Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке) - Алексей Николаевич Толстой 5 стр.


Астатняе ты сам бачыў, Бурацiна.

П'еро скончыў расказ, i Бурацiна спытаў яго асцярожна:

- А ў якiм доме, у якiм пакоi пад лесвiцай знаходзяцца дзверцы, што адмыкае ключык?

- Карабас Барабас не паспеў расказаць пра гэта... Ах, цi не ўсё роўна нам, - ключык на дне возера... Мы нiколi не ўбачым шчасця...

- А гэта ты бачыў? - крыкнуў яму ў вуха Бурацiна. I, выцягнуўшы з кiшэнi ключык, пакруцiў iм перад носам П'еро. - Вось ён!

Бурацiна i П'еро прыходзяць да Мальвiны, але iм адразу ж прыходзiцца ўцякаць разам з Мальвiнай i пудзелем Артамонам

Калi сонца ўзнялося над скалiстай горнай вяршыняй, Бурацiна i П'еро вылезлi з-пад куста i пабеглi цераз поле, па якiм учора ўночы кажан звёў Бурацiна з дома дзяўчынкi з блакiтнымi валасамi ў Краiну Дурняў.

На П'еро смешна было глядзець, - так ён спяшаўся хутчэй убачыць Мальвiну.

- Паслухай, - пытаўся ён праз кожныя пятнаццаць секунд, - Бурацiна, а што, яна будзе рада мне?

- А я адкуль ведаю...

Праз пятнаццаць секунд зноў:

- Паслухай, Бурацiна, а раптам яна не будзе рада?

- А я адкуль ведаю.

Нарэшце яны ўбачылi белы домiк з намаляванымi на аканiцах сонцам, месяцам i зоркамi.

З комiна ўзнiмаўся дымок. Вышэй яго плыло невялiкае воблака, падобнае на кашэчую галаву.

Пудзель Артамон сядзеў на ганку i час ад часу гыркаў на гэтае воблака.

Бурацiна не вельмi хацелася вяртацца да дзяўчынкi з блакiтнымi валасамi. Але ён быў галодны i яшчэ здалёку пацягнуў носам пах паранага малака.

- Калi дзяўчынка зноў надумаецца нас выхоўваць, нап'ёмся малака, - i нiзавошта я тут не застануся.

У гэты час Мальвiна выйшла з домiка. У адной руцэ яна трымала фарфоравы кафейнiк, у другой - кошык з пячэннем.

Вочы ў яе ўсё яшчэ былi заплаканыя, - яна была ўпэўнена, што пацукi выцягнулi Бурацiна з каморкi i з'елi.

Толькi яна села за лялечны стол на пясчанай дарожцы, - блакiтныя кветкi загайдалiся, матылькi ўзнялiся над iмi, як белыя i жоўтыя лiсты, i з'явiлiся Бурацiна i П'еро.

Мальвiна так шырока расплюшчыла вочы, што абодва драўляныя хлопчыкi маглi б свабодна туды скочыць.

П'еро, убачыўшы Мальвiну, пачаў мармытаць словы - такiя няскладныя i неразумныя, што мы iх тут не прыводзiм.

Бурацiна сказаў як быццам нiчога i не было:

- Вось я яго прывёў, - выхоўвайце...

Мальвiна нарэшце зразумела, што гэта не сон.

- Ах, якое шчасце! - прашаптала яна, але адразу ж дадала дарослым голасам: - Хлопчыкi, iдзiце зараз жа мыцца i чысцiць зубы. Артамон, правядзi хлопчыкаў да студнi.

- Ты бачыў, - прабурчаў Бурацiна, - у яе бзiк у галаве - мыцца, чысцiць зубы. Каго хочаш са свету зжыве чысцiнёй...

Усё ж яны памылiся. Артамон кутасiкам на канцы хваста пачысцiў iм куртачкi...

Селi за стол. Бурацiна аплятаў яду за абедзве шчакi.

П'еро нават не адкусiў нi кавалачка пiрожнага; ён глядзеў на Мальвiну так, нiбы яна была зроблена з мiндальнага цеста.

Ёй гэта нарэшце надакучыла.

