- Назад. У сваю гнiлую хату! Лепш там памерцi з голаду, чым тут валяцца непахаванаму.
Пошапкам яны дайшлi да згоды. Яна з дзецьмi пойдзе назад першая, а ён следам, каб было незаўважней, бо маланка штохвiлiну i натоўп вялiкi. Ён стаў пад дрэвам тварам ад таго боку, у якi iшоў i сям'ю вёў. За кожнай маланкай ён акiдаў вачыма мясцовасць. Iх няма. Але нарэшце - радасць, радасць! На самай той дарозе, якою проста дойдзеш да той старой хаты, стаялi яны. Яна, любая, родная, разважлiвая, працавiтая, верная яго сяброўка, Тамаш, босы, малы, падкасаны. I маленькая Лiзавета ў яе на руках, маленькая, кiрпаценькая, птушанё... Гэта яны, якiх ён вёў у будучыню. Што яны стаялi на патрэбнай дарозе, ён ведаў з таго, што над iмi гойдала веццем знаёмае яму сагнутае дрэва. Яшчэ адна маланка, i ён убачыў, як яны iшлi далей дарогай. Яны ўжо далёка ад страшнага месца. Зараз i ён рушыць за iмi. Зноў маланка i крык пагранiчнiка ў зялёнай шапцы. Ён стаяў на другiм баку. Падкасаныя худыя Тамашовы ногi назаўсёды асталiся ўваччу яго. А першыя Лiзавецiны ўсмешкi! Смутак навалiўся на яго душу. Якая чакае i iх i яго будучыня? Дзе iм суджана знайсцi яе? Але трэба iсцi, пагранiчнiк грозiць, што будзе страляць. Па каленi ў вадзе i ўвесь мокры, ён замаршыраваў перад пагранiчнiкам. Сцяна, глухая i бязлiтасная, як вечнасць, замкнулася памiж iмi. Бывай, верная сяброўка! Бывайце, дзецi! А можа, адбудзецца цуд? Можа, мiне вас лёс без будучынi? Але лепш нi аб чым не думаць, бо навала смутку забiвае душу.
Сымон Ракуцька быў пад арыштам доўга. Пакуль у яго руках апынулася даведка, што ён мае права жыць усюды, толькi не ў пагранiчных з Польшчай раёнах, ён больш за год усё даводзiў як мог, што ён не шпiён, а проста чалавек з той зямлi, па якой прайшла гранiца. А тым часам вялiкi ўпарадкавальнiк усялякiх хiбаў i непарадкаў - час - абтрос i абгладзiў усё, што было не на сваiм месцы, i шмат што забылася, шмат прытупiлася, а сам чалавек знайшоў сабе месца, i лягчэй яму стала. Але час не меў сiлы перад тупым смуткам па малым Тамашу, па першых Лiзавецiных усмешках i па ёй, вернай сяброўцы. Гэты смутак, здавалася, апанаваў чалавека назаўсёды. Яму не было адхлання, i ад яго не было ратунку.
