- Але ад цыгана дык заўсёды, як ад сабакi, ветрам нясе.
- А ад мужыка ведаеш чым нясе? - адказаў цыган, паказваючы ад смеху зубы, i растлумачыў, якiм духам нясе ад мужыка, вызваўшы гэтым моцны i шчыра-вясёлы рогат усiх, хто быў у хаце, апрача жабрака, якi цiхенька сядзеў у мыцельнiку, падабраўшы пад сябе ўсе свае клункi. Здавалася, што стараецца ён займаць як можна менш месца ў хаце, нiкому не замiнаць i нават не напамiнаць аб сваёй прысутнасцi. Яго марыў сон, i вочы яго жмурылiся. Увесь яго выгляд гаварыў аб тым, што жыве ён сваiм асобным жыццём, нiчым не звязаным з жыццём усiх другiх людзей. I зносiны з акружаючымi яго людзьмi меў ён у такой меры, у якой атрымлiваў ад iх хлеб за свае "малiтвы". I магчыма, што каб цяпер хто-небудзь стаў даваць яму сродкi для жыцця i тым самым збавiў бы яго ад неабходнасцi цягацца кожны дзень па вёсках, ён жыў бы сярод людзей, як сярод страшнай пустынi. I калi ў яго быў якi-небудзь светапогляд, то ён, можна напэўна сказаць, быў бы незразумелым, у высшай меры цёмным для ўсякага, хто захацеў бы як-небудзь разабрацца ў iм.
Нешта падобнае, хоць i ў многа лепшай меры, можна было прымецiць i ў цыган. Хаця яны i вельмi многа, больш нават як трэба, цiкавiлiся ўсiм акружваючым iх, хоць яны i вельмi многа гаварылi з усiмi, але было нешта такое ў бляску iх чорна-рыжаватых вачэй, што застаўляла падумаць: нешта сваё думае гэты чорны, порсткi чалавек, нiколi ён не раскажа табе сваiх думак, i не пазнаеш ты - прыяцель ён табе цi вораг.
Абодва цыганы тупалi па хаце, часта выходзiлi к коням, жартавалi з гаспадыняю, смяялiся.
I калi рыжы сказаў iм скрозь смех, што яны заўтра не аднаго мужыка абдураць, прадаючы конi, адзiн з iх сказаў, нi то ў жарт, нi то сур'ёзна:
- А хто мужыку забараняе цыгана абдурыць?
I ў голасе, якiм былi сказаны гэтыя словы, адчувалася нейкая гранiца, якою гэты чалавек абмежаваў сябе ад другiх людзей.
Душа ж пiльшчыкаў была як на далонi. Яны весела смяялiся, калi цыган што-небудзь расказваў смешнае, задумёна кiвалi галовамi, калi гаварыў ён аб чым сур'ёзным, страшным.
Угледзеўшы, што адзiн цыган сядзiць на мяшку мукi каля парога i ўсё раз-поразу з'язджае з яго, Улас сказаў:
- Iдзi, пане цыгане, сюды, на лаву. - А потым, пасунуўшыся, сказаў скоранька: - Э, не, лепш сядзi там, а то мне якраз прыйдзецца сядзець на некiм суку...
Павятовыя начлежнiкi выйшлi скора з сваёй каморкi. Абодва яны селi на доўгi зэдлiк пасярод хаты, гаварылi на ўсякiя тэмы; яны звярталi ўвагу на ўсё, што рабiлася вакол.
Старшы паглядзеў на жабрака i сказаў яму цiха:
- Але ж ты, браце, змёрз i ўтамiўся здорава, вiдаць па табе. Цяжка хадзiць?
- Ведама, цяжка, - адказаў жабрак з выглядам чалавека, якi мала цiкавiцца - лёгка яму цi цяжка. У яго як бы не было нiколi думак, паняццяў аб тым, што жыццё можа быць лягчэйшым. А ў таго, што гаварыў з iм аб цяжары яго жыцця, быў такi выгляд, як бы ён хацеў сказаць: "Нядобра, лiха на яго, але ж цяпер нiчога не зробiш. I хоць за гэтым i можа быць тут месца для смутку, але трэба яго адганяць ад сябе, бо ён нiчога не паможа, толькi пашкодзiць".