- Ну, - сказала яна яму, - што вы такое ўбачылi ў мяне на твары? Снедайце, калi ласка, спакойна.

- Мальвiна, - адказаў П'еро, - я даўно ўжо нiчога не ем, я складаю вершы...

Бурацiна затросся ад смеху.

Мальвiна здзiвiлася i зноў шырока расплюшчыла вочы:

- У такiм разе - пачытайце вашы вершыкi.

Прыгожанькай рукой яна падперла шчаку i ўзняла прыгожанькiя вочы да воблака, падобнага на кашэчую галаву.

П'еро пачаў чытаць вершыкi з такiм завываннем, нiбы ён сядзеў на дне глыбокай студнi:

Прапала Мальвiна, нявеста мая...

Праз гэта спакою не ведаю я.

Рыдаю, не знаю - куды мне падацца,

З жыццём, можа, лялечным лепш развiтацца?

Не паспеў П'еро прачытаць, не паспела Мальвiна пахвалiць вершыкi, якiя ёй вельмi спадабалiся, як на пясчанай дарожцы з'явiлася жаба.

Страшэнна вылупiўшы вочы, яна прагаварыла:

- Сёння ноччу чарапаха Тарцiла, якая на старасцi год зусiм страцiла розум, расказала Карабасу Барабасу ўсё пра залаты ключык...

Мальвiна спалохана крыкнула, хоць нiчога не зразумела. П'еро, няўважлiвы, як усе паэты, зрабiў некалькi недарэчных воклiчаў, якiя мы тут не прыводзiм. Затое Бурацiна адразу ўсхапiўся i пачаў пхаць у кiшэнi пячэнне, цукар i цукеркi.

- Уцякайма як мага хутчэй. Калi палiцэйскiя сабакi прывядуць сюды Карабаса Барабаса - мы загiнулi.

Мальвiна збялела, як крыло белага матылька. П'еро, думаючы, што яна памiрае, перакулiў на яе кафейнiк, i прыгожанькую сукенку Мальвiны залiла какава.

З моцным брэхам падскочыў да iх Артамон, - гэта ж яму прыходзiлася мыць Мальвiнiны сукенкi, - схапiў П'еро за каўнер i пачаў трэсцi, пакуль П'еро не прагаварыў, заiкаючыся:

- Хопiць, калi ласка...

Жаба паглядзела на гэтую мiтусню i зноў сказала:

- Карабас Барабас з палiцэйскiмi сабакамi будзе тут праз чвэртку гадзiны...

Мальвiна пабегла пераадзявацца. П'еро ў роспачы ламаў рукi i спрабаваў нават падаць дагары тварам на пясчаную дарожку. Артамон цягнуў клункi з хатнiмi рэчамi. Дзверы грукалi. Вераб'i страшэнна расцiўкалiся на кусце. Ластаўкi праносiлiся над самай зямлёй. Сава для павелiчэння панiкi дзiка зарагатала на вышках.

Адзiн Бурацiна не разгубiўся. Ён узвалiў на Артамона два клункi з самымi неабходнымi рэчамi. На клункi пасадзiў Мальвiну, адзетую ў прыгожанькую дарожную сукенку. П'еро ён загадаў трымацца за сабачы хвост. Сам стаў наперадзе:

- Нiякай панiкi! Уцякайма!

Калi яны, - гэта значыць Бурацiна, што смела крочыў наперадзе сабакi, Мальвiна, якая падскаквала на клунках, i ззаду П'еро, нашпiгаваны замест здаровага сэнсу недарэчнымi вершамi, - калi яны выйшлi з густой травы на гладкае поле, - з лесу высунулася ўскудлачаная барада Карабаса Барабаса. Ён далонню прыкрыў вочы ад сонца i аглядаў наваколле.

Страшэнны бой на ўзлессi

Сiньёр Карабас Барабас трымаў на прывязi двух палiцэйскiх сабак. Убачыўшы на роўным полi ўцекачоў, ён разявiў зубасты рот.

- Ага! - закрычаў ён i спусцiў сабак.

Раз'юшаныя сабакi спачатку пачалi драць заднiмi лапамi зямлю. Яны нават не гыркалi, яны нават глядзелi ў другi бок, а не на ўцекачоў, - так ганарылiся сваёй сiлай.

