Бедная дзяўчынка падумала: "Нядоўга мне заставацца тут, - пайду я на пошукi сваiх братоў".
Вось ужо i ноч апусцiлася на лес, i выбегла яна з замка i пайшла проста ў лясны гушчар. Праблукала ўсю ноч i ўвесь дзень, пакуль, нарэшце, ад стомы iсцi ўжо не магла. I заўважыла яна паляўнiчы домiк, увайшла ў яго, бачыць - пакой, а ў iм шэсць маленькiх ложкаў, але яна не адважылася легчы, а залезла пад адзiн з ложкаў i вырашыла там начаваць.
Неўзабаве i сонца зайшло, i пачула яна шум i ўбачыла, што прыляцелi да акна шэсць лебедзяў. Яны ўселiся на акне i пачалi здзьмухваць сваё пер'е, i вось лебядзiны ўбор звалiўся з iх, як сарочка. Зiрнула на iх дзяўчынка i пазнала сваiх братоў, узрадавалася i вылезла з-пад ложка. Браты ўбачылi сваю сястру i ўсцешылiся не менш за яе, але радасць iх была кароткай.
- Табе нельга заставацца тут, - сказалi яны, - гэта прытон разбойнiкаў. Калi разбойнiкi вернуцца i знойдуць цябе тут, яны заб'юць цябе.
- А хiба вы не можаце мяне абаранiць? - спытала ў iх сястрычка.
- Не, - адказалi яны, - мы можам скiдаць свой лебядзiны ўбор толькi на чвэрць гадзiны вечарам, тады мы становiмся людзьмi, а затым зноў ператвараемся ў лебедзяў.
Заплакала сястрычка i кажа:
- А хiба нельга зняць з вас чары?
- Не, - уздыхнулi яны, - зрабiць гэта вельмi цяжка. На працягу шасцi гадоў ты не павiнна нi гаварыць, нi смяяцца, i мусiш пашыць нам за гэты час шэсць сарочак з кветказору. А калi ты вымавiш хоць адно слова, дык уся твая праца прападзе.
Пакуль браты расказвалi ёй пра гэта, мiнула чвэрць гадзiны, i яны зноўку сталi лебедзямi i вылецелi праз акно.
Але дзяўчынка цвёрда вырашыла вызвалiць сваiх братоў, нават калi б дзеля гэтага спатрэбiлася яе жыццё. Яна пакiнула паляўнiчы домiк i пайшла ў самы гушчар, залезла на дрэва i там пераначавала. Ранкам яна спусцiлася з дрэва, назбiрала кветказору i пачала шыць. Размаўляць ёй не было з кiм, а смяяцца i зусiм не хацелася...
Так мiнула шмат часу, i здарылася, што кароль той краiны паляваў у лесе, i яго егеры пад'ехалi да дрэва, на якiм сядзела дзяўчынка. Яны паклiкалi яе:
- Хто ты?
Яна нiчога не адказала.
- Спусцiся да нас, - папрасiлi яны, - мы нiчога дрэннага табе не зробiм.
Але яна толькi галавой пакруцiла.
Калi яны пачалi яе распытваць, яна скiнула iм залатыя каралi i думала, што яны задаволяцца гэтым. Але яны ўсё задавалi i задавалi пытаннi; тады яна скiнула iм свой пояс; але калi i гэта не дапамагло, скiнула iм свае падвязкi, такiм чынам неўзабаве яна аддала iм усё, што на ёй было, i засталася ў адной сарочцы. Але егеры i тады не адчапiлiся ад яе; яны залезлi на дрэва, знялi яе адтуль i прывялi да караля. Кароль спытаў:
- Хто ты? Што ты там робiш на дрэве? - Але яна нiчога не адказала.
Ён распытваў яе на ўсiх мовах, якiя толькi ведаў, але яна заставалася маўклiвай як рыба. А была яна прыгожая, i вось кароль моцна ў яе закахаўся. Ён ухутаў яе ў свой плашч, пасадзiў перад сабой на каня i прывёз яе ў свой замак. I загадаў ён апрануць яе ў багатыя ўборы, i стала яна прыгажэйшая. Але нельга было дабiцца ад яе хоць слова. Ён сеў ля стала побач з ёю, i сцiпласць яе i нясмеласць так спадабалiся яму, што ён сказаў:
- Вось з гэтай хачу я ажанiцца i нi з якой iншай на свеце. - I праз колькi дзён ён павянчаўся з ёю.