Слабы адбiтак такой думкi, цi можа нават толькi пачуцця, ляжаў на твары гэтага чалавека.
Яго ж малодшы таварыш вёў шумныя размовы, многа жартаваў, часта рагатаў з вясёлым Мiкiткам, якi ўсё насвiстваў розныя маршы i полькi. Былi ў iх вясёлыя вочы, светлыя твары, рашучы рух рук i ног. Яны ва ўсiм шукалi нявiннага, здаровага гумару - з рогатам жартавалi, што "не мяшала б адбiць ад рыжага яго бабу", смакуючы смешныя славечкi, успамiлалi, як нядаўна ў адной вёсцы шляхцiц гнаў самагонку, дый зрабiў нешта там не так, як трэба: апарат разарваўся, i шляхцiца ўсяго "абкацiла брагаю, як саладухаю", ён увесь "аблузаўся, як д'ябал", i хадзiў, "як апараны япрук".
Не так сваiмi жартамi, як сваiм смехам яны заражалi ўсiх, зычна рагаталi цыганы, не адставалi ад iх пiльшчыкi, прычым Кузьма раз-поразу паўтараў, як вельмi было ўжо смешна: "А братачка ж ты мой, а-ха-ха-ха-ха!.."
Сакатала дробным смехам гаспадыня, нават жабрак калi-нiкалi ўхмыляўся, паказваючы свае гнiлыя зубы.
Толькi рыжы гаспадар хаты мала смяяўся.
Ён усё хадзiў па хаце, назiраў за ўсiм, часта выходзiў на двор, абходзiў свае будынкi, абглядаў наваленае кучаю дзерава.
На ўсiх сваiх начлежнiкаў, так жа, як i наогул на ўсiх людзей, ён глядзеў з боку карысцi, якую ад iх можна мець. Ён усё, ходзячы, вылiчваў, колькi яму дадуць за начлег павятовыя, цi не ашукаўся ён, умовiўшыся з пiльшчыкамi за начлег разагнаць усяго дзве плашкi. I на ўсiх, хто быў у хаце, глядзеў звысоку, нават i на жонку сваю. Сябе ж ён лiчыў разумнейшым, хiтрэйшым за ўсiх. I гуляла па губах яго чуць заметная, гордая, звярыная ўсмешка.
Перад тым як лажыцца спаць, ён яшчэ раз абышоў усе свае будынкi. Усюды на дзвярах вiселi цяжкiя замкi, усюды быў парадак. Ён папробаваў, цi добра зачынены вароты ад вулiцы, i пайшоў у хату.
Ужо жабрак спаў на распушчаным кулi каля печы на зямлi. Дыхаў ён цiха. Твар яго задзёрся ўгару, чорныя зубы вiдаць былi з-пад расцягнутых губаў, а вочы былi толькi трохi прыжмураны. Выгляд твару яго быў такi, як бы ён сон свой, так як i ўсё, лiчыў патрэбным не для сябе, а для нейкай незразумелай сiлы, кiруючай яго жыццём, i для гэтай сiлы трэба ўсё адбываць. I многа нейкай ледзяной пакорнасцi, залежнасцi было на гэтым сонным твары.
Ужо на шырокай лаве, галава к галаве, акрыўшыся сваiмi вопраткамi, i пiльшчыкi спалi. На разасланых кажухах каля стала драмалi цыганы, спешна дакурваючы свае папяросы. I павятовыя пайшлi ўжо ў сваю каморку. Толькi адзiн Мiкiтка стаяў каля лямпы з адною разутаю нагою i круцiў у руках бот, разглядаючы на iм новыя дзiркi.
Рыжы пастаяў трохi каля Мiкiткi i пайшоў цераз сенi ў сваю палавiну.
IV
Скрозь дрымоту Мiкiтка пачуў, як з вулiцы застукалi ў вароты, потым чутно было, як бразгаў у сенях рыжы i гаварыў моцна, аж крычаў, на двары каля варот. Пачакаўшы трохi, ён адчынiў дзверы i ўпусцiў у хату жанчыну. Шэрая, узлахмачаная, цяжкаю, разбiтаю паходкаю прайшла яна на сярэдзiну хаты i стала, дзiка азiраючыся. Мiкiтка бачыў востры, нецярплiвы ўзгляд яе вачэй, нейкую ненармальную, аж сiнюю, чырвань на твары. Потым ён, задзiвiўшыся, аж усхвацiўся з свайго кажуха, калi яна паволi апусцiлася ўнiз i села там, дзе стаяла, адкiнуўшы ўбок голаў i абапёршыся аб землю вывернутымi рукамi.