Сымону Ракуцьку спачатку здавалася, што варта яму толькi зноў звiць сабе гняздо, як ён скiне з душы цяжар свой. Тым часам ужо i хата ў яго была новая, зноў новая, вокнамi на дарогу, i цiха i спакойна ўсё тут было, i зямлi было на чатыры душы, i не трэба стала з жахам заглядваць у заўтрае, а спакой у душу не варочаўся. "А Тамаш, а Лiзавета!" Сымон Ракуцька наладзiў сваё жыццё так, як жадала яго натура. Яго цiхманую працавiтасць льга было ставiць паўсвету ў прыклад, калi лiчыць яе за дабрачыннасць. I дзiўна было. Ён адзiн, а ўпраўляўся з полем i з домам. I яшчэ кожны дзень меў часiну сядзець на калодзе i босы пасярод свайго двара. Цi то прывычка, цi то ашчаджанне абутку, але ён цяплом нiколi абуты не хадзiў. Ён яшчэ людзям i колы рабiў, i драбiны з панарадамi майстраваў. Жыў сам-насам. У той меры, у якой iшоў час, смутак яго ператвараўся ў вялiкую мару. Гэтая мара заўладала iм, ён ёю жыў i служыў ёй. А пачалi нарэшце прыходзiць моманты, калi i вера, i надзея, хоць здалёк, паказвалi яму свае ясныя твары. Гэты новы час у яго жыццi пачаўся з таго, калi яму прыйшла ў галаву такая думка: яна тады з дзецьмi вярнулася ў тую старую хату. Хто ведае, можа, i цяпер яны жывуць там? А кажуць жа людзi, што поштай можна з Польшчы сюды пiсаць, а адсюль у Польшчу. Як страсянула яго гэтая думка! Ён не меў нi сну, нi спакою, пакуль не паслаў пiсьма на адрас той старой хаты. Ён дакладна выпiсаў i цяперашнi свой адрас. Паведамiў аб той мясцiне, у якой цяпер жыў. Яно ж магло быць i так, што i адтуль сюды прыйдзе пiсьмо. Цяпер яго жыццё стала чаканнем перш за ўсё пiсьма, пасля - нейкага невядомага лёсу. "Адтуль прыйдзе вестка. Яны жывыя i здаровыя, i можа нават не галодныя. А хiба хто можа сказаць цвёрда, што на свеце можа быць, а чаго можа не быць? Нават такое магло здарыцца, што граф Палiводскi прасiў ласкi сярод дарогi ў абарванага хлопца. А можа лёс прывядзе iх сюды. Але што такое лёс? Ён сам дойдзе да думкi, што зрабiць. Ён будзе думаць, ён будзе раiцца з людзьмi, ён будзе слухаць па свеце. Слухаць па свеце!" Самае далёкае, дзе ён бываў - гэта яго поле. Але практыка з самага маленства i iнстынкт падказвалi яму, што яшчэ многае наперадзе, што яшчэ многа дзе прыйдзецца быць, многае нанава рабiць, многае бачыць i чуць i за многае нечаканае брацца. Мара, чаканне, надзея, упартасць думкi i фантазii! Гэтым ён цяпер i жыў. Колькi яму аднаму трэба было? Ён задавольваўся самай простай ядой. Улетку ён палуднаваў халодным квасам з зялёнай цыбуляй. Старанна вырабленае поле радзiла ў яго лепш, як у каго тут. У яго пачалi заводзiцца грошы. "Божа мой, вось быў бы спосаб Тамашу!" Нават не маючы намеру купляць што, ён пачаў хадзiць у кааперацыю i прыглядацца да тавараў. Аднойчы ён купiў з сiняга сукна ватоўку, хлопцу гадоў на пятнаццаць. "Калi ж небудзь Тамаш будзе такi, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка. А толькi невядома, у якiя годы з Тамашом суджана спаткацца бацьку. Такiм парадкам за доўгi час у Тамаша стала многа ўсялякай адзежы на ўсялякiя ўзросты: i на дзесяць год, i на дванаццаць, i на пятнаццаць, i на васемнаццаць, i на дваццаць. Усё купляў бацька. Вiселi на вешале ў клецi парамi боты, нагавiцы, вопраткi. Былi плаццi для Лiзаветы i хустачкi, чаравiкi i панчохi... Часамi ж на яго находзiла прасвятленне. Ён як бы адпiхаў ад сябе гэты пусты занятак i ўпадаў у думку, што рабiць, сапраўднае, вялiкае, выразнае i сапраўды патрэбнае, каб убачыць дзяцей. Нарэшце прыйшоў канец яго цiхай цярплiвасцi. Нават сядня на калодзе сярод двара пакiнула яму быць прыемнай. Ён нейк пацягнуўся да людзей i як бы затрапятаўся. Яго ўжо бачылi ў навакольных мястэчках на кiрмашах, каля цэркваў i касцёлаў на фэстах, у сельсавеце ён бываў часта i без прычыны. Ён пытаўся i раiўся. У тую старую хату ён цяпер слаў пiсьмы бадай што цераз дзень.
