У Мэгрэ, якому нiколi не даводзiлася сустракацца з Бобам, ужо складвалася выразнае ўяўленне пра яго характар i нават пра аблiчча.
"Па-другое, я не маю анiякага жадання прадаваць сваё iмя, якое няцяжка мне насiць i самому".
Бо калi ў раёне плошчы Тэрн i на бегавых дарожках скачак сёй-той i называў яго графам, то большасць з iх была пераканана, што гэта проста мянушка, i яны не мелi нават ўяўлення пра яго сапраўднае прозвiшча.
Як паводзiла Элiза Жандро? Ускiпела, нагадала пра свой гонар? А брат? Прыйшоў у ярасць?
"А вы ўвогуле заткнiцеся! Дарэчы, зараз я раскажу вашай сястры, што за камбiнацыю вы прыдумалi".
Ён меў час на гэта? Цi Рышар адразу кiнуўся на яго?
Сотнi тысяч людзей, якiя пiлi каву "Бальтазар" i, як мадам Мэгрэ, наклейвалi ў альбомы малюнкi разнастайных кветак, не маглi i ўявiць сабе, што iх ранiшняя фiлiжанка кавы аказалася стаўкай у бойцы ў адным з пакояў асабняка на вулiцы Шапталь.
У подлай бойцы, якую, можа, падцiкоўваў за дзвярыма лёкай.
Мужчыны, вiдаць, кiнулiся адзiн на аднаго з кулакамi. Магчыма, абодва пападалi.
Цi быў узброены Рышар Жандро? Ён, несумненна, здольны нанесцi ўдар спатайка.
- Па-мойму, стрэлiла шлюшка. Не са зла. Яна проста ашалела. Iнакш бы яна не кiнулася ў роспачы да акна i не стала б клiкаць на помач. А можа, акно было расчынена i раней? Прызнацца, я не заўважыў... Цi бачыце, мне здаецца, яна ў рэшце рэшт па-сапраўднаму падлюбоньвалася да Боба. Па ўсiм вiдаць, што так. Пачатак паклалi яе iнтарэсы. Але ён быў гэткi непадобны да марожаных судакоў, якiя звычайна акружалi яе... Мне здаецца, што, калi яна пабачыла, што Боб бярэ верх цi што брат зрабiў спробу нанесцi ёй подлы ўдар у спiну, яна проста ашалела. I стрэлiла. На няшчасце, яна не ўмела цэлiцца. I патрапiла ў Боба, ды яшчэ ў самае сэрца... А што, калi нам заказаць яшчэ пляшачку? Яно ж зусiм лёгкае, гэта вiнцо. Вось так, прыяцель Жуль!
Калi я ўбачыў, як нейкi дзiвак стаў ламацца ў дзверы, каб яго ўпусцiлi, я змыўся, потым зноў вярнуўся, але ўсё было ўжо цiха. Я палiчыў за лепшае даць драпака. Потым мы з Люсiль сталi раiцца, што рабiць. Мы ўвесь час спадзявалiся, што Боб вернецца, цi што хоць даведаемся, што ён у бальнiцы. Урэшце я адправiўся да Жандро ў офiс. Вось адкуль я i ведаю, як выглядае стары. Хiба было б лепей, калi б з гэтага нiхто не пакарыстаўся?
Ён раскашэлiўся амаль адразу ж, так што я нават пашкадваў, што не запатрабаваў сто тысяч замест паўсотнi. Мярзотнiкi! Вы звалiлiся нам на галаву якраз у той момант, калi мы збiралiся змыцца. Пагадзiцеся, было б занадта па-дурному дапусцiцца да таго, каб нас накрылi.
Ваша здароўе, старына!
Яны ўсё ўладкавалi як нельга лепей для сябе. Я пачынаю ўжо трошкi звыкаць з гэтай думкай. Але мяне проста верне, калi я сустракаю на вулiцы iх выязны экiпаж, дзе на конях такая шыкоўная збруя, а возны з такой пыхай красуецца на козлах!..
- Гаспадар! Кавы нам, толькi не "Бальтазар".
Прыйшлося, аднак, выпiць менавiта бальтазараўскую, таму што iншай у доме проста не знайшлося.