Мiкiтка падбег блiжэй.
- Гэта ж яна гэтакая хворая, - закрычаў ён, нагнуўшыся над ёю, - т-ты, гаспадар!.. Рыжы...
Рыжага не было ўжо. Ён яшчэ на вулiцы не хацеў пускаць падарожную. "Што з яе возьмеш?" - думаў ён. Потым, угледзеўшы, што ад яе не адвяжашся, падняў голаў, паглядзеў на зоры i сказаў сам сабе пад нос:
- Гм... паўночы ўжо прайшло... няхай паваляецца дзе-небудзь на зямлi... - i, упусцiўшы жанчыну ў хату, пайшоў у сваю палавiну.
На голас Мiкiткi ён нехаця прасунуў заспаны твар у прачыненыя дзверы i недавольна сказаў:
- Ну, чаго яшчэ там?
- Яна саўсiм хворая, - крыкнуў Мiкiтка.
- А што, я вiнават, - сярдзiта сказаў рыжы i падумаў: "На чорта я яе пусцiў, адно клопату..."
Мiкiтка нагнуўся нiжэй, паглядзеў у твар жанчыне, потым выпрамiўся i мармытнуў цiха рыжаму:
- Скора памрэ.
- Да што ты, - перапалоханым голасам прагаварыў рыжы i, падступiўшы блiжэй, глянуў на жанчыну, ды так i астаўся стаяць з растапыранымi рукамi.
Было нешта такое ў шырока расплюшчаных вачах жанчыны, што раптоўна вызывала ў другiх страшэнны жах, незразумелы страх. Зрэнкi ў яе вачах апусцiлiся ўнiз, i яна як бы глядзела ў сярэдзiну самой сябе, i прытым так, як бы бачыла там нешта надзвычайна жудаснае. Потым яна гэтымi сваiмi страшнымi вачыма стала дзiка вадзiць вакол сябе. А пасля саўсiм лягла на зямлю, потым зноў паднялася... зноў лягла...
- Што табе, цётка? - запытаў пацiху Мiкiтка.
- Боль... усюды...
- Даўно?
- Часта хапае...
- Адкуль жа ты?
- Так хаджу... бежанка...
- Мусiць, заразлiвая нейкая хвароба, - сказаў пацiху Мiкiтка рыжаму, гэтакiя хваробы на ўсiх пераходзяць.
- I рабi што хочаш, - развёў рукамi атарапеўшы рыжы. А ўжо ў наступны момант забыў ён усе свае думкi, гледзячы ў вочы кабеты i сам адчуваючы тое, што было ў iх. Страшную пустату, якая з'явiлася на месцы ўсякiх думак, разам запоўнiла нешта новае, дагэтуль незнаёма вялiкае па сваёй сiле i страху, якi з'явiўся з iм. Тут было i не перажываемае нiколi прагненне не бачыць таго, што свяцiлася ў вачах жанчыны, было жаданне чалавека ахвацiць розумам усё гэта, роспач чалавека, зразумеўшага слабасць свайго розуму для гэтага.
I яшчэ далей на крок адышоўся рыжы ад хворай к дзвярам.
"Гэта ж смерць ужо", - мiльганула ў галаве яго вострая думка, i яго абхапiў прылiў смутку.
Енкi хворай глушылi яго; здавалася яму, што чутны яны ўсяму свету. Апрача хворай i яго было ў хаце чатыры сонных чалавекi, а яму здавалася, што поўна хата людзей, што яны таўкуцца ва ўсе бакi i падымаюць страшэнны шум. Здавалася яму, што поўна хата ў яго заразы, што лiпне яна на сцены, лезе ўсюды, задаўшыся адною мэтаю - згубiць яго. I, як у гарачыню пiць, захацелася яму цiшынi i спакою. Ён аж прыжмурыў вочы, але шум ад гэтага як бы павялiчыўся. Тады ён, невядома дзеля чаго, сказаў у бок Мiкiткi:
- Хоць бы агонь у лямпе прыкруцiць трохi.
