Ён устаў, падышоў да стала i, адчуваючы на сабе прыхаваныя пад маскай абыякавасцi погляды таварышаў, пачаў уважлiва вывучаць карту, на якой ранкам Круль сваёй рукой вычарцiў маршрут Анэля. Цi не можа гэта выглядаць так, што ён кантралюе кiраўнiка? Пiркс рэзка ўзняў галаву, сустрэў погляд Круля, якi яўна хацеў яму штосьцi сказаць, бо ўжо нават разявiў рот. Але калi халодны позiрк Пiркса ўпаў на яго, ён толькi кашлянуў i, згорбiўшыся, працягваў сартаваць свае паперы. Вiдаць, Пiркс, сам таго не ўсведамляючы, здорава ўздзейнiчаў на яго сваiм позiркам; проста ў падобныя хвiлiны ў iм прачыналася штосьцi такое, што на борце ракеты яго слухалiся i паважалi, нават крыху пабойвалiся.
Ён адклаў карту. Маршрут даходзiў толькi да вялiкай скалiстай сцяны з трыма нiбы падмытымi патокам уцёсамi i далей абмiнаў iх. Цi мог робат не выканаць задання? Гэта было немагчыма.
"Але можна звiхнуць нагу нават у малой шчылiне!" - падумаў Пiркс. Не, гэта нонсенс. Такi робат, як Анэль, можа вытрымаць падзенне нават з саракаметровай вышынi. I не з такога становiшча яны выходзiлi цэлыя, бо матэрыял, з якога яны зроблены, мацнейшы, чым крохкiя чалавечыя косцi. Дык што ж здарылася, лiха яго ведае?
Ён выпрастаўся i з вышынi свайго росту зiрнуў спачатку на Масену, якi дзьмухаў i крывiўся, п'ючы надта гарачую гарбату, пасля перавёў позiрк на Круля, нарэшце, дэманстратыўна адвярнуўшыся, выйшаў у маленькую спальню, дзе занадта рэзка рвануў са сцяны свой складны ложак, чатырма звыклымi рухамi сцягнуў з сябе адзенне i залез у спальны мяшок. Ён ведаў, што яму наўрад цi ўдасца заснуць, але сядзець з таварышамi ўжо не было сiлы. Зрэшты, хто ведае, цi не нагадаў бы ён iм што-кольвечы не надта прыемнае, калi б застаўся разам, бо ранiцай яны мелi ўжо расстацца на борце "Ампера"; з той хвiлiны, як яны ўвойдуць у карабель, аператыўная група Ёты Вадалея спынiць сваё iснаванне.
Яго пачалi адольваць розныя мроi; нейкiя срабрыстыя ручайкi сцякалi з-пад вейкаў, пушыстыя светлячкi хiлiлi на сон, ён перавярнуў падушку на другi, халаднейшы бок - i раптам нiбы на вочы ўбачыў перад сабой Анэля - такога, якiм бачыў яго апошнi раз таго дня, за колькi хвiлiн да васьмi. Масена прыладжваў яму звязку ракетных патронаў, дзякуючы якiм можна было нiбы насуперак гравiтацыi хоць некалькi хвiлiн планiраваць у паветры; мiж iншым, гэта прыстасаванне ўжывалi ўсе, зразумела, у абставiнах, якiя былi прадугледжаны суровымi, але прадбачлiвымi iнструкцыямi. Дзiўная гэта была сцэна, як i заўсёды, калi чалавек нечым дапамагаў робату, бо звычайна бывае наадварот. Аднак Анэль не змог дацягнуцца рукой да кабур, замацаваных пад наладаваным, нiбы горб, рукзаком. Ён нёс груз, дастатковы для двух чалавек. Праўда, гэта не шкодзiла яму, урэшце ж ён быў проста машына, i ў выпадку патрэбы, дзякуючы мiкраскапiчнай стронцыевай батарэi, якая замяняла яму сэрца, мог развiваць магутнасць у шаснаццаць конскiх сiл. Аднак зараз Пiрксу ў соннай дрымоце ўсё гэта разам узятае, вiдаць, не вельмi спадабалася; ён усёй душой быў на баку маўклiвага Анэля i схiляўся да думкi, што той, як i сам Пiркс, зусiм не такi спакойны па натуры, а толькi прыкiдваецца спакойным, робiць выгляд, што так i трэба. Перад тым як канчаткова заснуць, Пiркс падумаў яшчэ пра што-кольвечы. Гэта былi тыя глыбока iнтымныя мроi, якiм толькi можа ўвогуле аддавацца чалавек, напэўна, таму, што пасля таго, як прачнецца, звычайна пра iх не помнiць, i тое, што заўтра ён не будзе помнiць нiчога, апраўдвае сёння ўсё. Ён уявiў сабе тую казачную, мiфiчную сiтуацыю, якая - ён ведаў гэта даўно не горш за iншых - была цалкам неверагодная: бунт робатаў. I адчуваючы ў глыбiнi душы ўпэўненасць, што тады ён абавязкова аказаўся б на iх баку, хутка заснуў, нiбы з палёгкай на душы.
Прачнуўся ён рана, i невядома чаму першае, аб чым падумаў, было тое, што сцiх вецер. Пасля ўспомнiў Анэля i свае развагi перад сном; яго крыху занепакоiла, як падобнае наогул магло прыйсцi яму ў галаву. Яшчэ колькi хвiлiн ён паляжаў, пакуль не прыйшоў да супакойвальнай высновы, што тыя перадсонныя, невыразныя вобразы наведалi яго не наяве, але - насуперак сну, якi снiцца сам, - вымагалi нязначнай, амаль без удзелу свядомасцi яго дапамогi. Такiя псiхалагiчныя развагi былi яму невядомыя, таму ён дзiвiўся, навошта забiвае iмi галаву, крыху прыўстаў на локцi i прыслухаўся: панавала абсалютная цiшыня. Адсунуў штору на маленькiм акенцы ля галавы. Праз мутнае шкло ўбачыў ранiшнi змрок i толькi тады зразумеў, што давядзецца iсцi ў горы. Саскочыў з ложка, каб зазiрнуць у агульны пакой. Робата не было. Тыя два ўжо ўставалi. За снеданнем Круль мiж iншым, нiбы гэта было вырашана яшчэ ўчора, заўважыў, што яны мусяць выйсцi неадкладна, бо надвячоркам прыбудзе "Ампер", а зборка барака i пакаванне рэчаў зоймуць сама малое паўтары гадзiны, калi не болей. I сказаў аб гэтым знарок такiм тонам, каб не было зразумела, цi то трэба iсцi галоўным чынам з-за недахопу дадзеных, цi то з-за Анэля.
Пiркс еў за трох, але моўчкi. Калi астатнiя яшчэ дапiвалi каву, ён устаў, пакорпаўся ў сваiм мяшку i дастаў маток белай нейлонавай вяроўкi, малаток i крукi. Падумаў i дадаў да рукзака яшчэ альпiнiсцкiя чаравiкi - на ўсякi выпадак.
Выйшлi на двор, калi толькi пачынала шарэць. На бясколерным небе зорак ужо не было вiдаць. Цяжкая фiялетавая шэрань на зямлi, на тварах, у самiм паветры была нерухомая i марозная, горы на поўначы здавалiся чорнай масай, застылай у цемры, а паўднёвы хрыбет, той, што быў блiжэй, стаяў нiбы высветленая зверху невыразная маска з яркай паласой аранжавага святла над вяршынямi. Гэты водблiск, далёкi i нерэальны, рабiў бачнымi ў паветры клубы пары, што вырывалася з вуснаў трох чалавек. Хоць атмасфера была больш разрэджанай, чым на Зямлi, дыхалася лёгка. Прыпынiлiся на краi раўнiны. Астраўкi травы, што цямнелi ў змешаным паўзмроку знiкаючай ночы i напаўзаючага з-за гор дня, засталiся ззаду. Перад iмi раскiнулася леднiковая марэна, кучы камення, здавалася, прасвечвалi праз ваду, якая рухалася. Яшчэ колькi сот метраў уверх - i з'явiўся вецер; ён налятаў кароткiмi парывамi. Людзi крочылi, лёгка пераскоквалi праз невялiкiя камянi, падымалiся на вялiкiя; часам скальная плiта суха стукалася аб iншую, часам кавалачак каменя выстрэльваў з-пад чаравiка i кацiўся па схiле пад акампанемент каменнага розгаласу, нiбыта ўнiзе нехта прачынаўся. Часам рыпеў наплечны рэмень, скрыгаталi падкоўкi на чаравiках; гэтыя скупыя гукi надавалi паходу бачнасць згоды i дакладнасцi, нiбы рухалася з'яднаная адзiным iмкненнем альпiнiсцкая група. Пiркс iшоў другi за Масенай. Было ўсё яшчэ надта цёмна, каб як след разгледзець рэльеф далёкiх схiлаў; Пiркс напружана ўглядваўся ўдалечыню, раз i другi не надта ўдала ступiў нагой, аднак усё ж углядваўся, нiбы хацеў уцячы не толькi ад тых, хто быў побач, але i ад самога сябе, ад сваiх разваг. Ён зусiм не думаў пра Анэля, а толькi механiчна шнарыў поглядам па тых завалах спрадвечных скал, якiя застылi ў поўнай абыякавасцi, дзе толькi ўяўленне чалавека магло ўбачыць пагрозу i выклiк.
Планета мела добра прыкметныя поры года. Экспедыцыя прыбыла ў канцы лета, а зараз горная восень, уся ў чырванi i жаўцiзне, ужо згасала ў далiнах, але, нiбы не зважаючы на лiсце, што iмчала ў пенiстых горных патоках, сонца было ўсё яшчэ цёплае i ў бязвоблачныя днi на гэтым пласкагор'i нават прыпякала. Толькi туманы штораз гусцелi i напамiналi аб наблiжэннi снегу i маразоў. Але тады на планеце не павiнна было заставацца ўжо нiкога; i гэта збялелая каменная пустыня, якую ўявiў сабе Пiркс, раптам здалася яму асаблiва жаданай.
Здавалася, убачыць зрокам, што цемра радзее, было немагчыма, аднак з кожнай хвiлiнай позiрк адкрываў усё новыя абрысы наваколля. Неба ўжо зусiм збялела - яшчэ не дзень, але ўжо i не ноч, нiякiх зорак, дзень пачынаўся так чыста i спакойна, нiбы ўвесь ён быў схаваны ў шар з ахалоджанага шкла. Крыху вышэй яны трапiлi ў паласу малочнага туману, якi чапляўся гнуткiмi шчупальцамi за грунт, а калi мiнулi яго, Пiркс заўважыў яшчэ не асветленую сонцам, але прыкметную ўжо ў ранiшнiм святле мэту iхняга шляху. Гэта быў скалiсты слуп, якi прымыкаў да галоўнага горнага ланцуга, а над гэтым слупам, некалькi сот метраў вышэй, чарнела двухгаловая вяршыня, сама высокая з усiх. На падобнай на булаву вяршынi гэтага слупа Анэлю патрэбна было зрабiць апошнiя замеры. Дарога ў абодва канцы была лёгкая - нiякiх неспадзевак, шчылiн, нiчога, акрамя аднастайнага шэрага асыпку, дзе-нiдзе перасечанага палосамi цвiлi зеленавата-жоўтага колеру. Пiркс усё яшчэ лёгка пераскокваў з адных гулкiх валуноў на другiя, упiраўся ў зусiм чорную на фоне неба сцяну i, можа, таму, што нi аб чым iншым не хацеў думаць, уявiў сабе, што гэта звычайнае ўзыходжанне, як i на Зямлi. I адразу ж iншымi вачыма ўбачыў скалы - сапраўды, можна было падумаць, што мэтай iх экспедыцыi было пакарэнне вяршынi, калi яны iдуць проста да хрыбта, якi цяжка выступае з масы асыпку. Асыпак уздымаўся ля сцяны на адну трэць яе вышынi i канчаўся там навалам заклiнаваных плiт, а ўжо адтуль вялiзная плоскасць iшла ўгару; яна нiбы застыла, ускiнуўшыся ў неба; нейкiх сто метраў вышэй сцяну пераразала iншая горная парода - гэта выходзiў на паверхню дыябаз - чырванаваты, святлейшы за гранiт, ён стужкай неаднолькавай шырынi наўскасяк працiнаў усё крыло абрыву.
На нейкi час вяршыня прыкавала позiрк Пiркса сваёй патэтычнай лiнiяй, але варта было iм наблiзiцца, як з ёй адбылося тое, што звычайна адбываецца з гарой: перспектыва знiкла, распалася на асобныя ўчасткi, якiя засланялi адзiн аднаго, пры гэтым падножжа страцiла сваю пакатасць, высунулася адгор'е, i позiрку адкрылiся бясконцыя тэрасы, падобныя на палiцы выступы, шчылiны, якiя заканчвалiся тупiком, хаосам старых трэшчын, а над усiм гэтым бязладдзем блiшчала сама вяршыня, пазалочаная першымi прамянямi сонца, з дзiўна мяккiм контурам; але нарэшце i яна знiкла, яе засланiлi iншыя; Пiркс ужо не мог адвесцi вачэй ад калоса - так, нават на Зямлi гэтая сцяна была б вартай увагi i намаганняў, асаблiва з-за добра бачнага дыябазавага вала. Ад яго да вяршынi, залiтай сонечным святлом, дарога здавалася кароткай i лёгкай, аднак пэўную цяжкасць уяўлялi казыркi, асаблiва сама вялiкi, якi знiзу блiшчаў ад вiльгацi або лёду, ён быў хутчэй чорны, чым чырвоны, нiбы кроў, што запяклася.
Пiркс даў волю фантазii. Магла ж гэта быць не безыменная вяршыня пад чужым сонцам, а гара, услаўленая альпiнiсцкiмi ўзыходжаннямi, якую не раз штурмавалi, на якой цярпелi паражэнне, гара, якая будзiць у альпiнiста своеасаблiвае пачуццё, падобнае на тое, якое адчуваеш, калi бачыш добра знаёмы твар, дзе кожная маршчынка i кожны шрам маюць сваю гiсторыю. Невялiкiя, ледзь прыкметныя змейкi трэшчын, цёмныя нiцi выступаў-палiчак, дробныя вышчарбiны кожная з iх магла стаць меткай, якой дасягаеш падчас чарговага штурму, месцам працяглых прыпынкаў, маўклiвага роздуму, бурнага нацiску i змрочных адступленняў, паражэнняў, атрыманых нягледзячы на тое, што ўсе тактычныя i тэхнiчныя хiтрыкi былi выкарыстаны, - гара з-за гэтага настолькi злiлася з лёсамi людзей, што кожны альпiнiст, якому яна не паддалася, вяртаўся да яе зноў i зноў з тым самым запасам надзеi i веры ў перамогу i пры новым штурме прымерваў да гладкай скалiстай паверхнi вынашаны ў думках маршрут. Гэтая гара магла б мець багатую гiсторыю: абходныя ўзыходжаннi, розныя варыянты яе пакарэння, кронiка поспехаў i ахвяр, фатаграфii, пазначаныя пункцiрамi трас i крыжыкамi, што азначалi сама высокiя з дасягнутых мясцiн; Пiркс умудрыўся ўявiць сабе гэта з найвялiкшай лёгкасцю, больш таго: яму здавалася дзiўным, што гэта не так.
Масена, крыху згорбiўшыся, iшоў першы. Штораз мацнейшае святло дня не пакiдала больш нiякiх iлюзiй наконт "лёгкiх мясцiн" сцяны - гэта зманлiвае адчуванне лёгкасцi i бяспекi было выклiкана блакiтнаватай смугой далечы, якая так спакойна абдымала кожны ўчастак блiскучай скалы. Дзень, ясны i чысты, дабраўся ўжо да падарожнiкаў, iх доўгiя рухомыя ценi дасягалi вяршынi асыпку. Ад каменнай сцяны да асыпку вялi два вялiкiя жалабы, у якiх яшчэ стаяла ноч; застылы паток гравiю ўздымаўся там i нечакана знiкаў, паглынуты моцнай цемрай.
Даўно ўжо нельга было ахапiць масiў адным поглядам. Прапорцыi змянiлiся, сцяна, якая з адлегласцi нiчым не адрознiвалася ад iншых, уяўляла непаўторную iндывiдуальнасць формаў, а наперадзе нiбы вырастаў з-пад рассыпанай картачнай калоды пляскатых плiт вялiзны слуп - павялiчваўся, пашыраўся, рос, пакуль нарэшце не адпiхнуў i не засланiў усё iншае i застаўся адзiн у халодным, змрочным цянi нiколi не асветленых сонцам мясцiн. Яны якраз узышлi на ўчастак вечнага снегу, пакрыты пырскамi злятаючых зверху камянёў, калi Масена запаволiў крок, пасля спынiўся, нiбы прыслухоўваючыся. Пiркс, якi падышоў да яго першы, зразумеў - Масена паказаў пальцам на сваё вуха, у якiм тырчаў шарык-маслiна мiкрафона.
- Ён быў тут?
Масена толькi кiўнуў галавой i паднёс да бруднай, спрасаванай паверхнi снегу металiчны пруток iндыкатара радыеактыўнасцi. Падэшвы чаравiкаў Анэля былi насычаны радыеактыўным iзатопам, i iндыкатар выявiў яго след. Робат прайшоў тут учора, невядома толькi - iшоў угару цi ўжо вяртаўся. Ва ўсякiм выпадку яны знайшлi яго маршрут. З гэтага месца пайшлi ўжо не спяшаючыся.