- Якое паскудства! - вылаяўся Дэдэ праз зубы. Адно шчасце, што можна зашыцца ў вёску.
- З Люсiль?
- Яна нiбыта не супраць. У нас ёсць пяцьдзесят тысяч, цi каля гэтага. Я заўсёды марыў адкрыць "бiстро" на беразе ракi, такое, да прыкладу, як гэта, i дзе клiенты будуць мае дружкi-таварышы. Але даволi цяжка знайсцi такую мясцiну, таму што трэба, каб яна была не дужа далёка ад iпадрома. Заўтра пашвэндаюся ў ваколiцах Мэзон-Лафiта. Якраз там я прыстроiў Люсiль.
Ён раптам збянтэжыўся i паспешлiва дадаў:
- Не думайце, аднак, што мы адразу ж зажывём як нявiнныя анёлачкi?!
* * *
Так прайшоў цэлы тыдзень. Кожнай ранiцы Мэгрэ па званку заходзiў у кабiнет камiсара i падаваў яму дзённы рапарт. Кожнай ранiцы Лё Брэ памыкаўся нешта сказаць, але так i не рашаўся, адварочваўся.
Яны не заводзiлi нiякiх iншых размоў, апрача службовых. Мэгрэ пасур'ёзнеў, рухi яго сталi больш спакойныя, хоць ён яшчэ i не атлусцеў. Ён нават перастаў усмiхацца i выдатна ўсведамляў, што быў жывым дакорам для Лё Брэ.
- Скажыце, даражэнькi...
Гэта было на пачатку мая.
- ...калi ў вас экзамены?
Экзамены па таму самаму прадмету, якi ён вывучаў у тую ноч, калi флейтыст убег у палiцэйскi камiсарыят, уварваўся ў жыццё Мэгрэ.
- На наступным тыднi.
- Мяркуеце здаць?
- Спадзяюся.
Адказваў Мэгрэ холадна, амаль суха.
- Гiшар казаў мне, што вы марылi паступiць у Вышукную.
- Марыў некалi.
- А цяпер?
- Не ведаю.
- Думаю, ваша месца якраз там, i хоць я вельмi цаню вас тут, аднак пастараюся памагчы вам у гэтай справе.
Спазм перахапiў горла Мэгрэ, i ён не вымавiў нi слова. Ён усё яшчэ злаваў. Ён нiяк не мог дараваць iм, усiм разам - i камiсару, i Жандро, i службоўцам з Вышукной, i, можа, нават самому Гiшару, якога ён у глыбiнi душы паважаў амаль так, як паважаў свайго бацьку.
Калi Гiшар, аднак...
Яны неабвержна мелi рацыю, Мэгрэ збянтэжана ўсведамляў гэта. Скандал нiчога не даў бы. У любым выпадку Элiз Жандро была б апраўдана.
У такiм разе?..
Цi не на само жыццё злаваў ён, i цi не памыляўся ён сам, не жадаючы ўразумець гэта?
Ён не чакаў, што будзе куплены. Ён не хацеў прымаць ад камiсара Лё Брэ анiякай ласкi.
- Пачакаю сваёй чаргi, - буркнуў ён цiха.
Назаўтра ж яго выклiкалi на Набярэжную.
- Усё яшчэ злуяце, мой хлопчык? - запытаўся шэф, кладучы руку яму на плячо.
Ён не змог утрымацца i амаль гнеўна, сапраўды як хлапчук, кiнуў:
- Гэта Элiз Жандро забiла Боба.
- Можа.
- Вы ведалi гэта?
- Не сумняваўся. Калi б гэта зрабiў яе брат, Луi не стаў бы ахвяраваць сабой.
Вокны кабiнета выходзiлi на Сену. Буксiры цягнулi за сабой цэлую нанiзку баржаў i, перад тым як прайсцi пад мостам, уключалi свае сiрэны i апускалi трубы. Трамваi, аўтобусы, фiякры, таксi бесперапынна рухалiся па мосце Сэн-Мiшэль, на тратуарах ажыўлена снавалi жанчыны ў яркiх апратках.
- Сядайце, старына.
Урока, пададзенага яму ў той дзень бацькоўскiм тонам, нельга знайсцi нi ў адным падручнiку па навуковай крымiналiстыцы.
- Вы зразумелi? Наша задача - наносiць як мага меней шкоды. Чаму магло паслужыць гэта выкрыццё?
- Праўдзе.
- Якой праўдзе?
I шэф заключыў:
- Можаце запалiць люльку. З панядзелка вы - iнспектар у групе камiсара Барадэ.
Мэгрэ i не падазраваў, што некалi, праз дваццаць два гады, ён зноў спаткаецца з Элiз, якая тады будзе насiць ужо iнакшае - арыстакратычнае iтальянскае прозвiшча мужа.
Не ведаў ён i таго, што яна прыме яго ў тым жа нязменным офiсе Бальтазараў - у кабiнеце, якi ён уяўляў толькi дзякуючы нейкаму Дэдэ, - дзе ён нарэшце ўбачыць партрэт старога, якi па-ранейшаму будзе вiсець на сваiм месцы.
"Месье камiсар..."
Камiсар - гэта ён, Мэгрэ.
"Лiчу не лiшнiм прасiць вас пра захаванне тайны..."
I справа будзе тычыцца таго, што на адмiнiстрацыйнай мове вызначаецца як "следства ў сямейных iнтарэсах".
"У маёй дачкi, на няшчасце, характар бацькi..."
Што да яе самой, то яна будзе спакойная i халодная, як стары Бальтазар, чый партрэт ва ўвесь рост будзе вiсець за яе крэслам.
"Яна дазволiла сабе захапiцца адной бессаромнай асобай, ён павёз яе ў Ангельшчыну, дзе дамогся дазволу на шлюб. Трэба любой цаной..."
Не, ён яшчэ не ведаў, што яму яшчэ раз давядзецца трымаць у сваiх руках гонар сям'i Бальтазараў.
Пакуль яму было ўсяго дваццаць шэсць гадоў. I яму рупiла хутчэй падзялiцца сваёй радасцю з жонкай: "Я паступаю ў опергрупу шэфа!"
Але яму не ўдалося адразу ж спраўдзiць сваё жаданне. На вулiцы яго чакаў Жустэн Мiнар.
- Кепскiя навiны?
- Добрыя! Мяне прасваталi!
Флейтыст расхваляваўся, здаецца, яшчэ болей, чым Мэгрэ.
- Вы пакiдаеце камiсарыят?
- З заўтрашняга дня.
- Замочым такую падзею?
I яны адправiлiся ў пiўную "Дафiн", у двух кроках ад Набярэжнай. Iнспектары з Вышукной, якiя сядзелi тут i пiлi пiва, зусiм не звярталi ўвагi на двух незнаёмцаў, што ўсё чокалiся i аж свяцiлiся радасцю.
Мiне колькi дзён, i адзiн з гэтых мужчын перастане быць для iх незнаёмцам. Мэгрэ стане iм раўня. Ён будзе заходзiць сюды, як дадому, гарсон пачне вiтаць яго па iменi i будзе ведаць, што яму падаць.
Дадому ён вярнуўся толькi ўвечары i - п'яны. Сто разоў - то флейтыст Мэгрэ, то Мэгрэ флейтыста - праводзiлi адзiн аднаго з аднаго канца вулiцы ў другi.
- Твая жонка... - пярэчыў Мэгрэ.
- Якое гэта мае значэнне?!
- Ты не спознiшся на свае танцулькi?
- Якiя танцулькi?!
Паднiмаючыся па лесвiцы, Мэгрэ нарабiў грукату. Ён расчынiў дзверы i сур'ёзна абвясцiў:
- Вiтай новага iнспектара з групы шэфа!
- А дзе ж твой кацялок?
Ён правёў рукой па галаве i пераканаўся, што сапраўды дзесьцi згубiў свой кацялок.
- Вось яны, жанчыны! Але заўваж... ты толькi заўваж, бо гэта вельмi важна... вельмi важна, чуеш?.. I камiсар тут нi пры чым... Яны даўно ўжо сачылi за мной, а я i не ведаў... Ведаеш, хто мне пра гэта сказаў?.. Сам шэф... Ён мне сказаў... Я не магу паўтарыць табе ўсё, што ён сказаў мне, але ён зусiм як бацька... Бацька, разумееш?
