Чарадзейныя казкi (на белорусском языке) - Шарль Перро 2 стр.


Нiбыта повязi, што вяжа Гiменей,

Калi на час разлучаны, не робяцца слабей

I што чаканне тут нiкому не зашкодзiць.

Але прыгожы пол з такiм iмпэтам

Хутчэй iмкнецца свой вясельны справiць баль,

Што духу не стае аб гэтым

Такую вывесцi мараль.

ЧЫРВОНЫ КАПТУРОК

Жыла сабе ў адной вёсцы дзяўчынка, i была яна такая прыгожая, што ва ўсiм свеце другой такой не знайсцi. Мацi яе страх як любiла, а бабуля - дык наогул ледзь розум ад яе не трацiла. I купiла добрая бабуля сваёй унучцы чырвоны каптурок, якi так упасаваў дзяўчынцы, што пачалi яе з таго часу зваць паўсюль Чырвоным Каптурком. Неяк раз спякла мацi праснакi дый кажа дачушцы:

- Схадзi мо да бабулi, даведайся, як яна сябе пачувае. Бо нешта казалi мне, што яна хворая. Занясi ёй праснакоў ды гэты гарнушак масла.

Устала Чырвоны Каптурок i пайшла да бабулi, што жыла ў суседняе вёсцы. Iдзе яна лесам, так iдзе, аж раптам выходзiць насустрач ёй Воўк. Дужа захацелася Ваўку яе з'есцi, ды ён пабаяўся, бо недзе паблiзу працавалi дрывасекi. Тады ён i пытаецца:

- Куды гэта ты iдзеш?

А маленькая дзяўчынка не ведала, што спыняцца ў лесе ды гаварыць з ваўкамi небяспечна, i адказвае яму:

- Я iду да бабулi i нясу ёй праснакi ды гарнушак масла, што паслала ёй мая мама.

- А цi далёка жыве твая бабуля? - пытаецца Воўк.

- О, далёка, - адказвае Чырвоны Каптурок. - Вунь аж па-за тым млынам, што ўдалечынi. Там ёсць вёска, а ў крайняй хатцы ў той вёсцы мая бабуля i жыве.

- Ну што ж, - кажа Воўк, - пайду i я да тваёй бабулi. Толькi давай я пайду гэтай вось сцежкай, а ты iдзi вунь тою: паглядзiм, хто з нас паспее першы.

I Воўк з усяго духу кiнуўся па сама кароткай сцежцы ў лесе, а дзяўчынка няспешна пайшла па сама доўгай. Па дарозе яна збiрала арэхi, ганялася за матылькамi, складала букеты з кветак.

А Воўк тым часам хутка прыбег да бабулiнай хаткi i пастукаўся ў дзверы: стук-стук!

- Хто там? - спыталася бабуля.

- Гэта я, вашая ўнучка, Чырвоны Каптурок, - сказаў Воўк падробленым голасам. - Я прынесла вам праснакоў i гарнушак масла ад матухны.

Добрая бабуля, якая ляжала ў ложку, таму што ёй трошкi нядужылася, крыкнула Воўку:

- Цiснi на клямку, слясак адскочыць!

Воўк нацiснуў на клямку, i дзверы адчынiлiся. Тады ён кiнуўся на бедную бабульку i ўраз праглынуў яе, бо не еў ужо цэлыя тры днi. Потым ён зачынiў дзверы, лёг на бабулiным ложку i пачаў чакаць, калi прыйдзе Чырвоны Каптурок. Тым часам дзяўчынка якраз падышла да дзвярэй i пастукалася: стук-стук!

- Хто там? - спытаў Воўк.

Але голас у Воўка быў грубы, i Чырвоны Каптурок, пачуўшы яго, спачатку спалохалася. Але потым падумала, што бабуля, напэўна, прастуджаная, i адказала:

- Гэта я, вашая ўнучка, Чырвоны Каптурок. Я прынесла вам праснакоў i гарнушак масла ад матухны.

Тады Воўк крыкнуў трошкi танчэйшым голасам:

- Цiснi на клямку, слясак адскочыць.

Чырвоны Каптурок нацiснула на клямку, i дзверы адчынiлiся.

Увайшла дзяўчынка ў хату, а Воўк схаваўся на ложку пад коўдру i кажа:

- Пакладзi, дзетка, праснакi ды гарнушак масла на дзежку, а сама хадзi прыляж побач са мною.