Потым сабакi павольна пайшлi да таго месца, дзе ў жаху спынiлiся Бурацiна, Артамон, П'еро i Мальвiна.

Здавалася, усё загiнула. Карабас Барабас касалапа iшоў следам за палiцэйскiмi сабакамi. Барада яго штохвiлiны вылазiла з кiшэнi курткi i блыталася пад нагамi.

Артамон падкурчыў хвост i злосна гыркаў. Мальвiна трэсла рукамi:

- Баюся, баюся!

П'еро апусцiў рукавы i глядзеў на Мальвiну, упэўнены, што ўсё скончана.

Першы апамятаўся Бурацiна.

- П'еро, - закрычаў ён, - бяры за руку дзяўчынку, бяжыце да возера, дзе лебедзi!.. Артамон, скiдай клункi, здымай гадзiннiк, - будзеш бiцца!..

Мальвiна, ледзь толькi пачула гэтае смелае распараджэнне, саскочыла з Артамона i, падабраўшы сукенку, пабегла да возера. П'еро - за ёю.

Артамон скiнуў клункi, зняў з лапы гадзiннiк i бант з кончыка хваста. Ашчэрыў белыя зубы i скочыў улева, скочыў управа, размiнаючы мускулы, i таксама пачаў з адцяжкай драць заднiмi нагамi зямлю.

Бурацiна ўзлез па смалiстым ствале на верхавiну iтальянскай сасны, што адзiнока стаяла ў полi, i адтуль закрычаў, завыў, запiшчаў на ўсё горла:

- Звяры, птушкi, насякомыя! Нашых б'юць! Ратуйце нi ў чым не вiнаватых драўляных чалавечкаў!..

Палiцэйскiя бульдогi нiбы толькi цяпер убачылi Артамона i разам кiнулiся на яго. Спрытны пудзель выкруцiўся i зубамi хапiў аднаго сабаку за агрызак хваста, другога за сцягно.

Бульдогi нязграбна павярнулiся i зноў кiнулiся на пудзеля. Ён высока падскочыў, прапусцiўшы iх пад сабой, i зноў паспеў абадраць аднаму бок, другому - спiну.

Трэцi раз кiнулiся на яго бульдогi. Тады Артамон, апусцiўшы хвост да травы, памчаўся кругамi па полi, то падпускаючы блiзка палiцэйскiх сабак, то кiдаючыся ўбок перад самым iх носам...

Кiрпатыя бульдогi цяпер па-сапраўднаму раззлавалiся, засаплi, беглi за Артамонам не спяшаючыся, упарта, гатовыя лепш здохнуць, але дабрацца да горла мiтуслiвага пудзеля.

Тым часам Карабас Барабас падышоў да iтальянскай сасны, ухапiўся за ствол i пачаў трэсцi:

- Злазь, злазь!

Бурацiна рукамi, нагамi, зубамi ўчапiўся за галiну. Карабас Барабас затрос дрэва так, што загайдалiся ўсе шышкi на галiнах.

На iтальянскай сасне шышкi - калючыя i цяжкiя, велiчынёй з невялiкую дыню. Стукнуць такой шышкай па галаве - дык ой-ёй!

Бурацiна ледзь трымаўся на галiне, якая гайдалася. Ён бачыў, што Артамон ужо высунуў язык чырвонай анучай i бегае ўсё павальней.

- Аддавай ключык! - загарланiў Карабас Барабас, разявiўшы ляпу.

Бурацiна папоўз па галiне, дабраўся да здаравеннай шышкi i пачаў перакусваць сцябло, на якiм яна вiсела. Карабас Барабас страсянуў мацней, i цяжкая шышка паляцела ўнiз, - бах! - проста яму ў зубастую пашчу.

Карабас Барабас ажно прысеў.

Бурацiна адарваў другую шышку, i яна - бах! - Карабасу Барабасу проста ў цемя, як у барабан.

- Нашых б'юць! - зноў закрычаў Бурацiна. - На дапамогу нi ў чым не вiнаватым драўляным чалавечкам!

