Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) - Линдгрен Астрид 3 стр.


Але Джанатан сказаў:

- Зорка Зямля недзе вельмi далёка, далёка ў Сусвеце, ты не можаш бачыць яе.

Мне стала ад гэтага сумна.

5

Але нарэшце надышоў дзень, калi я даведаўся, што ўсё-такi ёсць асаблiвага ў Сафii.

Неяк ранiцай Джанатан прапанаваў:

- Давай паедзем да Каралевы Галубоў...

- Дык гэта ж цудоўна! - узрадаваўся я. - А якая яна, Каралева?..

- Гэта Сафiя, - адказаў Джанатан. - "Каралева Галубоў" - гэта я яе так называю, проста дзеля жарту.

Неўзабаве я зразумеў чаму.

Да Сядзiбы Цюльпанаў, дзе жыла Сафiя, было даволi далёка. Яе дом стаяў на ўскрайку Вiшнёвай Далiны, там адразу ж пачыналiся высокiя горы.

Мы прыехалi туды ранiцой, Сафiя кармiла галубоў, усiх сваiх беласнежных галубоў. Сярод iх я пазнаў тую галубку, якая сядзела ў мяне на падаконнi, як мне цяпер падалося, амаль тысячу год таму.

- Паглядзi, - шэптам звярнуўся я да брата. - Цi не тая гэта галубка, якая дапамагла табе дабрацца да мяне?

- Напэўна... Бо iначай я не змог бы трапiць да цябе. Толькi галубы Сафii могуць лётаць так далёка.

Галубы нагадвалi мне белую пушыстую аблачынку, сярод якой стаяла Сафiя. Цяпер яна сапраўды была як Каралева Галубоў.

Заўважыўшы нас, Сафiя ветлiва, як звычайна, павiталася. Але штосьцi яе трывожыла, i яна цiха сказала Джанатану:

- Мiнулай ноччу я знайшла Вiяланту мёртвай, са стралой у грудзях. У Цяснiне Ваўка. Пiсьмо, вядома, знiкла.

Вочы ў Джанатана пацямнелi. Да гэтага я нiколi не бачыў яго ў такой злосцi. Я не пазнаваў нi голасу ягонага, нi яго самога.

- Гэта азначае тое, пра што я думаў, - сказаў ён. - У Вiшнёвай Далiне ёсць здраднiк.

- Так, пэўна, ёсць, - згадзiлася Сафiя. - Але ўсё неяк не хацелася верыць гэтаму. Але, пэўна, так i ёсць.

Якой засмучонай нi была Сафiя, яна ўсё ж павярнулася да мяне i запрасiла:

- Хадзем, Карл, ты павiнен паглядзець, як я жыву.

У гаспадарцы Сафii акрамя галубоў былi пчолы, козы, а ў садзе было столькi кветак, што цяжка было б, вiдаць, прабрацца з аднаго краю ў другi.

Пакуль Сафiя вадзiла мяне па сядзiбе, Джанатан пачаў рабiць тое, што звычайна робяць вясной на гародзе - ускопваць i палоць.

Я глядзеў на шматлiкiя вуллi, на цюльпаны, нарцысы, але ўвесь гэты час мяне не пакiдала думка аб Вiяланце, якую застрэлiлi ў гарах.

Неўзабаве мы вярнулiся да Джанатана, ён палоў так старанна, што рукi яго сталi зусiм чорнымi.

Сафiя з журбой паглядзела на яго i сказала:

- Паслухай, мой дарагi садоўнiк, здаецца, хутка чакае цябе зусiм iншая работа.

- Я таксама пра гэта думаю, - адказаў Джанатан.

Бедная Сафiя, яна была занепакоена больш, чым ёй хацелася, каб мы бачылi. Яна адышлася ўбок i пачала пiльна глядзець на горы з такой трывогай, што я таксама захваляваўся. Што яна выглядвала? Каго чакала?

Раптам яна ўсклiкнула:

- Вось яна! Слава богу, вось Палома!

Гэта вярталася адна з Сафiiных галубак Палома. Спачатку яна бачылася маленькай кропкай на фоне гор, потым падляцела да нас i села на плячо гаспадынi.

- Хадзем, Джанатан, - сказала хутка Сафiя.

- Добра. А як Сухарык, у сэнсе Карл? - запытаў брат. - Яму трэба пра ўсё расказаць?

- Вядома, - сказала Сафiя. - Хадземце хутчэй.

Разам з галубкай, якая працягвала сядзець у яе на плячы, Сафiя рушыла паперадзе. Яна прывяла нас у маленькi пакойчык каля кухнi, зачынiла дзверы. Вiдаць, ёй не хацелася, каб хто-небудзь чуў цi бачыў, што мы робiм.

- Палома, галубка мая, - сказала Сафiя, - можа, сённяшняя твая вестачка лепшая, чым апошняя?

Яна працягнула руку да галубкi i дастала з-пад крыла птушкi маленькую капсулу, у ёй аказаўся маленькi камячок паперы, акурат такi, як Джанатан аднойчы выцягваў з кашолкi i хаваў у шафе ў нас дома.

- Чытай жа хутчэй, - прашаптаў Джанатан, - хутчэй, хутчэй!

Сафiя прачытала, i ў яе вырваўся ўскрык.

- Яны Орвара таксама схапiлi, - прамовiла яна. - Цяпер не засталося нiкога, хто мог бы хоць што-небудзь зрабiць.

Яна працягнула кавалачак паперы брату, ён прабег вачамi, i братавы вочы пацямнелi яшчэ больш.

- У Вiшнёвай Далiне - здраднiк, - пераканана сказаў ён. - Як ты думаеш, хто гэты нягоднiк?

- Я не ведаю, - адказала Сафiя. - Пакуль не ведаю. Але хто б ён нi быў, я знайду яго, i яму тады нiхто не пазайздросцiць.

Сафiя ўздыхнула i сказала:

- Ты раскажы Карлу, а я пакуль пайду i збяру вам кашолку.

Яна знiкла ў кухнi.

Джанатан сеў проста на падлогу, прытулiўся спiнай да сценкi, паглядзеў на свае брудныя пальцы i, нарэшце, загаварыў:

- Ну, добра, калi Сафiя дазволiла, я раскажу табе ўсё.

Ён жа i раней расказваў мне пра Наджыялу, але нiчога падобнага на тое, што мне давялося пачуць тут, у пакоi Сафii, не гаварыў.

- Памятаеш, я казаў табе, што жыццё тут, у Вiшнёвай Далiне, лёгкае i простае. Усё гэта было так i павiнна было быць так, але, падобна, больш гэтага не будзе. Таму што калi ў якой-небудзь iншай далiне няшчасце i гора, то i ў Вiшнёвай Далiне таксама робiцца кепска.

- А хiба ёсць яшчэ адна далiна? - здзiвiўся я.

I тады Джанатан расказаў пра дзве зялёныя далiны ў гарах Наджыялы. Пра Вiшнёвую Далiну i Далiну Дзiкай Ружы, мiж высокiмi гарамi, якiя цяжка пераадолець, але калi ведаць таемныя сцяжынкi, то можна трапiць з адной далiны ў другую. Жыхары гэтых мясцiн ведалi сцяжынкi i спакойна пераадольвалi горы, каб пабачыцца адзiн з адным.

- Але, калi быць дакладным, то так было калiсьцi, - сказаў Джанатан. Цяпер жа нiхто не мае права пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы i нiхто не мае права трапляць у яе. Толькi галубы Сафii.

- А чаму? - запытаў я.

- Таму што цяпер Далiна Дзiкай Ружы не свабодная, яна ў руках ворагаў.

Ён паглядзеў на мяне так, быццам яму было шкада гаварыць мне горкае.

- А цяпер невядома, што будзе i з Вiшнёвай Далiнай.

У словах брата было адчуванне бяды. Мне жылося так весела i бесклапотна, што ад пагрозы гэтаму жыццю мяне агарнуў жах.

- А хто нам пагражае? - запытаўся я.

- Яго iмя Тэнджыл, - адказаў Джанатан, i ў гэтым iменi была нейкая злавеснасць.

- А дзе той Тэнджыл? - дапытваўся я.

Джанатан расказаў мне пра Карманьяку, краiну Старажытных Гор за Старажытнай Ракой, дзе некалi валадарыў Тэнджыл, жорсткi, як той змей.

Мне стала яшчэ больш жахлiва, але я стараўся гэтага не паказаць.

- Чаму ён не хоча заставацца ў сваiх Старажытных Гарах? - не вытрымаў я. I чаму ён павiнен прыйсцi ў Наджыялу i разбурыць усё тут?

- Ну, ведаеш, той, хто зможа адказаць на гэта пытанне, мог бы адказаць на мноства iншых. Я не ведаю, чаму ён павiнен разбурыць усё тут. Проста так адбываецца, i ўсё. Ён зайздросцiць таму жыццю, якое выпала людзям гэтых далiн. Яму патрэбны рабы.

Ён замоўк, разглядваючы свае рукi, потым штосьцi прамармытаў, але я не пачуў - што.

- Так, яшчэ ў яго ёсць страшыдла, Катла! - паўтарыў Джанатан.

Катла! О, я не ведаю чаму, але гэта слова гучала больш жахлiва, чым што-небудзь на свеце.

- Хто гэта - Катла?

У адказ Джанатан толькi пакiваў галавой.

- Не, Сухарык, ты такi напалоханы. Я не буду расказваць пра Катлу, бо ты сёння ноччу не заснеш.

Замест гэтага ён расказаў сёе-тое цiкавае пра Сафiю.

- Яна - галоўная ў нашай тайнай барацьбе супраць Тэнджыла, - сказаў Джанатан. -Мы, каб ты ведаў, змагаемся супраць яго, каб дапамагчы Далiне Дзiкай Ружы. Але мы павiнны рабiць гэта ў тайне.

- А чаму менавiта Сафiя?

- Таму што яна моцная, шмат ведае i нiчога не баiцца.

- Не баiцца? Але ж ты таксама не баiшся, хiба не?

Ён крыху падумаў, потым сказаў:

- Гэта праўда, я нiчога не баюся.

Эх, як бы мне хацелася, каб я мог нiчога не баяцца, як Сафiя i Джанатан! Але замест гэтага я сядзеў такi напалоханы, што ледзьве мог што-небудзь думаць.

- А тое, што галубы Сафii лётаюць з тайнымi лiстамi, гэта вядома ўсiм?

- Толькi тым, каму мы сапраўды можам давяраць. Але сярод iх аказаўся здраднiк. I гэтага дастаткова.

Вочы ў Джанатана зноў пацямнелi, i ён з сумам сказаў:

- У Вiяланты, калi яе падстрэлiлi мiнулай ноччу, было сакрэтнае пасланне ад Сафii, i калi гэта пасланне трапiць у рукi Тэнджыла, то гэта прынясе няшчасце многiм жыхарам Далiны Дзiкай Ружы.

Я падумаў: "Як гэта жахлiва, што хтосьцi забiў галубка - такога белага i невiнаватага, нават калi ён нёс сакрэтны лiст".

Раптам мне згадалiся таямнiчыя лiсты, якiя захоўвалiся ў нас у шафе. Я запытаўся ў Джанатана, цi бяспечна захоўваць iх у нас?

- Так, гэта небяспечна, - адказаў Джанатан. - Але было б яшчэ больш небяспечна захоўваць iх у Сафii. Шпiёны Тэнджыла, калi б яны прыйшлi ў Вiшнёвую Далiну, пачалi б шукаць iх перш за ўсё ў яе, а не ў хлопчыка-садоўнiка.

Мне было прыемна чуць, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк, якi працуе ў Сафii, а яе блiзкi таварыш па барацьбе супраць лiхадзея Тэнджыла.

- Сафiя так вырашыла сама, - сказаў ён. - Яна не хацела, каб хто-небудзь у Вiшнёвай Далiне ведаў пра гэта. I ты паклянiся, што нiкому нiчога не скажаш, пакуль Сафiя не скажа пра ўсё гэта сама.

Я пакляўся, што хутчэй памру, чым скажу што-небудзь пра пачутае.

Мы паснедалi ў Сафii, а потым паехалi дадому.

Але быў яшчэ адзiн чалавек, якi выязджаў з дому ў гэту ранiцу. Мы сустрэлi яго, калi выязджалi з Далiны Цюльпанаў. Гэта быў чалавек з рыжай барадой. Як жа яго называлi? Губерт?

- Вы, здаецца, наведвалi Сафiю? Што вы ў яе рабiлi, цiкава?

- Я палоў у яе агарод, - адказаў Джанатан, паказваючы яму свае рукi. - А вы што, палюеце? - запытаў ён у сваю чаргу ў рыжабародага, звярнуўшы ўвагу на лук, прывязаны да яго сядла.

- Так, хачу падстрэлiць пару зайцоў, - адказаў Губерт.

Я адразу прыгадаў нашых маленькiх трусоў, якiя чакалi нас дома, i з палёгкай уздыхнуў, калi Губерт прышпорыў каня i хутка паехаў.

- Што ты думаеш пра Губерта? - пацiкавiўся я ў Джанатана.

Брат крыху падумаў.

- Ён самы трапны стралок у Вiшнёвай Далiне.

Больш нiчога не сказаў, крануў павады, i мы паехалi.

Лiст, якi даставiла Палома, Джанатан хаваў у маленькiм скураным кашальку пад кашуляй, а калi мы прыехалi дадому, ён паклаў гэты кавалачак паперкi ў тайнiку ў шафе. Але спачатку дазволiў мне прачытаць тое, што там было напiсана:

"Орвар быў схоплены ўчора i цяпер зняволены ў пячоры Катлы. Хтосьцi ў Вiшнёвай Далiне, напэўна, выдаў яго сховiшча. Сярод вас ёсць здраднiк. Даведайцеся, хто".

- Даведайцеся - хто, - сказаў Джанатан. - Як бы я хацеў даведацца, хто...

У лiсце былi яшчэ нейкiя знакi, але незразумелыя i, напэўна, на нейкай таемнай мове, i Джанатан папярэдзiў, што мне няма патрэбы цiкавiцца гэтым, бо яно датычыць толькi Сафii.

Але затое брат паказаў мне, як адчыняецца сакрэтная скрынка. Ён дазволiў некалькi разоў адчынiць i зачынiць яе. Потым ужо сам зачынiў яе, замкнуў i паклаў ключ у ступку.

Праз увесь дзень у мяне не выходзiла з галавы перажытае, i таму ноччу я дрэнна спаў. Я думаў пра Тэнджыла i забiтых галубоў, пра вязня пячоры Катлы, у нейкi момант я, мабыць, ускрыкнуў i ад гэтага прачнуўся. Нечакана прахапiўшыся, я не паверыў сваiм вачам - я ўбачыў, што ў цёмным кутку каля шафы хтосьцi стаiць. Калi я ўскрыкнуў у сне, той, вiдаць, спалохаўся i знiк, як цёмны цень, у дзвярах, перш чым я канчаткова прачнуўся.

Усё адбылося так хутка, i я падумаў, што ўсё гэта прымроiлася мне ў сне, але Джанатан, калi я разбудзiў яго i пра ўсё расказаў, быў iншай думкi.

- Не-е-не, Сухарык, гэта быў не сон, нiякi не сон, гэта быў здраднiк!

6

- Тэнджылаў час калi-небудзь ды праб'е, - задумлiва прамовiў Джанатан.

Мы ляжалi каля рэчкi ў зялёнай траве, а была такая ранiца, што проста не хацелася думаць, што ёсць на свеце Тэнджыл цi яшчэ якое-небудзь зло. Было зусiм цiха i спакойна, пад мостам каля камянёў ледзь чутна цурчэла вада, i толькi гэты шум, калi прыслухацца, можна было пачуць. Было проста здорава ляжаць на спiне, глядзець у вышыню i не бачыць нiчога, акрамя лёгкiх белых хмарак. Можна было так ляжаць i адчуваць сябе абсалютна шчаслiвым, цiха напяваючы сам сабе, i нi пра што не клапацiцца.

Але Джанатан пачынае гаворку пра Тэнджыла, i я ў адказ пытаюся:

- Што ты хочаш гэтым сказаць - "Тэнджылаў час калi-небудзь ды праб'е"?

- А тое, што яго чакае, рана цi позна здараецца з усiмi тыранамi, адказаў Джанатан. - Яго раздушаць, як вош, i ён знiкне назаўжды.

- Спадзяюся, што час гэты прыйдзе хутка.

У адказ Джанатан прамармытаў штосьцi не вельмi зразумелае.

- Ён моцны, гэты Тэнджыл. У яго ёсць Катла.

Вось i зноў ён назваў гэта жахлiвае iмя. Мне хацелася спытаць пра яго яшчэ раз, але я стрымаўся. У такую дзiвосную ранiцу лепш нiчога не ведаць пра тую Катлу.

Потым Джанатан паведамiў мне самае горшае, што можна прыдумаць:

- Сухарык, пэўны час табе давядзецца пабыць аднаму ў Сядзiбе Рыцараў. Мне трэба з'ездзiць у Далiну Дзiкай Ружы.

Ну як жа ён мог сказаць мне такую страшэнную навiну? Як ён мог падумаць, што я змагу застацца ў Сядзiбе без яго хоць на хвiлiну? Калi ён збiраецца кiнуцца проста ў Тэнджылаву пашчу, то я iду з iм. I я сказаў Джанатану пра сваё рашэнне. Ён паглядзеў на мяне вельмi дзiўна i сказаў:

- Сухарык, ты ў мяне адзiн брат, якога я хачу абаранiць ад зла. Ты ж просiшся ўзяць цябе з сабой, калi мне патрэбна ўся мая сiла для чагосьцi яшчэ? Для таго, што сапраўды небяспечна.

Але гэта мяне не супакойвала. Я быў такi ўстрывожаны i злосны, што ўсё ўва мне кiпела.

- Дык навошта прымушаеш мяне заставацца тут аднаму, чакаць цябе, калi ты, можа, не вернешся?

Я раптам прыгадаў той час, калi Джанатан памёр i пакiнуў мяне аднаго, а я ляжаў на сваёй канапе i не ведаў, цi ўбачу яго калi-небудзь зноў; о, гэта было падобна на зазiранне ў чорную дзiрку.

I вось ён зноў хоча пакiнуць мяне, проста знiкнуць па нейкiх небяспечных справах, пра якiя я нiчагуткi не ведаю, i калi ён не вернецца, то на гэты раз нiякай надзеi ўжо не будзе, я застануся адзiн назаўсёды.

Я ўсё больш i больш злаваўся, нават пачаў крычаць i, як нiколi раней, нагаварыў яму шмат непрыемнага i грубага.

Пэўна ж, яму было вельмi нялёгка супакоiць мяне, але, у рэшце рэшт, усё скончылася тым, як ён хацеў. Бо я добра ведаў, што ён разумее ўсё лепш за мяне.

- Глупства, безумоўна ж, я вярнуся, - гаварыў ён учора ўвечары, калi мы сядзелi ля камiна ў кухнi i грэлiся. Гэта быў наш апошнi вечар перад расстаннем.

У мяне ўжо не было злосцi, я толькi ўсё больш i больш сумаваў, i Джанатан бачыў гэта. Ён быў да мяне вельмi ўважлiвы. Ён даў мне свежага хлеба з маслам i мёдам, расказваў легенды i казкi, але я не мог слухаць яго. Я думаў пра Тэнджыла, тое, што я даведаўся пра яго, не выходзiла з галавы. Я запытаў у брата - чаму ён павiнен адпраўляцца ў такое небяспечнае падарожжа? Хiба ён не можа застацца дома са мной i грэцца каля камiна? На гэта Джанатан адказаў, што ёсць справы, якiя трэба рабiць, нават калi гэта i вельмi небяспечна.

- Чаму? - не зразумеў я.

- Чаму... Бо ў другiм выпадку быў бы я не чалавек, а проста мярзотнiк.

I Джанатан расказаў мне, што ён надумаў. А надумаў ён вызвалiць Орвара з пячоры Катлы. Орвар вельмi многа значыць, нават больш, чым Сафiя, без Орвара, напэўна, ужо зялёным далiнам Наджыялы быў бы канец.

Было ўжо цёмна, агонь у камiне патух, настала ноч.

Калi надышоў новы дзень, я ўжо стаяў каля брамы i назiраў, як ад'язджае Джанатан, паступова знiкаючы ў тумане; так тою ранiцай у Вiшнёвай Далiне паўсюдна слаўся туман. Паверце мне, калi Джанатан пачаў аддаляцца, а потым i зусiм знiк удалечынi, сэрца ў мяне гатова было разарвацца. Я застаўся адзiн. Гэта было невыносна. Ад гора я проста трацiў розум. Тады я кiнуўся ў стайню, адвязаў Ф'ялара, ускочыў у сядло i паскакаў наўздагон за братам. Мне трэба было ўбачыць яго яшчэ раз, перш чым згубiць назаўсёды.