Чырвоны Каптурок распранулася i сабралася ўжо класцiся ў ложак, але яе ўразiла, што без адзежы ў бабулi нейкi надта ўжо дзiўны выгляд. Вось яна i кажа:

- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя рукi!

- Гэта каб лепей цябе абдымаць, мая ўнучанька!

- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя ногi!

- Гэта каб лепей бегаць, мая ўнучанька!

- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя вушы!

- Гэта каб лепей чуць, мая ўнучанька!

- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя вочы!

- Гэта каб лепей бачыць, мая ўнучанька!

- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя зубы!

- Гэта каб цябе з'есцi!

I з гэтымi словамi злы Воўк кiнуўся на Чырвонага Каптурка i з'еў дзяўчынку.

Мараль

Нам гэта казка добра паказала,

Што можа быць, калi малыя дзеткi,

Галоўным чынам, панначкi-какеткi,

Гатовы слухаць ўсiх, каго папала.

Не дзiва, што ў такiм выпадку

Воўк iх з'ядае часта быццам курапатку

I ўсё ж заўважыць мушу асаблiва:

Не ўсе ваўкi да нашага падобны,

Такiя ёсць, што з выгляду лагодны,

I нораў маюць цiхi, незласлiвы,

Ды так паслужлiва i так добразычлiва

Плятуцца за дзяўчатамi па пятах,

Па цёмных вулачках праводзячы дахаты.

Але з усiх ваўкоў - такiя

Найгоршыя i самыя лiхiя!

СIНЯЯ БАРАДА

Жыў сабе аднаго разу вельмi багаты чалавек, i былi ў яго дзiвосныя палацы ў горадзе i ў вёсцы, i залаты i срэбны посуд, i мэбля ў карунках, i залачоныя карэты. Але была, на няшчасце, у гэтага чалавека сiняя барада. I такi яна давала яму брыдкi i страшны выгляд, што ўсе дзяўчаты i кабеты, як толькi ўбачаць яго, адразу ўцякалi. А ў адной знатнай панi, ягонай суседкi, былi дзве дачкi - красунi, якiх свет не бачыў. Вось i папрасiў ён гэтую паню аддаць адну дачку за яго замуж, а якую - даў самой выбiраць. Але нiводная дачка не згаджалася быць яму жонкай. Толькi перакiдвалi яго адна адной, ды нiяк не адважвалiся пайсцi замуж за чалавека, у якога была сiняя барада. А яшчэ iм вельмi было непрыемна, што ён ужо не раз быў жанаты, а што сталася з тымi жанчынамi - нiхто не ведаў.

Каб дзяўчаты маглi пазнаёмiцца з iм трошкi лепей, запрасiў iх Сiняя Барада, разам з мацi i трыма-чатырма сяброўкамi ды некалькiмi хлопцамi з суседзяў, у адзiн свой загарадны маёнтак, дзе гасцявалi яны цэлы тыдзень. Увесь час госцi толькi гулялi цi хадзiлi на шпацыр, палявалi цi лавiлi рыбу, ладзiлi скокi, строiлi банкеты ды балi. Пра сон нiхто i не думаў, i ўсе ночы госцi пацяшалiся, выдумляючы розныя штукi ды жарты. Усё было так добра, што малодшай дачцэ пачало нават здавацца, быццам барада ў гаспадара не такая ўжо сiняя, дый сам ён - чалавек вельмi прыстойны. I вось па вяртаннi ў горад яны адразу згулялi вяселле.

Месяцам пазней сказаў Сiняя Барада сваёй жонцы, што трэба яму па адной важнай справе без адкладу ехаць у вёску - тыдняў, прынамсi, на шэсць. I папрасiў яе не вельмi журыцца, а знайсцi якую забаву: няхай, сказаў, калi захоча, паклiча сябровак, можа, паедзе з iмi за горад, а галоўнае, дзе б нi была, няхай не забывае як след есцi ды пiцi.