Першымi на дапамогу прыляцелi стрыжы, - брыючым палётам пачалi стрыгчы паветра перад носам у бульдогаў. Сабакi дарэмна ляскалi зубамi, - стрыж не муха: як шэрая маланка - ж-жык мiма носа!

Першымi на дапамогу прыляцелi стрыжы, - брыючым палётам пачалi стрыгчы паветра перад носам у бульдогаў. Сабакi дарэмна ляскалi зубамi, - стрыж не муха: як шэрая маланка - ж-жык мiма носа!

З воблака, падобнага на кашэчую галаву, упаў чорны каршун - той, што звычайна прыносiў Мальвiне дзiчыну; ён упiўся кiпцюрамi ў спiну палiцэйскага сабакi, узляцеў на цудоўных крылах, падняў сабаку i выпусцiў яго...

Сабака, скуголячы, пляснуўся дагары лапамi.

Артамон збоку наляцеў на другога сабаку, ударыў яго грудзьмi, павалiў, укусiў, адскочыў...

I зноў памчалiся па полi вакол адзiнокай сасны Артамон i за iм памятыя i пакусаныя палiцэйскiя сабакi.

На дапамогу Артамону iшлi жабы. Яны цягнулi двух вужоў, якiя аслеплi ад старасцi. Вужам усё роўна трэба было памiраць - альбо пад гнiлым пнём, альбо ў жываце ў чаплi. Жабы ўгаварылi iх загiнуць геройскай смерцю.

Высакародны Артамон вырашыў цяпер распачаць адкрыты бой.

Сеў на хвост, ашчэрыў iклы.

Бульдогi наляцелi на яго, i ўсе ўтрох пакацiлiся клубком.

Артамон ляскаў скiвiцамi, драў кiпцюрамi. Бульдогi, не звяртаючы ўвагi на ўкусы i драпiны, чакалi аднаго: дабрацца да Артамонавага горла - мёртвай хваткай. Вiск i выццё стаялi на ўсiм полi.

На дапамогу Артамону iшла сям'я вожыкаў: сам вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнiя цёткi i маленькiя вожычкi.

Ляцелi, гулi тоўстыя чорна-аксамiтныя чмялi ў залатых плашчах, шыпелi крыламi злосныя шэршнi. Паўзлi жужалi i куслiвыя жукi з доўгiмi вусамi.

Усе звяры, птушкi i насякомыя дружна накiнулiся на ненавiсных палiцэйскiх сабак.

Вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнiя цёткi i маленькiя вожычкi згортвалiся ў клубкi i з хуткасцю кракетнага шара бiлi iголкамi бульдогаў у морду.

Чмялi, шэршнi з налёту джалiлi iх атрутнымi джаламi. Сур'ёзныя мурашкi не спяшаючыся залазiлi ў ноздры i там пускалi ядавiтую мурашыную кiслату.

Жужалi i жукi кусалi за пупок.

Каршун дзёўб то аднаго сабаку, то другога крывой дзюбай у чэрап.

Матылькi i мухi шчыльным воблачкам таўклiся перад iх вачыма, засланяючы святло.

Жабы трымалi напагатове двух вужоў, гатовых памерцi геройскай смерцю.

I вось, калi адзiн з бульдогаў шырока разявiў пашчу, каб вычхнуць атрутную мурашыную кiслату, стары сляпы вуж кiнуўся галавой наперад яму ў горла i вiнтом пралез у страўнiк.

Тое ж здарылася i з другiм бульдогам: другi сляпы вуж кiнуўся яму ў пашчу.

Абодва сабакi, сколатыя, зджаленыя, падрапаныя, - задыхаючыся, пачалi бездапаможна качацца па зямлi.

Высакародны Артамон выйшаў з бою пераможцам.

Тым часам Карабас Барабас выцягнуў нарэшце з велiзарнага рота калючую шышку.

Ад удару па цеменi ў яго вылезлi на лоб вочы. Хiстаючыся, ён зноў схапiўся за ствол iтальянскай сасны. Вецер развяваў яго бараду.

Бурацiна заўважыў, седзячы на самай верхавiнцы, што канец барады Карабаса Барабаса, падхопленай ветрам, прыклеiўся да смалiстага ствала.

Бурацiна павiс на суку i, дражнячыся, запiшчаў:

- Дзядзечка, не дагонiш, дзядзечка, не дагонiш!..