Усё гэта цягнулася некалькi кароткiх момантаў, пасля чаго ён крута павярнуўся i пайшоў у сваю палавiну. Там, накiнуўшы на голаў кажух, ён доўга стараўся заснуць i не мог...
Першымi ад енку жанчыны прачнулiся цыганы. Яны ў неразуменнi перакiнулiся адзiн з другiм некалькiмi словамi, азiрнулiся па хаце. Жанчына застагнала мацней. Тады яны абодва ўсталi, падышлi блiжай i глянулi ёй у твар. Там выразна адбiвалася ўсё тое, што бачыў рыжы, толькi ўжо з большай сiлай.
- Нейкая вельмi заразлiвая хвароба, - сказаў Мiкiтка, сам не ведаючы, дзеля чаго.
I цыганы абодва глянулi адзiн аднаму ў вочы, як бы не разумеючы, што робiцца вакол iх. А потым, як бы згаварыўшыся, разам выйшлi на двор i сталi запрагаць конi. I ўжо толькi там, на двары, ходзячы каля прывычнага воза, многа гаварылi, перабiваючы адзiн аднаго. Потым пайшлi ў хату, забралi свае рэчы i пайшлi к гаспадару.
Там яны зноў глянулi адзiн аднаму ў вочы, як бы адчуваючы сваю вiноўнасць перад нейкiм за тое, што робяць.
- Х-х-х-хузяiн, э...х-х-хузяiн, бяры грошы за начлег.
- Палажы на стол, - абазваўся рыжы, не высунуўшы нават галавы з-пад кажуха.
Ён саўсiм не здзiвiўся, што цыганы сабралiся ехаць. Ён цяпер рабiў натугi, каб пераканаць сябе ў тым, што ў хаце ў яго ўсё звычайна, спакойна i цiха, нiчога надзвычайнага не робiцца. Ён не глянуў нават на грошы, не пацiкавiўся, колькi яму цыган палажыў iх на стол, не выйшаў нават вароты зачынiць за цыганамi. Ён толькi чуў, як загрукаў на двары калясьмi цыганскi воз па прымёрзшай зямлi, i тады падняўся i стаў хадзiць па хаце.
А цыганы, выехаўшы за вароты, зноў загаварылi. Яны адчувалi сябе лёгка, як бы ўцёкшы ад вялiкай бяды.
Выехаўшы ў поле, адзiн падпоўз па саломе к перадку i моцна пагнаў конi па сухой, асвечанай трохi асеннiмi зорамi дарозе, а другi весела падсвiстваў у такт стуку конскiх капытоў.
Ад стогнаў хворай кабеты прачнуўся i жабрак. Ён падняў трохi голаву, высунуўшы яе з-пад халата, i паглядзеў на хату. Кабета ляжала на падлозе, Мiкiтка падсунуў ёй пад голаў нейкую вопратку, а сам пайшоў на сваё месца, сеў там i стаў кiвацца ўзад i ўперад, як бы разгадваючы трудную задачу.
Разгледзеўшы ўсё гэта, жабрак павярнуўся вачыма к сцяне, падцягнуў каленi к самай барадзе, увесь сагнуўся, скорчыўся, стараючыся нiчога не чуць, нiчога не бачыць, як можна менш займаць месца, нiкому не замiнаць i быць нi для каго незаметным.
Але заснуць ужо яму не ўдалося.
Прачнулiся пiльшчыкi. Мiкiтка ўсё кiваўся... стараўся да нечага дадумацца. Аж скура на лбе ў яго сабралася ў тры глыбокiя маршчыны.
Першым падняўся Кузьма, каб паглядзець, хто гэта i чаго стогне. Ён угледзеў кiваючагася Мiкiтку.
"Нешта некае тут ёсць", - падумаў ён i штурхануў пад бок соннага Ўласа. Той падняў голаў, з маўчлiвым запытаннем у вачах. Кузьма стаяў ужо, нагнуўшыся, над хворай.
Тое, што бачыў у яе вачах i ў рысах твару рыжы, а потым i цыганы i што навяло на першага страх, а другiх прымусiла пакiнуць сярод ночы карчму, прыняло цяпер больш выразны характар, вочы яшчэ больш падвярнулiся пад сябе.
- Зараза страшная, былi такiя здарэннi, - сказаў Мiкiтка.
Кузьма раптоўна выпрастаўся, замаргаў вачыма i цiха сказаў:
- А братачка ж... Уласка...
Улас усхвацiўся з пасцелi i падбег к Кузьме. Потым прайшоў па хаце, апусцiўшы рукi, i па выразу твару падобным стаў да рыжага. Ён яшчэ некалькi разоў прайшоў па хаце, зморшчыў лоб i тут раптам стаў на адным месцы, задзёр твар угору, падняў палец i застукаў iм сабе па носе.
- Ага, - сказаў ён нi то сумлiва, нi то весела, - ага!..
Усяго яго, як маланка, пранiзала думка, пакрыўшая сабою ўсё. I ён падышоў к Кузьме, хлопнуў яго па плячы i шапнуў:
- Бярэм манаткi i марш!
Яны стукалi ботамi, абуваючыся, званiлi пiлою, бразгалi напiльнiкамi.
- Куды вы, браткi, чаго?! - крыкнуў Мiкiтка, стаўшы на сваiм кажуху.
Было нешта такое ў яго голасе, што вызвала ў жабрака думку, што тут робiцца нешта надзвычайнае - стогнуць, бразгаюць сярод ночы, крычаць не па-людску... Ён зноў абярнуўся на хату вачыма i глянуў на вiсячую сярод хаты лямпу. Можа ён зноў лёг бы драмаць, але ўбачыў пiльшчыкаў, з клункамi за плячыма, гатовых у дарогу.
- А дзе ж цыганы? - запытаў ён нясмела.
- Уга-а-а, - адказаў Мiкiтка, - тыя ўжо чорт ведае дзе, - першымi за ўсiх уцяклi.
Жабрак узняўся з пасцелi, а Мiкiтка загрукаў кулаком у дзверы, за якiмi спалi прыехаўшыя з iм.
"Тыя ўцяклi, гэтыя збiраюцца ўцякаць; усе ўцякаюць, - падумаў жабрак, нешта нейкае ёсць. А калi ўсе ўцякаюць, то значыць, i мне трэба ўцякаць".
I ён стаў паволi адзявацца.
"Выйду я апошнiм, - думаў ён далей, - калi часам i абвiнавацяць, дык не я першы".
А ў чым яго цi каго другога з начлежнiкаў маглi абвiнавацiць, ён не знаў, ды i не стараўся высветлiць сабе. Таксама не знаў ён, чаго ён збiраецца ўцякаць - усе ўцякаюць нечага, значыць, i мне трэба. I адчуваў ён сябе так, як бы быў у чым вiнават. Але i заўсёды ён сябе так адчуваў.
З адным вялiкiм жаданнем як можна скарэй выбрацца адгэтуль пiльшчыкi рушылi з хаты. На дварэ было ўсё звычайна, так як i ва ўсякую другую ноч. Свяцiлi зоры, было холадна, у вёсцы не было нiякiх зыкаў.
I пасля таго суму i жаху, якi найшоў быў на iх у хаце, яны зразу адчулi ў сабе прылiў вясёласцi.
"Усё тое" асталося там, у хаце, гаварылi ў iх усе пачуццi, а тут "нiчога гэтага" няма, усё звычайна.
Угледзеўшы, што малодшы нешта падкладае жанчыне пад галаву, Кузьма ў нейкiм дзiкiм захапленнi закрычаў весела i моцна:
- Эй, ты там, камсамол, давай там якую-небудзь раду!
I потым, засаромеўшыся гэтае свае выхадкi, вiнавата выскачыў за вароты. Там стаяў Улас i ўсё тупаў нагамi на адным месцы.
Скрыпнулi вароты, i на вулiцу выйшаў жабрак, шэры i незаметны ў змроку.
- Слухай, ты, - сказаў яму Кузьма, - чаго ўцякаеш, спаў бы сабе там.
Жабрак нiчога не адказаў, а крута павярнуўся i пайшоў хутка ў другi бок, не аглядаючыся.
I ўсё думаў: "Скарэй бы далей адысцi, а то яшчэ дагоняць ды абвiнавацяць.. Нешта нейкае робiцца - уцякаюць, крычаць, стогнуць... Добра, што хоць выбраўся адтуль".