- А гэта вось табе ключы, - дадаў ён. - Гэтыя да дзвюх галоўных камораў, гэтыя - да залатога i срэбнага посуду, што ставяць на стол толькi на святы, гэтыя - да куфраў з залатымi i срэбнымi манетамi, гэтыя - да скрыняў з каштоўным каменнем, а гэтым можна адчынiць усе пакоi ў палацы. I вось яшчэ маленькi ключык - да каморкi на нiжнiм паверсе, у самым канцы вялiкага калiдора. Можаш хадзiць паўсюль, усё адчыняць, але ў гэтую каморку ўваходзiць я строга забараняю. Забараняю так, што калi гэта здарыцца, ты павiнна любой бяды чакаць ад майго гневу.

Жонка паабяцала выконваць усё, як было загадана, а Сiняя Барада пацалаваў яе, сеў у карэту i пакацiў.

Суседкi i сяброўкi вырашылi не чакаць, пакуль маладая гаспадыня запросiць iх у госцi, а ўсе прыйшлi самi - так iм карцела паглядзець на багаццi, якiх у яе, па чутках, быў повен дом. Пры мужы яны баялiся да яе прыходзiць, бо iх вельмi палохала яго сiняя барада. А цяпер усе адразу кiнулiся аглядаць пакоi, каморы ды гардэробы, i чым далей, тым болей захаплялiся iх хараством i багаццем. Калi ж яны зайшлi ў кладоўкi, iх захапленню зусiм не стала нi краю нi берагу - чаго там толькi не было: i раскошныя дываны, i пышныя ложкi, i канапы, i шафы, i столiкi, i сталы, i люстры, у якiх можна бачыць сябе з галавы да пят, - адны ў каляровых шкляных рамах, другiя ў срэбных, трэцiя ў залачоных, i ўсе такiя дзiвосныя i такiя прыгожыя, што такiх у жыццi нiхто нiколi не бачыў. Суседкi i сяброўкi безупынку хвалiлi маладую гаспадыню i вельмi зайздросцiлi яе шчасцю. А дзяўчыну зусiм не цешылi ўсе гэтыя скарбы: ёй рупiла хутчэй пайсцi i адчынiць каморку ўнiзе, у канцы калiдора.

Цiкаўнасць настолькi апанавала яе, што яна i не падумала, як няветлiва кiдаць гасцей адных, i цiшком пабегла ўнiз па маленькай патаемнай лесвiцы ды так спяшалася, што ледзь галаву сабе не скруцiла. Каля дзвярэй у каморку яна спынiлася i раптам успомнiла, што муж забаранiў у яе ўваходзiць. "Ах! падумала яна. - Будзе мне лiханька, што я не паслухалася." Але спакуса была такая вялiкая, што дзяўчына не магла ўжо яе адолець: яна ўзяла ключык i дрыготкай рукой адчынiла дзверы ў каморку.

Спачатку яна нiчога не ўбачыла: у каморцы было цёмна, вокны былi зачыненыя. Але праз хвiлiну яна заўважыла, што ўся падлога залiта спечанаю крывёй i ў гэтай крывi адбiваюцца целы нежывых кабет, прыкутых уздоўж муроў, гэта былi жанчыны, з якiмi Сiняя Барада спачатку жанiўся, а потым забiваў адну за адной. Яна ледзь не памерла ад жаху, i ключык, якi яна ўжо выняла, выпаў у яе з рукi.

Калi ж яна нарэшце апамяталася, яна падняла ключык, зачынiла дзверы i паднялася да сябе ў пакой, каб трошкi ачуцца. Але яна была такая перапалоханая, што супакоiцца ёй нiяк не ўдавалася.

Раптам яна заўважыла, што ключык запэцкаўся ў крывi. Яна паспрабавала яго абцерцi - i раз, i другi, i трэцi, але кроў не адставала. Яна яго i мыла, i нават церла пяском i жвiрам, а кроў усё роўна заставалася. Ключык быў чарадзейны, i адчысцiць яго было немагчыма: абатрэш кроў з аднаго боку, а яна выступае з другога.

Таго ж вечара вярнуўся з вандроўкi Сiняя Барада. Ён сказаў жонцы, што па дарозе атрымаў лiст, у якiм яму паведамлялi, што справа, дзеля якой ён ехаў, вырашылася на яго карысць. Жонка ўсiмi спосабамi старалася паказаць, як радуецца, што ён так хутка вярнуўся.

