Хлопчык сарваў сцяблiнку, пажаваў яе.
- Ты тут надоўга? - спытаў ён у цмока.
- Нават не ведаю, што адказаць. Пэўна яшчэ не вырашыў, - сказаў цмок. - Я ж тут зусiм нядаўна, трэба добра агледзецца, памеркаваць, а тады ўжо вырашаць. Сам разумееш, што ўсталявацца надоўга - вельмi складаная i сур'ёзная справа. Але мясцiны тут неблагiя. I апроч таго павiнен табе прызнацца (хоць ты пра мяне, напэўна, нiколi б так не падумаў, але ўжо што ёсць, то ёсць), - я страшны гультай.
- Ты мяне здзiўляеш, - ветлiва заўважыў хлопчык.
- Так, так, гэта сумная праўда, - пацвердзiў цмок, уладкоўваючыся яшчэ ўтульней. Ён быў страшна задаволены, што нарэшце ёсць з кiм паразмаўляць. - Я нават думаю, што трапiў сюды менавiта таму, што я гультай. Разумееш, усе астатнiя былi такiя жвавыя, такiя дзейныя, яны вельмi сур'ёзна i адказна ставiлiся да сваёй справы: увесь час буянiлi цi ладзiлi шалёныя бойкi, кiдалiся ачышчаць пяскi ў пустэльнi цi ўцiхамiрвалi марскiя хвалi, а то палявалi на рыцараў цi выкрадалi прынцэс - чаго толькi яны не выдумлялi! Ну, а што да мяне, дык я заўсёды любiў есцi строга па раскладзе - рэжым, ведаеш, вельмi iстотная рэч, а тым болей для цмокаў. Пад'еўшы, я абапiраўся спiнаю аб якую-небудзь утульную скалу i драмаў, а прачнуўшыся, разважаў пра нашае жыццё, якое цячэ, цячэ як рака... Таму, калi ўсё гэта здарылася, я нiчога не паспеў зрабiць.
- Калi здарылася што, ты не мог бы мне растлумачыць? - папытаўся хлопчык.
- А вось гэтага я якраз дакладна не ведаю. Было такое ўражанне, быццам Зямля глыбока ўздыхнула, а тады чыхнула так моцна, што недзе ўсярэдзiне выпала донца. Карацей кажучы, памятаю толькi нейкi моцны штуршок, жудасны шум, - i ўсё пачало валiцца ў пекла - поўны хаос. Я адразу самлеў, а калi апрытомнеў, дык быў глыбока пад зямлёй, зацiснуты з усiх бакоў. Але ж лiха без дабра не бывае. Дзякуй Богу, патрэбаў асаблiвых у мяне няма, i я нават парадаваўся, што нарэшце застаўся адзiн у цiшынi ды спакоi. Нiхто не чапляўся да мяне з прапановамi злётаць разам па якую прынцэсу цi прагуляцца за сотню мiль, каб паплаваць у моры.
Мне было аб чым паразважаць там, у глыбiнi, - мозг працаваў як нiколi, можаш паверыць. Але час iшоў, вакол зусiм нiчога не мянялася, i я патроху пачаў думаць, што было б цiкава выбрацца наверх ды паглядзець, як там усе пажываюць. Я пачаў рыць зямлю i рыў яе, рыў, пакуль вось не выбраўся праз гэтую во пячору.
Мне падабаецца тут. Надта ўжо краявiд прыгожы. Дый людзi, з першага погляду, неблагiя (блiзка я, праўда, з iмi яшчэ не знаёмы). Хутчэй за ўсё я, вiдаць, тут i асяду, - скончыў цмок свой расказ.
- А пра што ты думаў увесь час, пакуль сядзеў пад зямлёй? - папытаўся хлопчык. - Мне гэта вельмi цiкава.
Цмок крыху пачырванеў i пачаў уважлiва разглядаць зорнае неба. Потым сарамлiва прамовiў:
- Скажы, а ты нiколi - ну так, дзеля забавы - не спрабаваў пiсаць вершы?
Хлопчык усмiхнуўся:
- Ну, безумоўна, я пiсаў вершы, i сякiя-такiя, на мой погляд, былi вельмi неблагiя, але ведаеш, нiхто з маiх паэзiяй асаблiва не цiкавiцца. Мацi заўсёды ўважлiва слухае, калi я чытаю свае вершы, дый бацька таксама, але яны неяк... Ну, не зусiм...
