- Столiк, накрыйся!
Але столiк застаўся пустым. Зразумеў бедны сталяр, што столiк яму падмянiлi ў гасцiнiцы. Сорамна зрабiлася перад родзiчамi. Пасмяялiся яны над iлгуном i нi з чым вярнулiся дамоў.
Кравец зноў заняўся сваiм шытвом. А сын дапамагаў яму. Так i зараблялi сабе на хлеб.
Сярэднi сын трапiў на вучобу да млынара. Пры развiтаннi з iм гаспадар сказаў:
- Ты добра працаваў, i за гэта дару табе асла. Ён, праўда, своеасаблiвы, у запрэжку не прыгодны, мяхоў цягаць не будзе.
- Дык навошта ён мне такi?
- Гэты асёл золата выплёўвае, - растлумачыў млынар. - Трэба паставiць яго на хустку, сказаць: "Брыклябрыт!", жывёлiна пачне выплёўваць залатоўкi i ззаду, i спераду.
- О, гэта справа добрая! - падзякаваў падмайстар млынару i пайшоў падарожнiчаць па свеце.
Калi заканчвалiся грошы, ён ставiў асла на хустку, даваў каманду: "Брыклябрыт!" i заставалася толькi падабраць дождж залатовак. Добра яму жылося. Куды не прыйдзе, падаюць яму ўсё самае лепшае i дарагое. Грошай жа меў поўны кашалёк!
Пабачыў свету, наездзiўся малады млынар i вырашыў праведаць бацьку. Падумаў, калi з'явiцца дадому з такiм залатым аслом, то, напэўна, не прыгадае бацька даўнейшы гнеў на яго, сустрэне добра.
I здарылася так, што трапiў ён у тую самую гасцiнiцу, у якой яго старэйшаму брату падмянiлi столiк-накрыйся. Як звычайна, сустрэў падарожнiка ветлiвы гаспадар. Адразу хацеў вызвалiць яго ад асла, узяць i прывязаць у стойле. Малады млынар запярэчыў:
- Не, не, свайго шэрага я сам адвяду ў стойла i сам прывяжу. Я павiнен ведаць, дзе ён будзе знаходзiцца.
Гаспадару гэта падалося дзiўным. Ён падумаў, што яго новы клiент вельмi бедны, бо сам хоча даглядаць свайго асла. Але той дастаў з кiшэнi дзве залатоўкi i загадаў добра накармiць асла. Гаспадар аж вочы вылупiў: адкуль у гэтага млынара такiя грошы?
Паабедаў госць, просiць рахунак. Тут ужо гаспадар мелу не пашкадаваў: налiчыў за абед у два разы болей, чым трэба, ды яшчэ запатрабаваў дзве залатоўкi наверх. Сунуў хлопец руку ў кiшэню, а золата ў ёй няма.
- Гаспадар, пачакайце крыху, - сказаў ён. - Я зараз прынясу вам грошы.
Госць узяў абрус i накiраваўся ў стойла да свайго асла. Цiкаўны гаспадар следам за iм. Дый падгледзеў, як з асла сыпалася золата.
- От якая чартаўшчына! - здзiвiўся гаспадар. - Новенькiя грошы сыплюцца з асла!
У тую ноч яму не спалася. Калi госць улёгся адпачываць, ён вывеў са стойла залатога асла, а на яго месца прывязаў iншага.
Ранiцай малады млынар пакрочыў дадому. Побач з iм iшоў асёл, але то была ўжо не чароўная жывёлiна, а звычайная. Толькi хлопец не ведаў пра гэта.
Бацька сустрэў i сярэдняга сына ласкава, вельмi ўзрадаваўся яго вяртанню.
- Ну, скажы, сынок, чаму навучыўся?
- Стаў я млынаром, мiлы бацечка!
- А што прынёс у хату з далёкiх падарожжаў?
- Ды вось аднаго толькi асла.
- Аслоў i тут удоваль, - заўважыў бацька. - Лепш бы ты прывёў добрую казу.
- Так-то яно так, - адказаў сын. - Але ж гэты асёл не просты, а залаты. Клiчце родзiчаў, я ўсiх зраблю багатымi.
- Талкова! - узрадаваўся кравец. - Можа, i мне цяпер не трэба будзе з iголкай мучыцца.
Пабег ён склiкаць усiх родзiчаў у госцi. Яны хутка сабралiся, i малады млынар пачаў сваё чарадзейства.
Раскiнуў хустку пасярод пакоя, прывёў асла, паставiў на яе. Крыкнуў:
- Брыклябрыт!
У беднага млынара аж твар выцягнуўся, калi ён убачыў, што з асла ўпала зусiм не золата. Зразумеў: яму ў дарозе падмянiлi асла. Пачаў ён прабачэння прасiць у гасцей. А ў бацькi тым больш, бо давялося старому краўцу зноў брацца за сваю iголку.
Малодшы брат трапiў на вучобу да аднаго токара. Рамяство гэта тонкае, вось i давялося яму вучыцца даўжэй за ўсiх. За стараннасць i добрыя паводзiны майстар падарыў яму мяшок, сказаў:
- Ведай, ляжыць у гэтым мяшку дубiнка.
- Навошта яна? Ад яе толькi цяжар.
- Слухай, - растлумачыў майстар, - калi цябе хто пакрыўдзiць, то варта табе сказаць: "Дубiнка, з мяшка!" - i яна iмгненна выскачыць i кiнецца дубасiць таго, хто цябе зняважыў. Ды так стане весела танцаваць па яго спiне, што той тыдзень не пашавелiцца. Запомнi яшчэ: яна не прыпынiцца да таго часу, калi ты не скажаш: "Дубiнка, у мяшок!"
Падзякаваў малады токар свайму гаспадару, закiнуў мяшок за плечы i пайшоў падарожнiчаць ды грошы зарабляць. Даводзiлася яму карыстацца i дубiнкай з мяшка. Пераканаўся: яна старанна выконвала яго загады, аднолькава спрытна ўпраўлялася цi то з кафтанам, цi то з курткай, не вельмi чакала пакуль iх хто здыме.
Вось аднойчы пад вечар завiтаў малады токар у тую самую гасцiнiцу, у якой яго братоў ашукалi. А браты яму паспелi напiсаць, якая з iмi бяда здарылася тут.
Паклаў хлопец свой мяшок на стол, пачаў баяць пра розныя дзiвы, якiя яму давялося пабачыць.
- Бываюць гэткiя столiкi-самаборы, - сказаў ён, ёсць яшчэ аслы залатыя i ўсякая ўсячына. Рэчы добрыя, што й казаць, але яны нiчога нявартыя перад багаццем, якое я здабыў. Ляжыць яно вось у гэтым мяшку.
Тут сквапны гаспадар i натапырыў вушы: што ляжыць у мяшку, можа, самацветы?
Надышоў час класцiся спаць. Госць улёгся на лаву i паклаў пад галаву замест падушкi свой мяшок. Гаспадар пачакаў крыху i давай зладзейнiчаць. Ухапiўся за таямнiчы мяшок, пацiху цягне на сябе. Хацеў падмянiць яго iншым.
А токар гэтага моманту i чакаў. Раптам як крыкне: "Дубiнка, з мяшка!" Як жа выскачыла дубiнка, як надавала гаспадару пад бакi, той аж пачаў прасiць лiтасцi. Але чым гучней ён крычаў, тым мацней дубiнка трэсла яго.
I сказаў тады токар:
- Калi ты не вернеш "столiк-накрыйся" i залатога асла, то дубiнка не перастане танцаваць па табе.
- Вой, - застагнаў гаспадар, - я ўсё ахвотна вярну, толькi скажы свайму дамавiку, каб ён вярнуўся ў мяшок.
- Добра, памiлую цябе, але глядзi, беражыся!
Крыкнуў токар:
- Дубiнка, у мяшок!
I дубiнка ў тое ж iмгненне пакiнула гаспадара гасцiнiцы, ускочыла ў мяшок.
Ранiцай адправiўся токар са "столiкам-накрыйся" i залатым аслом дамоў. Узрадаваўся бацька, убачыўшы малодшага сына, спытаў у яго, чаму ён навучыўся ў чужых краях.
- Дарагi бацечка, я токарам стаў.
- Гэта тонкае рамяство, - пахвалiў бацька i сказаў: - Ну, а што прынёс з падарожжаў?
- Дарагую штучку, мiлы бацечка, - дубiнку ў мяшку.