Усiм пачало здавацца, што ён рабiўся больш гаваркiм, i панурасць сыходзiла з яго. Аднак жа нiхто не ведаў, што ён сябе пачуваў так, быццам кожны дзень пiў атруту. I дзiўная рэч. Хоць час iшоў, нават ужо год за годам, з яго вачэй не сыходзiлi босыя Тамашовы ногi, калi ён, у тую навальнiчную ноч, асветлены маланкай, стаяў на дарозе пад сагнутым дрэвам. Яго ўяўленне рысавала яму Тамаша толькi малога i Лiзавету толькi ў мацi на руках. Па-сапраўднаму ён нiколi не задумаўся аб тым, што годы iдуць. Сам ён пачаў сталець так шпарка, што часамi ўжо льга было ў iм заўважыць першыя рысы далёкай яшчэ старасцi. Гэта была празмерная на яго гады сталасць. Апошняя бачаная iм усмешка малой Лiзаветы! Маланка, i свет уздрыгануўся ад грому. Тамаш стаiць мокры, вада. Босыя ногi яго! Постаць худзенькага хлопчыка! Ён жа вёў свайго Тамаша ў будучыню! На добрае, на шчаслiвае! Нехта злы i чорствы, нехта той, што i яму самому праз увесь век не дае спакою, загарадзiў малому Тамашу дарогу ў будучыню. Не туманныя прывiды, а выразна ява: гром i маланка, навальнiца разрывае зямлю i, здаецца, крышыць на ёй усё. I ўсё ахоплена страшным сваiм утрапеннем. Пад громам i агнём, пасярод дарогi, постаць худзенькага хлопчыка.
Аднойчы ён, як i часта цяпер, цёрся сярод людзей у местачковай кааперацыi. Там прадавалiся люстэркi. Адно вiсела на сцяне. Сымон Ракуцька глянуў у люстэрка i сумеўся: ён такi даўно не бачыў сябе i не ведаў, што каля вушэй у яго спрэс сiвыя валасы. "Божа мой, дык я ж ужо не малады! Няўжо гэта прайшло гэтулькi год?! А колькi? Мусiць, многа?! Як жа гэта я нiколi не лiчыў гадоў?" Увесь той дзень ён правёў у одуме i суме. Каму расказаць? З чаго пачаць, каб не iшло далей жыццё так, як яму не хацелася? Ён хацеў не толькi есцi хлеб, але каб разам з iм елi яго i Тамаш, i Лiзавета. Каб не мучыць самога сябе, ён больш ужо нiколi не глядзеўся ў люстэрка.
IV
У тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятым годзе Сымон Ракуцька даехаў па чыгунцы да горада Слуцка i выйшаў адтуль пешкам у дарогу на захад па старой Варшаўска-Маскоўскай шашы. Была глыбокая восень. Толькi што мiнулася пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полi. Не кранутая яшчэ марозам трава была зялёная, i, калi сонца высвечвала з-за высокiх хмар, адзiнокi падарожны, як здзiўленае дзiця, прыглядаўся да яснай зелянiны, i твар яго свяцiўся, як i шырокi свет у той момант. Ён усё iшоў i iшоў шпарка. За адзiн дзень ён дайшоў да Пiлiпавiч, дзе тырчэлi каля шашы яшчэ некаторыя адзнакi былой гранiцы. Да гэтага месца ён iшоў яшчэ, як бы раздумваючы i сам сабе не верачы. Тут жа ён увесь змянiўся. Каб чалавек, якi добра ведаў яго дагэтуль, бачыў яго ў гэты момант, калi ён, мiнуўшы Пiлiпавiчы, спынiўся на палявой дарозе, кожны заўважыў бы як адразу Сымон Ракуцька [скiнуў] пячаць таго шматгодняга чакання, якое ўжо часамi ператваралася ў свядомасцi, як бы нейкай асуджанасцi навек. Магло б здавацца, што ён зараз скажа: "Яно было. А вы хiба хочаце, каб нiколi нiякай