваць.
Як раптам, адкуль нi вазьмiся, нейкi п'яны гусар на гарачым канi, як вiхор, вылецеў з-за вугла i пранёсся па збанках, пакiдаючы за сабой воблака пылу ды кучу бiтых чарапкоў.
Каралеўна залiлася слязьмi.
- Ах, як мне перападзе! - у страху гаварыла яна, перабiраючы рэшткi растаптанага посуду. - Ах, што цяпер скажа мой муж.
Яна пабегла дадому i, плачучы, расказала яму пра сваё няшчасце.
- Ды хто ж садзiцца з глiняным посудам на рынку з краю, ля праезнай дарогi! - сказаў муж. -Ну добра! Досыць раўсцi! Я выдатна бачу, што ты не здатна нi для якой прыстойнай работы. Толькi што я быў у каралеўскiм замку i спытаў там на кухнi, цi не патрэбна iм пасудамыйка. Кажуць - патрэбна. Збiрайся! Я адвяду цябе ў замак i ўладкую там. Не будзеш у рэшце рэшт галадаць.
Так цудоўная каралеўна стала пасудамыйкай. Яна была цяпер на пасылках у повара i рабiла самую чорную работу. У глыбокiя кiшэнi свайго вялiкага хвартуха яна засунула па гаршчэчку i складвала там рэшткi ежы, якая выпадала на яе долю. А вечарам несла гэтыя гаршчэчкi дадому, каб павячэраць пасля работы.
У той самы час, калi каралеўна-пасудамыйка чысцiла на кухнi закураныя катлы i выграбала з печы попел, у палацы рыхтавалiся адсвяткаваць вялiкую падзею - вяселле маладога караля. Наступiў нарэшце i ўрачысты дзень. Скончыўшы работу, каралеўна цiхенька прабралася з кухнi наверх i стаiлася за дзвярыма параднай залы, каб хаця здаля падзiвiцца на каралеўскае свята.