Саскочыў на зямлю i пачаў бегаць вакол сасны. Карабас Барабас, выставiўшы рукi, каб схапiць хлапчука, пабег за iм, хiстаючыся, вакол дрэва.

Абабег раз, вось-вось ужо, здаецца, i схапiў сагнутымi ў крук пальцамi хлапчука, якi ўцякаў ад яго, абабег другi, абабег трэцi раз...

Барада яго абкручвалася вакол ствала, шчыльна прыклейвалася да смалы.

Калi барада скончылася i Карабас Барабас упёрся носаму дрэва, Бурацiна паказаў яму доўгi язык i пабег да Лебядзiнага возера - шукаць Мальвiну i П'еро.

Змардаваны Артамон на трох лапах, падкурчыўшы чацвёртую, шкандыбаў за iм кульгавым сабачым трушком.

На полi засталiся два палiцэйскiя сабакi, за жыццё якiх, вiдаць, нельга было даць i здохлай сухой мухi, i разгублены доктар лялечных навук сiньёр Карабас Барабас, шчыльна прыклеены барадой да iтальянскай сасны.

У пячоры

Мальвiна i П'еро сядзелi на сырой цёплай купiне ў чароце.

Зверху iх прыкрывала павуцiнавая сетка, засмечаная крыльцамi стракоз i высмактанымi камарамi.

Маленькiя блакiтныя птушачкi, пералятаючы з чарацiнкi на чарацiнку, з вясёлым здзiўленнем паглядалi на дзяўчынку, якая горка плакала.

Здалёку даляталi страшэнны лямант i вiск, - гэта Артамон i Бурацiна, вiдаць, дорага прадавалi сваё жыццё.

- Баюся, баюся! - паўтарала Мальвiна i лiсточкам лопуху ў роспачы закрывала мокры твар.

П'еро спрабаваў суцешыць яе вершамi:

Мы на купiнцы сядзiм

I на кветачкi глядзiм,

Жоўтыя, блiскучыя,

Да чаго ж пахучыя.

Будзем жыць мы лета

На купiнцы гэтай,

Жыць адны мы будзем

На здзiўленне людзям...

Мальвiна затупала на яго нагамi:

- Вы мне абрыдлi, абрыдлi, хлопчык!.. Сарвiце свежы лопух, - хiба ж не бачыце - гэты ўвесь прамок i ўвесь на дзiрках.

Раптам шум i вiск удалечынi зацiхлi. Мальвiна павольна пляснула рукамi:

- Артамон i Бурацiна загiнулi...

I кiнулася тварам на купiну, у зялёны мох.

П'еро бесталкова затупаў каля яе. Вецер цiха пасвiстваў мяцёлкамi чароту.

Нарэшце пачулiся крокi. Бясспрэчна, гэта iшоў Карабас Барабас, каб груба схапiць i засунуць у свае бяздонныя кiшэнi Мальвiну i П'еро. Чарот расхiнуўся, - i з'явiўся Бурацiна: нос - тырчком, рот да вушэй. За iм накульгваў падрапаны Артамон з двума клункамi цераз спiну...

- Бач ты iх - захацелi са мной бiцца! - сказаў Бурацiна, не звяртаючы ўвагi на радасць Мальвiны i П'еро. - Што мне кот, што мне лiсiца, што мне палiцэйскiя сабакi, што мне сам Карабас Барабас - цьфу! Дзяўчынка, узлазь на сабаку, хлапчук, трымайся за хвост. Пайшлi...

I ён мужна пакрочыў па купiнах, локцямi рассоўваючы чарот, - вакол возера на той бок...

Мальвiна i П'еро не адважылiся нават спытаць яго, чым закончыўся бой з палiцэйскiмi сабакамi i чаму за iмi не гонiцца Карабас Барабас.

Калi дабралiся да таго берага возера, высакародны Артамон пачаў скуголiць i кульгаць на ўсе лапы. Трэба было зрабiць прывал, каб перавязаць яму раны. Пад вялiзнымi карэннямi сасны, якая расла на камянiстым пагорку, убачылi пячору. Туды зацягнулi клункi, i туды ж запоўз Артамон.