Яна прынесла яму пантофлi i згатавала моцную каву.
Сименон Жорж
Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Жорж Сiмэнон
Першая справа Мэгрэ
Раман
Пераклад: Нiна Мацяш
Раздзел I
ФЛЕЙТЫСТ ДАЕ ПАКАЗАННI
Чорны бар'ер падзяляў пакой на дзве часткi. На палове, прызначанай для наведвальнiкаў, самотна тулiлася каля пабеленай сцяны, спярэшчанай службовымi плакатамi i аб'явамi, чорная лава. Другую палову займалi пiсьмовыя сталы з чарнiлiцамi, палiцы, напакаваныя разбухлымi папкамi, таксама чорнымi, так што ўсё тут было чорна-белае. Але найбольшую ўвагу звяртала на сябе печка, якая красавалася на лiсце жалеза, чыгунная печка-"буржуйка" з тых, што можна ўбачыць хiба толькi на вакзале якога-небудзь захалуснага гарадка. Труба з яе спярша iмкнулася ўгору, да самай столi, потым крута выгiналася ўбок цераз увесь пакой i, нарэшце, утыкалася ў сцяну.
Прыгажунчык палiцэйскi па прозвiшчу Лякер сядзеў у пакоi, расшпiлiўшы мундзiр, i ледзьве адольваў дрымоту.
Насценны гадзiннiк у чорным футарале паказваў дваццаць пяць хвiлiн другой гадзiны ночы. Раз-пораз патрэскваў адзiны ў пакоi газавы ражок. I ў печы таксама час ад часу гуло без дай прычыны.
Спакой ночы ўсё радзей i радзей парушаўся то пошчакам ляскоткi вартаўнiка, то вясёлай песенькай запозненага гулякi, то грукатам фiякра па крутой вулiцы.
За сталом злева, уткнуўшыся ў невялiкую новенькую брашуру "Курс апiсальных прыкмет (славесны партрэт) для афiцэраў i iнспектараў палiцыi", як школьнiк, варушыў вуснамi сакратар камiсарыята квартала Сэн-Жорж.
На форзацы кнiгi было акуратна выведзена ад рукi фiялетавым чарнiлам: Ж.МЭГРЭ.
Ужо трэцi раз за гэту ноч Жуль Мэгрэ, малады сакратар палiцэйскага камiсарыята, уставаў з-за стала паварушыць у печцы жар. Памяць аб гэтай печцы ён пранясе праз усё сваё жыццё; амаль гэткая ж будзе стаяць у яго на Набярэжнай Арфеўр, а пазней, калi ва ўсе памяшканнi крымiнальнага вышуку правядуць цэнтральнае ацяпленне, Мэгрэ - тады ён ужо будзе камiсарам батальёна палiцыi цi начальнiкам аператыўнай групы - здолее дабiцца дазволу захаваць такую печку ў сваiм кабiнеце.
Было 15 красавiка 1913 года. Тады вышукная палiцыя яшчэ называлася Сюртэ. Ранiцай на Лангшанскi вакзал урачыста прыбыў адзiн каранаваны чужаземец, сустракаць якога ездзiў сам прэзiдэнт рэспублiкi. Афiцыйныя ландо пад эскортам нацыянальнай гвардыi пры поўным парадзе паволi прадэфiлявалi па авеню дзю Буа i Елiсейскiх палях мiж дзвюма шарэнгамi натоўпу i сцягоў.
У Оперным тэатры адбыўся вялiкi ўрачысты вечар, i толькi пад ноч ацiх развясёлы людскi гоман i пагаслi агнi феерверкаў.
Палiцыя знемагала. Нягледзячы на прынятыя меры засцярогi - загадзя праведзеныя арышты i тайную дамоўленасць з пэўнымi падазронымi асобамi, - усё ж трэба было апасацца, што ў любы момант можа мець месца якая-небудзь выхадка з боку анархiстаў. Так i пiльнуйся, каб па маршруту следавання высокага госця не ўзарвалася бомба.
У камiсарыяце квартала Сэн-Жорж на цiхай вулiцы Лярошфуко дзяжурылi Мэгрэ i палiцэйскi Лякер. Роўна а палове другой ночы абодва разам натапырылi вушы, пачуўшы знадворку таропкiя крокi. Дзверы расчынiлiся. Задыханы малады чалавек, жмурачыся ад яркага святла, абвёў вачыма пакой.
- Месье камiсар? - спытаў ён, з цяжкасцю пераводзячы дыханне.
- Я сакратар яго, - адказаў Мэгрэ, не скранаючыся з месца.
Ён яшчэ не ведаў, што гэта пачыналася яго першая самастойная справа.
* * *
Малады чалавек быў светлавалосы, шчуплы, блакiтнавокi, з хваравiтым румянцам на шчоках. Паверх фрака - прарызiнены плашч. У адной руцэ юнак трымаў кацялок, другою раз-пораз мацаў свой распухлы нос.
- На вас напалi хулiганы?
- Не. Я спрабаваў прыйсцi на помач жанчыне, якая клiкала на ратунак.
- На вулiцы.
- У нейкiм прыватным асабняку на вулiцы Шапталь. Вы павiнны неадкладна пайсцi туды. Яны выштурхнулi мяне за дзверы.
- Хто?
- Нейкi... Не то дварэцкi, не то канс'ерж.
- А цi не пачалi б вы з самага пачатку? Што вы рабiлi на вулiцы Шапталь?
- Я вяртаўся з працы. Мяне завуць Жустэн Мiнар. Я другая флейта ў эстрадным аркестры Лямуро, але вечарамi iграю ў рэстаранчыку "Клiшы", што на бульвары Клiшы. Жыву на вулiцы Анг'ен, якраз насупраць рэдакцыi "Пцi Парыз'ен". Iшоў, як звычайна, спачатку па вулiцы Балю, затым па Шапталь.
Мэгрэ добрасумленна запiсваў.
- Калi я аказаўся прыблiзна на сярэдзiне вулiцы, - яна амаль заўсёды бязлюдная ў гэты час, - бачу: стаiць аўто "дыён-бутон", а матор працуе. За рулём мужчына ў шэрай тужурцы, твар амаль цалкам схаваны вялiкiмi цёмнымi акулярамi. Калi я падышоў трошкi блiжэй, на трэцiм паверсе асабняка раптам расчынiлася акно.
- Вы запомнiлi нумар дома?
- Запомнiў. Семнаццаць-бiс. Гэта прыватны асабняк, з вялiкiм парадным пад'ездам. Святла не было нiдзе ў доме. Толькi другое акно, калi лiчыць злева, было асветлена, тое самае, што расчынiлася. Я падняў галаву. I заўважыў постаць жанчыны. Яна выткнулася з акна i закрычала: "Ратуйце!.."
- Што зрабiлi вы?
- Пачакайце... Нехта, вiдаць, тузануў яе назад. I ў той жа момант раздаўся стрэл. Я - зiрк на легкавушку, якую толькi што абмiнуў, але яна раптоўна сарвалася з месца - толькi яе i бачыў.
- Вы ўпэўнены, што гэта быў стрэл, а не трэск матора?
- Абсалютна ўпэўнены. Тады я кiнуўся да дзвярэй i пазванiў.
- Вы былi адзiн?
- Адзiн.
- Узброены?
- Не.
- Што ж вы збiралiся рабiць?
- Але ж...
Пытанне настолькi збiла з толку флейтыста, што ён не знайшоўся, што адказаць. Калi б не светлыя вусы i рэдкая бародка, яму можна было б даць гадоў шаснаццаць, не болей.
- Суседзi нiчога не чулi?
- Вiдаць, не.
- Вам адчынiлi?
- Не адразу. Я званiў мо разы тры. Потым стаў грукаць у дзверы. Нарэшце пачулiся крокi: нехта зняў ланцужок, адкiнуў засаўку. У парадным святла не было, але насупраць дома стаiць газавы лiхтар.
Гадзiна сорак сем. Флейтыст раз-пораз занепакоена паглядвае на насценны гадзiннiк i працягвае:
- Здаравенны дзяцiна ў фраку, мабыць, дварэцкi, спытаўся, што мне трэба.
- Вы кажаце, ён быў апрануты па ўсёй форме?
- Ну вядома!
- У манiшцы i пры гальштуку?
- Канечне!
- А мiж тым у доме было цёмна?