Але была ў караля злая мацi - ёй не спадабалася яго жанiцьба i яна пачала зласлiвiць пра маладую каралеву.
- Хто ведае, адкуль узялася гэтая дзеўка, - гаварыла яна, - нiводнага слова прамовiць не можа; яна не вартая быць жонкай караля.
Праз год, калi каралева нарадзiла першынца, старая забрала яго, а каралеве пад час сну вымазала рот крывёю. Затым яна пайшла да караля i абвiнавацiла яе ў тым, што яна людаедка. Кароль не хацеў у гэта верыць i не дазволiў прычынiць каралеве зло. А яна ўвесь час шыла сарочкi i нi на што iншае не звяртала ўвагi.
Калi ж зноў нарадзiла яна прыгожага хлопчыка, лiхая свякруха зноўку ўтварыла такi ж самы падман, але кароль не хацеў верыць яе злосным словам. Ён сказаў:
- Яна вельмi сцiплая i добрая, каб магла здзейснiць такое; калi б яна не была нямая, дык даказала б сваю невiнаватасць.
Але старая i на трэцi раз украла нованароджанае немаўлятка i абвiнавацiла каралеву, якая не прамовiла нi слова ў сваю абарону. Каралю ж заставалася толькi адно - аддаць яе пад суд; i прысудзiлi спалiць яе на кастры.
Надышоў дзень выканання прысуду, а быў гэта якраз апошнi дзень з тых шасцi гадоў, на працягу якiх яна не магла нi гаварыць, нi смяяцца.
Яна пашыла за гэты час шэсць сарочак, i толькi на апошняй сарочцы яшчэ не было левага рукава.
Калi павялi яе на касцёр, захапiла яна з сабой сарочкi, i калi завялi яе ўжо на памост i вось-вось павiнны былi распалiць вогнiшча, азiрнулася яна i бачыць - ляцяць да яе шэсць лебедзяў. I зразумела яна, што блiзка яе вызваленне, i затрапятала ў яе сэрца ад радасцi.
Шумна падляцелi да яе лебедзi i апусцiлiся так нiзка, што яна паспела кiнуць iм сарочкi; i як толькi да iх дакранулiся тыя сарочкi, звалiлiся з iх лебядзiныя ўборы, i стаялi перад ёй яе браты, жывыя, здаровыя, i па-ранейшаму прыгожыя, - толькi ў малодшага не хапала левага рукава, i таму на спiне ў яго засталося лебядзiнае крыло. Пачалi яны абдымацца ды цалавацца, i прыйшла каралева да караля, i ён быў моцна здзiўлены, але вось загаварыла яна i сказала:
- Мой любы кароль, з гэтай пары я магу размаўляць i скажу табе, што я нi ў чым не вiнаватая, - i яна расказала яму пра падман старой свекрывi, якая забрала i схавала траiх яе дзяцей. I прынеслi iх у замак на вялiкую радасць караля, а злосную свякроў у пакаранне спалiлi на кастры, i застаўся ад яе адзiн толькi попел.
А кароль i каралева разам з шасцю сваiмi братамi жылi мiрна i шчаслiва доўга-доўга.
ЧОРТ З ТРЫМА ЗАЛАТЫМI ВАЛАСАМI
Жыла аднойчы бедная жанчына, вось нарадзiла яна сыночка, нарадзiўся ён на свет у сарочцы, i было яму прадказана, што на чатырнаццатым годзе ён ажэнiцца з каралеўскай дачкой. I здарылася, што неўзабаве пасля гэтага прыбыў у гэтую вёску кароль; але нiхто не ведаў, што гэта кароль, i калi ён пачаў распытваць у людзей, што ў iх новага, яму адказалi:
- Ды вось нарадзiлася ў нас на гэтых днях дзiця ў сарочцы; што яно нi задумае, ва ўсiм яму будзе ўдача. I прадказана яму яшчэ, што на чатырнаццатым годзе быццам ажэнiцца ён з каралеўскай дачкой.