Высакародны сабака спачатку аблiзваў кожную лапу, потым працягваў яе Мальвiне. Бурацiна раздзiраў Мальвiнiну старую кашулю на бiнты. П'еро iх трымаў, Мальвiна перавязвала лапы.

Пасля перавязкi Артамону паставiлi градуснiк, i сабака спакойна заснуў.

Бурацiна сказаў:

- П'еро, марш да возера, прынясi вады.

П'еро паслухмяна паклыпаў, мармычучы вершы i спатыкаючыся, па дарозе згубiў вечка i прынёс вады толькi на дне чайнiка.

Бурацiна сказаў:

- Мальвiна, збегай назбiрай галля для вогнiшча.

Мальвiна з дакорам паглядзела на Бурацiна, пацiснула плечыкам i прынесла некалькi сухiх сцяблiнак.

Бурацiна сказаў:

- Вось насланнё з гэтымi добра выхаванымi...

Сам прынёс вады, сам назбiраў галля i сасновых шышак, сам расклаў каля ўвахода ў пячору агонь, такi шумлiвы, што захiсталiся галiнкi на высокай сасне. Сам зварыў какавы на вадзе.

- Жыва! Сядайце снедаць...

Мальвiна ўвесь гэты час маўчала, сцяўшы губы. Але цяпер яна сказала вельмi цвёрда, дарослым голасам:

- Не думайце, Бурацiна, што калi вы бiлiся з сабакамi i перамаглi, выратавалi нас ад Карабаса Барабаса i ў далейшым паводзiлi сябе мужна, дык гэта пазбаўляе вас ад неабходнасцi мыць рукi i чысцiць зубы перад ядой...

Бурацiна так i сеў: вось табе i маеш! - вылупiў вочы на дзяўчынку з жалезным характарам.

Мальвiна выйшла з пячоры i пляснула ў далонi:

- Матылькi, вусенi, жукi, жабы...

Не прайшло хвiлiны - прыляцелi вялiкiя матылькi, запэцканыя пылком з кветак. Прыпаўзлi вусенi i панурыя жукi-гнаевiкi.

На жыватах прышлёпалi жабы...

Матылькi, уздыхаючы крыльцамi, селi на сцены пячоры, каб унутры было прыгожа i каб зямля, што асыпалася, не трапляла ў страву.

Жукi-гнаевiкi згортвалi ў шарыкi ўсё смецце на дне пячоры i выкiдвалi iх прэч.

Тлусты белы вусень успоўз на галаву Бурацiна i, звесiўшыся з яго носа, выцiснуў крыху пасты яму на зубы. Хочаш не хочаш, прыйшлося iх пачысцiць.

Другi вусень пачысцiў зубы П'еро.

З'явiўся заспаны барсук, падобны на калматае парася... Ён браў лапай карычневых вусеняў, выцiскаў з iх карычневую пасту на абутак i хвастом вельмi добра вычысцiў усе тры пары чаравiкаў - у Мальвiны, Бурацiна i П'еро.

Пачысцiўшы, пазяхнуў: а-ха-ха, - i пайшоў, перавальваючыся з боку на бок.

Заляцеў мiтуслiвы, стракаты, вясёлы ўдод з чырвоным чубком, якi ўставаў дыбам, калi ён з чаго-небудзь дзiвiўся.

- Каго прычасаць?

- Мяне, - сказала Мальвiна. - Зрабiце завiўку i прычашыце, я раскудлачана...

- А дзе ж люстэрка? Паслухайце, душачка...

Тады лупавокiя жабы сказалi:

- Мы прынясём...

Дзесяць жаб зашлёпалi жыватамi да возера. Замест люстэрка яны прывалаклi люстранога карпа, такога тлустага i санлiвага, што яму было ўсё роўна, куды яго цягнуць пад плаўнiкi.

Карпа паставiлi на хвост перад Мальвiнай. Каб ён не задыхаўся, яму ў рот лiлi з чайнiка ваду.

Мiтуслiвы ўдод завiў i прычасаў Мальвiну. Асцярожна ўзяў са сцяны аднаго з матылькоў i прыпудрыў iм нос дзяўчынкi.

Назад Дальше