Таго ж вечара вярнуўся з вандроўкi Сiняя Барада. Ён сказаў жонцы, што па дарозе атрымаў лiст, у якiм яму паведамлялi, што справа, дзеля якой ён ехаў, вырашылася на яго карысць. Жонка ўсiмi спосабамi старалася паказаць, як радуецца, што ён так хутка вярнуўся.

Назаўтра ён папрасiў у жонкi ключы. I калi яна iх аддавала, рукi ў яе так калацiлiся, што Сiняя Барада адразу здагадаўся пра ўсё, што здарылася.

- Чаму гэта, - спытаў ён, - разам з iншымi няма ключыка да каморкi?

- Я, напэўна, пакiнула яго наверсе, у сябе ў пакоi на стале, - адказала яна.

- Прынясi мне яго, - сказаў Сiняя Барада, - i хутчэй.

Пасля розных адцяжак ды адгаворак, ключык давялося такi аддаваць. Сiняя Барада агледзеў яго i сказаў:

- Адкуль гэта на ключы кроў?

- Не ведаю, - адказала няшчасная жанчына i спалатнела як нежывая.

- Ты не ведаеш?! - перапытаў Сiняя Барада. - Ну, дык я ведаю! Ты хацела ўвайсцi ў каморку! Што ж, добра. Ты ўвойдзеш туды - i зоймеш сваё месца побач з iншымi жанчынамi, якiх ты там бачыла.

Яна кiнулася мужу ў ногi, пачала плакаць, прасiць прабачэння i, па ўсiм вiдаць, шчыра раскайвалася, што была такая непаслухмяная. Здаецца, нават камень расчулiўся б ад маленняў такой прыгажунi. Але ў Сiняе Барады сэрца было чарсцвейшае за камень.

- Ты павiнна памерцi, - прамовiў ён, - i зараз жа!

- Калi ўжо я павiнна памерцi, - сказала жонка, гледзячы на яго вачыма, поўнымi слёз, - дык дай мне хоць трошкi часу памалiцца Богу.

- Даю табе паўчвэрткi гадзiны, - адказаў Сiняя Барада, - i нi хвiлiны болей.

Калi ён пайшоў i бедная жанчына засталася адна, яна паклiкала сваю сястру i сказала ёй:

- Сястра мая Ганна (а так яе звалi), прашу цябе, падымiся на вежу ды паглядзi, цi не едуць нашыя браты, яны абяцалi сёння завiтаць да мяне ў госцi. Калi iх убачыш, дай iм знак, каб яны паспяшалiся.

Сястра Ганна паднялася на вежу, а нябога ў вялiкiм смутку час ад часу гукала яе:

- Ганна, сястра мая Ганна, цi не вiдаць, каб хтось ехаў?

А сястра Ганна адказвала:

- Не вiдаць нiчога, толькi сонейка яснее, толькi траўка зелянее.

Тым часам Сiняя Барада схапiў вялiзны нож i крыкнуў на ўсё горла:

- Ану, спускайся хутчэй, цi зараз я сам да цябе падымуся!

- Зараз, зараз, калi ласка, яшчэ хвiлiнку, - адказала жонка i зноўку ледзь чутна гукнула:

- Ганна, сястра мая Ганна, цi не вiдаць, каб хтось ехаў?

А сястра Ганна адказвала:

- Не вiдаць нiчога, толькi сонейка яснее, толькi траўка зелянее.

- Ану, спускайся хутчэй, - крыкнуў Сiняя Барада, - цi зараз я сам да цябе падымуся!

- Ужо iду, - адказала жонка, а сама зноў гукнула сястру. - Ганна, сястра мая Ганна, цi не вiдаць, каб хтось ехаў?

- Бачу, бачу! - адказала сястра Ганна. - Вялiзны слуп пылу! Ён наблiжаецца да нас...

- Цi не нашыя гэта браты?

- Ах, сястра мая, на жаль, не, гэта статак бараноў...

- Цi спусцiшся ты нарэшце? - крыкнуў Сiняя Барада.

- Яшчэ адну хвiлiнку, - адказала жонка i зноў гукнула сястру. - Ганна, сястра мая Ганна, цi не вiдаць, каб хтось ехаў?

- Бачу, - адказала тая, - два коннiкi скачуць сюды, але яны яшчэ вельмi далёка.

I праз хвiлiну дадала:

- Дзякуй Богу, гэта нашыя браты! Зараз я дам iм знак, каб яны паспяшалiся.