прыкрасцi не было? Затое цяпер!" Уся яго пастава i выраз твару былi ў часе гэтага падарожжа рухавымi вельмi. На станцыi Гарадзеi ён сеў у поезд i праз паўдня выйшаў з вагона на нейкiм занадта ўжо цiхiм паўстанку. Доўгi рад старых i высокiх дрэў - лiп, дубоў, бяроз, явараў i вязаў - iшоў ад паўстанка проста ў чыстае поле i там канчаўся. Лiсцё пад дрэвамi ляжала яшчэ жоўтае, i, здавалася, чалавечая нага яшчэ не ступала на яго. Сымон Ракуцька мiнуў дрэвы i пасля нядоўгiх пошукаў знайшоў у полi вялiкi камень. На абымшэлай яго паверхнi аставалiся сляды таго, што тут начавалi птушкi. I гэта як бы ўзрадавала гэтага чалавека. З усмешкай ён абгледзеў камень i стаў кiравацца ад яго да вузкай i доўгай грады лесу. Добра ўтаптаная сцяжынка вiлася памiж i навокал кустоў шыпшыны i паўз удзiрванелыя межы. Пасля яна выбiлася ў той дубняк. Якая была восень! Ахоплены радасным узбуджэннем, чалавек як бы думаў, што другой такой восенi нiколi не было i не будзе. Рудымi жалудамi была засыпана спрэс уся зямля. Крушыннiк густа стаяў над сваiм уласным лiсцём, ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кiнулася ў куст, драбнюткае лiсце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва, чэзлая кветка на высокiм сцябле звесiла жоўтую галаву. "Божа, як яна так захавалася аж дагэтуль!?" А неба! Сонца ў той дзень не было, але на небе адлюстроўвалася яго блiзасць. Недзе тут блiзка iдзе цiхае асенняе сонца! Хiба на свеце няма дзеля чаго берагчы знойдзеную радасць i шукаць i дамагацца яе вечна!? Якое неба над нашай зямлёй бывае ўвосень!

Сымон Ракуцька ўжо даўно мiнуў дубняк, а сцежка ўсё iшла i вяла яго далей, праз поле, праз некалькi хвойных лясоў i купiстых паплавоў. Доўга, вельмi доўга iшоў Сымон Ракуцька, дзiвячыся, як жа гэта праз гэтулькi год тая самая сцежка вядзе яго, як быццам бы тут усё застыла на вечную нерухомасць. Ён прайшоў сцежкай да самага змяркання. Начаваў у людзей i вельмi многа расказваў пра сябе, так што, пакуль у хаце патушылi агонь i паснулi, ужо ўсе ведалi яго гiсторыю. Назаўтра ён сабраўся далей у дарогу яшчэ зацемна. Нават яшчэ зоры свяцiлi. Тут ужо недалёка, толькi зоры сыдуць з неба, як ён будзе на месцы. Зноў тая самая сцежка! Тут яна пайшла зялёнай азiмiнай. Свежая рунь дрыжала пад ветрам, i ў нiзiнах стаяла чыстая, як сляза, вада. Сонца пачало ўзыходзiць чыста, i вышыня неба пабольшала. Усё заззяла, i прасторы сталi неабдымнымi. Тут, у гэтай яснай шырынi, ужо зусiм блiзка! Вельмi хутка ён дойдзе. Ужо не было ў яго нi смутку, нi радасцi. Хваляванне ўсёй яго iстоты i нават нецярплiвасць. Цяпер, калi ўжо так блiзка перад iм была яго мэта, ён чамусьцi як бы зноў апанураў з постацi. Яго заўсёды такiм рабiла шпаркая хада. Ён улёг у хаду i ўжо не заўважаў гэтае адзiнае на ўсе часы восенi. Але чаму сцежка такая доўгая? Тут ужо ёй канец павiнен быць. Яшчэ два дрэвы над палявым каменем, i там тады пачыналася выезджаная сялянскiмi калясьмi дарога. I ўсё. Чубок лесу будзе з-пад каменя i дрэў перад вачыма.