- Што? - закрычаў кравец. - Дубiнку? Цi варта было несцi яе здалёку. Яе можна вычасаць з любога дрэва.
- Так, але, мiлы бацечка, мая дубiнка чароўная, - супакоiў сын бацьку, расказаў яму яе тайну. - От бачыш, дзякуючы гэтай дубiнцы я вярнуў назад столiк-накрыйся i залатога асла, якiя адняў ад братоў зладзеяваты гаспадар гасцiнiцы. Клiчце iх сюды ды запрашайце ўсю радню!
Стары кравец не зусiм паверыў малодшаму сыну, але што зробiш, склiкаў у сваю хату ўсю радню. Вось раскiнуў токар на ўвесь пакой хустку, прывёў залатога асла i сказаў свайму брату:
- Ну, мiлы братка, пагавары з iм.
I сказаў млынар:
- Брыклябрыт!
I сталi дажджом падаць на хустку залатыя чырвонцы. Асёл рабiў гэта да таго часу, пакуль усе госцi не набралi столькi золата, як панесцi. (А па табе, мой дружа, вiдаць, што i ты не супраць бы пабываць там. Што ж, даруй, гэта казка).
Пасля токар прынёс столiк i сказаў:
- Ну, братка, пагавары з iм.
I толькi сталяр прамовiў: "Столiк, накрыйся!", а ён ужо накрыты абрусам, i ўвесь устаўлены смачнымi стравамi. Пачалося такое баляванне, якога не было ў хаце краўца за ўсё яго доўгае жыццё. Вясёлая i задаволеная вярталася радня дамоў.
I схаваў кравец у шафе iголку i нiткi, метр i прас ды стаў жыць-пажываць разам з сынамi ў радасцi i ў багаццi.
Ну, а куды ж падзелася каза, з-за якой кравец прагнаў з дому сваiх сыноў?
Сорамна ёй зрабiлася, што паголеная ў яе галава, вось i забегла яна ў лiсiную нару, схавалася там. Вярнулася лiса з палявання, бачыць у цемры нары блiшчаць два вялiкiя вокi, напалохалася яна i збегла.
Сустрэў лiсу мядзведзь, бачыць, што яна перапалоханая, цiкавiцца:
- Што з табой, лiсiчка-сястрычка?
- Ох, - адказвае рыжая, - страшны звер засеў у маёй нары, з вогненнымi вачамi.
- Ды мы яго ўраз выганiм! - кажа мядзведзь.
Пайшлi яны да нары. Мядзведзь зазiрнуў туды, спалохаўся вогненных вачэй i даў лататы ад нары. Бяжыць па лесе, зямля пад iм трасецца. Тут сустракаецца яму пчала, пытае:
- Мядзведзь, чаго выгляд у цябе такi маркотны, дзе згубiў сваю весялосць?
- Табе добра разважаць, - адказвае мядзведзь - а вось у лiсiным домiку засеў страшны звер, вочы вылупiў, i выгнаць яго мы не можам.
I сказала пчала:
- Шкада мне цябе, мядзведзь. Хаця я, пчала, слабая i бедная, вы на мяне i глядзець не хочаце, але я ўсё-такi магу вам дапамагчы.
Пчала ўляцела ў лiсiную нару, села казе на паголеную галаву i так моцна яе ўджалiла, што каза ажно падскочыла. Закрычала:
- Ме-ме!
Як ашалелая выскачыла каза з лiсiнай нары. I нiхто да цяперашняга часу так i не ведае, куды яна збегла.
ТРЫ МАЛЕНЬКIЯ ЛЕСАВIКI
Жыў-быў адзiн чалавек, i памерла ў яго жонка; i жыла жанчына, i памёр у яе муж; была ў чалавека дачка, i ў жанчыны таксама была дачка. Дзяўчаты ведалi адна адну i хадзiлi разам гуляць, i зазiралi часта да гэтай жанчыны ў дом. Вось жанчына аднойчы i гаворыць дачцэ таго чалавека:
- Паслухай, скажы свайму бацьку, што я жадаю выйсцi за яго замуж, што ты будзеш за мной кожны дзень у сырадоi купацца ды вiно смакаваць, а дачка мая няхай у вадзе плюхаецца i п'е толькi ваду.