- Як я цябе разумею! - радасна крыкнуў цмок. - Вось тое самае i са мной! Яны слухаюць, слухаюць, але каб цалкам, дык усё роўна цябе не разумеюць, што ты тут зробiш?! Але ж ты - ты iншы, я тваю адукаванасць i выхаванне адчуў адразу, як мы пазнаёмiлiся. I я вельмi хацеў бы пачуць тваё меркаванне наконт сякiх-такiх невялiчкiх твораў, якiя самi прыйшлi мне ў галаву, калi я сядзеў унiзе. Цудоўна, што мы з табой пазнаёмiлiся, мне гэта так прыемна! Спадзяюся, што i iншыя суседзi такiя ж мiлыя i выхаваныя, як ты. Учора я тут бачыў аднаго вельмi прыстойнага джэнтльмена, але ён, вiдаць, пасаромеўся мяне патурбаваць.
- Гэта быў мой бацька, - растлумачыў хлопчык, - ён сапраўды добры. Калi хочаш, я калi-небудзь вас пазнаёмлю.
- Можа, вы з бацькам заўтра павячэраеце са мной? - парадаваўся цмок. Вядома, калi вы нiчым не занятыя, - дадаў ён ветлiва.
- Дзякуй за запрашэнне, - усмiхнуўся хлопчык. - Але, ведаеш, мы з бацькам нiколi не ходзiм у госцi без мацi, а я, шчыра кажучы, не ведаю, як яна паставiцца да цябе. Што нi кажы, а ты ўсё ж сапраўдны цмок. I калi ты кажаш, што збiраешся тут асесцi ды цiкавiшся суседзямi, дык баюся, ты не зусiм уяўляеш сваё становiшча. Ты ж вораг роду чалавечага!
- Нiчога падобнага! Ды ў мяне ва ўсiм свеце нiводнага ворага не знойдзеш! Па-першае, у такiх гультаёў, як я, ворагаў проста не бывае. А па-другое, хоць я й чытаю свае вершы другiм, дык i сам iхнiя вершы заўсёды гатовы паслухаць! Чаго яшчэ ад мяне можна патрабаваць?
- О, Божа! - уздыхнуў хлопчык. - Ну зрабi ты намаганне, паспрабуй зразумець: як толькi людзi даведаюцца, што ты тут, яны адразу прыйдуць да гэтай пячоры, да зубоў узброеныя мячамi, дзiдамi ды лукамi. Яны палiчаць, што ты мусiш быць знiшчаны. Бо ты для iх - кара Божая, брыдкi яшчар, агiдны монстр, жахлiвая пачвара!
- Ва ўсiм гэтым анiводнага слова праўды, - урачыста прамовiў цмок, пакруцiўшы галавой. - Мая асоба вытрымае сама пiльную праверку. Але слухай, калi ты прыйшоў, я тут якраз складаў адзiн невялiчкi санет i быў бы ўдзячны, каб ты яго ацанiў.
- Калi не хочаш размаўляць сур'ёзна, - раззлаваўся хлопчык, устаючы, - дык я лепей пайду. Слухаць санеты ў мяне часу няма - мяне чакае мацi. Я зайду да цябе заўтра, а ты пакуль паспрабуй зразумець, што ты - жахлiвы монстр, а то вокам мiргнуць не паспееш, як з цябе скуру злупяць! Да пабачэння!
Вярнуўшыся дадому, хлопчык супакоiў бацькоў, расказаўшы пра лагодны нораў свайго новага сябра. I бацькi, якiя давяралi меркаванням сына, адразу перасталi хвалявацца.
А праз пэўны час хлопчык пазнаёмiў з цмокам свайго бацьку. Цмок i пастух нагаварылi адзiн аднаму шмат прыемных словаў i рассталiся цалкам задаволеныя сустрэчай.
Але пастухова жонка так i не здолела заплюшчыць вочы на той сумны факт, што цмок ёсць цмок i што ў вёсцы яго нiхто ў сябе не прымае. Яна не пажадала быць прадстаўленай цмоку фармальна, але гатовая была дапамагчы яму па гаспадарцы: прывесцi ў парадак пячору, зацыраваць што-небудзь цi прыгатаваць якую смачную страву (а яна была ўпэўнена, што як любы джэнтльмен, якi захапляецца паэзiяй, цмок нярэдка забываецца пра ежу, а гэта яе, як сапраўдную жанчыну, вельмi непакоiла).
Мацi дазваляла хлопчыку хадзiць да цмока хоць кожны дзень, але вяртацца дадому ён мусiў не пазней за дзевятую гадзiну вечара.
Амаль кожны вечар хлопчык бег па стромае сцежцы да цмокавай пячоры i вельмi прыемна бавiў са сваiм сябрам час. Шмат цiхiх летнiх вечароў правялi яны, седзячы побач на мяккай, нагрэтай сонцам траве. Хлопчык любаваўся прыгожым краявiдам i з захапленнем слухаў цмокавы рассказы пра даўно мiнулыя часы, калi цмокаў было шмат, свет быў болей цiкавы, а жыццё - поўнае нечаканасцяў i прыгод.
Але ж нарэшце здарылася тое, чаго так баяўся хлопчык. Зразумела, што нават сама сцiплы, цiхi i спакойны цмок не можа пазбегнуць людской цiкаўнасцi, калi ён памерам з добрую хату i ўвесь пакрыты буйною луской.
Кожны вечар вяскоўцы збiралiся ў шынку i гутарылi толькi пра цмока. Яны абмяркоўвалi яго памеры, яго злосны нораў i страшны выгляд. Вяскоўцы былi напалоханыя, але ў той жа час ганарылiся - не кожная вёска можа пахвалiцца сваiм уласным цмокам. Але ж цмок ёсць цмок! Як бы там не было, яго трэба неадкладна знiшчыць i вызвалiць край ад брыдкага яшчара, агiднага монстра i жахлiвай пачвары!
На той факт, што за ўвесь час, калi цмок пачаў жыць побач, у вёсцы нават курыца не прапала, нiхто не зважаў. Цмок ёсць цмок, ад гэтага не адмовiшся, а калi ён не жадае паводзiць сябе, як тое яму належыць, дык гэта яго ўласная праблема!
Размовы размовамi, але героя, якi ўзяў бы шчыт, меч i добрую дзiду ды вызвалiў бы шматпакутную вёску з-пад цмокавай улады, пакрыўшы сябе неўмiручаю славай, - такога героя чамусь не знаходзiлася. I таму кожны вечар жыхары вёскi разыходзiлiся па хатах незадаволеныя.
А тым часам цмок палежваў на траўцы, любаваўся сонечнымi заходамi, расказваў хлопчыку дапатопныя анекдоты, дасканалiў старыя вершы ды складаў новыя.
Але аднойчы, калi хлопчык зайшоў па нейкiх справах у вёску, ён вельмi здзiвiўся: па календары быў звычайны дзень, а вёска выглядала па-святочнаму. З вокнаў дамоў былi вывешаныя рознакаляровыя дываны, гучна звiнелi царкоўныя званы, маленькая вулачка была засыпаная кветкамi, а людзi, апранутыя ў святочныя строi, стаялi абапал дарогi, штурхалiся i радасна шумелi. Хлопчык убачыў у натоўпе аднаго свайго сябра i пачаў прабiрацца да яго.
- Што здарылася? - закрычаў ён. - Каго чакаюць? Цырк? Цi мо яшчэ што?
- Усё цудоўна! - крыкнуў сябар яму ў адказ. - Ён едзе!
- Хто едзе? - перапытаў хлопчык.
- Ты што, не ведаеш? Едзе сам Святы Георг! Да яго дайшлi чуткi пра нашага цмока, i вось ён выправiўся ў дарогу, каб знiшчыць жахлiвага монстра i вызвалiць нас з-пад ягонай улады, - растлумачыў сябар. - Уяўляеш, якая будзе бойка?!
Вось навiна дык навiна! Хлопчык вырашыў не даваць веры чуткам, а застацца i пабачыць усё на свае вочы. Ён прадраўся скрозь натоўп у першы рад i, стаiўшы дыханне, пачаў чакаць.
I вось здалёк пачуўся спачатку шум, крыкi, а тады - тупат вялiзнага каня. Сэрца ў хлопчыка забiлася хутчэй, i ён радасна закрычаў разам з усiмi, убачыўшы, як на вулiцу конна ўязджае Святы Георг. Рыцар паволi ехаў па вулiцы, не зважаючы на радасныя крыкi, мiльгаценне рознакаляровых насовак, лямант i плач жанчын, якiя на выцягнутых руках паднiмалi насустрач герою сваiх немаўлят.
Сэрца ў хлопчыка аж зайшлося, i ён сам ледзь не зарыдаў ад захаплення - да такой ступенi рыцарава хараство i грацыя пераўзыходзiлi ўсё сама чароўнае, што бачыў ён у сваiм жыццi.