Вялiкае шчасце раптам страсянула яго душу: там, дзе канчалася сцежка i пачыналася дарога, ён убачыў тыя самыя i такiя самыя дрэвы. Адно што з карэння пайшлi ў iх парасткi i самi ўжо станавiлiся дрэвамi. I камень той самы i такi самы. I нават... Як бы лёс паслаў яму гэты малюнак на тое, каб душа яго ў гэты рашучы момант пазнала да канца ўвесь жах думкi, што мiнулае не варочаецца i ўвесь атрутны слодыч успамiн. Божа лiтасцiвы! На гэтым жа каменi, у раннi вечар, калi яшчэ толькi захад змываў з сябе колеры, ён згаварыўся з ёю стаць яму вернай сяброўкай. Яна сядзела тады на каменi, паклаўшы на прыпол згорнутыя рукi, а ён стаяў перад ею. Здань! Прывiд! У такой самай паставе, i так жа паклаўшы на прыпол згорнутыя рукi, на каменi сядзела жанчына. Дзяўчына, яна нядаўна яшчэ выйшла з падросткаў. На прыполе ў яе ляжаў хлеб, i яна ела яго. Але чаму яна так здаецца знаёмай яму? Як быццам бы ён яе ўжо бачыў дзе, або ведаў даўно, або знаў, што яна якраз тут будзе сядзець? I чаму яна так нагадвае яе, каго ён доўгiя годы не бачыў? Чаму - ён не мог бы сказаць, але вельмi нясмела ён глядзеў на яе i баяўся, што перарвуць гэтае яго шчасце. Ён не вытрымаў i пачаў гаварыць з ёю:
- Вы падарожная, што клунак каля вашых ног ляжыць?
- Падарожная.
- А здалёку?
- Здалёку. Цягнiком ехала. А гэта iду. Мне тут трэба дапiльнаваць брата.
- А дзе ж твой брат?
- Мой брат у польскiм войску быў, а што з iм цяпер - невядома. Калi ён, можа, у палоне на савецкай старане - то на гэта ўся надзея. Бо з гэтага палону радавых салдатаў пускаюць, i яны многiя папрыязджалi i папрыходзiлi ўжо. Вось i я яго сюды чакаць прыехала.
- Як жа гэта сюды чакаць?
- Тут стаiць наша хата, у якой мы выраслi. З гэтае хаты ён i ў войска пайшоў, яшчэ гады за два да вайны, а можа, i больш. Хата наша такая старая, што ў ёй ужо апошнiм годам жыць нельга было. Аставалася толькi я з маткай. Мы пакiнулi гэтую хату i пераехалi туды, далёка, адкуль я цяпер сюды прыехала. Там я i матка знайшлi працу ў панскiм маёнтку. Мы напiсалi брату, што ўжо не жывём тут. Пiсьмо тое яшчэ, напэўна, не дайшло да яго, як пачалася вайна з немцамi. Цяпер ён можа сюды прыехаць i не ведацьме, дзе мы i дзе знайсцi нас. Калi ж яго яшчэ няма дзе-небудзь тут, то я ў суседзяў пакiну яму наш адрас.
Яна змоўкла i паглядзела на яго, быццам думала, цi варта было гэтаму незнаёмаму даверыць сваю душу.
- А калi вам прыйдзецца тут начаваць, дык дзе, калi ваша хата такая дрэнная?
- У суседа. Мы з iм добра жылi.