Здавалася, што цёмны скалiсты слуп зусiм побач, але Пiркс ведаў, што ацэнка адлегласцi ў гарах бывае памылковая. Яны iшлi далей, мiнулi ўжо лiнiю снегу i валуноў i былi на пляскатай гранi. Пiрксу здавалася, што ў поўнай цiшынi ён чуе папiскванне слухавак Масены, хоць i было гэта немажлiва. Масена час ад часу спыняўся, вадзiў канцом алюмiнiевага прута, апускаў яго, амаль дакранаючыся да скалы, выводзiў iм у паветры петлi i васьмёркi, нiбы старадаўнi чараўнiк, пасля адшукваў след i зноў iшоў далей. Яны былi ўжо недалёка ад таго месца, дзе Анэль павiнен быў закончыць замеры; Пiркс уважлiва разглядаў скалу, нiбыта шукаў сляды знiклага.
Але скала была пустая. Сама лёгкая частка дарогi была пройдзена - перад iмi тырчалi з-пад асновы слупа нахiленыя пад рознымi вугламi плiты, нiбыта нехта зрабiў вялiзны разрэз скальных парод i крыху прыадкрыў каменнае чэрава, агалiўшы сэрцавiну гор, старадаўнiя слаi, якiя месцамi патрэскалiся ад неверагоднай вагi ўсёй гэтай скалы, якая на цэлыя кiламетры ўскiнулася ў неба. Яшчэ сто, сто пяцьдзесят крокаў - i далей прайсцi было немагчыма.
Масена хадзiў, здавалася, па кругу i вадзiў перад сабой апушчаным канцом iндыкатара, вочы ў яго былi прыжмураны, цёмныя акуляры ссунуты на лоб, твар абыякавы. Гэтак кружыўся ён без ладу i складу, пасля раптам спынiўся за некалькi метраў ад астатнiх i сказаў:
- Ён быў тут. I досыць доўга.
- Адкуль ты ведаеш? - спытаў Пiркс.
Масена пацiснуў плячыма, дастаў з вуха шарык-маслiну i падаў яго Пiрксу разам з тонкай нiткай провада i прутком iндыкатара. Пiркс пачуў патрэскванне i папiскванне. На паверхнi скалы не было нiякiх адбiткаў, нiякiх слядоў, нiчога - толькi гэты гук, якi аддаваўся ў галаве пранiзлiвым звонам, сведчыў, што Анэль мусiў на самай справе даволi доўга тут таптацца, бо амаль кожны метр паверхнi выдаваў яго прысутнасць. Паступова з бязладдзя гукаў Пiркс здолеў нават выявiць нейкi сэнс - Анэль прыйшоў, вiдаць, па той жа дарозе, што i яны, расставiў трыногу апарата i хадзiў вакол яго, пакуль рабiў замеры i здымкi, пасля некалькi разоў перасоўваў трыногу, шукаючы найбольш удалае для назiранняў месца. Так, малюнак праясняўся. Але што ж адбылося пасля?
Пiркс пачаў абыходзiць гэта месца штораз шырэйшымi кругамi, па спiралi, каб адшукаць след, якi выходзiў з цэнтра, след вяртання, але такога следу не было. Атрымлiвалася, нiбы Анэль вяртаўся дакладна па сваiх жа слядах, што выглядала зусiм непраўдападобна. У яго ж не было адчувальнага да радыяцыi iндыкатара i ён не мог ведаць, дзе ступаў раней, ды яшчэ з дакладнасцю да сантыметра; Круль нешта гаварыў Масене, але Пiркс не зважаў на iх, працягваў кружыць, ажно пакуль не здалося яму, што слухаўка пiскнула адзiн раз, коратка, але выразна. Ён адступаў назад надзвычай асцярожна. Так, гэта было тут. Ён азiрнуўся, расплюшчыў прыжмураныя вочы, каб усю ўвагу аддаць сiгналам iндыкатара. Знойдзены след быў каля сцяны, нiбы робат павярнуў не да лагера, а наадварот, рушыў да каменнага слупа.
Гэта было дзiўна. Што яму там было трэба?