- Апрача пакоя на трэцiм паверсе.
- Што вы яму сказалi?
- Дакладна не памятаю. Я хацеў зайсцi ў дом.
- Чаго?
- Паглядзець, што там адбываецца. Але ён заступiў мне дарогу. Тады я пачаў тлумачыць, што нейкая жанчына крычала праз акно, клiкала ратаваць яе.
- Ён сумеўся?
- Ён змрочна глядзеў на мяне i моўчкi стараўся ўсiм сваiм корпусам выпхнуць мяне з дзвярэй.
- А потым?
- А потым ён нешта буркнуў. Я не зусiм разабраў. Адным словам, нешта накшталт таго, што я трызню або што я п'яны. У цемры нечакана раздаўся яшчэ нечы голас - мне здалося, што крыкнулi з пляцоўкi на другiм паверсе.
- Што менавiта?
- "Не марнуйце часу, Луi!"
- I што?
- Тады ён штурхнуў мяне, але я не паддаўся, i ён ударыў мяне кулаком проста ў твар. I я апынуўся на вулiцы перад замкнёнымi дзвярыма.
- На трэцiм паверсе па-ранейшаму гарэла святло?
- Не.
- Аўтамабiль не вярнуўся?
- Не... А цяпер, можа, нам варта было б схадзiць туды?
- Нам? Вы гатовы суправаджаць мяне?
Гэты кантраст памiж жаноцкай кволасцю флейтыста i яго безразважнай рашучасцю адначасна i смяшыў, i кранаў.
- Хiба не мне з'ездзiлi па фiзiяномii?! Дык вось, я падаю скаргу.
- Што ж, ваша права.
- Але было б найлепш, каб мы пайшлi туды неадкладна. Як вы думаеце?
- Якi, вы сказалi, нумар дома?
- Семнаццаць-бiс.
Мэгрэ звёў бровы: адрас яму нешта цьмяна прыгадаў. Ён дастаў з палiцы адну з папак, вычытаў нейкае прозвiшча i яшчэ больш схмурнеў.
У той вечар Мэгрэ быў у мундзiры. Гэта быў, можна сказаць, першы мундзiр у яго жыццi. За некалькi дзён да таго, пра што будзе расказана ў сувязi з вiзiтам каранаванай асобы, усе службоўцы палiцыi абавязаны былi з'яўляцца на працу ў поўнай параднай форме - у любую хвiлiну любы з iх мог быць далучаны да кола афiцыйных асоб.
Яго новенькi прарызiнены плашч быў копiяй плашча Жустэна Мiнара.
- Пайшлi! Калi будуць пытацца мяне, Лякер, скажыце, што я хутка вярнуся.
Мэгрэ быў трошкi ўсхваляваны. Прозвiшча, якое ён толькi што вычытаў у папцы, было такое iнтрыгуючае, што яму стала не па сабе.
Яму, сакратару камiсарыята, было дваццаць шэсць гадоў, i мiнула ўсяго пяць месяцаў, як ён ажанiўся. За чатыры гады, што ён праслужыў у палiцыi, яму прыходзiлася выконваць самыя сцiплыя абавязкi, пачаўшы з дзяжурстваў на дарогах, потым на вакзалах, затым у буйных крамах; толькi з год таму ён быў назначаны на пасаду сакратара ў камiсарыяце квартала Сэн-Жорж.
А ва ўсiм квартале самае шаноўнае прозвiшча было, безумоўна, прозвiшча ўласнiкаў дома 17-бiс па вулiцы Шапталь.
Жандро-Бальтазар. Фiрма па продажу кавы "Бальтазар". Гэтае прозвiшча, выведзенае вялiзнымi бурымi лiтарамi, красавалася на ўсiх станцыях метро. А фургоны гандлёвага дома "Бальтазар", запрэжаныя чацвёркай выдатных бiцюгоў у раскошнай збруi, з'яўлялiся як бы неад'емнай рысай аблiчча Парыжа.
Сам Мэгрэ з задавальненнем пiў каву "Бальтазар". А калi iшоў па авеню Опера, то нiколi не прамiнаў выпадку падыхаць цудоўным водарам падсмажаных зярнятак кавы, якi даносiўся з вiтрын крамаў фiрмы "Бальтазар".