Тут Сiняя Барада закрычаў так моцна, што ўвесь палац скалануўся. Нябога выйшла да мужа i ў слязах, з раскудлачанымi валасамi, кiнулася яму ў ногi.

- Усё дарма, - сказаў Сiняя Барада. - Настаў твой смяротны час!

Ён ухапiў яе адной рукою за валасы, другой падняў свой страшны кухонны нож i ўжо мерыўся быў адсячы ёй галаву... Бедная кабета зiрнула на мужа змярцвелымi вачыма i апошнi раз папрасiла:

- Дай мне яшчэ хоць адно iмгненне.

- Не, не! - адказаў ён. - Бог за цябе памолiцца.

Ён падняў руку i...

У гэтую хвiлiну пачуўся такi моцны грукат у браму, што ад нечаканасцi Сiняя Барада спынiўся. Брама не вытрымала, расчынiлася, i на двор уляцелi два коннiкi. Яны адразу выхапiлi шпагi i кiнулiся да Сiняе Барады.

Убачыўшы братоў сваёй жонкi - а з iх адзiн быў драгун, а другi мушкецёр Сiняя Барада кiнуўся наўцёкi. Але браты дагналi яго раней, чым ён паспеў узбегчы на ганак. Яны працялi яго наскрозь шпагамi i кiнулi памiраць. Бедная жонка Сiняе Барады была i сама ледзь жывая, у яе не было сiлы нават падняцца i абняць сваiх ратаўнiкоў.

Сталася так, што ў Сiняе Барады зусiм не было спадкаемцаў, i ўсе яго скарбы засталiся ягонай жонцы. Адну частку мужавага багацця яна выкарыстала, каб выдаць сястру Ганну за маладога пана, якi быў даўно ў яе закаханы; на другую - купiла братам капiтанскiя чыны, а за астатняе - сама згуляла вяселле з вельмi сумленным i добрым чалавекам, з якiм хутка забылася на ўсё гора, што ёй давялося перажыць з Сiняю Барадой.

Мараль

Жанчын цiкаўнасць часта спакушае,

Але нярэдка iх раскаянне чакае.

I прыкладаў таму - нямала кожны дзень.

Такi капрыз - нiкчэмная патрэба:

Яго здаволiш - i знiкае ён, як цень,

А вось плацiць пасля занадта доўга трэба.

Другая мараль

Жыцця не трэба ведаць дасканала

I розум не вялiкi трэба мець,

Каб, прачытаўшы казку, зразумець,

Што так, бадай, спрадвеку не бывала.

Хто бачыў дзе мужоў такiх жахлiвых,

Што патрабуюць ад жанчын таго, што немажлiва?

Хай i раўнiвы муж - таго не бачна звонку,

Бо ён заўжды iмкнецца ўлашчыць сваю жонку.

I ўжо якая б нi была ў мужа барада,

Сказаць не проста, хто ў сям'i сапраўдны гаспадар.

КОТ У БОТАХ

Памёр адзiн млынар i пакiнуў сваiм тром сынам толькi млын, асла ды ката. Спадчыну дзялiлi нядоўга; нават суддзю з падсудкам не клiкалi, бо з гэтымi, вядома, нiчога не засталося б ад такога небагатага набытку. Старэйшы брат узяў сабе млын, сярэднi - асла, а малодшаму дастаўся кот.

Вельмi смуткаваў малодшы брат, што выпаў яму такi горкi лёс.

- Добра маiм братам, - казаў ён. - Калi будуць жыць разам, дык i на хлеб змогуць сабе зарабiць. А я - з'ем свайго ката, зраблю з яго скуры рукавiцы, а потым - хоць ты з голаду пухнi.

Пачуў Кот гэтыя словы, але выгляду не падаў. I сказаў такiм разважным i сур'ёзным голасам:

- Не журыцеся, мой гаспадару, дайце мне лепей якую торбу ды купiце боты каб мне было ў чым лазiць па кустах. А тады ўбачыце, што не такая ўжо благая вам выпала доля, як здаецца.

Хлопец, вядома, не даў Катовым словам вялiкае веры. Але й не збезнадзеiўся, бо хто яго ведае, можа, i праўда, Кот дасць яму якое рады ў няшчасцi. Хлопец часта бачыў, як спрытна Кот лавiў пацукоў i мышэй: то павiсаў на адных лапах, то хаваўся ў муцэ ды прыкiдваўся мёртвым.