Пiркс шукаў яшчэ хоць бы адзiн след, але скалы маўчалi, i ён мусiў праверыць усе патрэсканыя плiты, згрувашчаныя ля падножжа калон; цяжка было прадбачыць, на якую з iх Анэль паставiў нагу. Нарэшце Пiркс знайшоў след, аддалены ад папярэдняга на пяць метраў; няўжо Анэль скокнуў так далёка? Але навошта? Ён яшчэ адступiў i праз хвiлiну зноў знайшоў згублены след - робат пераскокваў з каменя на камень. Раптам Пiркс, якi плаўна вадзiў прутком па каменнi, здрыгануўся, бо ў яго галаве нiбы гахнуў разрыўны патрон; слухаўкi адазвалiся такiм гукам, што Пiркс аж скрывiўся - было вельмi балюча. Ён зiрнуў на каменную плiту i аслупянеў. Заклiнаваны памiж двух камянёў, на дне натуральнага неглыбокага калодзежа ляжаў цэлы, непашкоджаны апарат, а побач фотакамера. На другiм баку плiты да каменя быў прыхiнуты рукзак Анэля - з развязанымi шнуркамi, але спакаваны як мае быць. Пiркс паклiкаў астатнiх. Яны прыбеглi i здзiвiлiся, як i Пiркс, такой знаходцы. Круль праверыў касеты падобна было, што ўсе замеры выкананы. Не трэба было паўтараць работу. Заставалася толькi высветлiць лёс Анэля. Масена прыклаў далонi да рота i некалькi разоў гучна крыкнуў, але толькi далёкае, працяглае рэха адбiлася ад скал. Пiркс нават здрыгануўся, бо гэты крык нагадваў яму сiтуацыю, нiбыта шукалi чалавека, якi заблудзiўся ў гарах. Праз хвiлiну iнтэлектронiк дастаў з кiшэнi пляскатую касету перадатчыка, прысеў i пачаў выклiкаць робата, перадаючы яго сiгнал, але было вiдаць, што робiць гэта ён хутчэй з абавязку, чым з пераканання. Тым часам Пiркс усё шукаў сляды. Здавалася, што робат даволi доўга таптаўся на адным месцы - столькi ледзь чутных пiскаў выдавала слухаўка. Такая вялiкая колькасць слядоў дарэшты збiла Пiркса з панталыку. Нарэшце ён прыблiзна акрэслiў гранiцу раёна, за якую робат напэўна не выходзiў, i пачаў пiльна абыходзiць яе, каб знайсцi новы след, якi падказаў бы напрамак далейшых пошукаў.
Зрабiў чарговы круг i вярнуўся да скалы. Памiж каменным выступам, на якiм ён стаяў, i зусiм вертыкальнай скалой, якая ўздымалася ўверх, зеўрала амаль паўтараметровая шчылiна; дно яе было ўсыпана дробнымi, вострымi абломкамi, што падалi зверху. Пiркс сумленна даследаваў i гэтае месца, але слухаўка маўчала. Ён апынуўся перад незразумелай загадкай: было падобна, што Анэль нiбы растварыўся ў паветры. Масена i Круль цiхенька раiлiся за яго спiной, а ён паволi ўзняў галаву i ўпершыню з такой блiзкай адлегласцi зiрнуў на слуп, якi ўзвышаўся над iм. Неадольнай была сiла выклiку, якую адчуў ён у каменным спакоi скалы; дакладней, гэта быў нават не выклiк, а хутчэй нешта падобнае на працягнутую адкрытую руку - у Пiркса з'явiлася пэўнасць, што трэба гэты жэст прыняць, што гэта пачатак дарогi, па якой ён павiнен пайсцi. Зусiм мiжволi шукаў вачамi першую зачэпку; было ўсё ясна. Адным доўгiм, дакладным скачком можна было пераскочыць шчылiну i адразу апынуцца на невялiкiм, але ёмкiм выступе; пасля без усякага сумнення патрэбна было рухацца наўскасяк, уздоўж правiльнай геаметрычнай формы трэшчыны, якая крыху вышэй паглыблялася i станавiлася неглыбокай цяснiнай. Не ведаючы толкам, навошта ён гэта робiць, Пiркс падняў iндыкатар, выцягнуўся як толькi мог i паднёс яго да каменнага выступу на другiм баку шчылiны. Слухаўка адгукнулася. Для пэўнасцi Пiркс паўтарыў гэту аперацыю яшчэ раз, з цяжкасцю трымаючы раўнавагу, бо мусiў адхiляцца ад сцяны як мага больш, i зноў пачуў кароткi пiск. Цяпер ён ужо не сумняваўся. Вярнуўся да Масены i Круля.