А было ў караля сэрца лiхое; разгневаўся ён, даведаўшыся аб такiм прадказаннi, i пайшоў да бацькоў хлопчыка, прыкiнуўся такiм ласкавым, такiм добрым i кажа:
- Вы людзi бедныя, аддайце мне ваша дзiця, ужо я аб iм паклапачуся.
Спачатку яны адмаўлялiся, але калi гэты чужы чалавек прапанаваў iм за гэта нямала золата, яны вырашылi: "Ужо як ён нарадзiўся шчаслiўцам, то будзе гэта для яго да лепшага", i яны згадзiлiся i аддалi хлопчыка.
Паклаў кароль дзiця ў паходны куфэрак i паскакаў з iм далей. Пад'ехаў ён да глыбокага вiру, кiнуў куфэрак у ваду i падумаў: "Вось я i выратаваў сваю дачку ад няпрошанага жанiха". Але куфэрак не патануў, а паплыў, нiбы караблiк, i нi адна кропля вады ў яго не прасачылася. I адплыў ён на дзве мiлi ад каралеўскай сталiцы, прыплыў да млына i спынiўся каля плацiны. На шчасце, стаяў паблiзу батрак з млына, ён заўважыў куфэрак i выцягнуў яго бусаком на бераг, думаючы знайсцi ў iм немалыя скарбы; але калi ён яго адчынiў, то ўбачыў, што ляжыць у iм прыгожы хлопчык, здаровы i вясёлы. Ён прынёс яго да млынара i яго жонкi, i паколькi дзяцей у iх не было, то млынарыха зарадавалася i кажа:
- Гэта сам Пан Бог паслаў нам дзiцятка.
Пачалi яны аб знайдышы клапацiцца, i ён вырас, выхаваны на многiх дабрадзейных справах.
Але вось здарылася аднойчы, што кароль, жадаючы схавацца ад навальнiцы, зайшоў на млын i, заўважыўшы рослага хлопчыка, спытаў у млынара i яго жонкi, цi не iх гэта сын.
- Не, - адказалi яны, - гэта знайдыш. Чатырнаццаць гадоў таму назад яго прынесла ў куфэрку да нашай плацiны, i батрак выцягнуў яго з вады.
Тады кароль зразумеў, што гэта нiхто iншы, як той самы шчаслiвец, якога ён кiнуў у ваду, i ён сказаў:
- А цi нельга будзе, людзi добрыя, паслаць яго з маiм пiсьмом да каралевы. Я дам яму за гэта ўзнагароду - два залатыя.
- Як пажадае кароль, - адказалi млынар i млынарыха i загадалi юнаку рыхтавацца ў шлях-дарогу.
I напiсаў кароль лiст каралеве, а было ў iм сказана: "Як толькi гэты хлопчык прыбудзе з маiм пiсьмом, я загадваю яго забiць i закапаць у зямлю; i зрабiць усё гэта трэба да майго вяртання".
Выправiўся хлопчык з гэтым лiстом у дарогу, але на шляху заблудзiўся i трапiў пад вечар у дрымучы лес. У цемры ён заўважыў агеньчык: пайшоў насустрач яму i апынуўся каля хаткi. Зайшоў ён туды, бачыць - сядзiць каля печкi бабуля, а болей у хатцы нiкога няма. Яна згледзела юнака, спалохалася i кажа:
- Ты адкуль i куды кiруешся?
- Я iду з млына, - адказаў ён, - кiруюся да каралевы, нясу ёй пiсьмо; ды вось заблудзiўся ў лесе i хацеў бы ў цябе пераначаваць.
- Бедны ты хлопчык, - мовiла бабуля, - бо ты трапiў у разбойнiцкi прытон; калi разбойнiкi вечарам вернуцца дамоў, яны цябе заб'юць.
- Ну, што ж, няхай прыходзiць хто заўгодна, - сказаў юнак, - я нiкога не баюся; я так стамiўся, што iсцi далей не маю сiлы. - I ён лёг на лаўку i заснуў.
- Ну, што ж, няхай прыходзiць хто заўгодна, - сказаў юнак, - я нiкога не баюся; я так стамiўся, што iсцi далей не маю сiлы. - I ён лёг на лаўку i заснуў.
Неўзабаве з'явiлiся разбойнiкi i гнеўна спыталi, чаму тут ляжыць нейкi чужы хлопчык.
- Ах, - сказала бабуля, - ды гэта ж зусiм нявiннае дзiця. Хлопчык заблудзiўся ў лесе, i я з жалю яго прытулiла; ён павiнен даставiць пiсьмо каралеве.
Распячаталi разбойнiкi лiст, прачыталi яго, а напiсана ў iм было, што як толькi ён з'явiцца, яго трэба тут жа забiць. I вось адчулi жорсткiя разбойнiкi жаласлiвасць, iх атаман разарваў лiст i напiсаў замест яго новы, дзе сказана было, што як толькi ён з'явiцца, яго зараз жа трэба абвянчаць з каралеўскай дачкой. Яны пакiнулi яго спакойна спаць на лаўцы да самай ранiцы, а калi ён прачнуўся, далi яму лiст i паказалi дарогу.
Каралева, атрымаўшы лiст i прачытаўшы яго, зрабiла так, як было ў iм пазначана: яна загадала наладзiць пышнае вяселле, i каралеўна была павянчана са шчаслiўцам. А паколькi юнак быў прыгожы i ласкавы, то жыла яна з iм радасная i задаволеная.
Праз некаторы час кароль вярнуўся ў свой замак i ўбачыў, што споўнiлася прадказанне i шчаслiвец павянчаны з яго дачкой.
- Як жа гэта здарылася? - спытаў ён. - Я ж у сваiм пiсьме даў зусiм iншы ўказ.
Тады падала яму каралева лiст i сказала: няхай, маўляў, сам паглядзiць, што ў iм напiсана. Прачытаў кароль лiст i адразу заўважыў, што яго падмянiлi iншым. Ён спытаў у юнака, куды падзеўся даручаны яму лiст i чаму ён прынёс замест яго iншы.
- Я нiчога аб гэтым не ведаю, - адказаў ён, - мабыць, яго ноччу падмянiлi, калi я спаў у лесе.
I сказаў разгневаны кароль:
- Ну, гэта табе не надта лёгка пройдзе! Хто хоча атрымаць дачку маю за жонку, той павiнен здабыць мне з пекла тры залатыя валасы з галавы чорта, калi прынясеш, што я патрабую, то застанецца мая дачка тваёй жонкай.
Так думаў кароль адчапiцца ад яго раз i назаўсёды. Але шчаслiвец адказаў:
- Што ж, залатыя валасы я вам здабуду, чорта я не баюся. - На тым ён развiтаўся з каралём i пачаў сваю вандроўку.
I прывяла яго дарога ў адну сталiцу. Гарадскi брамнiк пачаў яго выпытваць, якое ён рамяство ведае i што ўмее рабiць.
- Я ўсё ўмею рабiць, - адказаў шчаслiвец.
- Тады акажы нам паслугу, - сказаў брамнiк, - растлумач, чаму наш фантан на рыначным пляцы, з якога раней бруiлася вiно, цяпер перасох i нават вада з яго не цячэ.
- Гэта я вам растлумачу, - адказаў юнак, - пачакайце толькi, пакуль я назад вярнуся.
I ён рушыў далей i падышоў да другога горада; i зноў спытаў у яго брамнiк, якое рамяство ён ведае i што ўмее рабiць.
- Я ўсё ўмею рабiць, - адказаў ён.
- Тады акажы нам паслугу i скажы, чаму дрэва ў нашым горадзе раней давала залатыя яблыкi, а цяпер на iм нават i лiсцяў няма.
- Гэта я вам растлумачу, - адказаў ён, - толькi пачакайце, пакуль я назад вярнуся.
Пайшоў ён далей i прыйшоў да вялiкай ракi, i трэба было яму цераз тую раку пераправiцца. Перавозчык спытаў у яго, якое рамяство ён ведае i што ўмее рабiць.
- Я ўсё ўмею рабiць, - адказаў ён.
- Тады акажы мне паслугу, - сказаў перавозчык, - растлумач мне, чаму я павiнен увесь час займацца перавозам i нiхто мяне нiколi не зменiць?
- Я гэта табе растлумачу, - адказаў ён, - толькi пачакай, пакуль я назад вярнуся.
Пераправiўся ён цераз раку i адшукаў уваход у апраметную. А было там чорна-чорна i сажай усё пакрыта, а чорта на той час дома не аказалася, i толькi сядзела там яго бабуля ў шырокiм, вялiкiм крэсле.
- Што табе патрэбна? - спытала яна ў яго, i падалася яна яму не такой ужо сярдзiтай.
- Ды вось хацелася б мне здабыць тры залатыя валасы з галавы чорта, адказаў ён, - а не - дык давядзецца мне са сваёй жонкай разлучыцца.
- Аднак жа ты багата патрабуеш, - сказала яна, - калi чорт вернецца дамоў i ўбачыць цябе тут, то давядзецца табе з жыццём сваiм расквiтацца. Але мне шкада цябе, я пагляджу - можа, чым i змагу табе дапамагчы. - I яна ператварыла яго ў мураша i сказала: - Залезь у складкi маёй спаднiцы, там будзе табе бяспечна.
- Ды гэта ж добра, - адказаў юнак, - але я хацеў бы яшчэ атрымаць адказ на тры пытаннi: чаму фантан, з якога раней струменiлася вiно, цяпер вычарпаўся i нават вада з яго не цячэ; чаму на дрэве, на якiм раней раслi залатыя яблыкi, цяпер нават лiсцяў няма; i чаму павiнен перавозчык увесь час перавозiць з берага на бераг i нiхто яго нiколi не зменiць?
- Гэта пытаннi цяжкiя, - адказала бабка, - але ты сядзi цiха i слухай уважлiва, што скажа чорт, калi я пачну вырываць у яго тры залатыя валасы.
Вось надышоў вечар, i вярнуўся чорт дамоў. Толькi зайшоў ён i, бачна, адразу ж прыкмецiў, што паветра чамусьцi нячыстае.
- Чую, чую мяса чалавечае! - сказаў ён. - Тут штосьцi нядобрае. - Ён зазiрнуў ва ўсе куткi, пачаў шукаць i абшнарваць, але знайсцi нiчога не мог.
Тут пачала бабуля яго лаяць.
- Ды скрозь толькi што падмецена, - кажа, - i ўсё ў належны парадак прыведзена, а ты ўсё зноў раскiдваеш, - вечна ты чуеш носам чалавечае мяса. Сядзь ты лепш ды павячэрай.
Паеў ён i папiў, - вiдаць, моцна стамiўся, - i схiлiў галаву на каленi бабулi i папрасiў вошай ў галаве ў яго пашукаць. Тут хутка ён задрамаў, засоп i захроп. Схапiла тады бабуля адзiн залаты волас, вырвала яго i паклала яго каля сябе.
- Ой! - ускрыкнуў чорт. - Ты што робiш?
- Ды гэта мне дурны сон прыснiўся, - адказала чортава бабуля, - вось я i схапiла цябе за валасы.
- Што ж табе такое прыснiлася? - пытаецца чорт.
- Прыснiўся мне фантан на рыначным пляцы, бiла з яго раней вiно, а цяпер перасох, i нават вада з яго не цячэ. Скажы, якая прычына таму?
- Эх, калi б ведалi яны! - адказаў чорт. - Там сядзiць жаба пад каменем, калi яе забiць, то вiно пацячэ зноўку.
Пачала чортава бабуля зноў у галаве ў чорта вошай шукаць, тут ён зноў заснуў i так захроп, што нават шыбы ў вокнах задрыжалi. I вырвала яна ў яго другi волас.
- Ух! Ды што гэта ты робiш? - ускрыкнуў разгневаны чорт.
- Ты не злуйся, - адказала яна, - гэта я спрасонку.
- А што ж табе зноў прыснiлася? - пытаецца ён.
- Ды прыснiлася мне, быццам расце ў адным каралеўстве яблыня, раней давала яна залатыя яблыкi, а цяпер нават лiсцяў на ёй няма. Якая прычына таму?