Неўзабаве Кот атрымаў усё, чаго прасiў. Ён адразу хвацка нацягнуў боты, закiнуў за плечы торбу i, узяўшы яе абедзвюма пярэднiмi лапамi за матуз, рушыў у лес, дзе вадзiлася многа трусоў. У торбу ён насыпаў вотруб'я, заечай капусты, а сам лёг на зямлi i, удаўшыся за мёртвага, пачаў чакаць, калi якое трусяня, не надта яшчэ абазнанае ва ўсякiх хiтрасцях свету, залезе ў торбу, каб пачаставацца пакладзенымi туды ласункамi.

I толькi паспеў ён легчы, як адразу з радасцю ўбачыў, што нейкае легкадумнае трусяня ўжо капошыцца ў торбе. Кот, не марудзячы, зашморгнуў матуз, схапiў труса i бязлiтасна яго забiў.

Горды здабычай, ён рушыў да караля i папрасiў мовiць перад iм слова. Ката пусцiлi ў пакоi Яго Вялiкасцi. Увайшоўшы, Кот нiзка пакланiўся каралю i сказаў:

- Вашамосць, гэтага труса мне даручыў паднесцi вам ад свайго iмя пан маркiз дэ Карабас (такое iмя яму ўздумалася даць свайму гаспадару).

- Ну што ж, - адказаў кароль, - скажы свайму гаспадару, што я яму дзякую i вельмi рады яго падарунку.

Другi раз Кот схаваўся ў жыце i зноў разгарнуў сваю торбу, а калi ў яго ўлезлi дзве курапаткi, зацягнуў матуз i злавiў абедзвюх. Потым, як i труса, ён занёс курапатак да караля. Кароль прыняў падарунак iзноў з вялiкiм задавальненнем i загадаў даць Кату гасцiнца.

Так два цi тры месяцы Кот насiў каралю дзiчыну, упаляваную нiбыта яго гаспадаром. I аднойчы даведаўся, што кароль са сваёю дачкой, найпрыгажэйшаю прынцэсаю ў свеце, збiраецца выправiцца на шпацыр па беразе рэчкi. Вось i кажа ён свайму гаспадару:

- Калi вы паслухаецеся маёй парады, дык будзеце шчаслiвы да канца сваiх дзён. А дзеля гэтага вам трэба зрабiць адно: пайсцi да рэчкi i там, дзе я пакажу, залезцi ў ваду. Усё астатняе я зраблю сам.

Маркiз дэ Карабас паслухаўся Ката i зрабiў усё, як той яму нараiў, хоць, праўду кажучы, зусiм не разумеў, навошта ўсё гэта трэба.

I вось сядзiць ён у вадзе, а побач якраз праязджае кароль. Тут Кот як закрычыць:

- Ратуйце! Ратуйце! Маркiз дэ Карабас топiцца!

Пачуўшы гэтыя крыкi, кароль высунуў галаву з карэты i, пазнаўшы Ката, якi столькi разоў насiў яму дзiчыну, адразу загадаў сваёй варце хутчэй бегчы i дапамагчы маркiзу дэ Карабасу.

Пакуль небараку маркiза выцягвалi з рэчкi, Кот падышоў да карэты i сказаў каралю, што калi яго гаспадар купаўся, нечакана з'явiлiся злодзеi i ўкралi ўсё яго адзенне, хоць ён, Кот, крычаў на ўсю сiлу: "Трымай iх! Трымай злодзеяў!" (Адзенне ж хiтрун схаваў пад вялiкiм каменем.)

Кароль адразу загадаў служкам пры сваiм гардэробе паехаць i прывезцi пану маркiзу дэ Карабасу адзiн з найлепшых сваiх гарнiтураў. Калi маркiз апрануўся, кароль сустрэў яго вельмi ласкава. А таму, што прыгожае адзенне, якое маркiзу прывезлi, вельмi яму пасавала (а ён i сам з сябе быў хлопец ладны ды зграбны), то каралеўская дачка адразу яго ўпадабала. I варта было маркiзу дэ Карабасу два-тры разы зiрнуць на каралеўну з пашанай i трошкi з пяшчотай, як яна закахалася ў яго без памяцi.

Назад Дальше