Я ведаў, што Джанатан збiраўся наведацца ў Сядзiбу Цюльпанаў, каб атрымаць указаннi ад Сафii, таму я скiраваў каня менавiта туды. Я iмчаўся наўскач i дагнаў яго ўжо каля самай Сядзiбы Цюльпанаў. Мне раптам стала сорамна, i я ўжо вырашыў схавацца, але Джанатан азiрнуўся i ўбачыў мяне.

- Чаго ты хочаш? - строга запытаў ён.

Сапраўды, чаго я хацеў?

- А ты ўпэўнены, што вернешся? - прамармытаў я. Гэта было ўсё, што я мог сказаць.

Пэўны час мы ехалi поплеч, потым спынiлiся, Джанатан выцер з маёй шчакi слёзы i сказаў:

- Не плач, Сухарык. Мы сустрэнемся зноў - я абяцаю табе. Але гэта будзе не тут, гэта будзе ў Наджылiме...

- У Наджылiме? - перапытаў я. - А што гэта такое?

- Я раскажу табе пра гэта як-небудзь iншым разам.

Цяжка апiсаць, як я сумаваў у тыя днi, калi быў адзiн у Сядзiбе Рыцараў, i як марудна цягнулiся днi. Вядома, я даглядаў сваю жывёлу. Я падоўгу затрымлiваўся ў стайнi каля Ф'ялара, а потым iшоў да трусоў i доўга размаўляў з iмi. Калi-нiкалi лавiў рыбу, вучыўся паляваць з лукам i стрэламi, але без Джанатана ўсё здавалася мне бессэнсоўным. Сафiя прыносiла мне ежу, i зноў мы гаварылi пра Джанатана. Я ўсё спадзяваўся, што яна скажа: "Ён хутка вернецца", але яна маўчала. Вельмi хацелася запытацца ў яе, чаму яна сама не пайшла выбаўляць Орвара, замест таго каб пасылаць Джанатана. Але што пытацца - я ж ведаў прычыну сам.

Як расказваў мне калiсьцi Джанатан, Тэнджыл ненавiдзеў Сафiю.

- Сафiя ў Вiшнёвай Далiне i Орвар у Далiне Дзiкай Ружы - яго самыя заклятыя ворагi, i, будзь упэўнены, ён цудоўна гэта ведае.

- Ён трымае Орвара ў пячоры Катлы, i яму хацелася б кiнуць туды i Сафiю, каб яны абое загiнулi там. Гэты нягоднiк паабяцаў пятнаццаць белых коней таму, хто выдасць Сафiю, жывую цi мёртвую.

Вядома ж, я разумеў, чаму Сафiя павiнна трымацца як мага далей ад Далiны Дзiкай Ружы i што iменна Джанатан павiнен быў пайсцi туды замест яе. Яны думалi, што Тэнджыл нiчога не ведаў пра яго, цi, прынамсi, спадзявалiся на гэта. Але ж быў нехта, хто здагадаўся, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк: гэта быў чалавек, якi таемна прыходзiў да нас ноччу, чалавек, якога я паспеў убачыць каля шафы. I гэта вельмi непакоiла Сафiю.

- Той чалавек ведае занадта многа, - сказала яна.

Яна папрасiла неадкладна паведамiць ёй, калi хто-небудзь яшчэ раз суне нос на Сядзiбу Рыцараў. Я сказаў, што чужому не будзе чаго рабiць каля нашай шафы, таму што ўсе тайныя паперы мы перахавалi ў iншае месца, у табакерку, якую паклалi на самае дно меха з аўсом. Сафiя дастала яе i паклала туды яшчэ штосьцi.

- Беражы гэта, я ведаю, што гэта не так проста, але ты абавязаны ўсё зберагчы.

Асаблiва не па сабе мне было вечарамi i ноччу. Мне снiлiся жахлiвыя сны пра Джанатана, i калi я прачынаўся, мяне ахоплiваў непакой.

Назад Дальше