I нейкая буйная радасць саўсiм ахвацiла iх. Яны на хвiлiну аж прыпынiлiся сярод двара, як бы разбiраючы, дзе яны i што з iмi робiцца. I захацелася iм абодвум тады крычаць моцна або спяваць. I яны хутка пайшлi к варотам. Каля крайняга ад варот акна Кузьма прыпынiўся i глянуў скрозь асвечаную шыбу ў сярэдзiну хаты. Там, нагнуўшыся над жанчынай, стаялi ўжо ўсе трое - Мiкiтка i яго два спадарожвiкi.
I яшчэ хутчэй ён закiваўся па дарозе. А Ўлас i Кузьма пайшлi ў бок вёскi. Яны не аддавалi сабе адчоту, чаго яны ўцякаюць, ад чаго iм так весела. Хутка iшлi яны; мiнулi скора вёску i пайшлi палямi, самi не думаючы, куды - куды прывядзе дарога. Кузьма не думаў ужо нi аб гаспадарцы, нi аб спакойным жыццi дзе-небудзь у вёсцы. I было ў iх у абодвух такое пачуццё, хоць i зiмою цягацца па ўсякiх глухiх кутках, хоць вечна так вандраваць, абы быць далей ад усяго таго, што нават падобна да смерцi. Усё iншае не мае нiякае вартасцi, абы толькi жыць, жыць...
А ў той самы час у карчме было вось што: рыжы ўвайшоў у палавiну, дзе былi начлежнiкi.
- Паўцякалi, - сказаў ён дрыжачым голасам, агледзеўшы вакол хату. Паўцякалi, - яшчэ раз паўтарыў ён i, як бы ад слабасцi, сеў на лаўку каля парога i маўчаў.
- I гэтыя збiраюцца ўцякаць, - яшчэ сказаў ён, бачачы, што павятовыя нешта збiраюцца рабiць - тупаюць каля хворай i на хаду адзяюцца.
- Iдзi, Мiкiтка, запрагай, - сказаў старэйшы.
- Давай ключы, рыжы, - ухмыльнуўся Мiкiтка i пайшоў на двор.
А тыя два сталi гаварыць мiж сабою.
- Дык як жа мы яе паложым?.. - сказаў старэйшы.
- Возьмем у яго больш саломы, - кiўнуў галавою ў бок рыжага малодшы, усцелем воз i так павязём. А самi як-небудзь. Да ранiцы заедзем у горад, а там зразу ў больнiцу паложым.
На тварах iх таксама свяцiўся нi то нейкi страх, нi то нейкая непрыемнасць, але i нешта другое было ў рысах iх твараў.
Можна было, прыгледзеўшыся, угадаць iх настроi.
Чалавек павiнен перамагчы ўсё, што толькi ёсць на свеце; нават i тое, што палажыла свой страшны адбiтак у вочы кабеты.
I яны спакойна збiралiся ў дарогу.
- Браточкi ж мае, - загаварыў раптоўна рыжы, скочыўшы з лаўкi, - гэта ж вы яе з сабою заберацё. Я хоць пабягу вароты вам адчыню, а то адна фортка, лiха ёй, як нi круцi, усё роўна зачыняецца назад, i ў поўначы можна калясом учапiць.
I ён у звярыным захапленнi, без нiякай свядомасцi, забегаў па хаце, блытаючыся ў словах, няведама дзеля чаго расказаў, як у яго летась рабiлi вароты i адну фортку кепска зрабiлi, потым перавярнуў сваю гаворку на тое, што гэтай восенню ў яго падохла многа гусей. Не замячаючы ўсмешак на тварах слухачоў, ён пабег скоранька памагаць Мiкiтку запрагаць конi. Паадчыняў ён усе хлявы, шукаючы Мiкiткавых хамутоў, i нiяк не мог супакоiцца. Як праз туман бачыў ён, як тыя двое вынеслi жанчыну, палажылi на воз i сталi ўкрываць кажухамi. Ён радасна бегаў вакол воза i ўсё стараўся памагаць, але толькi замiнаў усiм...
Мiкiтка порстка ўскочыў у перадок воза, дзе ўжо, цесна прытулiўшыся адзiн к аднаму, сядзелi яго спадарожнiкi, i пагнаў конi. За варотамi ён моцна свiснуў; конi ва ўвесь дух рванулi па сухой дарозе.