- Эх, калi б яны ведалi! - адказаў чорт. - Яе каранi мыш падтачвае; калi яе забiць, будзе зноў яна радзiць залатыя яблыкi, а будзе мыш i далей грызцi каранi, то i зусiм яна засохне. Але пакiнь ты мяне ў спакоi са сваiмi снамi! Калi ты яшчэ раз перашкодзiш мне спаць, атрымаеш аплявуху.
Тут пачала бабуля ласкава яго суцяшаць i ўзялася зноў шукаць у яго ў галаве, пакуль ён не заснуў i не захроп. Тады яна схапiла трэцi волас i вырвала ў яго з галавы. Тут чорт як падскочыць, як закрычыць, хацеў было ўжо з ёю расправiцца, але яна зноў яго супакоiла i сказала:
- Што з дурнымi снамi зробiш!
- Ды што ж табе прыснiлася? - спытаў ён з цiкаўнасцю.
- Снiўся мне перавозчык; скардзiўся ён, што павiнен перавозiць з берага на бераг i нiхто нiколi яго не зменiць. Якая прычына таму?
- Эх, дурань жа ён! - адказаў чорт. - Калi хто падыдзе, каб цераз раку пераправiцца, няхай дасць ён яму ў рукi шост, - вось i павiнен будзе другi стаць перавозчыкам, а ён вызвалiцца.
Чортава бабуля, вырваўшы тры залатыя валасы i атрымаўшы адказ на ўсе тры пытаннi, пакiнула старога чорта ў спакоi, i ён праспаў да самай ранiцы.
Вось чорт зноўку пайшоў, выняла тады бабуля са складак сваёй спаднiцы мураша i вярнула шчаслiўцу зноў яго чалавечы воблiк.
- Вось табе тры залатыя валасы, - сказала яна, - а што адказаў чорт на твае тры пытаннi, ты, бадай, i сам ужо чуў.
- Але, - адказаў шчаслiвец, - я ўсё чуў i добра запомнiў.
- Ну, вось я табе i дапамагла, - сказала яна, - а зараз iдзi сваёй дарогай.
Падзякаваў ён бабулю за дапамогу ў бядзе, выйшаў з пекла i быў задаволены, што ва ўсiм яму так пашчасцiла. Прыйшоў ён да перавозчыка i павiнен быў даць яму абяцаны адказ.
- Спярша перавязi мяне на той бераг, - сказаў шчаслiвец, - тады я табе скажу, як вызвалiцца. - I калi яны пераправiлiся на другi бераг, ён даў яму чортаву параду: - Калi хто падыдзе зноў да берага i папросiць яго перавезцi, ты сунь яму шост у рукi.
Пайшоў ён далей i прыйшоў у горад, дзе расло бясплоднае дрэва i дзе гарадскi брамнiк таксама чакаў адказу. I сказаў ён яму тое, што чуў ад чорта: "Забiце мыш, якая грызе каранi дрэва, i яно зноў будзе радзiць залатыя яблыкi". Падзякаваў яму брамнiк i даў як узнагароду за гэта двух наўючаных золатам аслоў, якiя павiнны былi iсцi за iм.
Нарэшце прыйшоў ён у горад, дзе перастаў бiць фантан. I ён перадаў брамнiку тое, што параiў чорт: "Трэба знайсцi жабу, - а яна сядзiць пад каменем у фантане, - i яе забiць, i зноў зацурчыць з фантана вiно". Падзякаваў яму брамнiк i даў таксама двух наўючаных золатам аслоў.
Нарэшце шчаслiвец вярнуўся дамоў да сваёй жонкi, i яна зарадавалася ад усяго сэрца, што зноў яго ўбачыла i даведалася аб тым, што ўсё добра яму ўдалося. I ён прынёс каралю тое, што той ад яго патрабаваў, - тры залаты валасы з галавы чорта; i калi ўбачыў кароль чатырох аслоў, нагружаных золатам, дык быў i зусiм задаволены i сказаў:
- Цяпер усе ўмовы выкананы, - няхай мая дачка застаецца тваёй жонкай. Але скажы мне, шаноўны зяцёк, адкуль у цябе столькi золата? Бо гэта ж багацце немалое!