Iнкруставаныя золатам даспехi блiшчалi на сонцы, вецер калыхаў чырвоныя пёры на шаломе, якi звiсаў з лукi сядла. У рыцара быў прыгожы твар, густыя бялявыя валасы, але яго блакiтныя вочы падалiся хлопчыку суровымi i няўмольнымi.
Святы Георг спынiўся каля шынка, i вяскоўцы кiнулiся да яго ўсiм натоўпам. Яны вiталi героя, дзякавалi яму за прыезд, а болей за ўсё скардзiлiся на жахлiвую пачвару, якая нясе iм галечу i пагiбель. Тады хлопчык пачуў суровы, але прыемны голас Святога Георга. Той суцяшаў вяскоўцаў, абяцаючы абаранiць iх i вызвалiць з-пад улады лютага ворага. Потым ён злез з каня i ўвайшоў у шынок, а натоўп павалiў за iм.
Хлопчык з усiх ног кiнуўся да цмокавай пячоры. Нiколi яшчэ яму не даводзiлася бегаць так хутка.
- Усё скончана, цмок! - закрычаў ён, ледзь убачыўшы свайго сябра. - Ён прыехаў! Ён ужо тут! Нарэшце табе давядзецца зрабiць што-небудзь!
Якраз у гэты час цмок займаўся туалетам - ён старанна вылiзваў сваю луску i палiраваў яе фланэлеваю анучкай, якую яму пазычыла хлопчыкава мацi. Луска блiшчала на сонцы, i цмок выглядаў проста чароўна - здалёк ён нагадваў гiганцкi кавалак бiрузы.
- Што гэта на цябе сёння найшло? Хiба можна так крычаць?! - адказаў цмок, не паварочваючы галавы. - Сядай, аддыхайся крышку, прыгадай, што, згодна з граматыкай, дзеясловам кiруе назоўнiк, i тады скажы - хто прыйшоў?
- Я вельмi рады, што ты ўсё прымаеш так спакойна, - кплiва сказаў хлопчык, - спадзяюся, ты застанешся такi сама спакойны i вытрыманы i тады, калi пачуеш маю навiну. У вёсцы аб'явiўся Святы Георг - вось так! Ён прыехаў паўгадзiны таму. Вядома, для цябе, такога вялiзнага й дужага, бойка з iм - драбяза! Але я ўсё ж вырашыў папярэдзiць цябе на ўсялякi выпадак. Я ўпэўнены, што гэты Святы Георг паднiмецца яшчэ на золку, i ты вочы прадраць не паспееш, як ён ужо будзе тут са сваёй даўжэзнай i востраю дзiдай.
I хлопчык радасна заскакаў на адной назе вакол цмока, смакуючы наперад крывавую бойку.
- Бедны я, няшчасны, - застагнаў цмок, - як гэта жахлiва. Не, я не прыму яго нi ў якiм разе! Я з iм зусiм не знаёмы. I я чамусьцi цалкам упэўнены, што ён мне не спадабаецца. Ты павiнен як мага хутчэй сказаць яму, каб ён тэрмiнова ад'язджаў. Я не магу забаранiць яму напiсаць мне, але катэгарычна адмаўляюся даваць iнтэрв'ю. Скажы, што я нiкога не прымаю.
- Цмок! Ну, ты што?! - пачаў угаворваць яго хлопчык. - Хiба можна быць такiм баязлiўцам? Ты зразумей: табе ўсё роўна давядзецца з iм бiцца, не сёння, дык заўтра, бо ты - цмок, а ён - Святы Георг! Ведаеш, як у нас кажуць? "Перш папрацуй, а тады й патанцуй". Зладзiм бойку, а тады пiшы сабе санеты, колькi ўлезе. Дый трэба ж i пра iншых думаць! Калi табе часам бывае сумна, дык уявi, як сумна бывае мне!
- Шаноўны мой сябар, - цырымонна прамовiў цмок, - я хачу, каб ты раз i назаўсёды зразумеў адну простую рэч: я не магу бiцца, i я не буду бiцца. Нiколi за сваё немалое жыццё я не браў удзелу ў бойках i пачынаць цяпер, дзеля тваёй забавы, не збiраюся. У былыя часы я заўсёды пакiдаў бойкi iншым - лепшым за мяне, i я ўпэўнены, што менавiта таму маю шчасце быць цяпер тут, побач з табой.