Вярнулася дзяўчына дахаты i расказала бацьку пра тое, што яе прасiла перадаць жанчына. Кажа бацька:
- Што мне рабiць? Ажэнiшся раз, а наракаеш увесь свой век, - усё гэта i радасць, i гора.
I вось, не ведаючы, што яму выбраць, сцягнуў ён з нагi бот i гаворыць:
- Вазьмi гэты бот - у iм падэшва дзiравая, занясi яго на гарышча i павесь на вялiкi цвiк, i налi ў бот вады. Калi вада з яго не прасочыцца, дык прыйдзецца мне другi раз жанiцца, а працячэ - дык не буду жанiцца.
Дзяўчына зрабiла тое, што сказалi ёй; але ад вады дзiрка ў боце зацягнулася, i бот утрымаў па самы верх ваду. Расказала дачка пра гэта свайму бацьку. Вось ён падаўся на гарышча i ўбачыў, што тая гаворыць праўду; пайшоў да ўдавы i жанiўся з ёю, - тут яны i вяселле згулялi.
Назаўтра паднялiся абедзве дзяўчаты, бачаць: стаiць перад бацькавай дачкою малако для мыцця i вiно для пiцця, а перад жончынай дачкою - вада, каб памыцца, ды вада, каб папiць. Новай ранiцай бачаць: стаiць вада мыцца i пiць i перад гаспадаровай дачкою, i перад гаспадынiнай. А яшчэ праз дзень i ноч убачылi: стаiць вада спаласнуцца ды вада прамачыць у роце перад бацькавай дачкою, а малако для мыцця ды вiно для пiцця перад жончынай дачкою; гэтак пайшло-павялося яно i далей.
Неўзлюбiла мачыха падчарку i не ведала, што б такое прыдумаць, каб было ёй з дня ў дзень усё горш i горш. А была яна да ўсяго вельмi зайздросная: падчарка была i мiлая, i прыгожая, а яе родная дачка пачварная i прыкрая.
Аднойчы зiмою, калi надышлi лютыя маразы i ўсё навокал замерзла, горы i далiны засыпала снегам, пашыла мачыха папяровую сукенку, паклiкала дзяўчыну i кажа:
- Начапi гэтую сукенку, iдзi ў лес ды прынясi мне поўную лубку сунiц: мне хочацца ягадамi пачаставацца.
- Божа, ды зiмою сунiцы не растуць, - усклiкнула дзяўчына, - зямля ж глыбока замерзлая i снегам накрытая. I як пайду ў папяровай сукенцы? На дварэ так холадна, што дых займае, вецер прадзьме мяне наскрозь, а калючы цярноўнiк парве мне адзенне.
- Ты што гэта? Iдзеш мне насуперак? - запытала мачыха. - Iдзi борздзенька i не думай нават мне на вочы паказвацца, пакуль не назбiраеш поўную лубку сунiц.
Яна дала ёй кавалак сухога хлеба i дадала:
- Гэта табе хопiць на цэлы дзень, - а сама падумала: "На дварэ ты змерзнеш i з голаду загiбееш, i нiколi дадому не вернешся".
Дзяўчына паслухала, ускiнула на сябе папяровую сукенку i выйшла з дому з лубкай. А навокал снег ды снег, белыя прасторы i далечынi, i нiдзе нiякага зялёнага сцябла не бачна.
Прыйшла яна ў лес, заўважае: стаiць маленькая хатка; i пазiраюць з яе тры невялiкiя лесавiкi. Павiталася яна з iмi i нясмела ў дзверы пастукала. Яны крыкнулi: "Заходзь!" - i яна ўвайшла ў пакой i села на лаўку каля печы, - ёй захацелася пагрэцца i з'есцi свой кавалак хлеба. А маленькiя чалавечкi i гавораць:
- Дай i нам крыху.
- Добра, - адказала яна i разламала свой кавалак хлеба напалам i адну палавiну аддала iм. А потым яны пытаюць:
- Чаму ты ў такой тоненькай сукеначцы зiмою ў лесе?
- Ах, - уздыхнула дзяўчына, - я павiнна дабраць поўную лубку сунiц, а без iх мне дадому вяртацца няможна.
Калi яна з'ела свой кавалачак хлеба, яны далi ёй памяло i сказалi:
- Цяпер змяцi снег за хатнiмi чорнымi дзвярыма.