Яна, гэтая адкрытая душа, шпарка пайшла, а ён назiркам, як баючыся, рушыў за ёю зводдалеку. Чуб хвойнага лесу быў перад iмi. Унь дзве хаты. Адна ледзьве лiпiць яшчэ, i страха на ёй упала. Ужо без вокан яна. Побач яе здаровая, вялiкая хата з смольнага кругляка. У яе адразу i пайшла дзяўчына. Ён жа, калоцячыся разам са сваiм сэрцам, спынiўся перад старой хатай i зводдалеку бачыў, што ў ёй сцены патрухлелi i пагнiлi, i стаяць мокрыя i цвiлыя. Ён бачыў праз аконную дзiру нават тыя цвiкi, якiя калiсьцi ўбiваў у сцены. А гэтая, новая, здаровая, з кругляка хата, куды пайшла дзяўчына! Ён жа ведае хто гэта, толькi сам сабе баiцца прызнацца. Гэта яго хата! Гэта ён яе ставiў. I гэта з яе яго выгналi. А гэтая старая! Унь тое месца, дзе ляжаў Палiводскi. Там тады стаяў ложак. З гэтай хаты ён i сястру яшчэ замуж аддаваў. I адзiн жыў у ёй. Ён стаяў i душыўся мiнулым, якое адарвалася ад яго з часткаю душы i нават вялiкi доктар - час - не загаiў гэтую рану ў душы. Ён ужо ведаў, як назваць тое, што лягло на яго жыццё. Але ён маўчаў i стаяў. "Дык яны тут жылi аж пакуль ужо нельга было! Цi даходзiлi сюды яго пiсьмы? Тады, калi ён жыў у новых прасторных сценах, гэтая трухлiна гатова была ўпасцi на iх. Можа ён вельмi мала стараўся, каб выратаваць iх адгэтуль! А цi не вiнават ён перад худзенькiм хлопчыкам Тамашом i перад маткаю сваiх дзяцей, i перад Лiзаветаю?!" Голас пратэсту перад самiм сабою ўзняў ён у сабе: "Не! Я iшоў у гром i невядомасць!" "Але ж я жыў гэтулькi год у мiлай мне працы, i жыццё гэтае само па сабе льга назваць шчасцем, каб не смутак мой. А цi хоць раз падумаў я, каб iсцi сюды да iх i ратаваць iх?" Раптам у яго пахаладзела ў вушах: "Чаму ж я не запытаў у гэтай дзяўчыны - а цi хоць адно пiсьмо прыйшло было да iх ад iх бацькi?" "Але я яшчэ ўбачу яе, да вечара я дапiльную яе тут, а заўтра зранку пайду гаварыць з ёю". Адразу цяпер ён не мог iсцi ў сваю, новую, некалi пастаўленую iм хату, ён баяўся свайго смутку. Да вечара ён праседзеў пад iгрушаю на лаўцы, у двары старой хаты, i пiльнаваў яе. Але яна з новай хаты не выходзiла. Як пачало змяркацца, ён увайшоў у старую хату i лёг на голы тапчан. Парыў ветру ўвагнаў у хату на яго праз аконную дзiру вiхор жоўтага лiсця з iгрушы. Ён накрыў галаву торбаю ад хлеба, стараючыся заснуць. Цiшынi не было! Нешта шастала па сценах i патрэсквала ў столi. А пасля яму здалося, што нешта шарганулася аб яго. Ён падняўся i стаў з шчаслiвай думкай: "Не канешне мучыць сябе ляжбой, можна стаяць i сядзець". Свяцiў месяц. Ноч была глыбокая. Праз дзiркi i шчылiны ў сценах лiлося ў гэтую гнiлую пустэльню месячнае святло, а па сценах нешта невядомае ўсё шастала. "Каб хоць хутчэй дзень". З нейкай надзеяй ён выйшаў на двор i зноў сеў на лаўку пад iгрушаю. За ноч з яе апала ўжо апошняе лiсцё. Месяц быў якраз у яе чорным голлi. А да дня яшчэ было вельмi далёка. Ён цясней зашпiлiўся ў сваёй суконнай жакетцы i лёг на лаўку. Холад не даў яму спаць. З поля цягло роўным шумам. Узняўся вецер. Месяц стаяў нiзка. Сымон Ракуцька спаць не хацеў. Седзячы на лаўцы, прычакаў ён дня i больш у старую хату не заходзiў. Як адважыўшыся на вялiкi подзвiг, ён закiнуў сваю торбу за плечы i пайшоў у суседнюю хату. Там яна была адна, сядзела за сталом i пiсала. Як прыгавораны да кары, ён стаў у парозе i сказаў: